Праект партала
Стоп-фэйк Торвальд, які (не) хрысціў Полацк
20.10.2019 / 09:00

Ісландзец Торвальд Кодрансан — адзін з першых вядомых хрысціян у Беларусі, які стаіць у адным шэрагу з княгіняй-манахіняй Рагнедай-Анастасіяй, яе сынам Ізяславам, біскупамі Рэйнбернам і Бруна Кверфурцкім. Але ягоная постаць міфалагізаваная, асабліва ў апошнія гады. Колькі ў тых міфах можа быць праўды, разбіраецца Максім Гацак.

Фрэска з выявай Торвальда Вандроўніка ў касцёле ў Расонах. Фота: freski.piligrymka.by.

Сёння ў шырокадаступных крыніцах можна знайсці інфармацыю пра тое, што Торвальд хрысціў Полацк яшчэ ў 986 годзе, за два гады да хрышчэння Кіева. Падставай для такіх сцверджанняў сталі артыкулы гісторыка Андрэя Катлярчука «Місія Торвальда Вандроўніка» і «Торвальд Вандроўнік, ці Скандынаўскія пачаткі хросту Беларусі», прысвечаныя «сенсацыйным падзеям хросту палачан каля 986 года, адноўленым на падставе скандынаўскіх крыніц». З’явіліся гэтыя публікацыі каля дзясятка гадоў таму.

Паводле Катлярчука, Торвальд прыбыў у Полацк у якасці паўнамоцнага прадстаўніка візантыйскага імператара, і яго мусілі слухацца князі. У Полацку ён нібыта сустрэўся з іншым «вікінгам-хрысціянінам» Олавам Тругвасанам, стаў намеснікам манастыра Святога Яна і памёр падчас нападу кіеўскага князя Уладзіміра каля 1000 года.

Але версія Катлярчука не ўпісваецца ў біяграфію Торвальда, якую падаюць скандынаўскія крыніцы.

Па-першае, сустрэча Торвальда з Олавам Тругвасанам адбылася хутчэй не ў Полацку, а на Балтыцы, пасля ўцёкаў Торвальда з Ісландыі. Олаў у гэты час у складзе войска польскага князя ваяваў з паганцамі Даніі і палабскімі славянамі. Мог у тых паходах удзельнічаць і Торвальд. Паколькі Олаў каля 985 года пакінуў Польшчу, найбольш верагодная дата сустрэчы — 985 год.

Тады Олаў яшчэ не быў хрысціянінам. Пра Хрыста ён кажа як пра Бога Торвальда, але не свайго.

Па-другое, Торвальд наўрад ці мог патрапіць у Полацк у 986 годзе. Спачатку ён «…аб’ездзіў ўсю Грык’ярыку (Візантыю) і прыехаў у Міклагард (Канстанцінопаль)». Занадта доўгі маршрут, каб прайсці яго ў Х стагоддзі за год.

«Сага аб хрышчэнні Ісландыі» дадае, што падарожжа Торвальд пачаў у 1000 годзе. Менавіта тады ён сустрэўся з іншым хрысціянскім прапаведнікам у Ісландыі — Стэўнірам Торгільсанам. «Яны разам падарожнічалі па свеце, даехалі да Іерусаліма, а адтуль паехалі ў Міклагард, а потым у Кэнугард (Кіеў)». І толькі пасля згадваецца Полацк.

У Візантыі Торвальд мог служыць у варажскай гвардыі візантыйскага імператара. Гэта тлумачыць і яго вандраванні, і доступ да басілеўса. Варажская дружына ў 987—989 гадах душыла паўстанні ў Сірыі і Малой Азіі. Ваявалі варагі ў Сірыі і ў 999 годзе, а ў 1000-м біліся з людзьмі абхазскага цара. 

Торвальд і Стэўнір маглі прыбыць у Полацк паміж 985 і 995 гадамі

Так што сагі не адмаўляюць, што паміж 985 (986) і 995 гадамі Торвальд і Стэўнір маглі прыбыць у Полацк. Але відавочна, што там яны не заставаліся, манастыроў не засноўвалі і не паміралі, бо пасля 1000 года зноў накіраваліся туды. І гэты раз для Торвальда стаў апошнім. Хутчэй за ўсё, у Полацк яны патрапілі не раней за 1002 год — праз 14 гадоў пасля традыцыйнай даты хрышчэння Русі. Так што казаць, што Торвальд хрысціў Полацк, не выпадае.

«Доўгі дом» — жытло вікінгаў у Скандынавіі ды Ісландыі (схема). Фота: pinterest.com.

Са скандынаўскіх крыніц вядома, што Торвальд заснаваў у Полацку манастыр каля царквы Святога Яна. У гэтым манастыры ён памёр і быў пахаваны. Адбылося гэта, з улікам будаўніцтва манастыра і наступнага «дабрачыннага жыцця», каля 1005 года, а не каля 1000-га, як піша Катлярчук. Версія пра смерць разам з князем Рагвалодам падчас штурму Полацка Уладзімірам не вытрымлівае крытыкі. Паводле скандынаўскіх крыніц, Торвальд «скончыў свой век у дабрачынным жыцці» ў манастыры. А захоп Полацка, згодна з агульнапрынятай храналогіяй, адбыўся ў 980 годзе.

Міф таксама кажа, што пасля смерці Торвальда Полацк наведаў вікінг Бранд. Вядомая згадка ў «Сазе аб хрышчэнні Ісландыі»: «Бранд Вандроўнік кажа так: «Я ездзіў туды, дзе Хрыстос супачыў Торвальда Вандроўніка. У высокай гары, каля Драпна, каля царквы Яна цяпер ён ляжыць»». «Сага пра Торвальда…» кажа, што манастыр «стаіць пад высокай гарой, якая называецца Дроўн (Dröfn)». «Сага пра хрышчэнне…» ўдакладняе: Торвальд быў пахаваны ў «гары высокай, каля Драўна (Drafne)».

У Полацку сапраўды былі манастыр і царква Святога Яна Хрысціцеля, ці Іаана Прадцечы, якія стаялі насупраць Верхняга замка, на Востраве. Археолаг Георгій Штыхаў адносіў манастыр да самых старых у Полацку разам са Спаса-Еўфрасіннеўскім і Багародзіцкім. Раскопкі выявілі там рэшткі збаноў і плінфаў XI—XIII стагоддзяў — блізкіх па часе да Торвальда. Сёння рэшткі манастыра і царквы мусяць знаходзіцца на тэрыторыі парку 50-годдзя Савецкай улады, а сам востраў амаль зросся з берагам.

Помнік Торвальду Вандроўніку і ягонаму паплечніку па місіянерскай дзейнасці, біскупу Фрыдрыку, у Ісландыі. Пастаўлены ў 1981 годзе да 1000-годдзя хрышчэння гэтай краіны. Фота: flickr.com.

Што тычыцца слова «Дроўн», «Драўне», то гэта можа быць памылковым вымаўленнем скандынавамі слова «Востраў», на якім стаяў манастыр, ці пэўнага аб’екта на ім, які мог называцца «Астроўна» (такіх шмат на Віцебшчыне). Як адзначаў Штыхаў, насупраць Вострава на месцы сучаснага Кургана Бяссмерця быў высокі ўзгорак з валам. Магчыма, гэта тая «высокая гара», пад якой пахавалі Торвальда.

Такім чынам, сучасныя міфы, якія мусілі паказаць першаснасць хрышчэння Полацка перад Кіевам і ўзвысіць беларускае княства на новыя вяршыні, не выглядаюць верагоднымі. Але развенчванне міфаў ніяк не змяншае важнасці постаці Торвальда ў гісторыі Беларусі як аднаго з першых вядомых хрысціян, прапаведніка ды фундатара аднаго з першых манастыроў. Не змяншае гэта і значнасці Полацка.

Максім Гацак