Проект портала
Мемуары «Я считал свои действия талантом». 50 лет назад в Минске прошел масштабный процесс над «валютчиками и фарцовщиками»
29.12.2019 / 19:18

Пишет Сергей Ваганов.

Мінская гасцініца «Юбілейная» да вялікага пашырэння Паркавай магістралі (цяпер праспект Пераможцаў). Тут было адно з асноўных месцаў беларускай сталіцы, дзе працавалі фарцоўшчыкі, паколькі менавіта тут звычайна спыняліся іншаземцы. Фота Etoretro.ru.

У 1969 годзе я працаваў тады ў «Знамёнцы», як прастамоўна называлася рускамоўная газета «Знамя юности», і атрымаў ад рэдакцыі заданне асвятляць гэты працэс. Пра валютчыкаў і фарцоўшчыкаў тады ўсе ведалі, але ні я, ні маё сяброўскае кола іх паслугамі не карысталіся. Апраналіся не тое каб толькі ў айчыннае, але з прылаўкаў ГУМа, ЦУМа, а таксама з паліц шматлікіх крамаў сельскай кааперацыі, у якіх, часам нават у далёкай вёсцы, магчыма было набыць, да прыкладу, шыкоўны імпартны плашч, абменены на так званыя «дары прыроды». Не грэбавалі і сувязямі, знаёмствамі ў гандлёвых колах, «блатам». Гэта не лічылася крыміналам. А вось фарцаванне, «спекуляцыя» разглядаліся як злачынства. Манаполію на перапродаж мела дзяржава. 

Перад працэсам мяне запрасілі наведаць КГБ, каб азнаёміцца са справай. Я тады лічыў усё гэта нормай, бо і сам шчыра ўспрымаў валютчыкаў як безумоўную пагрозу, раз яны церліся з замежнікамі і псавалі «чалавечы твар сацыялізму», пра які, нягледзячы ні на што, мы, маладыя журналісты таго часу, працягвалі марыць.

На галоўным уваходзе ў вядомы будынак з калонамі, які знешне нагадвае музей, мяне сустрэў усмешкай хударлявы, сярэдняга ўзросту, з вялікімі залысінамі чалавек у цывільным. Ён моцна паціснуў руку, назваўся маёрам, следчым па справе, павёў па змрочным калідоры ў невялікі пакой, паклаў на стол некалькі тамоў справы і зачыніў звонку дзверы…

Турэмнае фота аднаго з найбольш вядомых фарцоўшчыкаў Савецкага Саюза Яна Рокатава (1927—1961). Сумесна з сябрамі Уладзіславам Файбішэнкам і Дзмітрыем Якаўлевым ён у другой палове 1950-х арганізаваў цэлую складаную сістэму пасярэднікаў для скупкі валюты і імпартных рэчаў у замежных турыстаў. Агульны абарот гэтай падпольнай фірмы склаў больш за 20 мільёнаў новых (то-бок дэнамінаваных у 1961 годзе) савецкіх рублёў. Арыштаваныя ў 1961 годзе, спачатку фарцоўшчыкі атрымалі праз суд 8 гадоў зняволення, але ў справу ўмяшаўся сам тагачасны лідар СССР Мікіта Хрушчоў, паводле прамога загаду якога справа была перагледжана, прытым двойчы. Спачатку тэрмін зняволення быў павялічаны да 15-ці гадоў, а пасля ўсім траім вынесены смяротны прысуд, які быў неадкладна выкананы. Гэтая справа стала адным з сімвалаў савецкага беззаконня і поўнай залежнасці судовай сістэмы ад волі палітычнага кіраўніцтва.

Фота Rambler.ru

Дзень за днём, старонку за старонкай я гартаў тамы справы. У ёй з процьмы эпізодаў дробнага гандлю замежным шмаццём і не менш дробных прыватных валютных здзелак вымалёўвалася карціна маштабнага злачынства накшталт шпіянажу і здрады радзіме. Было відавочна, што КГБ зацікаўлены менавіта ў такім павароце справы, хоць сапраўдных доказаў не было. Сёння я не памятаю, ці выстаўляла следства абвінавачванне менавіта па адпаведных артыкулах, але «шпіянаж» і «здрада» цягнуліся праз усю справу ці то ў пратаколах допытаў, ці то ў папярэдніх высновах. Па прынцыпе з ужо абсмяянага на той час прадказання Сяргея Міхалкова: «Сегодня он играет джаз, а завтра родину продаст».

«Быць у форме»

Што за людзі трапілі тады ў турму? Чаму абралі такі крымінальны па тым часе шлях?

Ніхто з іх не жыў у беднасці, не жабраваў. Рызыкоўным спосабам яны хутчэй самасцвярджаліся. На пачатку працэсу адзін з падсудных, Леанід К., заявіў: «Я лічыў свае дзеянні талентам, дадзеным не кожнаму чалавеку».

Побач з Леанідам на лаве пасудных сядзела яго матуля. Менавіта яна распачала свой бізнэс з распродажу рэчаў, вывезеных з Германіі пасля заканчэння вайны. Якім чынам яна апынулася ў Германіі, ні следства, ні суд прылюдна не высвятлялі. Сцвярджалася толькі, што яна здрадзіла «ідэалам маладосці», з чаго можна было зрабіць выснову, што, хутчэй за ўсё, ваявала. А гандляваць «трафеямі» яе вымусіла пасляваеннае жабрацтва, становішча маці-адзіночкі, для якой сын быў адзіным апраўданнем жыцця. Аднойчы яна папрасіла яго, ужо падрослага, дапамагчы ў здзелцы. Дапамог. І атрымаў першыя ўласныя грошы… Не прайшоў бы ён гэтага пачатковага курса «навук», наўрад ці адбылася б яго першая самастойная здзелка ў Адэскім порце, калі ён, курсант мараходнага вучылішча, прыдбаў у замежных маракоў цыгарэты, жуйку і яшчэ нейкую драбязу. На продаж. Яго затрымалі… 

Вучылішча Леанід усё ж скончыў, атрымаў спецыяльнасць матарыста і быў прызначаны ў каманду землясоснага снарада ў Поці — порт у Грузіі.

Невядома, як бы склаўся ягоны лёс, калі б маці не ўмяшалася зноўку. Літаральна сілай яна вымусіла Леаніда збегчы з карабля. «Цяжкая праца, — тлумачыла яна суду, — цяжкія ўмовы побыту, я вельмі хвалявалася за здароўе сына…»

І ў Мінску яна ўсяляк ахоўвала яго ад працы, пакуль ён сам перастаў адчуваць у працы патрэбу…

Фізічна Леанід быў здаровы, меў вольны час і таму заняўся культурызмам. «Быць у форме» ён лічыў не толькі неабходным для здароўя, але і нечым неад’емным ад аблічча «сучаснага чалавека». У спартовай зале і адбылася «гістарычная сустрэча» з Ігарам А., майстрам спорту па фехтаванні і вядомым у адпаведных колах фарцоўшчыкам. Гэтая сустрэча і паклала пачатак новаму прыбытковаму бізнэсу, за які, уласна кажучы, яны і апынуліся на лаве падсудных.

Да таго моманту Леанід К. ужо змяніў на сабе і «толкнул» знаёмым ды й знаёмым знаёмых не адну модную апранаху з замежнай біркай. Між тым маці з лёгкай пагардай ставілася да анучных спраў сына. Яе гняло, што ён цягае ў хату ношанае барахло, па-сённяшняму сэканд-хэнд. Яна лічыла яго здольным на больш значныя справы. 

Прыкладна тое ж адчуваў Ігар А. Спекуляцыя замежнай вопраткай ужо не здавалася яму выгадным заняткам. Пагоня за замежнікамі «ўсляпую» пагражала сур’ёзнымі няўдачамі, якія ўжо не аднойчы здараліся. Што праўда, спартовы свет адкрываў больш шырокія магчымасці для кантактаў з замежнікамі. Але што маглі прапанаваць спартоўцы? Тыя ж майкі, швэдры, максімум — джынсы.

Невядома, хто з іх першы прапанаваў заняцца купляй і перапродажам валюты. Ужо ад першай валютнай аперацыі яны адчулі смак сапраўднага бізнэсу: лёгкі халадок рызыкі, адносіны з «паважанымі» людзьмі… Ім здавалася, што такі занятак больш сур'ёзны, чым выкленчванне барахла ў замежнікаў. Ён сапраўды ўзнімаў іх ва ўласных вачах: «…прыбег Лёня, — распавядала на працэсе яго маці, — вельмі радасны, сказаў, што будзе вялікая валюта!» Гэта ўжо была якая-ніякая, хоць і злачынная, але дзейнасць. Якая патрабавала ад іх праяўлення адпаведных якасцяў: энергічнасці, нядрэннага ўмення разбірацца ў людзях, дзелавітасці, ведання элементарных законаў рынку і гутарковай замежнай мовы. Менавіта тады ў іхнім лексіконе з’явілася слова «талент». Гэтыя валютчыкі мелі патрэбу ў псіхалагічным самаапраўданні.

Суддзя Стук

Усяго было асуджана 5 чалавек. Спартовец і маці Леаніда да васьмі гадоў зняволення, Леанід і яшчэ двое падзельнікаў — да пяці гадоў пазбаўлення волі. 

Я не ведаю, як склаліся іх далейшыя лёсы, якім чынам яны так ці інакш спалучыліся з далейшым лёсам дзяржавы. Сістэме заставалася пражыць амаль чвэрць стагоддзя. З пазіцыі сённяшняга дня суд над людзьмі за перапродаж адзення выглядае абсурдным, але тады гэта было ў парадку рэчаў.

Публікацыя ў савецкай газеце. Paperpaper.ru

Лініі «шпіянажу» і «здрады радзіме» да суда не дайшлі, хоць следчыя ў гэты бок і капалі, разбіраючы адносіны падсудных з замежнікамі і размовы пра тое, як прасцей збегчы за мяжу.

Суддзя Вярхоўнага суда Канстанцін Іванавіч Стук вёў працэс падкрэслена аб’ектыўна: падрабязна высвятляў абставіны жыцця і выхавання кожнага падсуднага, даваў магчымасць выказвацца па кожным эпізодзе, тлумачыць матывы тых ці іншых паводзінаў. Відавочным было ягонае жаданне дакапацца да прычын, якія вымусілі падсудных займацца незаконнымі справамі.

Заўтра цябе чакаюць

Праз два дні пасля суда я паклаў нарыс галоўнаму рэдактару «Знамёнкі» Віталю Чаніну на стол. Увечары ён паклікаў мяне, ухваліў напісанае і, ледзь стрымліваючы раздражненне, сказаў:

— КГБ забадаў… Заўтра цябе чакаюць…

Я не ведаў, што нарыс трэба візіраваць у КГБ.

І зноў на ўваходзе ў «дом з калонамі» мяне сустракаў маёр, на гэты раз чамусьці ў мундзіры. Вочы маленькія, калючы, з адценнем неразумення погляд: «Праходзьце…»

Далей змрочны пакой пад нізкімі цяжкімі скляпеннямі, дубовы стол, чорная металічная лямпа, за святлом якой хаваецца твар асобы… Так, твару я не бачу, толькі рукі з-пад закаўрашаў мундзіра, у таўстых пальцах — раздрукоўка майго нарыса, ушпіленая заўвагамі, скрозь падкрэсленая-перакрэсленая чырвоным алоўкам…

— Трэба перарабіць, — прамовіў нябачны твар тонам, які не церпіць пярэчанняў, — няма чаго ў іх калупацца…

Во як! У спробе зразумець, чаму падсудныя абралі злачынны лад жыцця, «асоба без твару» ўгледзела небяспечны падтэкст.

— Я журналіст, а не пракурор… Нічога перарабляць не буду.

Адліга канца 50-х — пачатку 60-х рабіла сваю справу. Страху ў мяне не было.

Праз тры ці чатыры дні ізноў паклікаў Чанін: «Званілі з КГБ. Цябе чакаюць…»

На знаёмым ганку ля знаёмых ужо да апошняй плямкі высачэзных дзвярэй чакаў знаёмы маёр. Яшчэ здалёк, пакуль я ўзнімаўся па прыступках, ён цягнуў руку:

— Віншую! — пачаў трэсці маю. — Цудоўны нарыс! Можаце друкаваць, — і працягнуў папку. — Вось, глядзіце, аніводнай заўвагі!

Нарыс з’явіўся ў газеце праз дзесяць дзён ад заканчэння працэсу, з працягам на два нумары.

Савецкі плакат з крытыкай спекулянтаў. Paperpaper.ru

Дзве загадкі

Сёння я разумею, што іх незаконная па тых часах дзейнасць у пэўным сэнсе была бунтам супраць усталяваных дзяржавай занадта зарэгуляваных правілаў быцця. І ў гэтым сэнсе фігурантаў працэсу можна лічыць і ахвярамі тагачаснай сістэмы, і папярэднікамі будучых рыначных адносін, якія, дарэчы, спачатку будаваліся на маральна сумнеўных паводзінах, напрацаваных падчас фарцавання і першапачатковага накаплення капіталу.

Існаваў у тыя часы і свядомы, асэнсаваны пратэст, вядомы ў гісторыі як антысавецкае дысідэнцтва. Што праўда, гэта ўжо іншая тэма.

Дзве загадкі засталіся ў мяне ад той гісторыі: куды падзеліся заўвагі чырвоным колерам і хто з больш высокага рангу спецслужбістаў дазволіў друкаваць нарыс. Мушу думаць, што і ў КГБ ішла барацьба паміж сталіністамі і людзьмі больш гнуткімі. 

Фота Shutterstock.com, by Chaiwat Hemakom

***

Першы ўсплёск спекуляцыі ў Беларусі адбыўся ў 1939 годзе. З паездак у «вызваленыя» раёны людзі везлі адзенне, абутак, прадукты. Праўда, мяжы між Усходняй і Заходняй ніхто не здымаў, у Заходнюю ездзілі толькі правераныя людзі, у камандзіроўкі.

Пасля вайны на чорны рынак хлынуў трафейны тавар.

Слова ж «фарца», «фарцоўка» нарадзілася ў 50-я гады ХХ стагоддзя, часы так званай адлігі, калі троху была прыўзнята жалезная заслона, асабліва падчас VI Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў, які ўпершыню адбыўся ў СССР, у Маскве летам 1957 года. Савецкая моладзь убачыла джынсы, кеды ды іншыя вырабы «загнивающего капитализма».

Паходжанне слова «фарца» да канца няяснае. Некаторыя яго выводзяць з адэскага крымінальнага слэнгу.

Джынсы, цыгарэты, дыскі з замежнай музыкай, эратычныя часопісы, відэакасеты, відэамагнітафоны, жаночая бялізна, калготкі былі прадметам нелегальнага гандлю.

Фарцавалі людзі, якія мелі сувязі з заграніцай, замежнікамі або савецкімі грамадзянамі, якія па працы выязджалі за мяжу. Таварныя ланцужкі цягнуліся ў парты і Маскву.

У Беларусі фарцоўшчыкаў было шмат сярод спартоўцаў. Фарцавалі таксама беларусы-маракі гандлёвага і рыбалавецкага флатоў, замежныя будаўнікі і работнікі прадпрыемстваў у Наваполацку, Светлагорску, Жлобіне, шафёры «Совтрансавто».

Месцамі, дзе звычайна здзяйсняўся «тавараабмен», былі гатэлі «Інтурыст», магазіны сістэмы «Бярозка», якія гандлявалі за валюту і чэкі, вакзалы, цягнікі, парты Адэсы, Клайпеды, Калінінграда. 

Нягледзячы на суровыя пакаранні, спекуляцыю выкараніць не ўдавалася. Дэфіцыт у СССР меў татальны характар і рынак не цярпеў пустаты, хоць у асобныя перыяды савецкай гісторыі за спекуляцыю і валютныя аперацыі пагражаў нават расстрэл.

Сергей Ваганов