Проект портала
Доспехи великих князей и диктофон Алексиевич: 10 мест Швеции, которые следует посетить беларусам
03.01.2020 / 22:54

Швеция может показаться далёкой, но на самом деле нас с ней много чего объединяет. Скандинавская династия (Рогволод-Рагнвальд и Рогнеда) руководила Полоцком, с миссией распространения христианства сюда приходил Торвальд, у Речи Посполитой со Швецией были как совместные короли, так и длительные войны. Была и попытка создания союзного государства, инициатором которой был гетман Януш Радзивилл. Опыт шведских учёных и музейщиков перенимал основоположник белорусской археологии Евстахий Тышкевич, оставивший рассказ о своем путешествии — «Письма о Швеции»… Эта статья подскажет, куда лучше отправиться в первую очередь, обещает Алексей Ластовский.

Грыпсгольм — замак-турма, дзе нарадзіўся вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ. Фота Shutterstock.com, by Ronald Magnusson

Гістарычныя цікавосткі сканцэнтраваныя ў Стакгольме і ваколіцах. Дабрацца прасцей за ўсё прамым рэйсам «Белавія», а пры жаданні зэканоміць можна скарыстаць віленскі або варшаўскі аэрапорты, адкуль лётаюць лаўкосты. Таксама папулярны маршрут — паромам з Рыгі.

Усе чулі пра высокія шведскія цэны, і ў цэлым гэты праўда. Але многія дзяржаўныя музеі там працуюць бясплатна, у тым ліку Музей шведскай гісторыі, Нацыянальны музей, Музей арміі, Музей мадэрну. 

Таму пачнём!

1. Бірка (Birka)

Гісторыкі пагаджаюцца: стварэнне Русі — шведская заслуга. Скандынаўская зброя і ўпрыгожанні, рунічныя надпісы і амулеты, якія археолагі знаходзяць на тэрыторыі Беларусі, маюць аналагі найперш у шведскіх землях. Пакуль нарвежцы і даны (продкі сённяшніх датчан) арыентаваліся на экспансію на захад, шведы засноўвалі на Дняпры паселішчы на шляху з вараг у грэкі.

Нефармальнай сталіцай шведскай гандлёвай імперыі быў горад Бірка, што знаходзіцца на востраве каля Стакгольма. У сярэдзіне VIII стагоддзя тут паўстала вялікае паселішча, куды збіраліся купцы з многіх куткоў. Тут знаходзяць многа славянскіх прадметаў, асабліва керамікі. Археалагічныя сенсацыі ліпеня 2019 года: спярша багатую вайсковую магілу ідэнтыфікавалі як жаночую, а потым да таго ж пачалі прыпісваць таямнічай «ваярцы з сякерай» славянскае паходжанне.

Цяпер у Бірцы не так шмат чаго можна ўбачыць, але ўлетку гэтая мясціна ажывае, бо тут праводзяцца гістарычныя фестывалі. Вяртаюцца жыхары ў вёску вікінгаў, дзе адроджаныя адпаведны лад жыцця і рамёствы. Адзінае, што замежнікаў больш не рабуюць і ў кайданы не закоўваюць.

Гэтая скала — найвышэйшы пункт Біркі, месца старадаўняга гарадзішча. У 1824 годзе на ёй усталявалі Крыж святога Ансгара — у гонар манаха-бенедыктынца, аднаго з першых хрысціянізатараў Біркі. Фота Shutterstock.com, by Helena Krenkova

2. Упсала (Uppsala)

Яшчэ адной сталіцай вікінгаў была Упсала, дзе знаходзіўся цэнтр паганскага культу з «залатым храмам». Ля свяцілішча месціўся і каралеўскі палац. Нават калі цэнтры ўлады ў чарговы раз змясціліся, Старая Упсала захоўвала ранейшае значэнне: тут адбываліся каранацыі і ладзіліся вечавыя зборы ўсіх свеваў (тынгі). Тут жа адбылося і хрышчэнне Швецыі.

Ад старых курганоў з каралеўскімі пахаваннямі (на іх забаранілі залазіць, але адчайныя галовы гэта не спыняе) да цэнтра сучаснага горада з сярэднявечным кафедральным саборам вядзе шлях святога Эрыка, названы ў гонар шведскага караля, забітага тут датчанамі па дарозе ў царкву ў 1160 годзе. На месцы забойства цудам пачала біць крыніца, з якой і да гэтага часу можна напіцца.

У кафедральным саборы ХІІІ стагоддзя пахаваны згаданы Эрык, які стаў святым-апекуном Швецыі, а таксама святая Брыгіта, заснавальніца ордэна брыгітак з філіяламі ў Берасці і Горадні. Тут жа пахаваны і Густаў Ваза, нацыянальны герой Швецыі, які вызваліў краіну ад датчан і заснаваў дынастыю Вазаў.

Але найбольшую ўвагу варта звярнуць на магілу Кацярыны Ягелонкі, сястры Жыгімонта Аўгуста, дачкі Жыгімонта Старога і Боны Сфорцы.

Яна выйшла замуж за фінскага герцага Юхана, які потым стаў шведскім каралём (ён пахаваны тут жа). Кацярына Ягелонка прынесла ў Швецыю рэнесансную культуру: дзякуючы ёй тут даведаліся, што такое відэлец.

Тысячу гадоў таму Упсала была сакральным цэнтрам, а цяпер — утульны ўніверсітэцкі горад. Над ім высіцца гатычны кафедральны сабор, дзе пахавана сястра нашага Жыгімонта Аўгуста. Фота Надзеі Харытонавай, Shutterstock.com

Упсала захоўвае статус рэлігійнай сталіцы, але цяпер гэта ў першую чаргу ўніверсітэцкі горад. Зборы ўніверсітэта ўтрымліваюць шмат артэфактаў з нашых земляў.

Бібліятэчныя калекцыі апісаў беларускі гісторык Андрэй Катлярчук. На жаль, шырокая публіка не мае цяпер магчымасці ўбачыць знакамітую карту Вялікага Княства Літоўскага, створаную Томашам Макоўскім на замову Мікалая Радзівіла Сіроткі ў 1595 годзе. Затое ўсе ахвотныя могуць убачыць арыгінал іншай легендарнай карты — Carta Marina, створанай шведскім дыпламатам Олафам Магнусам і надрукаванай у 1539 годзе ў Венецыі.

Вынікі пошуку Беларусі на гэтай карце, аднак, бянтэжаць — як Russia Alba пазначана тэрыторыя Наўгародскай дзяржавы.

3.Грыпсгольм (Gripsholm)

Падчас візіту ў Швецыю Яўстах Тышкевіч адмыслова накіраваўся ў замак Грыпсгольм, названы ў гонар Бо Ёнсана Грыпа, аднаго з самых багатых людзей сярэднявечнай Швецыі.

Прага ўзбагачэння настолькі кіравала гэтым чалавекам, што ён не цураўся нават выразаць ненароджанае дзіця з цела памерлай жонкі, абы толькі атрымаць яе спадчыну. Замак пераходзіў з рук у рукі, быў некаторы час манастыром, пакуль Густаў Ваза не пераўтварыў яго ў каралеўскую рэзідэнцыю.

Але найбольшую славу Грыпсгольм набыў як турма. Менавіта сюды быў накіраваны фінскі герцаг Юхан, якога старэйшы брат, кароль Швецыі Эрык XIV, западозрыў у сепаратысцкіх памкненнях. Кацярына Ягелонка верна пайшла ў зняволенне за мужам, і ў замку Грыпсгольм у іх нарадзілася двое дзяцей — у тым ліку Жыгімонт, які пазней стане каралём Рэчы Паспалітай (а на некаторы час — і шведскім каралём). У выніку змовы Эрыка скінуць (можа, хто памятае спектакль «Эрык ХІV» па п’есе Аўгуста Стрындберга ў Купалаўскім тэатры?), Юхан і Кацярына ўзыдуць на шведскі трон, а Эрык апынецца на іх месцы ў замку Грыпсгольм. Яго атруцяць на загад брата.

Цяпер замак працуе як партрэтная галерэя. Наведвальнік пабачыць конны партрэт ураджэнца Грыпсгольма Жыгімонта Вазы, створаны ў майстэрні Пітэра Паўля Рубенса, а таксама партрэт апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў каранацыйнай мантыі аўтарства яго любімага прыдворнага мастака Марчэла Бачарэлі.

На жаль, толькі ў запасніках захоўваецца партрэт Яна Казіміра Сапегі, віленскага ваяводы і гетмана ВКЛ.

Падчас Паўночнай вайны ён быў блізкім паплечнікам шведскага караля Карла ХІІ, і, па сведчаннях сучаснікаў, шведскі кароль не прымаў рашэнняў без ягонай згоды. Копію партрэта можна ўбачыць у Ружанскім палацы, але арыгінал знаходзіцца ў Грыпсгольме.

4. Музей шведскай гісторыі (Historiska Museet)

Пачалі мы нашу вандроўку з ваколіц сталіцы, а цяпер вернемся ў Стакгольм. Музей шведскай гісторыі быў заснаваны ў 1866 годзе, на піку захаплення нацыянальнай гісторыяй, хоць вытокі калекцыі ўзыходзяць яшчэ да мастацкай галерэі Густава Вазы ў замку Грыпсгольм.

Рунічны камень з Готланда. Фота Юрыя Падабеда

Наведванне варта пачаць з «залатога пакоя», браніраванай скарбніцы ў падвале. Гэтыя ювелірныя вырабы стагоддзямі збіраліся шведскай дзяржавай (закон пра абавязковы выкуп дзяржавай знойдзеных скарбаў існуе з 1700 года). Асаблівую цікавасць уяўляюць фігуркі багоў і ўнікальны срэбны хрысціянскі крыжык з Біркі.

Музей валодае самай вялікай калекцыяй эпохі вікінгаў, але да мая 2020 года гэтая частка экспазіцыі знаходзіцца на абнаўленні, і можна толькі прадчуваць, якую бомбу для нас рыхтуюць супрацоўнікі музея. Затое можна паглядзець шыкоўную калекцыю рунічных камянёў з распрацаванымі міфалагічнымі і хрысціянскімі матывамі (у тым ліку ўбачыць, як бог Одзін выкрадае піва!), апынуцца ў цэнтры падаўлення паўстання на Готландзе дацкім каралём у 1361 годзе, параўнаць гатычныя і барочныя алтары з нашай культурнай традыцыяй.

5. Музей Вазы (Vasamuseet)

Некаторы час Рэч Паспалітая і Швецыя знаходзіліся ў дынастычнай уніі, аб’яднаныя кіраваннем Жыгімонта Вазы, але яго апантаная адданасць каталіцкай веры выклікала шмат пярэчанняў у лютэранскай Швецыі. Жыгімонта ўрэшце скінулі са шведскага трона, што стала прычынай зацяжных войнаў, якія прынеслі шмат стратаў Польшчы і асабліва Вялікаму Княству.

Але ў гэтых войнах кавалася вайсковая слава Швецыі, якая пасля серыі цяжкіх паразаў здолела стварыць эфектыўную прафесійную армію і паступова стала гегемонам у рэгіёне Балтыйскага мора. Асаблівая заслуга належыць каралю Густаву ІІ Адольфу, палкаводцу і рэфарматару, адзінаму каралю, якога тут празвалі «Вялікім». 

Але з іменем гэтага караля звязана і адна з найбольшых трагедый у шведскай гісторыі. Для падмацавання вайсковай моцы Густаў ІІ Адольф вырашыў стварыць флагманскі карабель, які мусіў мець два ярусы з артылерыяй, у той час як іншыя караблі мелі толькі адзін. У знамянальны дзень 10 жніўня 1628 года «Густаў Ваза», гонар шведскага флоту і асабістае «дзіця» караля, адпраўляецца ў першае плаванне на вачах усяго Стакгольма. Але першы ж моцны парыў ветру пачынае хістаць высокі карабель, наступны ж перакуліў — і карабель тоне. Частка экіпажа загінула. Больш страшнай ганьбы для Швецыі цяжка прыдумаць: флагман флоту, у які ўкладзена столькі рэсурсаў і спадзяванняў, праплыў толькі некалькі соцень метраў.

Музей Вазы карыстаецца велізарнай папулярнасцю, штогод яго наведваюць каля паўтара мільёна чалавек. Фота Аляксандра Талстых, Shutterstock.com

Але праз стагоддзі гэта трагедыя стала нечаканым падарункам для нашчадкаў. Новыя тэхналогіі дазволілі не толькі ўзняць карабель са дна, але і цалкам яго закансерваваць ды зрабіць даступным для публічнага агляду. Гэта адзіны ў свеце карабель XVII стагоддзя, які захаваўся ў такім стане.

6. Збраёўня Каралеўскага палаца (Livrustkammaren)

На маю думку, гэта самая цікавая частка палаца, да таго ж наведванне яе бясплатнае. Паводле пастаяннай экспазіцыі можна прасачыць шведскую гісторыю праз прызму каралеўскай дынастыі: каранацыйны шлем Густава Вазы суседнічае з палявой уніформай Густава ІІ Адольфа, у якой ён быў забіты ў бітве пад Лютцэнам у 1632 годзе.

Тут жа маскарадная форма Густава ІІІ, у якой ён загінуў ад рук змоўцаў падчас балю ў оперы ў 1792 годзе…

А сустракае нас конны даспех Жыгімонта Аўгуста, караля Рэчы Паспалітай.

Кароль не меў дзяцей, на ім скончылася дынастычная лінія Ягелонаў. Ягоная ж спадчына была падзеленая паміж трыма сёстрамі: Кацярынай, Сафіяй і Ганнай. У 1574 годзе, праз два гады пасля смерці брата, Ганна Ягелонка падарыла ягоны конны даспех шведскаму каралю Юхану ІІІ, мужу сястры Кацярыны, у знак прыязні і стратэгічнага партнёрства.

«Спадзяюся, што Ваша Вялікамосць, апрануўшы гэты даспех, будзе наводзіць такі жах на ўсіх сваіх ворагаў і непрыяцеляў, што тыя не здолеюць знесці атакі Вашай Вялікамосці, бо будуць ашаломленыя выглядам гэтых бліскучых даспехаў». Ганна разлічвала, што гэты падарунак паўплывае і на маладога прынца, нагадае яму пра далёкую Бацькаўшчыну.

Конны даспех быў выраблены нюрнбергскім майстрам Кунцам Лохнерам у 1550-я гады. Гэты майстар быў адным з найлепшых збраёўнікаў тагачаснай Еўропы, сярод яго кліентаў былі імператары, каралі і… Радзівілы. Вядома, што Лохнер прыязджаў у Варшаву, хутчэй за ўсё і ў Нясвіж таксама, з банальнай мэтай — выбіць грошы за свае замовы.

Даспехі Жыгімонта Аўгуста. Фота Pinterest.com

На жаль, у новай экспазіцыі не дэманструюць радзівілаўскі ордэн «Імя Ісуса» — напамін пра спробу стварыць саюзную дзяржаву Швецыі і ВКЛ. Ва ўмовах цяжкай вайны ў сярэдзіне XVII стагоддзя частка нашай шляхты вырашыла разарваць унію з Польшчай і заключыць саюз са Швецыяй. Накапілася шмат супярэчнасцяў з палякамі, але істотным быў і рэлігійны фактар: многія літоўскія магнаты перайшлі ў пратэстантызм і разам з праваслаўнымі ператварыліся ў Рэчы Паспалітай у рэлігійных дысідэнтаў. У той жа час паміж літоўскімі і шведскімі пратэстантамі ўсталяваліся моцныя культурныя і палітычныя сувязі.

Галоўным ініцыятарам шведска-літоўскага збліжэння стаў вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл, дзякуючы якому ў 1655 годзе была абвешчана Кейданская унія. На балі пасля абвяшчэння уніі шведскі бок уганараваў Радзівіла найвышэйшым каралеўскім ордэнам — «Імя Ісуса». Але нечаканая смерць Януша Радзівіла не дазволіла рэалізаваць Кейданскую унію — а мог бы быць цікавы паварот беларускай гісторыі.

Зрэшты, дзе зберагаецца Янушаў ордэн, невядома. А ў калекцыі музея знаходзіцца такі самы ордэн іншага Радзівіла — Багуслава, які пасля смерці стрыечнага брата Януша стаў галоўным правадыром шведскай партыі ў ВКЛ. Ён атрымаў ордэн за выратаванне жыцця шведскага караля Карла Х Густава ў бітве пад Варшавай. Як гэты ордэн патрапіў у Стакгольм? Да Першай сусветнай вайны ён захоўваўся ў Нясвіжы, а пазней яго прадаў шведам польскі калекцыянер Анджэй Цеханавецкі, які прыклаў шмат намаганняў для аднаўлення Нясвіжскага палаца і, відаць, дзеля гэтага і стаў уладальнікам рэліквіі.

Таксама ў збраёўні захоўваецца шмат трафеяў з Варшавы, асабліва з разрабаванага Каралеўскага замка — у тым ліку рог Жыгімонта Вазы з косткі ўпаляванага ім зубра ці дзіцячыя даспехі каралевіча Уладзіслава.

7. Музей арміі (Armemuseet)

Шведскія трафеі складаюць і вялікую частку калекцыі Музея арміі. Некаторыя з іх прывозілі на выставу ў Мірскі замак. Але туды не змаглі даставіць радзівілаўскую гармату «Мелюзіну», адлітую ў 1602 годзе ў Нясвіжы нямецкім майстрам Германам Мольцфельтам. «Мелюзіна» была перададзеная ў Біржанскі замак, адкуль яе ў 1625 годзе вывезлі шведы. З гэтага часу яна захоўваецца як трафей у Стакгольме.

Гармата зроблена ў цікавай барочнай тэхніцы rotto: усё на свеце не вечнае, і таму гармата выглядае так, як быццам перажыла стагоддзі, развалілася і перавязаная вяроўкамі. Зараз у музеі яе паставілі стойма ў кут, але па задуме аўтараў яна мусіла знаходзіцца ў гарызантальным становішчы і выклікаць алюзіі з калонай антычнага храма, якая ўпала пад цяжарам часу.

Цікавая і назва: Мелюзіна — гэта легендарная русалка з міфа пра заснаванне Люксембурга. Люксембургская дынастыя дала шмат імператараў Святой Рымскай імперыі, князямі якой былі Радзівілы. На гармаце змешчаны надпіс: «Маё імя — Мелюзіна, і кожную бітву я ўкараноўваю славай». Толькі бітваў ёй перажыць не давялося, ніводнага разу з яе па ворагах не пулялі.

8.Нацыянальны музей (Nationalmuseum)

Сарцавіна калекцыі — грунтоўны збор Рэмбранта, дзе прысутнічаюць знакавыя творы, напрыклад «Змова батаваў пад кіраўніцтвам Клаўдзія Цывіла» (манументальная карціна мусіла ўпрыгожваць будынак амстэрдамскай Ратушы) ці «Старац Сімяон і дзіцятка Ісус у храме», — смерць спыніла руку майстра пры завяршэнні гэтай працы. 

Прадказальна, што ў музеі захоўваецца выдатная калекцыя мастацтва рубяжу ХІХ—ХХ стагоддзяў, калі расквітнелі такія майстры, як Карл Ларсан (звярніце ўвагу на яго мурал над лесвіцай «Густаў Ваза ўваходзіць у Стакгольм» і скандальнае «Зімняе ахвярапрынашэнне») і Андэрс Зорн. Тут сабраная і выдатная калекцыя расійскіх праваслаўных абразоў, на адным з іх на сцэне Страшнага Суда «литва хоробрая» адпраўляецца разам з габрэямі і іншымі нявернымі ў пекла.

Карл Ларсан. Зімовае ахвярапрыношанне. Фота Wikimedia Commons

9. Музей танца (Dansmuseet)

Можа быць, трохі нечаканы выбар. Але першы ў свеце музей, прысвечаны танцу, хавае некалькі сюрпрызаў.

Заснаваў яго Ральф дэ Марэ, лідар «Шведскіх балетаў», якія канкуравалі з «Рускімі сезонамі» ў Парыжы 1920-х. Калекцыі «Шведскіх балетаў» і сталі асновай для музея, а да іх дадаліся касцюмы, маскі, лялькі, дэкарацыі, якія дэ Марэ збіраў па ўсім свеце. Ён настолькі адказна ставіўся да місіі зафіксаваць танцавальную культуру народаў свету, што мог завесці танцора пасля выступу ў кусты і зняць там з яго вопратку, бо хацеў сабраць аўтэнтычныя творы, а не вырабы турыстычнай індустрыі. 

Вялікая частка калекцыі прысвечана «Рускім сезонам» і гарадзенцу Льву Баксту, які ствараў ім дэкарацыі. У Стакгольме апынулася большая частка сцэнаграфіі і касцюмаў балета «Спячая прыгажуня», якую Сяргей Дзягілеў ставіў у Лондане ў 1921 годзе. Тады «Рускія сезоны» перажывалі цяжкі час, і брытанская сталіца, напоўненая багатымі аматарамі мастацтва, выглядала як шанец на выратаванне. Леў Бакст стварыў дэкарацыі ў барочным ключы — раскошныя касцюмы з экзатычнымі матывамі, — але яго амбітная сцэнаграфія загнала спектакль у фінансавую прорву. Публіка не ацаніла зацягнуты класічны спектакль, і Дзягілеў вымушаны быў таемна ўцякаць з Лондана, а тэатр арыштаваў усе касцюмы як фінансавую заставу. У выніку яны добра захаваліся, а калі ў 1990-я касцюмы пачалі прадавацца на аўкцыёнах, Музей танца апантана іх скупляў. Апроч таго, у калекцыю ўвайшло і шыкоўнае, багата ілюстраванае выданне, якое Бакст падрыхтаваў да прэм’еры.

10. Нобелеўскі музей (Nobelmuseet)

Нобелеўскі музей знаходзіццаў будынку старой біржы ў самым цэнтры Стакгольма. Адна з цікавостак — асабістыя рэчы нобелеўскіх лаўрэатаў. Фота Shutterstock.com, by Dimbar76

Апошні наш прыпынак — у самым цэнтры Старога горада, у будынку былой біржы, дзе зараз месцяцца Шведская акадэмія і Нобелеўскі музей.

Тут можна даведацца пра жыццё і дзейнасць Альфрэда Нобеля, які праславіўся як стваральнік дынаміту і магутнай прамысловай імперыі. Ён завяшчаў большую частку спадчыны для заснавання Нобелеўскіх прэмій — па фізіцы (якую атрымліваў і ўраджэнец Віцебска Жарэс Алфёраў), хіміі, фізіялогіі альбо медыцыне, літаратуры, а таксама за садзейнічанне ўсталяванню міру на Зямлі.

Экспазіцыя музея мусіць паказваць творчасць лаўрэатаў, але іх за час існавання прэміі назбіралася столькі, што прадстаўленыя асабістыя рэчы толькі выбраных.

На дзіва, сярод чатырох шчасліўчыкаў, якія рэпрэзентуюць літаратуру, на адной паліцы з Габрыэлем Гарсіа Маркесам — гісторыя Святланы Алексіевіч.

Яна аддала ў музей свой касетны дыктафон Panasonic, на які запісвала аповеды людзей, што перажылі трагічныя і траўматычныя падзеі. Алексіевіч любяць у Швецыі аддана, пераклады і да гэтага часу можна знайсці на цэнтральных месцах у кнігарнях, раней яна шмат часу праводзіла ў гэтай краіне.

На гэтым наша вандроўка вымушаная спыніцца, хоць хацелася б завітаць і ў іншыя славутыя мясціны. Напрыклад, у Каралеўскі палац Дротнінгхольм, «шведскі Версаль», са знакамітым барочным тэатрам. Ці першы ў свеце скансен. Альбо ў Музей мадэрну, дзе ў зборах ёсць невялікая калекцыя твораў выкладчыкаў і навучэнцаў Віцебскай мастацкай вучэльні. Я ж спадзяюся, што гэтыя радкі падштурхнуць вас бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і культурай краіны, якая мае столькі гістарычных сувязяў з Беларуссю.

Алексей Ластовский