Проект портала
Литовцы востока Беларуси: были — и нет
06.10.2019 / 21:51

Первая советская перепись населения 1926 года зафиксировала на территории БССР почти 7 тысяч этнических литовцев. В основном они жили в деревнях на нынешних Могилевщине и Витебщине. Откуда они там взялись и куда после делись, пишет кандидат исторических наук Юрий Унукович.

Найбольш значныя вёскі ўсходняй Беларусі, у якіх жылі літоўцы

Гэта не рэшткі аўтахтоннага балцкага насельніцтва, не да канца выцесненага і асіміляванага падчас засялення тэрыторыі Беларусі славянамі, як, магчыма, сёй-той падумаў. Літоўскія анклавы ва ўсходняй Беларусі ўзніклі ў ХІХ стагоддзі ў выніку масавых перасяленняў сялян з этнічнай Літвы.

А штуршок да гэтага дала адмена прыгоннага права. Яна рэзка павялічыла ўзровень мабільнасці насельніцтва і прывяла да яго масавай міграцыі ў іншыя рэгіёны Расійскай імперыі. Тысячы людзей, натхнёныя адвечнай сялянскай марай пра ўласную зямлю, накіроўваліся туды, дзе была магчымасць яе атрымаць задарма ці купіць танней.

Яшчэ ў 1816—1819 гадах імператарам Аляксандрам І былі падпісаныя ўказы пра скасаванне прыгону ў Эстляндскай, Курляндскай і Ліфляндскай губернях, што падштурхнула мясцовых сялян да першых перасяленняў. Тады следам за латышамі і эстонцамі ў суседнія беларускія губерні пацягнуліся і літоўцы з Ілуксцкага павета Курляндскай губерні. Знакаміты беларускі этнограф і фалькларыст Рамуальд Падбярэскі яшчэ ў першай палове ХІХ стагоддзя згадваў у адной са сваіх прац, што «невялікая жменя літоўцаў, невядома якім лёсам, зайшла і пасялілася ў Лепельскім павеце».

Гнаў зямельны голад

Сапраўдны ж бум перасяленняў беззямельных і малазямельных літоўскіх сялян на прасторы Віцебшчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны адбыўся ў 1870—1880-х гадах. Гнала іх перанаселенасць сваіх губерняў, а таксама абмежаванні ў набыцці там зямлі для сялян-каталікоў. У той час многія памешчыкі беларускіх губерняў, якія не здолелі эфектыўна весці гаспадарку ў новых, ужо капіталістычных умовах, акурат распрадавалі свае стратныя і занядбаныя фальваркі. Зямля каштавала тут значна танней, чым пад Коўнам. Таму літоўскія сяляне — звычайна гэта былі згуртаваныя аднавяскоўцы — з дапамогай крэдытаў Віленскага і Маскоўскага пазямельных банкаў набывалі выстаўленыя на продаж надзелы і перабіраліся туды.

У асноўным літоўскія сяляне перасяляліся з Вількамірскага, Нова-Аляксандраўскага, Панявежскага паветаў Ковенскай губерні, Віленскага, Троцкага і Свянцянскага паветаў Віленскай губерні, а таксама Ілуксцкага павета Курляндскай губерні. Сяліліся ж яны ў Аршанскім, Быхаўскім, Горацкім, Магілёўскім, Сенненскім, Чавускім і Чэрыкаўскім паветах Магілёўскай губерні, Віцебскім, Лепельскім і Полацкім паветах Віцебскай губерні, Барысаўскім павеце Мінскай губерні.

Колькі іх было?

Усеагульны перапіс Расійскай імперыі 1897 года налічыў у Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губернях 6 622 літоўцаў. З іх у гарадах жылі толькі 632 чалавекі (менш за 10%), астатнія былі сялянамі. Найбольш літоўцаў жыло ў Аршанскім і Сенненскім паветах Магілёўскай губерні — адпаведна 1 450 і 797 чалавек. У астатніх паветах іх колькасць вагалася ад 200 да 500 чалавек.

Паводле звестак першага савецкага перапісу насельніцтва 1926 года, у БССР колькасць літоўцаў складала 6 864 чалавекі. Гарадское літоўскае насельніцтва складала 2 118 чалавек (31%), сельскае — 4 746 (69%). Першае месца па колькасці сельскага літоўскага насельніцтва займалі Раснянскі раён Калінінскай акругі (536 чалавек), Дубровенскі раён Аршанскай акругі (459 чалавек), Лёзненскі раён Віцебскай акругі (388 чалавек) і Лупалаўскі раён Магілёўскай акругі (319 чалавек). Там літоўцы жылі цэлымі вёскамі, сярод якіх трапляліся даволі буйныя, такія як Сафійск Магілёўскай акругі ці Малькаўка Калінінскай акругі.

Гісторык Вікенцій Скардзіс, сам выхадзец з гэтай супольнасці, налічваў у тагачаснай БССР не менш за 50 літоўскіх вёсак.

Як вучыліся і маліліся

У часы забароны адукацыі на літоўскай мове, якая была ўведзена ў 1864-м, сярод літоўцаў атрымала пашырэнне патаемнае навучанне ў хатняга настаўніка («дарэктара»), якім звычайна быў самы адукаваны чалавек у вёсцы. Галоўнай мэтай такіх настаўнікаў было навучыць дзяцей чытаць на роднай мове. Асноўнымі сродкамі навучання былі малітоўнікі і іншыя рэлігійныя кнігі, якія кантрабандным шляхам дастаўлялі сюды ксяндзы і кніганошы з Усходняй Прусіі (гл. пра гэта падрабязней артыкул Сяргея Астанковіча ў №5 «Нашай гісторыі» за 2019 год). У газеце «Цявінес саргас» («Вартаўнік Айчыны»), што выдавалася ў прускім Тыльзіце, паведамлялася пра кніганошу, які ў канцы ХІХ стагоддзя двойчы наведваў літоўцаў у ваколіцах Бабінавіч, Сянна, Талачына, Чачэрска, Радамлі і Шклова!

Літоўскі малітоўнік канца ХІХ стагоддзя, захаваны ў вёсцы Суслаўка (Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці). 2005 год. Фота Юрыя Унуковіча.

У пачатку ХХ стагоддзя адбыўся ўздым літоўскага нацыянальнага руху, чаму не ў малой ступені садзейнічала адмена ў 1904-м уладамі царскай Расіі забароны на літоўскі друк лацінскім шрыфтам, а ў 1906-м — на выкладанне ў школах на літоўскай мове. Неўзабаве пасля таго спробы адкрыць літоўскія школы былі зроблены і на ўсходзе Беларусі. У 1906 годзе без дазволу мясцовых улад у вёсцы Малькаўка Чавускага павета стала працаваць літоўская школа, якая, праўда, у канцы 1907-га была выяўлена і зачынена. Настаўнік, запрошаны з Літвы, актыўна праводзіў нацыянальна-выхаваўчую работу сярод мясцовых літоўцаў. Арганізаваць падобныя школы літоўцы намагаліся і ў іншых месцах.

З забеспячэннем рэлігійных патрэб было прасцей, бо дзяржаўныя ўлады тут асабліва не заміналі. Мясцовыя ж ксяндзы былі настолькі радыя, што літоўцы-перасяленцы папоўнілі паству нешматлікіх каталіцкіх парафій у пераважна праваслаўных усходніх беларускіх паветах, што гатовыя былі ісці насустрач іх пажаданням. Ды і як было не ісці, калі, напрыклад, літоўцы вёскі Малькаўка складалі дзве траціны парафіян Радамльскай парафіі?

Праблемай магло быць толькі невалоданне літоўскай мовай самімі святарамі. Але і яна вырашалася, бо нямала каталіцкіх святароў Магілёўскай дыяцэзіі былі этнічнымі літоўцамі з Ковенскай і Віленскай губерняў. Вядома, што ўжо ў канцы ХІХ стагоддзя набажэнствы на літоўскай мове праводзіліся ў касцёлах мястэчак Талачын Аршанскага павета і Бобр Сенненскага павета. У іншых касцёлах, як, напрыклад, у мястэчку Бабінавічы Аршанскага павета, набажэнствы па-літоўску адбываліся штонядзелю і на вялікія святы. У касцёлах, парафіі пры якіх налічвалі меншую колькасць літоўцаў, адно набажэнства магло праходзіць на польскай мове, другое — на літоўскай. Такі парадак быў заведзены, напрыклад, у Шклове.

Касцёл Святых Пятра і Паўла ў Шклове, у сценах якога ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя гучала літоўская мова. Фота Юрыя Унуковіча.

Паміж камунізмам і традыцыяй

Усталяванне савецкай улады прынесла літоўцам усходняй Беларусі і новыя магчымасці, і новыя праблемы. У межах палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў Савецкай Беларусі ў 1920-я гады, права на развіццё ўласных мовы і культуры атрымалі і іншыя нацыянальныя супольнасці. Літоўцы не сталі выключэннем. Стала магчымым адкрыццё літоўскіх школ, выпуск выданняў на літоўскай мове, утварэнне так званых літоўскіх нацыянальных сельсаветаў. Але ўсё публічнае культурнае жыццё было магчыма толькі ў моцна ідэалагізаваным бальшавіцкім рэчышчы: нацыянальным паводле формы, камуністычным паводле зместу.

Першыя дзве літоўскія пачатковыя школы былі арганізаваны ў 1925/26 навучальным годзе ў вёсках Рукшаніцы і Усомля Полацкай акругі. Пасля яны сталі стварацца і ў іншых літоўскіх вёсках. Да 1933/1934 гадоў колькасць такіх школ дасягнула 12-ці, а наведвалі іх больш за 370 вучняў. Пачатковай адукацыяй справа не абмежавалася. Важнае значэнне мела адкрыццё літоўскіх сямігадовых школ у вёсках Малькаўка Мсціслаўскага раёна і Дыманова Лёзненскага раёна. Апошняя ў 1934-м стала поўнай сярэдняй школай і доўгі час заставалася адзінай літоўскай агульнаадукацыйнай навучальнай установай ва ўсім Савецкім Саюзе. Для патрэб літоўскай адукацыі ў 1932 годзе пры Беларускім дзяржаўным выдавецтве быў нават заснаваны асобны літоўскі сектар, які найбольш увагі надаваў выпуску літоўскіх буквароў і падручнікаў.

Кнігі на літоўскай мове, выдадзеныя ў Мінску ў 1920—1930-х.

Аднак камуністычны пафас школьнай адукацыі і яе антырэлігійны характар насцярожвалі набожных літоўцаў, якія не спяшаліся аддаваць сваіх дзяцей у падобныя школы. Літоўскія сяляне наіўна патрабавалі ад камуністаў заснавання такіх школ, дзе іхнія дзеці маглі б навучацца «пацерам і малітвам». Па-ранейшаму традыцыйным месцам збору для літоўскіх сялян заставаўся касцёл, дзе ў святочныя дні збіраліся літоўцы з самых аддаленых вёсак. Напрыклад, на каталіцкі фэст у тагачасным райцэнтры Расна з’язджаліся літоўцы з Дрыбінскага, Лупалаўскага, Чавускага, Мсціслаўскага і іншых раёнаў.

Касцёл Святога Казіміра ў мястэчку Расна (Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці). Да 1930-х гадоў у ім праходзілі набажэнствы на літоўскай мове. Зачынены і разбураны ў 1937-м. У Расне цяпер жыве каля 700 чалавек.

Нямала літоўцаў збіралася і на рэлігійныя святы ў мястэчку Радамля Чавускага раёна, дзе значную частку мясцовых каталікоў складалі менавіта літоўцы. Літоўцы вёскі Сафійск нават мелі ўласную капліцу, дзе штогод 6 жніўня святкавалі Спас — свята Перамянення Божага. На гэты фэст з’язджаліся літоўцы ледзь не з усёй БССР у колькасці да паўтары тысячы чалавек. Так было да сярэдзіны 1930-х, пакуль мясцовыя касцёлы і цэрквы не пачалі актыўна зачыняць і знішчаць.

Свой «Бяржынас»

Да 30-х гадоў літоўская супольнасць усходняй Беларусі амаль не асімілявалася, бо мела магчымасць жыць дастаткова замкнёна, без асаблівых кантактаў з навакольным насельніцтвам. Актывіст літоўскай секцыі Саюза ваяўнічых бязбожнікаў, даследаваўшы ў 1930 годзе літоўскае насельніцтва вёскі Сафійск Лупалаўскага раёна, узрушана адзначаў: «Да рэвалюцыі і ў сучасны час [літоўцы] жывуць у грамадзе, склад якой выключна літоўскі. У вёсцы няма іншых нацый. Нягледзячы на русіфікацыю ў мінулым, мова шмат перамешана з рускімі і беларускімі словамі, але большая частка гаворкі засталася ў поўнай чысціні… Нацыянальная замкнёнасць адчуваецца вельмі моцна. Існуе літоўскі нацыянальны шавінізм, беларусаў называюць «чумокас», што азначае непрыстойнае слова «пастух». Няма сувязяў з беларускай вёскай. Рэлігійнасць вельмі моцная: 6 жніўня праводзіцца трохдзённае мясцовае свята, 25 і 26 снежня ніхто не працуе нават у калгасе, 24 снежня на антырэлігійным вечары літоўцаў было вельмі мала. Усе святкавалі Куццю. Аднекуль атрымліваюць аплаткі».

Але ўпартасць беларускіх літоўцаў не дапамагла, калі з поўным размахам разгарнуўся сталінскі тэрор. Ён прайшоўся па гэтай супольнасці асабліва бязлітасным катком. Тыя нацыі, якія мелі па-за межамі СССР «буржуазную» дзяржаўнасць, знаходзіліся ў зоне асаблівай рызыкі, іх найпрасцей было абвінаваціць у шпіянажы на карысць гістарычнай радзімы.

Удары сыпаліся адзін за адным. На мяжы 20-х і 30-х гадоў нямала літоўскіх гаспадарак былі раскулачаныя. Ужо ў 1929—1930 гадах многіх літоўцаў дэпартавалі ў Сібір і на Поўнач. Шмат беларускіх літоўцаў, у першую чаргу інтэлігенцыя, сталі ахвярамі масавых рэпрэсій 1930-х. Таму не дзіўна, што перапіс насельніцтва 1937 года, — вынікі якога адразу былі абвешчаныя варожымі і на паўстагоддзя засакрэчаныя, — зафіксаваў заўважнае скарачэнне колькасці літоўскага насельніцтва ў БССР. Паводле яго, у той страшны год у БССР жыло толькі 5 422 літоўцы, што было на 20% менш, чым у 1926-м. А рэпрэсіі ж пасля таго яшчэ працягваліся.

Пасля вайны многія літоўцы з усходніх абласцей Беларусі, якім пашчасціла ацалець, вярнуліся на сваю гістарычную радзіму ў Літву, якая таксама часова стала савецкай. Выхадцы з літоўскіх вёсак Магілёўшчыны нават заснавалі ў Літве зямляцкі клуб «Бяржынас» («Беразняк»), сябры якога дагэтуль ладзяць сустрэчы, спраўляюць юбілеі, арганізоўваюць вандроўкі ў свае родныя мясціны ў Беларусі. У 2004 годзе ў Літве нават выйшаў зборнік успамінаў і фальклору жыхароў літоўскай вёскі Малькаўка цяперашняга Мсціслаўскага раёна пад назвай «Святло малькаўскага беразняку».

Драўляны крыж на літоўскіх каталіцкіх могілках у вёсцы Малькаўка (Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці). Фота Юрыя Унуковіча.

Тыя літоўцы, што засталіся ў Беларусі, у другой палове ХХ стагоддзя растварыліся сярод беларусаў. У іх не засталося аніводнага грамадскага інстытута, вакол якога можна было гуртавацца і на які абапірацца. Не было ні літоўскай школы, ні касцёла — хоць бы якога, не кажучы пра літоўскі. Літоўцамі людзі сябе адчувалі, пакуль гаварылі па-літоўску. Гаварыць можна было толькі ў сям’і. Але і тут мова знікала за два-тры пакаленні.

Апошняя літоўка вёскі Суслаўка, Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці. 2005 год. Фота Юрыя Унуковіча.

У наш час апошнія сляды колішняй літоўскасці ўсё яшчэ можна сустрэць у некаторых раёнах усходняй і цэнтральнай Беларусі: у Малькаўцы (Мсціслаўскі раён), Сафійску (Магілёўскі раён), Суслаўцы (Дрыбінскі раён), Каралёўцы (Чавускі раён), Усомлі (Полацкі раён), Сівіцы (Барысаўскі раён) і іншых. Але, як правіла, жыхары гэтых вёсак літоўскай мовы ўжо не ведаюць, а толькі ўспамінаюць, як на ёй размаўлялі іх дзяды і прадзеды, якія калісьці перасяліліся на беларускую зямлю ў пошуках лепшай долі…

Вяселле ў вёсцы Сівіца (Барысаўскі раён), дзе ўперамешку жылі беларусы, літоўцы і латышы. 1950-я.

***

Успамінае Валянціна Дзявейкене

Мы, літоўцы, нават і на маёй памяці (а я радзіўшыся ў 1921-м) усе былі [у вачах мясцовых беларусаў] «літоўскія паны». Нашы дзеці былі ў ладных клумпях [драўляных чаравіках], прыгожых жупанчыках, а не ў лапцях, не ў сярмягах, падпярэзаных путамі. Нашы пакоі ім [навакольным беларусам] здаваліся «панскімі». Засцілалі не тымі самымі сярмягамі, у якіх хадзілі апранутыя цэлы дзень, а ўсе мелі пакрывалы, уцепленыя пакуллем. Падкладка — ільняная, а верх найчасцей ваўняны. Мы не ляжалі на раскіданай жытняй саломе — мелі «сеннікі», набітыя сенам, а на іх — прасціны. Наколькі помню, быў і куфар для тканіны, і шафа для таго, каб павесіць лепшае адзенне. Усе мелі ложкі, на вагах [жэрдках, прымацаваных да столі] — калыскі для дзяцей. [У суседніх вёсках] мала ў каго былі ложкі. У іх агульныя «палаткі» — лежакі з шырокіх дошак, дзе ляжыць уся сям’я: бацька з маці, малыя дзеці і сын з нявесткай. Пад тымі «палаткамі» — яма [ток — земляная падлога], а там, калі холадна, авечка з ягнятамі ўнесеная. Хаты малькаўцаў былі з падлогамі.

Malkavos beržyno šviesa («Святло малькаўскага беразняку»). Vilnius, 2004.

***

Знакамітыя літоўцы — выхадцы з Магілёўшчыны

Вікенцій Скардзіс (Вінцас Скарджус) (1897—1967) — гісторык, публіцыст, паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў вёсцы Сафійск (цяпер Магілёўскі раён). Кандыдат гістарычных навук. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Беларускай акадэміі навук, займаўся вывучэннем гісторыі літоўцаў БССР. У 1935 годзе выдаў кнігу «Літоўцы ў Савецкай Беларусі». У 1937-м арыштаваны, у 1938-м асуджаны «асобай нарадай» як член «літоўскай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да 5 гадоў высылкі ў Казахстан. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Юозас Манюшыс (1910—1987) — літоўскі савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч. Нарадзіўся ў вёсцы Малькаўка (цяпер Мсціслаўскі раён). У 1927—1931 гадах вучыўся ў Мінскім педагагічным тэхнікуме. У 1938-м скончыў Ленінградскі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. З 1967 па 1981 год — старшыня Савета міністраў Літоўскай ССР, у 1981—1985 — дырэктар Інстытута эканомікі Акадэміі навук Літоўскай ССР.

Марыя Кіндурыце-Сівіцкіне (1925—2018) — літоўскі філолаг, дыялектолаг. Нарадзілася ў вёсцы Малькаўка. Займалася вывучэннем беларуска-літоўскіх і руска-літоўскіх моўных кантактаў. У 1956-м абараніла кандыдацкую дысертацыю «Літоўская гаворка ў беларускім атачэнні (гаворка вёскі Малькаўка Магілёўскай вобласці)». Выкладала ў Віленскім універсітэце. Брала ўдзел у падрыхтоўцы і напісанні кнігі ўспамінаў і фальклору выхадцаў з вёскі Малькаўка «Malkavos beržyno šviesa» («Святло малькаўскага беразняку»), якая выйшла ў 2004-м у Вільні.

Юрий Унукович