Праект партала
Нашы далёкія Чаму ў Беларусі пілі менш, чым у Расіі?
02.10.2019 / 12:49

Пра падзабыты, але вызначальны для звычак эпізод сярэдзіны ХІХ стагоддзя піша гісторык Сяргей Астанковіч.

Беларускія сяляне ў карчме. Ілюстрацыя да паэмы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Гапон».

Крыжовы паход супраць алкаголю

У сістэмнай барацьбе з п’янствам першую скрыпку раней іграла царква: каму, як не святарам, клапаціцца пра збавенне грэшных душ? У 1838 годзе ірландскаму манаху-капуцыну Тэабальду Мэцью прыйшла ідэя стварэння царкоўных брацтваў, якія б заняліся прапагандай цвярозасці.

Манах-капуцын Тэабальд Мэцью, аўтар ідэі антыалкагольных брацтваў. Фота: Wikimedia Commons.

Поспех гэтых брацтваў у Ірландыі пераўзышоў усе чаканні, тым больш што антыалкагольная кампанія арганічна ўлілася ў агульны трэнд барацьбы за нацыянальнае вызваленне. Як вядома, у ХІХ стагоддзі Ірландыя знаходзілася пад панаваннем Вялікабрытаніі, і дзейнасць у гэтым рэгіёне абстыненцкіх таварыстваў набыла характар не проста барацьбы супраць п’янства, але і барацьбы супраць англійскай палітыкі і ўплываў (дзяржава нажывалася на акцызах).

Прыклад ірландцаў стаў натхняльным і для іншых народаў. Праз нейкі час падобныя арганізацыі з’явіліся і ў іншых каталіцкіх рэгіёнах Еўропы. Асабліва працэс паскорыўся пасля таго, як у 1851 годзе папа Пій ІХ выдаў адмысловую булу. Узніклі брацтвы цвярозасці і ў падрасійскім Царстве Польскім, а адтуль ідэя пранікла і на іншыя тэрыторыі Расійскай імперыі з перавагай каталіцкага насельніцтва.

Літва — край цвярозасці

Літва і Беларусь на той час таксама ўжо моцна падселі на гарэлку. Вяселлі, хрэсьбіны, пахаванні, паездкі на рынак, адпусты, асвячэнні крыжоў — усё гэта давала нагоду выпіць. П’янства для мясцовага селяніна стала працягам касцельнай абраднасці, без яго немагчыма было ўявіць ніводную са згаданых урачыстасцяў. А паноўны клас — буйныя абшарнікі і шляхта — актыўна карыстаўся правам прапінацыі, стварыўшы мноства вінакурняў і сотні корчмаў, каб выцягваць апошнюю капейку ў мужыка. Ды і ўрад стымуляваў выраб гарэлкі, бо гэта было яму выгадна.

Брацтвы цвярозасці разгарнулі шырокую дзейнасць у Літве дзякуючы энергіі і настойлівасці жамойцкага біскупа Матэюса Валанчуса (Мацея Валанчэўскага). Першая падобная арганізацыя з’явілася ў маі 1858 года ў Скапішскай парафіі ля Панявежа (Панявежыса). Заснаваў яе мясцовы ксёндз Дамінік Сакалоўскі. Хутка ягоную парафію збіраўся наведаць сам біскуп разам з рэктарам семінарыі. Апошні і падгаварыў Валанчуса скарыстацца спрыяльнай палітычнай сітуацыяй — на змену імператару-рэакцыянеру Мікалаю I прыйшоў ліберал Аляксандр ІІ — і арганізаваць ва ўсёй Жамойці брацтвы, падобныя да тых, што ўжо існавалі ў Польшчы.

Гэты чалавек з валявым тварам — Матэюс Валанчус, біскуп жамойцкі (1850—1875), першы іерарх, які паходзіў з простых сялян. За пару гадоў сваёй кампаніі за цвярозасць ён дабіўся такога эфекту, які адчуваўся вельмі доўга. Фота: Wikimedia Commons.

Першыя брацтвы ствараліся хоць і адкрыта, але неафіцыйна. Улады проста не мелі адпаведных заканадаўчых актаў, на падставе якіх маглі гэтую справу забараніць. Апытаныя чыноўнікамі ксяндзы адказвалі, што толькі выконваюць свае абавязкі, ні пра якія брацтвы нічога не ведаюць і інструкцый ад біскупа ў гэтай справе не атрымлівалі.

Кадр з фільма «Кніганоша» («Knygnešys») рэжысёра Ёнаса Труканаса, 2011. Пад уплывам біскупа Матэюса Валанчуса кантрабандыст алкагольных напояў Юргіс вырашае стаць кніганошам.

Дзейнасць Валанчуса і яго паплечнікаў мела фенаменальныя вынікі. 25 ліпеня 1860 года, усяго праз два гады пасля пачатку руху, віленскаму, ковенскаму і гродзенскаму генерал-губернатару Уладзіміру Назімаву падалі статыстыку, якая не магла не ўразіць. Сярод 835 243 каталікоў з Ковенскай губерні (199 парафій) каля 692 000 належалі да брацтваў цвярозасці. Такім чынам, іх члены складалі каля 83,2 % усіх жыхароў краю каталіцкага веравызнання. Пры гэтым у гарадах і мястэчках да брацтваў далучылася «толькі» каля 30% жыхароў — там жыло шмат яўрэяў і расейскіх чыноўнікаў, затое ў вёсках — да 90 і больш працэнтаў людзей.

Адступнікам — ніякай літасці

Заснаванне брацтва і прыняцце ў яго члены адбывалася ва ўрачыстай абстаноўцы. Людзі, што туды ўступалі, складалі перад алтаром у прысутнасці ксяндза абяцанне адмовіцца ад гарэлкі на ўсё жыццё. Братчыкі мелі адмысловыя патэнты, уласныя алтары, святыя імшы, спецыяльныя малітвы і адпусты, жалобныя набажэнствы за душы памерлых членаў і іх пахаванні. Усё гэта пераўтварала іх у адну духоўную сям’ю.

Парафіяльнае духавенства, заахвочанае біскупам, рабіла ўсё, каб дасягнуць у гэтай справе найлепшых паказчыкаў. Праціўнікі брацтваў з ліку чыноўнікаў сцвярджалі, што ксяндзы часам карысталіся радыкальнымі і не надта законнымі сродкамі. У асноўным гэта тычылася пакаранняў тых, хто парушаў прысягу. Выканаўцамі накладзеных караў звычайна былі ахвочыя да гэтага «касцельныя маршалкі». Адступнікаў білі розгамі, бізунамі, вымазвалі дзёгцем, прывязвалі да крыжоў.

У 1858 годзе ў Шавельскім павеце 16-гадовую дзяўчыну, якая выпіла кілішак наліўкі на вяселлі сваёй сястры, высеклі перад касцёлам і пакінулі ляжаць, а людзі, што выходзілі з храма, пераступалі цераз яе і аплёўвалі.

У мястэчку Расені жандармерыя выявіла двух вязняў у касцельным сутарэнні, а ксёндз адгаворваўся, што не ведае, хто іх туды змясціў.

Да гэтага ўрадавага кампрамату, які няспынна збіраўся супраць каталіцкага духавенства, вядома, трэба ставіцца крытычна. Але нейкая доля праўды ў ім была. Бо і сам біскуп Валанчус, адказваючы генерал-губернатару 12 ліпеня 1860 года, згаджаўся, што асобныя ксяндзы, сапраўды, для дасягнення «добрай мэты» ўжываюць «сродкі не зусім прыстойныя». Ён толькі катэгарычна адмаўляў, што мелі месца адмовы ксяндзоў ад хросту дзяцей пітушчых бацькоў ці ад удзелу ў пахаванні пітушчага чалавека.

Беларусы далучаюцца

Тым часам рух за цвярозасць ахопліваў усё новыя тэрыторыі, перакінуўшыся на Віленскую, Гродзенскую, Віцебскую і Мінскую губерні. Віленскі біскуп Адам Станіслаў Красінскі адразу пасля свайго прызначэння на пасаду ў 1859 годзе ў сваім пастырскім пасланні заклікаў вернікаў дыяцэзіі да ўстрымання ад гарэлкі. Прыдатную глебу для гэтага кроку падрыхтавалі польскія брашуры з Галіцыі, да якіх далучыліся і мясцовыя віленскія выданні.

Размах руху ў Беларусі быў не такі ўсёахопны, як у Літве, але таксама дастаткова шырокі. У 1860 годзе у Віленскай губерні членамі брацтваў цвярозасці былі 51,9% каталікоў, а ў Гродзенскай (без Кобрынскага і Сакольскага паветаў) — 59%. Увогуле ж, па няпоўных звестках, у 17-ці з 24 беларускіх паветаў Віленшчыны, Віцебшчыны, Гродзеншчыны і Міншчыны каля паўмільёна чалавек распачалі барацьбу за цвярозы лад жыцця.

Як і ў Літве, братчыкамі тут рабіліся не толькі сяляне, але і мяшчане. Так, у Ашмянах з 1 725 жыхароў увайшлі ў арганізацыю аж 900. І на нашых землях таксама ўжывалі жорсткія сродкі, каб стрымаць аматараў парушыць забарону. У мястэчку Крамяніца Ваўкавыскага павета маладых мужа і жонку за ўжыванне алкаголю прымусілі піць мыльную ваду. А ў некаторых мясцінах парушальніку зароку вешалі на спіну дошку з надпісам «П’яніца» і з барабанным боем вадзілі вакол вёскі.

Усе прынятыя меры прывялі да вялікіх зрухаў як у літоўскіх, так і ў беларускіх губернях. Нават на Магілёўшчыне, па якой не знойдзена дакументаў, якія б пацвярджалі дзейнасць брацтваў, у 1859 годзе даход ад продажу алкаголю ўпаў на 8%. У Мінскай губерні, дзе рух ахапіў да 19% жыхароў, у 1859-м было спажыта 110 179 вёдраў гарэлкі, а ў наступным годзе — толькі 75 818. Але рэкорды білі, канешне ж, Віленская і Ковенская губерні. У 1858 годзе на Віленшчыне ўрад атрымаў акцызных збораў за 1 072 733 вядры, а ў наступным — толькі за 662 841. У Ковенскай губерні адпаведныя паказчыкі былі: 934 475 у 1858 годзе і 304 970 — у 1859-м. Толькі за адзін год колькасць спажытай гарэлкі зменшылася на 38 і 67% адпаведна. Выключны прыклад дае нам Шавельскі павет Ковенскай губерні, дзе ўсяго за пяць месяцаў антыалкагольнай кампаніі ў 1858 годзе даход бюджэту ад «п’яных» грошай упаў з больш чым 35 000 рублёў да 500.

Пагроза асновам

Паноўны ў краі клас па-рознаму паставіўся да брацтваў. Тыя дваране, якія прыхільна ставіліся да рэформаў у сваіх уладаннях, самі ліквідавалі ў сябе вінакурні і корчмы. Сярод такіх былі, напрыклад, Ірэней Агінскі, які меў вялізныя ўладанні ў Расенскім павеце Ковенскай губерні і праславіўся тым, што яшчэ ў 1835 годзе ліквідаваў у сябе паншчыну, замяніўшы яе фіксаваным чыншам, Адольф і Мар’ян Гутэн-Чапскія і некаторыя іншыя. Тыя ж паны, якія не жадалі мадэрнізаваць свае гаспадаркі, пратэставалі супраць дзейнасці духавенства.

Францішак Кастшэўскі. Малы разнімае. Гравюра ХІХ стагоддзя.

А вось дзяржаўныя ўлады былі актыўна незадаволеныя. Ім не маглі падабацца ні празмерная актыўнасць каталіцкага духавенства, якое засведчыла сваю сілу і маральны ўплыў, ні дзейнасць касцельных брацтваў, якія фактычна ўяўлялі сабой яўныя структуры нізавой народнай самаарганізацыі, ні каласальныя страты дзяржаўнага бюджэту, які ў той час дзесьці напалову складаўся з даходаў ад продажу алкаголю.

Распачаўшыся ў Польшчы і перакінуўшыся на Літву і Беларусь, антыалкагольны рух пачаў распаўсюджвацца ўжо і па велікарускіх абшарах, што магло прывесці да зусім непажаданых наступстваў. Ідэя цвярозасці затое спадабалася рускім апазіцыйным інтэлігентам накшталт Аляксандра Герцэна і Мікалая Дабралюбава. І ўсё гэта адбывалася ў складанай сітуацыі, падчас адмены прыгоннага права. Таму было вырашана ўжыць усе даступныя сродкі, каб спыніць рух за цвярозасць.

Ужо ў 1860 годзе ў міністэрства ўнутраных спраў з’явіўся намер выслаць біскупа Валанчуса з краю, але таго нечакана падтрымаў цар Аляксандр ІІ на сустрэчы 3 снежня таго ж года ў Вільні. Манархава міласць дазволіла іерарху на нейкі час нават узмацніць свае пазіцыі. Але ўжо ў 1862 годзе брацтвы пачалі занепадаць. Асобныя парафіі вярталіся да спажывання алкаголю.

Канчатковы ўдар па іх нанеслі падзеі, звязаныя з паўстаннем 1863 года. Яшчэ 7 лютага, адразу пасля яго пачатку, было забаронена ствараць брацтвы ў Царстве Польскім. А рэпрэсіі, якія неўзабаве пасыпаліся на каталіцкае насельніцтва Літвы і Беларусі пасля прызначэння віленскім генерал-губернатарам Міхаіла Мураўёва, не абмінулі і антыалкагольных таварыстваў. 19 мая 1864 года біскуп Матэюс Валанчус разаслаў усім дэканам спецыяльнае пасланне, у якім паведамляў, што з красавіка гэтага года дзейнасць такіх арганізацый была забаронена. Пакаранні за непадпарадкаванне прадугледжваліся строгія. Першы раз прызнаны вінаватым ксёндз атрымаў бы пакаранне ў каласальную на той час суму — 100 рублёў, а на другі — 200 рублёў штрафу або мог быць адданы пад юрысдыкцыю вайсковага суда. Такі быў страх уладаў імперыі перад цвярозым селянінам.

Тым не менш нават за такі кароткі час антыалкагольныя брацтвы адыгралі ў гісторыі Польшчы, Літвы і заходняга рэгіёна Беларусі важную ролю. Нідзе ў тагачаснай Еўропе, апрача Ірландыі, яны не атрымалі такога распаўсюджання і не аказалі такога ўплыву. Поўная абстыненцыя ў Жамойці не была рэдкай з’явай нават напрыканцы стагоддзя.

А калі зірнуць ва ўрадавую статыстыку, то добра бачна, што літоўска-беларускія губерні нават у 1913 годзе спажывалі значна менш алкаголю, чым насельніцтва імперыі ў сярэднім. На Ковеншчыне выпівалі тады за год 1,62 літра абсалютнага алкаголю, на Віленшчыне — 1,77, на Віцебшчыне, Гродзеншчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне — ад 2,16 да 2,31, а ў сярэднім у імперыі гэтая лічба складала 3,25 літра.

***

Два д’яблы

Гэтыя падзеі настолькі моцна паўплывалі на людзей таго часу, што нават знайшлі адлюстраванне ў маладой беларускай літаратуры. У 1860 годзе Канстанцін Вераніцын напісаў паэму «Два д’яблы». У ёй супрацьпастаўляюцца праваслаўны ўсход Беларусі (Віцебшчына) і каталіцкі захад (Гродзеншчына), дзе антыалкагольная кампанія развівалася ў розных умовах. Паводле сюжэта, сатана паслаў з пекла «душы п’яніц самушчаць» двух д’яблаў, адзін з якіх мусіў гэта рабіць на Віцебшчыне, а другі — на Гродзеншчыне. Віцебскі знайшоў настолькі ўдзячную глебу для сваёй дзейнасці, што з усіх ног бег у пекла, каб прасіць сабе памочнікаў — аднаму пры такой колькасці п’яніц няўпраўка. А па дарозе сустракае свайго гродзенскага калегу ў жалю годным стане:

Абшарпаны, абадраны,
Без рагоў і без хваста,
У юсе морда, ўсюды раны —
Бес кульгае з-за куста.
«А, здароў, адкуль? як маеш?
Ай, авохці мне, сваяк,
Гэта ж ты зусім кульгаеш,
Хто цябе змяжджуліў так?
Лупіў нехта, знаць, сярдзіты,
Калі йдзеш ты без хваста», —
Гаманіў так бес нябіты
Проці бітага чарта.
Як завые тут калека,
Слёзы градам так і йдуць:
«Во, сваяк, дажыць мне веку
Злыя людзі не дадуць.
Сатане было заўгодна
3 пекла нас дваіх паслаць:
Цябе — ў Віцебск, мяне — ў Гродна
Душы п’яніц самушчаць.
 …
Першы год было і што-та:
То апоіш, то разбой.
Досыць будзе тут работы,
Меркаваў я сам з сабой.
Стaў я лазіць па ўсіх рандах,
Як за чарку хто — я тут
Тыц к яму з бясоўскай радай:
Чуць паслухаў — і капут.
То абкрадзе, то загубіць,
Іншы цэркву абкрадзець,
А хто й сам сябе пагубіць —
Люба-радасна глядзець!
Раз прыйшоў я нешта ў ранду
(Страх успомніць — аж дрыжу!),
Мужыкоў сабралась банда,
Я ж пад печку і сяджу.
За сталом сядзіць шынкарка,
Смутна нешта, слёзы лье.
Па руках не ходзіць чарка,
Ніхто песень не пяе,
Што тут, думаю, за ліха?
Зусім п’яных не відаць,
I у рандзе стала ціха,
Паўлягліся слоўна спаць.

Адpaклicя, зaклялicя
Пiць гapэлкy мyжыкi.
Як y ix нe aднялicя,
У шaйтaнaў, языкi!

Пpocтa, бpaцiткa, cшaлeлi —
Хoць aдзiн xтo б зpoбiў гpэx,
Чыcтa paнды aпycцeлi —
Чapкy б выпiў xтo нa cмex.
Мaлa ж гэтaгa няшчacця —
Як пpaняў мянe тyт cтpax,
Млocнa cтaлa мнe з нaпacцi —
Я нa зeмлю чyбypax!
Як пpыцямiлi ж тyт гaды,
Штo звaлiўcя я нa пoл,
I нявecь як cтaлi paды —
Хвaць xтo цёpлa, a xтo кoл.
А aдзiн, штoб ён aпoxнyў,
Цyп тaкi зa caмы xвocт.
Хyдa мнe, я тoлькi вoxнyў,
Як ypэзaўcя aб мocт.
Хтo гaнцiнaй, xтo дyбiнaй —
Знaй штo вaлюць ды пяpyць.
Рaзлaмaлi чыcтa cпiнy,
Анi вoxнyць, нi дыxнyць.

Дoбpa йшчэ, штo дaгaдaўcя,
Зipнyў — блiзкa дa дзвяpэй.
Я pвaнyўcя — xвocт acтaўcя,
Сaм нaўцёкi пacкapэй».

Сяргей Астанковіч