Проект портала
Аншлюс Австрии 1938-го года: можно ли было его остановить?
19.01.2020 / 22:36

Третий рейх анексировал Австрийскую Республику в 1938-м. В результате австрийцы прошли в составе Германии самоубийственную войну и запятнали себя нацизмом, пишет Андрей Акушко.

Вуліца горада Лінц. На расцяжцы лозунг «Адзін Народ. Адна Імперыя. Адзін Правадыр». Фота Pinterest.com

У Першую сусветную вайну Аўстра-Венгрыя ўступіла як адна з найвялікшых дзяржаў Еўропы — і па тэрыторыі, і па насельніцтве. Аднак няўдалая вайна скончылася катастрофай. Тэрыторыя рэспублікі «Нямецкая Аўстрыя», што ўтварылася на руінах былой імперыі ў 1918 годзе, была ў сем з паловай разоў меншай за імперыю, а насельніцтва скарацілася амаль у дзевяць разоў. Былі разарваныя ўсе былыя эканамічныя сувязі, а краіна аказалася на мяжы рэвалюцыі і гуманітарнай катастрофы. 

Розныя палітычныя сілы бачылі будучыню Аўстрыі па-рознаму. Некаторыя хацелі інкарпарацыі ў склад Германіі — у Аўстрыі таксама гавораць па-нямецку, — але такі план праваліўся, бо вялікія дзяржавы, якія перамаглі ў вайне, забаранілі аб’яднанне. Аўстрыі давялося прыбраць з назвы слова «Нямецкая» і пайсці асобным шляхам.

Замежны крэдыт і Айчынны фронт

Не паспела Аўстрыя выйсці з пасляваеннага раздраю і прадухіліць небяспеку сацыялістычнай рэвалюцыі, як на пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя выбухнуў сусветны эканамічны крызіс. Прамысловая вытворчасць упала на 38 працэнтаў, экспарт паменшаў удвая, без працы засталася пятая частка насельніцтва, а найбуйнейшы банк быў на мяжы банкруцтва. У такіх умовах знайшоўся чалавек, гатовы ўзяць на сябе адказнасць за лёс краны, — Энгельберт Дольфус.

Энгельберт Дольфус (1892—1934) з юнацтва быў патрыётам Аўстрыі і марыў, каб у краіне не было падзелу на класы і саслоўі. У гады Першай сусветнай вайны ён служыў на італьянскім фронце і неаднойчы дэманстраваў сваю адвагу. Адзін з перавалаў на мяжы, дзе ваяваў будучы канцлер, нават назвалі «перавалам Дольфуса». Пасля вайны Дольфус быў адвакатам і ўзначальваў сялянскія арганізацыі, а ў 1930-м стаў прэзідэнтам Федэральнай чыгункі. Ён хутка рэфармаваў гэтую арганізацыю, а ў сакавіку 1931-га быў прызначаны міністрам сельскай гаспадаркі і на гэтай пасадзе працаваў таксама эфектыўна. У маі 1932 года Дольфуса абралі канцлерам — кіраўніком урада Аўстрыі. На працягу наступных двух гадоў ён адбудаваў эканоміку і пачаў будаваць дыктатуру, бо не бачыў іншага варыянту захаваць незалежнасць.

Фота Wikimedia Commons

Ягоны шлях да ўлады не быў лёгкім: урад Дольфуса меў большасць у парламенце ўсяго ў адзін голас! Аднак Дольфус умеў пераконваць людзей і ў маі 1932 года стаў федэральным канцлерам (кіраўніком урада). Новы кіраўнік знайшоў грошы: пасля доўгіх перамоў з заходнімі дзяржавамі ўдалося атрымаць вялікі крэдыт.

Умовы атрыманага крэдыту, праўда, былі вельмі жорсткімі, і нямецкая прэса, якая марыла пра далучэнне Аўстрыі, адразу ж напісала, што «Дольфус прадаў Аўстрыю французам».

Атрыманыя ад Францыі і Вялікабрытаніі грошы дазволілі стабілізаваць нацыянальную валюту і падштурхнулі эканамічнае развіццё. Але гэта не вырашыла ўнутраных палітычных праблем. Нацысты і камуністы рыхтавалі пераварот, не грэбуючы аніякімі сродкамі, у Вене нярэдка стралялі. 

І вось тут Дольфус паказаў сваю жалезную руку — у кастрычніку 1932 года ён забараніў сваім палітычным праціўнікам праводзіць шэсці і мітынгі.

Паралельна канцлер пачаў будаваць сваю палітычную сілу — сёння мы ведаем яе як Айчынны фронт, фармальна створаны 20 мая 1933 года. І яму гэта ўдалося: калі ўвосень 1932-га ва ўрада было ўсяго 40 тысяч актыўных паплечнікаў, то праз год іх было ў дзесяць разоў болей.

Новая Аўстрыя

Канцлер зрабіў стаўку на сялянства, лічачы, што заможны вясковы жыхар здолее забяспечыць Аўстрыю прадуктамі. Дэфіцыт прадуктаў пасля Першай сусветнай моцна паўплываў на мысленне палітыкаў таго пакалення, менавіта ён прывёў да масавага незадавальнення і падзення старога рэжыму і разглядаўся не толькі Дольфусам у якасці галоўнай патэнцыйнай крыніцы нестабільнасці. Адначасова, лічыў Дольфус, развіццё вёскі падштурхне прамысловасць, бо сяляне будуць купляць тавары. Акрамя таго, Дольфус распачаў шматлікія нацыянальныя інфраструктурныя праекты, у тым ліку будаўніцтва сучасных дарог і курортаў, і гэта забяспечыла яму падтрымку рабочых. Аднак калі было трэба, то кіраўнік урада не цураўся і жорсткіх метадаў. Напрыклад, калі ў сакавіку 1933-га нацысты паставілі краіну на мяжу грамадзянскай вайны, Дольфус загадаў арыштаваць іх лідараў і ўвёў абмежаванні для партыйнай прэсы. 

Менш чым за год Дольфус істотна змяніў Аўстрыю, хоць гэта было і няпроста.

Ён нават забараніў грамадзянам з’яўляцца на вуліцах у партыйнай форме, каб не падзяляць жыхароў краіны па палітычных поглядах.

Гэта выклікала жорсткую рэакцыю ў Германіі, дзе ў пачатку 1933-га да ўлады прыйшлі нацысты. Яны патрабавалі зрабіць для нацыянал-сацыялістычнай партыі выключэнне з гэтага правіла. Дольфус адмовіў Гітлеру, і тады Германія абвясціла свайму суседу эканамічны байкот, увёўшы вялізны збор для нямецкіх турыстаў, што ехалі адпачываць у Аўстрыю (больш за 4 тысячы еўра, калі перавесці на сучасныя грошы). 

Парад нацыстаў у горадзе Клагенфурт. Фота Pinterest.com

У адказ на гэта дзясяткі тысяч паплечнікаў Дольфуса ў маі прайшлі маршам па Вене, прадэманстраваўшы, што яны падтрымаюць кіраўніка ўрада ў выпадку вайны. Нацысты перайшлі да тэрору — у адказ урад забараніў іх партыю. Гэткія дзеянні канцлера сустрэлі падтрымку на міжнароднай арэне, а хутка ён зрабіў і наступны крок: 11 верасня абвясціў стварэнне Нямецкай карпаратыўнай хрысціянскай дзяржавы.

Гэтая наваствораная дзяржава павінна была аб’яднаць усіх грамадзян, незалежна ад полу, узросту і палітычных поглядаў. Культурныя федэрацыі, эканамічныя арганізацыі, атрады тэрытарыяльнай абароны — усе яны павінны былі стаць апорай канцлера. Наўзамен той абяцаў будаўніцтва краіны новага тыпу, дзе «кіруе закон Бога». Яго праціўнікі ў такі закон не верылі.

Камуністы, якіх праз Камінтэрн падтрымліваў СССР, у лютым 1934-га распачалі ў некалькіх буйных гарадах Аўстрыі паўстанне, якое было жорстка задушана. 

Кіраўнік урада канчаткова зразумеў, што ні нацысты, ні сацыялісты сябраваць з ім не стануць.

І пайшоў сваім шляхам: 1 мая 1934 года была прынята новая канстытуцыя, згодна з якой парламент «добраахвотна» распускаўся, а заканадаўчая ўлада пераходзіла да ўрада. На мітынгу ў гонар гэтага Дольфус заявіў, што «Новая Аўстрыя адбылася». Камуністы з сацыялістамі ў адказ на гэта здолелі толькі гаварыць пра ўсталяванне гэтак званага «аўстрафашызму».

Забойства дыктатара

З вышыні гісторыі ясна відаць, што галоўнай пагрозай для Аўстрыі тады была гітлераўская Германія, якая рыхтавала паглынанне паўднёвай суседкі. Супраць такога развіцця падзей былі многія: не толькі сама Аўстрыя як дзяржава, але і Францыя, і нават фашысцкая Італія, якая таксама мела ў краіне свае інтарэсы.

З іншага гістарычнага часу цяжка зразумець, што было магчыма, а што — немагчыма ў пэўны гістарычны момант. Аднак несуменна тое, што праціўнікі нацыстаў былі раз’яднаныя. Камуністы былі ў меншасці і самі неслі пагрозу свабодзе. Сацыялісты ж і лібералы былі малалікія. Многія з іх не разумелі, што рэжым Дольфуса, хай сабе і дыктатура, але ўсё ж процістаяў большаму злу — нацызму.

А нацысты пайшлі па-банку, і 25 ліпеня 1934-га адбыўся паспяховы замах на Дольфуса. Пераапранутыя ў вайсковую форму змоўшчыкі смяротна паранілі Дольфуса і заявілі яму, што паліцыя і армія патрабуюць сфармаваць новы ўрад, які далучыць Аўстрыю да Германіі. 

Канцлер-хрысціянін моцна пакутаваў ад таго, што нацысты не паклікалі да яго святара для апошняй споведзі, аднак здаваць краіну адмовіўся і памёр як герой. План змоўшчыкаў сарваўся. Не толькі дзякуючы стойкасці вернага аўстрыйца. Беніта Мусаліні, які лічыў Дольфуса сваім сябрам — яны былі і ідэалагічна блізкія, — пагражаў Гітлеру вайной, калі той увядзе свае войскі ў Аўстрыю. Аўстрыя ж з Італіяй мяжуе на поўдні. У выніку ўлада засталася ў паплечнікаў Дольфуса, а ўрад узначаліў Курт Шушніг.

Курт Шушніг (1897—1977) нарадзіўся на тэрыторыі правінцыі Трэнта, якая пасля Першай сусветнай вайны адышла да Італіі. У 1932-м яго прызначылі міністрам юстыцыі — на гэтай пасадзе ён дабіўся аднаўлення смяротнага пакарання і жорстка распраўляўся як з марксістамі, так і з нацыстамі. З ліпеня 1934-га (пасля забойства Дольфуса) займаў пасады канцлера Аўстрыі і міністра абароны. Спачатку працягваў палітыку папярэдніка, потым перайшоў да спроб залагоджвання Гітлера. Пасля аншлюсу нацысты спачатку трымалі Шушніга пад хатнім арыштам, а потым адправілі ў канцлагер. Пасля вайны ён эміграваў у ЗША, дзе выкладаў палітычныя навукі ў ВНУ. У 1967-м Курт вярнуўся на радзіму, дзе і памёр праз 10 гадоў.

Фота Wikimedia Commons

Смерць Энгельберта Дольфуса стала вялізнай праблемай для краіны. З актыўных палітыкаў толькі ў яго была дастатковая харызма, каб аб’яднаць вакол сябе самых розных людзей і пераканаць іх, што Аўстрыя можа існаваць самастойна. У Шушніга такога аўтарытэту і жалезнай волі не было. 

Да таго ж Аўстрыя страціла і саюзнікаў за мяжой.

Калі ў кастрычніку 1935-га слабая ў вайсковым плане, але поўная імперскіх амбіцый Італія напала на Эфіопію, усё пайшло не так, як планаваў дучэ. Каб не зганьбіцца, Мусаліні мусіў звярнуцца па падтрымку да Гітлера, а той узамен запатрабаваў вольныя рукі ў Аўстрыі. А ў другой палове 30-х Аўстрыю пакінулі сам-насам з Германіяй і заходнія дзяржавы.

Сіла прапаганды

Берліну было важна пазбавіць аўстрыйскі ўрад не толькі замежнай, але і ўнутранай падтрымкі. З кожным годам ён узмацняў прапаганду, разлічаную на аўстрыйцаў. Нямецкія радыёстанцыі расказвалі, што мяжа паміж дзвюма нямецкімі краінамі штучная, гэта адзін народ, прадстаўнікі якога змагаліся на адным баку ў гады вайны, а іх асобнае існаванне выгаднае толькі ворагам — Францыі і Вялікабрытаніі. Таму трэба як мага хутчэй аб’яднацца, тым больш што Гітлер падняў сваю краіну з каленяў. 

Ліквідацыі дзяржаўнасці Аўстрыі дапамагалі і тыя наіўныя аўстрыйскія палітыкі, якія верылі, што збліжэнне двух «братніх народаў» магчымае без паглынання меншай краіны моцным суседам. Нават прадстаўнікі ўрада любілі паўтараць, што аўстрыйцы — гэта «найлепшыя немцы» ці «самыя сапраўдныя немцы». Гэта размывала нацыянальную тоеснасць, з кожным годам праціўнікаў аншлюсу заставалася ўсё менш.

Эфектыўнасць нацысцкай прапаганды ўразіла нават самога Гітлера. Народжаны ў Аўстра-Венгрыі, ён уважаў аўстрыйскі патрыятызм моцнай ідэяй, з якой давядзецца лічыцца. Спачатку ён планаваў стварыць з суседкі краіну-марыянетку, але, калі пабачыў энтузіязм натоўпаў, што сустракалі нямецкія танкі, канчаткова вырашыў проста далучыць Аўстрыю да Германіі.

Аўстрыйцы спачатку пачалі лічыць сябе «самымі сапраўднымі немцамі», а пасля страцілі дзяржаўнасць. Фота Хуга Егера

«Гістарычная справядлівасць»

Лавіраваць Шушнігу ўдавалася да 1936 года. Нарэшце ён здаўся і падпісаў пагадненне, згодна з якім арыштаваныя нацысты выходзілі з вязніц і вярталіся ў палітыку. Іншы пункт падаваўся абяцальным: Аўстрыя абавязвалася падтрымліваць Германію ў замежнай палітыцы, а Германія ўзамен «гарантавала ёй» незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць. Захад маўчаў. Там спадзяваліся Нямеччыну залагодзіць. Ад Італіі да Вялікабрытаніі ў прэсе дамінаваў погляд, што далучэнне Аўстрыі да Германіі — гэта аднаўленне гістарычнай справядлівасці. 

12 лютага 1938 года Шушніг наведаў Гітлера ў яго рэзідэнцыі ў Бергхофе. Фюрар запатрабаваў прызначыць аўстрыйскага пранацысцкага палітыка Артура Зейс-Інкварта міністрам унутранай бяспекі, а іншых нацыстаў на важныя дзяржаўныя пасты. 14 лютага разгублены Шушніг выканаў патрабаванні, але ад яго патрабавалі ўжо большага. 9 сакавіка аўстрыйскі канцлер паспрабаваў выкласці апошні козыр і абвясціў, што 13 сакавіка адбудзецца рэферэндум на тэму незалежнасці. 

Гітлер, які баяўся, што нават у такой сітуацыі больш за 50 працэнтаў галасоў ён не набярэ, пайшоў па-банку: ён пагражаў вайной. Цяжка сказаць, як у такой сітуацыі дзейнічаў бы Дольфус, але ягоны наступнік быў зроблены з іншага цеста. Увечары 11 сакавіка Шушніг пагадзіўся на ўсе патрабаванні і перадаў уладу Зейсу-Інкварту. Супраць гэтага быў прэзідэнт краіны, Вільгельм Міклас, але і таго хапіла ўсяго на некалькі гадзін супраціву. У выніку незадоўга да таго, як нямецкія войскі на загад Гітлера рыхтаваліся перайсці мяжу, Зейс-Інкварт стаў канцлерам, а праз два дні незалежная Аўстрыя спыніла сваё існаванне на сем гадоў…

Бюлетэнь плебісцыту, які быў для праформы праведзены ў Аўстрыі 10 красавіка 1938 года. На ім напісана: «Ці згодныя вы з уз'яднаннем Аўстрыі з Германіяй, якое адбылося 13 сакавіка 1938 года, і ці галасуеце вы за спіс нашага фюрара Адольфа Гітлера?». Над вялікім кругам надпіс «Так», над маленькім — «Не». Ужо адной такой формы бюлетэня дастаткова, каб разумець поўную фіктыўнасць гэтага мерапрыемства. Фота Wikimedia Commons

Аншлюс прынёс рэпрэсіі: толькі за першыя шэсць тыдняў пасля анексіі краіны былі арыштаваныя да 76 тысяч грамадзян (каля 1% насельніцтва).

Далей тэрор толькі мацнеў — забівалі або арыштоўвалі многіх, ад яўрэяў да хрысціянскіх сацыялістаў.

У той жа час многія аўстрыйцы верна служылі Германіі і ваявалі супраць яе ворагаў. Аўстрыйцы складалі большасць у многіх структурах СС.

Аўстрыя заплаціла за падтрымку Гітлера дарагую цану. Сотні тысяч аўстрыйцаў загінулі на франтах і пад бамбёжкамі. А пасля вайны Аўстрыя, як і Германія, прайшла балючую працэдуру дэнацыфікацыі. Аднак ёй пашанцавала не толькі вярнуць незалежнасць, але нават не трапіць у сацыялістычны лагер. У 1955 годзе войскі заходніх саюзнікаў і СССР пакінулі Аўстрыю, якая з тых часоў з’яўляецца нейтральнай дзяржавай і не ўваходзіць у ваенныя альянсы. 

Мемарыял, пастаўлены да 50-годдзя аншлюсу ў 1988 годзе на плошчы Альбертынпляц у Вене, памяці ахвяр вайны і фашызму. Яго аўтар — Альфрэд Грдлічка. Мемарыял складаецца з некалькіх частак. Адкрывае яго «Брама ўлады» (Tor der Gewalt), на выраб якой пайшоў граніт, здабыты ў гады вайны вязнямі канцэнтрацыйнага лагера Маўтхаўзэн у каменяломні каля Лінца. Паміж дзвюма калонамі пастамента «Брамы ўлады» можна пабачыць распластаную бронзавую фігуру яўрэйскага старога, які шкрабе брук. Левая скульптурная група мемарыяла сімвалізуе ахвяраў пераследу па рэлігійных, этнічных, светапоглядных матывах. Правая частка прысвечаная ўсім ахвярам вайны. Фота Валерыі Паповай, Shutterstock.com

Ці мела Аўстрыя шанец сарваць аншлюс? Калі ўлічыць, што нацысцкая Германія здолела раздушыць мацнейшыя і большыя Чэхаславакію, Польшчу і Францыю, — мусіць, не. Але калі Аўстрыя аказала б супраціў, калі б краіна была не «ўз’яднаная», а захопленая, магчыма, не было б і Мюнхена, і Чэхаславакія павяла б сябе па-іншаму, і аўстрыйцы страцілі б менш жыццяў. Толькі гісторыя ніколі не дае шанцаў на паўтор.

Андрей Акушко