Проект портала
ВКЛ Куда делась корона Витовта
17.11.2019 / 18:37

и почему Великое Княжество так и не стало королевством, пишет кандидат исторических наук Сергей Полехов.

Пфальцкая карона — найстарэйшая каралеўская карона Англіі, 1370-я. Падобную карону везлі Вітаўту. Фота: Wikimedia Commons.

«А ці быў той Міндоўг, невядома»

Першым быў Міндоўг. Аб’яднальнік і кіраўнік-«самаўладнік» Літвы (як называлі яго ў летапісах), ён змог дабіцца ад папы каралеўскай кароны. Аднак пасля забойства Міндоўга яго наступнікі, у большасці паганцы, не каранаваліся. Бо гэта запатрабавала б хрышчэння ў каталіцтва або уніі з Рымам. У дыпламатычнай перапісцы вялікія князі літоўскія тытулаваліся каралямі (а Альгерд увогуле царом, што ў канцылярыі Канстанцінопальскага патрыярхата перакладалі словам «васілеўс»), але гэта былі толькі словы. Для прызнання за Вялікім Княствам Літоўскім пэўнага месца ў сям’і еўрапейскіх каралеўстваў трэба было не толькі хрышчэнне, але і згода імператара Святой Рымскай імперыі і папы.

Так, з папскага блаславення каралеўствамі сталі Балгарыя Калаяна (1204), Арагон Педра II (1205), Сербія Стэфана Неманіча (1217), Літва Міндоўга і Русь Данілы Раманавіча (1253). Пасля гэтага ўзвядзенне ў каралеўскі ранг надоўга спынілася. Наступным каранацыі дамогся брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых ІІІ, які стаў «каралём у Прусіі» Фрыдрыхам І толькі ў 1701 годзе са згоды імператара Леапольда І.

Хоць перамовы між папамі, імператарамі і патэнцыйнымі каралямі не спыняліся. Можна ўспомніць не толькі перапіску з Альгердам і Кейстутам пра каранацыю пры ўмове хрышчэння. Кароны ад папы Сікста IV у 1483 годзе дабіваўся і маскоўскі князь Іван ІІІ. Праўда, ужо праз шэсць гадоў ён пагардліва адмовіўся прыняць карону ад імператара Фрыдрыха III. У Маскве паступова зацвярджалася ўяўленне, што яе кіраўнік і сам роўны імператару.

Паганская ж Літва, якая заставалася краінай вуснага слова, хутка забылася пра свайго першага караля. Калі ў пачатку XV стагоддзя на перамовах з польска-літоўскай дэлегацыяй дыпламаты Тэўтонскага ордэна нагадалі, што Міндоўг запісаў ордэну некаторыя літоўскія землі, дэлегаты адказалі: няясна, ці быў наогул калі-небудзь у Літве такі валадар, а калі і быў, дык наўрад ці меў уплыў і права распараджацца землямі. Хоць, з іншага боку, паслам выгадней было сказаць так, чым аддаваць свае тэрыторыі на падставе дамоваў 150-гадовай даўніны.

Тры спробы

Самая вядомая спроба ператварыць Вялікае Княства Літоўскае ў каралеўства звязаная з імем Вітаўта. Але ці было імкненне стаць каралём справай яго жыцця? Наўрад ці. Асабліва калі ўлічваць, з якімі цяжкасцямі вялікі князь сутыкнуўся, калі з’явілася рэальная перспектыва каранацыі.

Вітаўт. Партрэт XVIII стагоддзя з брэсцкага аўгусцінскага манастыра. Фота: Wikimedia Commons.

Не будзе моцным перабольшаннем сказаць, што гэта Вітаўт зрабіў з Літвы сапраўднае Вялікае Княства. Ён цэнтралізаваў дзяржаву, замяняючы ўдзельных князёў паслухмянымі намеснікамі і ваяводамі, упарадкаваў велікакняскі двор, стварыў сістэму рэпрэзентацыі (напрыклад, выкарыстоўваў гербавую і тронную пячаткі), клапаціўся пра падвышэнне міжнароднага прэстыжу ВКЛ.

Тым самым на процілеглым баку Еўропы займаліся валадары Бургундыі, «вялікія герцагі Захаду». Але і яны, нягледзячы на ўвесь бляск сваёй улады і старанні, так і не сталі каралямі.

За амаль саракагадовае кіраванне Вітаўта ў крыніцах знойдуцца толькі тры эпізоды, якія сведчаць пра яго спробы атрымаць карону. У 1398 годзе на балі пасля заключэння Салінскай дамовы з Тэўтонскім ордэнам літоўскія князі і баяры выгукнулі Вітаўта каралём. Пагаворвалі, што кароны для яго ад папы Баніфацыя IX мае намер дабівацца Ягайла. Але ў 1399-м Вітаўт пацярпеў паразу ў бітве з татарамі на Ворскле, а пазіцыі Ягайлы ў Польшчы пасля смерці жонкі Ядвігі (дзякуючы якой ён і стаў каралём) моцна пахіснуліся. Абодвум уладарам стала не да таго.

У другі раз Вітаўт атрымаў прапанову каранавацца ад венгерскага караля Жыгімонта Люксембургскага ў 1410 годзе, калі вёў вайну з Тэўтонскім ордэнам. Але каранацыя азначала б разрыў саюзу з Польшчай, хаўрусніцай ВКЛ у барацьбе з крыжакамі, і Вітаўт на гэта не пайшоў. Ён паспешліва пакінуў Жыгімонта і пастараўся прадставіць гісторыю палякам у выгадным святле.

Жыгімонт Люксембургскі ў шапцы, якую яму падарыў Вітаўт. У 1410 годзе Вітаўт на з’ездзе з Жыгімонтам падарыў яму мноства сокалаў, коней, вырабаў з шоўку і футра, у тым ліку 12 сабаліных шапак, дзве з якіх былі ўпрыгожаныя жамчужынамі. У адной з іх багемскі майстар пазней намаляваў Жыгімонта. Фота: Wikimedia Commons.

Самай драматычнай стала трэцяя спроба, зробленая ў 1429—1430 гадах.

Звычайна падкрэсліваецца, што ёй папярэднічала спакойнае і паспяховае для Вітаўта дзесяцігоддзе. Пасля 1422 года, калі Тэўтонскі ордэн адмовіўся ад Жамойці, Вітаўт ужо не быў так зацікаўлены ў польскай дапамозе. Валадар Літвы мог зноў звярнуць погляд на ўсход, дзе пасля смерці вялікага князя маскоўскага Васіля I на трон узышоў малы Васіль II, унук Вітаўта. Досыць роўныя адносіны склаліся і з Ардой.

Але гэта — толькі адзін бок медаля.

Той, хто хацеў каранаваць Вітаўта

Выглядае, што была асоба, больш за Вітаўта зацікаўленая ў стварэнні Літоўскага каралеўства, — венгерскі, рымскі і чэшскі кароль Жыгімонт Люксембургскі, фармальны кіраўнік Святой Рымскай імперыі. Імператарам ён стане толькі ў 1433 годзе, але і да таго Жыгімонт лічыў сябе кіраўніком хрысціянскага свету.

Адсутнасць імператарскай кароны была не адзінай праблемай Жыгімонта. У 1419 годзе пасля смерці брата Вацлава IV ён атрымаў у спадчыну Чэхію, ахопленую гусіцкай рэвалюцыяй. Гусіты спусташалі яго ўладанні, з імі не ўдавалася дамовіцца. А з поўдня насядалі туркі. Жыгімонт як венгерскі кароль быў разбіты імі пры Нікопалі ў 1396 годзе, пасля чаго асманскія султаны бралі крэпасць за крэпасцю.

Сімвал Ордэна Дракона. Мюнхен, Баварскі нацыянальны музей.

Жыгімонт вельмі хацеў заручыцца падтрымкай Вітаўта ў барацьбе з гусітамі і асманамі. Ён стараўся задобрыць яго ласкавымі словамі і прэстыжнымі прапановамі. У жніўні 1429-га Жыгімонт прыняў Вітаўта ў Ордэн Дракона — прэстыжнае аб'яднанне еўрапейскіх манархаў. А ў каранацыйных дакументах параўноўваў літоўскага князя з «апосталам Гасподнім» і называў «шчытом хрысціян супраць язычнікаў».

Нечаканая прапанова

У пачатку 1429 года ў Луцку на Валыні адбыўся з’езд еўрапейскіх манархаў. Апроч Вітаўта і Ягайлы з іх дварамі, у Луцкі замак прыехалі Жыгімонт Люксембургскі з жонкай Барбарай Цылейскай, дваром, венгерскімі і чэшскімі баронамі, а таксама луцкае духавенства - каталіцкі і праваслаўны епіскапы ды нават армянскі епіскап і равін. Зоркай форуму, канечне, быў Жыгімонт.

Ніводзін кіраўнік Святой Рымскай імперыі раней не заязджаў так далёка на ўсход.

Абмяркоўвалі бягучыя пытанні: барацьбу з туркамі і гусітамі, унію Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў. Аж раптам размову перарвала нечаканая прапанова Жыгімонта — каранаваць Вітаўта каралеўскай каронай.

Такім пабачылі Луцкі замак Вітаўт, Ягайла і Жыгімонт Люксембургскі зімой 1429 года. Фота: shutterstock.com, Petruk Viktor.

Ягайла пагадзіўся, хоць Вітаўт заклікаў яго не спяшацца ў такім сур’ёзным пытанні — параіцца з прадстаўнікамі польскага істэблішменту. (Вітаўт звярнуўся да брата па-літоўску — пэўна, каб іх не зразумеў рымскі кароль, які ведаў як мінімум чэшскую і мог разумець іншыя славянскія мовы.)

Ягайла меў свой інтарэс у стварэнні Літоўскага каралеўства. Ён у той час якраз дамагаўся ад польскай шляхты гарантый, што пасля яго смерці польскі сталец успадкуе адзін з яго сыноў. Магчыма, польскі кароль разлічваў, што пасля смерці Вітаўта, які сам сыноў не меў, літоўская карона пяройдзе да кагосьці з Ягайлавічаў. А паколькі Літва і Польшча мелі саюзныя адносіны, палякам давядзецца абраць літоўскага караля таксама і польскім… Аднак дарадцы-палякі рашуча запярэчылі, і Ягайла адклікаў сваю згоду.

Адно за адным ездзілі пасольствы Вітаўта ў Польшчу, а Ягайлы — у Літву. Палякі настойвалі, што стварэнне спадчыннага Літоўскага каралеўства супярэчыць Гарадзельскай уніі 1413 года, паводле якой ВКЛ пасля смерці Вітаўта павінна было перайсці да польскага караля. Яны пагражалі вайной, шантажуючы літоўскі бок. Вітаўт адказваў, што выступае за захаванне добрых адносін, але настойваў, што Літва заўсёды была свабоднай і нікому не падпарадкоўвалася.

У дадатак узнікала фармальная зачэпка: ці можа рымскі кароль, яшчэ не стаўшы імператарам, ствараць новае каралеўства? Спрэчка разгарэлася паміж юрыстамі Венскага і Кракаўскага ўніверсітэтаў. У выніку палякі дамагліся ў папы Марціна V забароны на царкоўную частку цырымоніі — памазанне Вітаўта. Але Жыгімонт даводзіў, што памазанне і не абавязковае для каранацыі, спасылаючыся на парадак, прыняты каралямі Шатландыі, Кастыліі і Сіцыліі.

Прадзедава карона

Ужо ў маі 1429 года Жыгімонт Люксембургскі пісаў Вітаўту, што кароны, аздобленыя каштоўнымі камянямі, гатовыя. Звесткі пра тое, як яны выглядалі, знайшоў нямецкі гісторык барон Вольфганг Штромер фон Райхенбах, аўтар манаграфіі аб фінансах Нюрнберга, які і сам паходзіў з тамтэйшага патрыцыянскага роду. Ён звярнуў увагу на сведчанні пра заклад кароны, якая, відавочна, прызначалася для Вітаўта. У расходных кнігах Нюрнберга гаварылася, што карона важыць 11 марак і ½ лота (прыкладна 2,5 кілаграма), у ёй 50 рубінаў, 56 сапфіраў і адзін ізумруд, уся яна абсыпаная жэмчугам, а ў чатырох месцах — спалучэннем рубінаў і пяці жамчужын.

Кароны, хутчэй за ўсё, па звычаі таго часу, выглядалі як дыядэмы, увянчаныя зубцамі.

У ліпені 1429 года ордэнскі саноўнік Клаўс фон Рэдэвіц пасля аўдыенцыі ў Жыгімонта ў Прэсбургу (цяперашняй Браціславе) таксама адзначыў, што кароны для Вітаўта і яго жонкі ўжо гатовыя: адна з іх некалі належала імператару Генрыху, другая — рымскаму каралю Рупрэхту (1400—1410), і абедзве яны набытыя за нечуваныя 50 тысяч гульдэнаў (для параўнання, карону, падрыхтаваную для каранацыі бургундскага герцага Карла Смелага ў 1473 годзе, якая так і не адбылася, разам з Ордэнам Падвязкі ацэньвалі ў 60 тысяч гульдэнаў).

Генрых VII у каралеўскай кароне здзяйсняе паход на Рым. Яго праўнук Жыгімонт Люксембургскі абяцаў такую карону Вітаўту. Фота: Wikimedia Commons.

Закладаць ліхвярам карону ў Сярэднявеччы было звычайнай справай. Валадары ахвотна закладалі і дарылі інсігніі (каштоўныя знакі ўлады), асабліва тыя, што належалі іх папярэднікам. Нарэшце, у адным нядаўна знойдзеным праекце каранацыйнага дакумента Жыгімонт заяўляў, што каронай, прызначанай для Вітаўта, карыстаўся ягоны прадзед — імператар Генрых. Гаворка ідзе пра Генрыха VII, якога Дантэ ў «Боскай камедыі» змясціў у раі пад імем выратавальніка Італіі Арыга.

Каранаваўшыся імператарскай каронай у 1312-м, Генрых заявіў пра свае правы на найвышэйшую ўладу ў Еўропе. Для Жыгімонта, які таксама ўяўляў сябе «сусветным манархам», права стварыць новае каралеўства — Літоўскае — было праявай гэтай усёмагутнасці.

Два пасольствы

Хутка ажыццявіць рызыкоўную задуму перашкодзіла хвароба. Рымскі кароль пакутаваў на падагру і якраз перажыў чарговы яе прыступ (у Ватыканскай бібліятэцы захаваўся рукапіс з рэцэптамі лекаў, якімі яго лячылі). Толькі ў пачатку ліпеня ён дабраўся да Вены і азнаёміўся з меркаваннем юрыстаў, якія абгрунтавалі яго права ствараць новыя каралеўствы. У доўгім лісце ён як мог стараўся развеяць сумневы Вітаўта. А яны былі: разрываць саюз з Польшчай вялікаму князю зусім не хацелася.

З Вены Жыгімонт выслаў два пасольствы ў Літву. Першае, у якім ехаў італьянскі юрыст, доктар Джанбатыста Чыгала з Генуі ў суправаджэнні сілезскага немца Жыгімонта Рота, везла трактаты юрыстаў Венскага ўніверсітэта, інструкцыю для паслоў аб ходзе ўрачыстай цырымоніі, а галоўнае — каранацыйную грамату, у якой гаварылася аб наданні каралеўскага тытула Вітаўту і яго спадкаемцам ды стварэнні Літоўскага каралеўства, нікому не падначаленага.

За першым пасольствам ехала другое, якое везла самі кароны, даспехі, аздоблены шоўкам шацёр і іншыя багатыя дары. Па задумцы Жыгімонта, удзельнікі пасольства прадстаўлялі розныя яго ўладанні: архібіскуп магдэбургскі Гюнтэр фон Шварцбург і герцаг баварскі Эрнст — Святую Рымскую імперыю, біскуп заграбскі Ёган Альбен і шматлікія венгерскія бароны на чале з гофмайстрам Ласла Тамашы і надарам (палацінам) Міклашам Гараі — Венгерскае каралеўства, князь Пржэмка Опаўскі і магнат Олдржых з Рожмберка — Чэшскае каралеўства. Гэтыя паслы і павінны былі каранаваць Вітаўта і Ульяну, а затым прапанаваць ім вечны саюз з валоданнямі Жыгімонта.

Чаму Жыгімонт выправіў абодва пасольствы самым небяспечным шляхам — праз Польшчу? Рымскі кароль думаў, што палякі не асмеляцца напасці, кажуць адны гісторыкі. Іншыя лічаць, што ён спецыяльна ставіў каранацыю пад пагрозу, бо на самай справе не вельмі і хацеў стварэння Літоўскага каралеўства. Думаецца, прычына была больш празаічная: Жыгімонт спяшаўся. Дата каранацыі, свята Нараджэння Дзевы Марыі (8 верасня), была ўжо прызначана. У Літву збіраліся госці з розных краін: магістры Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў Паўль фон Русдорф і Цысэ фон дэм Рутэнберг, вялікі князь маскоўскі Васіль II і цвярскі Барыс Аляксандравіч, разанскія і навасільска-адоеўскія князі, паслы візантыйскага імператара Іаана VIII Палеалога (першым шлюбам жанатага з дачкой Вітаўта), дацкага караля Эрыка Памеранскага, малдаўскага ваяводы Аляксандра Добрага і татарскага хана Улуг-Мухамеда. Летапісец-сучаснік пісаў, што на ўтрыманне гасцей ішло «па трыста бочак мёду, a ялавіц трыста, a бараноў і вепрукоў па трыста». Неабходна было паспець любой цаной. Таму і быў абраны самы кароткі шлях — не праз Венгрыю і Малдавію, а праз Новую Марку і Прусію, якія падзяляў вузкі перашыек польскіх уладанняў.

Здавалася, што ўсё пралічана. Каралеўскія інсігніі везла другое пасольства, а з польскім каралём Жыгімонт разлічваў усё-такі дамовіцца: «Калі пан кароль польскі дасць ім бяспечны праезд — добра; калі ж не, дык не», — пісаў ён Вітаўту. Хутка высветлілася, наколькі легкадумнымі былі гэтыя словы.

Засада на Маркграфскай дарозе

Тым часам Вітаўт упэўніўся ў сваім жаданні каранавацца і адкідаў усе спробы Ягайлы адгаварыць яго. Вітаўт раздражнёна пісаў магістру Тэўтонскага ордэна, што ў яго няма паперы, каб адпісваць польскаму каралю.

Тады Ягайла, параіўшыся з вяльможамі, наважыўся на адчайны крок. На польскай тэрыторыі, якая аддзяляла Новую Марку ад Прусіі, на Маркграфскай дарозе, каля ўрочышча Турава Гара, пасольствы чакала цэлае войска велікапольскай шляхты. Палякі наляцелі на першае пасольства, збілі паслоў, адабралі дакументы (дзякуючы гэтаму яны і дайшлі да нашых дзён) і адпусцілі ў Прусію, адкуль паслы дабраліся ў Літву.

Такім шляхам карона мусіла трапіць да Вітаўта. Але пасля нападу палякаў на паслоў Жыгімонта рэшта дэлегацыі (пры якой была і карона) вырашыла перасядзець у Франкфурце-на-Одэры. Пазней карону аддалі ў заклад нюрнбергскаму купцу. І ўсё.

Другое пасольства, даведаўшыся пра лёс першага, нейкі час чакала ў Франкфурце-на-Одэры, але ўрэшце вырашыла не рызыкаваць каштоўнымі каронамі і павярнула назад у Нюрнберг.

Той самы польскі перашыек сярод нямецкіх зямель, дзе пасольства чакала засада.

Жыгімонт прапанаваў Вітаўту прывезці кароны бяспечнейшым шляхам, можа, нават па моры, і пагражаў Польшчы вайной. А Джанбатыста Чыгала і Жыгімонт Рот, якія дабраліся да Вітаўта ў Вільню, падраджаліся вырабіць інсігніі на месцы. Але ўсё было дарэмна: вялікі князь распусціў гасцей і памірыўся з Ягайлам. Вітаўт прасіў Жыгімонта, каб той, калі ўсё-такі надумае даслаць кароны, зрабіў гэта па-ціхаму, і скардзіўся на «бессэнсоўныя і стамляльныя расходы», якіх хацеў бы пазбегнуць. А неўзабаве па дарозе ў Трокі Вітаўт зваліўся з каня і праз некалькі дзён, 27 кастрычніка 1430 года, памёр.

Новы вялікі князь Свідрыгайла і яго дарадцы нецярпліва чакалі, што Жыгімонт усё ж дашле карону. Але рымскі кароль вельмі стрымана паставіўся да ідэі каранаваць непрадказальнага Свідрыгайлу.

Куды ж падзелася карона?

Яшчэ ў XVI стагоддзі, калі праект стварэння Літоўскага каралеўства паўстаў у чарговы раз, аўтар «Хронікі Быхаўца» запісаў, што палякі перахапілі карону Вітаўта, рассеклі і прыклалі да мітры кракаўскага біскупа. І гэта падавалася цалкам верагодным, тым больш што загадкавая «літоўская карона» згадваецца ў інвентарах кракаўскай біскупскай кафедры таго ж XVI стагоддзя. Аднак насамрэч лёс кароны Вітаўта склаўся інакш.

Футарал для кароны Святой Рымскай імперыі. XIV стагоддзе. У падобным футарале везлі і Вітаўтаву карону. Вена, Свецкая скарбніца.

Усяго праз паўгода пасля смерці Вітаўта Жыгімонт заклаў карону гарадской радзе Нюрнберга і купцу Ульрыху Ортлібу. Купец з такой нагоды ўпрыгожыў балюстраду свайго дома гербамі рымскага караля, рымскага папы, сямі курфюрстаў і імперскага горада Нюрнберга.

Дом нюрнбергскага купца Ортліба, у якім карона захоўвалася пасля таго, як яе не змаглі даставіць Вітаўту. Фота: Wikimedia Commons.

Пасля Жыгімонт яшчэ некалькі разоў закладаў і перазакладаў кароны бюргерам Нюрнберга, Базеля і Рэгенсбурга — нават калі ён стаў валадаром хрысціянскага свету, грошай яму ўвесь час бракавала, з-за чаго з яго кпілі сучаснікі. Апошні раз карона згадваецца 1 студзеня 1435 года, калі зяць Жыгімонта, аўстрыйскі герцаг Альбрэхт V, паабяцаў дапамагчы яму выкупіць яе ў ліхвяроў. На момант смерці Жыгімонта (1437 год) карона даўно перастала асацыявацца з імем Вітаўта і планамі стварэння Літоўскага каралеўства.

Што здарылася з каронай, застаецца толькі здагадвацца. Відаць, яе разабралі на каменьчыкі і перапрацавалі — тады гэта было звычайнай справай.

 ***

Росту малога, рукі рознай даўжыні

Вітаўт целам быў дробны, галава ў яго была круглая, правая рука значна даўжэйшая за левую, пісаў польскі гісторык Ян Длугаш. Ён яшчэ заспеў людзей, якія бачылі вялікага князя літоўскага на свае вочы, — нават бацька Длугаша ўдзельнічаў у бітве пад Грунвальдам. Але такія фізічныя недахопы, адзначаў храніст, Вітаўт кампенсаваў надзвычайнай энергіяй, загартаванасцю і працавітасцю. Да апошніх дзён жыцця ён ездзіў конна. Нават у далёкі паход на Пскоў 80-гадовы вялікі князь выправіўся верхам.

Самая ранняя выява Вітаўта XVI стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons.

 ***

Жанчыны Вітаўта

Той жа Длугаш адзначаў, што Вітаўт меў большую, чым належыць кіраўніку такога ўзроўню, пажадлівасць да жанчын і схільнасць шукаць прыгод з кабетамі. Ён, піша храніст, мог кінуць войска ў чужой зямлі, у разгар вайны, і на спецыяльна падрыхтаваным кані паскакаць дамоў да жонкі «або да сваіх наложніц».

Другая жонка Вітаўта Ганна. Фота: Wikimedia Commons.

 ***

Як апранаўся Вітаўт

Крыніца пра ўборы Вітаўта — запісы з рахункавых кніг велікакняскага і польскага каралеўскага двароў, дзе пазначана, якая тканіна закуплялася і якая адзежа шылася з яе для валадароў ВКЛ. На штодзень Вітаўт насіў палатняную споднюю кашулю, сукню з каўняром або жупан, суконныя порткі і абутак з сукна або скуры. Зверху ж апранаў кажух лісіны, сабалёвы, з вавёрак ці з гарнастаяў або «суконны плашч, падшыты сукном іншага колеру». Для каптанаў Вітаўта закуплялі таксама чорны ядваб, аксаміт, франчэ. Адзначаецца, што строі шыліся па французскай модзе. Аздоба для ўбораў замаўлялася англійскага вырабу.

Таксама ў рахунках Ягайлавага двара згадваецца скроены для Вітаўта шэры аксамітны каптан, падшыты ватаваным палатном са схаванай спадыспаду кальчугай, якая бараніла ад замахаў.

Так што можна засумнявацца ў словах Длугаша пра тое, што Вітаўт мала зважаў на адзежу, аддаючы перавагу авечаму кажуху, падшытаму сукном, на які ён падчас афіцыйных мерапрыемстваў накідваў плашч.

 

На гэтай пячатцы з меланхалічным Вітаўтам можна пабачыць княжаскую моду таго часу (плашчы, накідкі ў некалькі слаёў — самыя багатыя людзі маглі сабе дазволіць выкарыстоўваць столькі тканіны на адзін убор). Можна спадзявацца, што аўтар пячаткі паспрабаваў перадаць і партрэтнае падабенства — у 1407 годзе Вітаўту было пад 60 гадоў.

 ***

Рыцар да абеду, блазан пасля абеду, а сам шпіён?

У перапісцы Вітаўта згадваюцца блазны, якія весялілі яго двор. Аднаго з іх звалі Генэ (Henne), яго пазычыў вялікаму князю тэўтонскі магістр. Раз, не вытрымаўшы блазнавых выбрыкаў, Вітаўт даў яму поўху. У адказ Генэ скінуў свой блазенскі касцюм і абвясціў, што князь пасвяціў яго ў рыцары (поўха давалася падчас пасвячэння). Вітаўт дамовіўся з блазнам, што да абеду той мог быць спакойным і мудрым рыцарам, а пасля абеду зноў рабіўся смешным дурнем. Мянушка «рыцар да абеду, блазан пасля абеду» замацавалася за Генэ, з гэтага ў сваіх лістах адзін аднаму жартавалі Вітаўт і магістр.

Раней гісторыкі называлі Генэ ордэнскім шпіёнам, але цяпер лічыцца, што справаздачы магістру ён пісаў з ведама Вітаўта.

 ***

Хваробы

Пад канец жыцця валадароў Усходняй Еўропы апанавалі хваробы. У лістах адзін аднаму яны многа ўзаемна скардзіліся на здароўе, згадваючы ліхаманку, хваробы вачэй, боль у жываце, слабасць. Магістр Конрад фон Юнгінген прасіў у Вітаўта невялікага коніка, на якім мог бы ездзіць, пакуль цалкам не ачуняе. Вітаўт пісаў магістру, што ён з жонкай Ульянай хварэў на ліхаманку і толькі праз тры тыдні змог сесці ды прайсціся.

Добрыя дактары былі рэдкасцю, і валадары імі таксама абменьваліся. Нямецкі доктар Гайнрых на загад магістра ў 1426 годзе жыў у ВКЛ і лячыў княгіню Ульяну.

У той самы год хварэў і Ягайла, зламаўшы нагу падчас палявання на мядзведзя. Крыжацкі назіральнік адзначаў у 1426-м, што «яго вялікасць аслабеў за кароткі перыяд». Гэта, аднак, не перашкодзіла Ягайлу, якому было каля сямідзесяці год, налета займець сына Казіміра.

Пахаванне Вітаўта. Мініяцюра з сярэднявечнай хронікі Эберхарда Віндэке «Гісторыя імператара Жыгімонта». Вена, Аўстрыйская нацыянальная бібліятэка. Фота: Wikimedia Commons.

 ***

Аўтар гэтага артыкула Сяргей Палехаў — кандыдат гістарычных навук, даследчык Вялікага Княства Літоўскага з Расіі.

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута расійскай гісторыі Расійскай акадэміі навук, старшы навуковы супрацоўнік Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы.

Аўтар кнігі «Наследники Витовта. Династическая война в Великом княжестве Литовском в 30-е годы XV века» (Масква, 2015), намеснік адказнага рэдактара расійска-беларускага выдання крыніц «Полоцкие грамоты XIII — начала XVI века» (т. 1—2, адк. рэд. Г. Л. Харашкевіч, Масква, 2015). Цяпер рыхтуе да выдання зборнік крыніц «Дыпламатычны кодэкс Свідрыгайлы».

Сергей Полехов