Проект портала
Малая родина Советский Союз, Ляховичский район, подпольная семинария
10.12.2019 / 08:07

Костел Святых Апостолов Петра и Павла в Медведичах. Фото Павла Булатого.

БССР, послевоенное время. На востоке страны все костелы до одного закрыты, а на западе их закрывают при первой возможности, в том числе из-за отсутствия священников. Тогда настоятель из поселка Медведичи Ляховичского района организует тайную католическую семинарию. Пишет кандидат исторических наук Павел Булатый.

Пра незвычайную гісторыю, якая адбывалася ў Мядзведзічах (Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці) у другой палове драматычнага ХХ стагоддзя, я даведаўся амаль выпадкова. Падчас даследчай вандроўкі па вёсках і мястэчках былога Наваградскага павета ў пошуках даўніны шлях прывёў у гэта мястэчка. Галоўнае, што там вабіла, — прыгожы і велічны касцёл. Пасля размовы з пробашчам неяк няўзнак спытаў: а хто тут мог бы што распавесці цікавага пра мінулае? На што ксёндз адказаў: «Трэба ісці да пані Браніславы». Падобны адказ давалі і іншыя месцічы, якія сустракаліся па дарозе… Што ж, да пані Браніславы дык да пані Браніславы! Ад размовы са сталай кабетай з цёплымі прасветленымі вачыма нічога незвычайнага не чакаў — у лепшым выпадку аповеды пра вядомае мінулае ў стылі этнанарысаў: як ткалі, што танцавалі, дзе жыў які пан… Але тое, што я пачуў за гадзіны гутаркі, пакінула сапраўды моцныя ўражанні!..

Касцёл абаранілі

Мядзведзічы ўпершыню згадваюцца яшчэ ў ХV стагоддзі. Тут у 1483 годзе быў пабудаваны адзін з першых на Беларусі касцёлаў. Сёння на старадаўніх падмурках узвышаецца храм Пятра і Паўла ў стылі неабарока. Будавалі па праекце Стэфана Шылера — аднаго з галоўных архітэктараў Варшавы пачатку ХХ стагоддзя. Цікава, што Мядзведзічы да вайны былі цэнтрам беларускага каталіцтва. У 1918 годзе тут прагучала адно з першых казанняў па-беларуску — ад субдыякана Пятра Татарыновіча. У 30-я Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, які ўзначальвалі беларускія ксяндзы, пабудаваў тут першы і адзіны Беларускі дом — такі сабе дом культуры.

Узімку 1950-га тутэйшага ксяндза Вацлава Пянткоўскага арыштавалі. Савецкая ўлада вынесла прысуд «агенту Ватыкана» і агітатару супраць калгасаў — дзесяць гадоў лагера. Сваё пакаранне святар адбываў у Казахстане.

Пакуль ксёндз праходзіў праз пякельныя колы савецкай лагернай сістэмы, у мядзведзіцкай парафіі разгортваліся драматычныя падзеі. Пасля арышту святара ўлады вырашылі зруйнаваць і касцёл. Але нечакана сутыкнуліся з супрацівам. Бо бараніць свой храм — справа для мядзведзеўцаў звычная. Яшчэ ў 1860-я яны не дазволілі расійскім уладам зрабіць з яго праваслаўную царкву. Цяпер жа адбіваліся ад камуністаў.

Пра абарону святыні ў Мядзведзічах ходзяць легенды. Людзі каля касцёла днявалі і начавалі; а як толькі хто бачыў саветчыкаў — адразу білі ў званы і збягалася ўсё мястэчка. Мужчыны, каб іх было не пазнаць, пераапраналіся ў жаночую вопратку: да пратэсту жанчын улады ставілася больш паблажліва.

Кідаліся пад трактары, жывым ланцугом стаялі каля святыні.

Урэшце перамаглі. Касцёл не быў зачынены, і ў ім нават дазволілі весці набажэнствы. А неўзабаве, у 1956 годзе, вярнуўся з лагера і ксёндз Вацлаў. І адразу пачаў аднаўляць парафіяльнае жыццё.

Таемная семінарыя

У пасляваенны час істотнай праблемай Каталіцкага касцёла ў СССР была нястача святароў. На ўсю краіну Саветаў дзейнічалі толькі дзве каталіцкія семінарыі — у Каўнасе і Рызе. Паступіць туды было амаль немагчыма. Дазвол на навучанне выпісвалі мясцовыя ўлады і рабілі гэта неахвотна. І каб хоць часткова даць рады вырашэнню гэтай праблемы, у 1970-я мядзведзіцкі святар вырашыў арганізаваць пры сваёй парафіі таемную семінарыю.

Каб не прыцягваць увагі і не патрапіць пад артыкул аб дармаедстве, семінарысты афіцыйна ўладкоўваліся на працу. Канспіратыўныя заняткі праходзілі ў плябаніі. Ксёндз Пянткоўскі выкладаў кананічнае права, гісторыю Касцёла, філасофію, этыку, замежныя мовы ды ігру на фісгармоніі.

Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі. Фота: catholic.by

Выкладанне ажыццяўлялася на польскай мове — Пянткоўскі і з парафіянамі заўсёды гаварыў па-польску. Гэта пачынаючы з 1990-х Касцёл возьме курс на беларускую мову, а ў тыя гады на ўвесь Касцёл быў адзіны прынцыпова беларускамоўны ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі ў Вішневе пад Валожынам.

Раз-пораз прыязджалі святары, у тым ліку і з Польшчы, экзаменавалі слухачоў. Выпускнікі праходзілі «практыку» ў парафіях. Пасля заканчэння курсаў яны давучваліся ў Рызе ці Каўнасе або таемна пасвячаліся ў святары і пачыналі служэнне.

Сярод іншых, навучанне ў ксяндза Вацлава прайшлі два сённяшнія беларускія біскупы — Казімір Велікаселец і Антоній Дзям’янка. Абодва яны цяпер служаць у Пінскай дыяцэзіі.

Ані слова пра палітыку

У апошнія гады, калі Пянткоўскаму было ўжо пад дзевяноста, ксёндз Вацлаў працягваў займацца душпастырствам. 11 лютага 1988 года папа Ян Павел ІІ надаў яму годнасць інфулата, якая дае права на нашэнне інфулы — галаўнога ўбору рымска-каталіцкага духавенства, што мае форму мітры. Ян Павел ІІ назваў ксяндза Вацлава «выхавальнікам шматлікіх ксяндзоў».

Магіла Вацлава Пянткоўскага на мядзведзіцкіх могілках. Фота Паўла Булатага.

Жыхары Мядзведзічаў добра памятаюць ксяндза, шмат цікавага пра яго апавядаюць. Запомнілі тое, што пасля лагерных пакут ксёндз ані слова не казаў пра палітыку. Быў ён чалавек шчыры, але замкнёны, чужых людзей да сябе не дапускаў. Ён вельмі любіў дзетак і часам збіраў іх, каб пачытаць кніжкі, асабліва любіў міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша».

Помняць людзі і тое, як ксёндз канём ездзіў па хатах і спавядаў сялян. Кажуць, хто не вянчаўся — таго да споведзі не прымаў. Згадваюць, што, калі ксёндз ішоў па вуліцы ў альбе (белае літургічнае адзенне), тады з ім усе віталіся, а святар усіх бласлаўляў і зычыў дабра. 

Павел Булаты