Проект портала
Западная Беларусь «Гнецца плыт дугою, прэ яго да гаку…». Тяжёлая и опасная работа нёманских плотогонов
11.04.2020 / 17:40

До конца 1960-х неотъемлемым элементом пейзажа на Нёмане и других больших реках Беларуси были плоты, связанные из брёвен. Сплавом дерева занимались профессионалы - плотогоны. Про эту древнюю, но исчезнувшую профессию пишет Андрей Вашкевич.

Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Замест стрэльбаў — бомы

Не сумняваюся, што шмат хто памятае знакамітае рэвалюцыйнае пяцірадкоўе Якуба Коласа: 

Я — мужык, а гонар маю,

Гнуся, але да пары.

Я маўчу, маўчу, трываю,

Але скора загукаю:

«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

Заклік да стрэльбаў гучыць тут неяк не асабліва натуральна, надта ўжо па-партызанску, таму я не асабліва здзівіўся, калі аднойчы дазнаўся, што ў пачатковай версіі верша замест стрэльбаў Колас заклікаў мужыкоў брацца за бомы.

Бома ж — гэта доўгая жэрдка, кол з трохі завостраным канцом, традыцыйная прылада працы плытагонаў, якая пры нагодзе магла стаць і зброяй. 

Якуб Колас вырас на Нёмане, сярод плытагонаў. Нават бацька ягоны, хоць і служыў пазней лесніком, у маладосці паспытаў гэтага хлеба. Пра гэта сам паэт згадвае ў паэме «Новая зямля», пішучы пра Міхала: «Хадзіў на сплаў ён, на віціны, // Разоў са два схадзіў у Прусы // — Куды не трапяць беларусы?». Менавіта плытагонам малады настаўнік Кастусь Міцкевіч чытаў свае першыя беларускія вершы, і менавіта яны пасля расказалі пра яго рэдактару «Нашай Нівы» Аляксандру Уласаву. 

Плыты, румы і віціны

Адным з галоўных скарбаў Панямоння заўсёды быў лес. Гэта можна смела сцвярджаць, проста нават гледзячы на старыя паштоўкі з выявамі берагоў Нёмана ў Гродне, якія заўсёды былі закладзеныя бярвеннем. Яго апрацоўвалі на тартаках (так па-беларуску называлі яшчэ лесапільні, пільніцы) і ў самім горадзе, частку грузілі на чыгуначныя платформы, але большасць сплаўлялі далей — да Балтыйскага мора. 

Спілаванае ў Налібоцкай, Белавежскай, Ліпічанскай або Гродзенскай пушчах дрэва (часцей за ўсё елка) не паспявала даплыць да мора за адзін сезон. У канцы лета бярвенне выцягвалі з вады і складалі на берагах у так званых румах (адсюль назва многіх прынёманскіх мясцовасцяў — Рум). Вясной яно, зноў звязанае ў плыты, накіроўвалася далей. 

Плыты звязвалі дротам, вяроўкамі, а яшчэ раней бярозавымі галінамі, якія называліся віці. Гледзячы па ўсім, гэтыя галіны спрадвеку выкарыстоўваліся і для будоўлі старадаўніх нёманскіх грузавых караблёў — віцінаў, адсюль і паходзіць іх назва.

Водныя дарогі

Асабліва цяжкай была дарога плытоў з Валыні. Спачатку дрэва сплаўлялася па правых прытоках Прыпяці да вусця Ясельды і там зімавала. Вясной плыты прыкладна тры тыдні ішлі ўверх па Ясельдзе і Агінскім канале да Шчары. Сплаў па Шчары ішоў таксама тры тыдні, і недзе тры, а то і пяць тыдняў — па Нёмане да Коўна. Ад Коўна да вусця Нёмана шлях займаў каля двух тыдняў.

Такім чынам, толькі на дарогу ў адзін бок ішло каля трох месяцаў па высокай вадзе ў канцы вясны і пачатку лета. 

Нёман быў шляхам для плытоў не толькі ад вусцяў Шчары, Росі ці Котры. Лес гналі па ім ужо з самай Стаўбцоўшчыны. Тут найбольш займалася гандлем дрэва адміністрацыя Радзівілаў, але з часам гэты занятак усё больш пераймалі яўрэйскія прадпрымальнікі, якія адкуплялі ў Радзівілаў права на высечку і сплаў пэўных дзялак лесу. 

Моцныя, спрытныя і абазнаныя

Каб плыт паспяхова дайшоў да Балтыкі, ім трэба было кіраваць. Гэтым і займаліся адважныя людзі — плытагоны. Праца плытагона была ў тым, каб цэлымі днямі накіроўваць плыт пры дапамозе бомы, якой трэба было адштурхоўвацца ад дна ракі і часам берага. Праца нялёгкая і небяспечная: на мокрым бярвенні лёгка было паслізнуцца. Упадзеш у ваду, а тоўстае бервяно як садане па галаве… Таму плытагону трэба было не толькі мець вялікую фізічную сілу, але таксама быць вельмі спрытным чалавекам. 

Плытагон 1930-х гадоў, ужо з калгаснай брыгады. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Патрабаваліся яшчэ і спецыяльныя веды, асабліва з тых, што тычацца фарватару Нёмана. Трэба было ведаць усе нечаканыя павароты ракі, мелі, а таксама найбольш небяспечныя яе ўчасткі, рапы — месцы, дзе рака была асабліва хуткай, а яе дно пакрывала каменне. На рапе лёгка было разваліць плыт і пакалечыцца. Такіх небяспечных месцаў хапала па ўсім Нёмане, і плытагоны іх добра ведалі. Напрыклад, каля Гродна ў раёне вёскі Пышкі былі рапы Грымячка і Рапін, аднак самыя небяспечныя знаходзіліся далей па цячэнні, на тэрыторыі сучаснай Літвы, каля Румшышак і Дваралішак. 

Трэба было таксама сачыць за тымі месцамі, дзе ў Нёман упадалі большыя ручаіны ды рэчкі. Там вада віравала і стварала небяспечныя пярэспы пяску, якія час ад часу змянялі сваё месцазнаходжанне.

Дарэчы, ад розных утварэнняў на рацэ займелі назвы і некаторыя вёскі ды мясцовасці.

Вялікі камень, які выступае з вады, або астравок з пяску ды жвіру называліся сола ці солка (адсюль назва вёскі Солы), а цячэнні, якія разыходзіліся ад такога каменя ці вострава, называліся вусы (вусікі). Мясцовасць з назвай Вусікі некалі была на беразе ракі ў гродзенскім лесапарку Пышкі. Асабліва вялікі камень, які ўзвышаўся з вады, называўся веліч, а глыбокае месца каля берага, дзе віравала вада, — адвой

Плытагоны ў пераважнай большасці былі сялянамі з наднёманскіх вёсак, але існавалі і адмысловыя яўрэйскія каманды плытагонаў «плынт-трайбераў».

Побыт плытагонаў быў просты. Жылі яны ў пабудаваных на плытах будах — шалашах з яловай кары. Тут жа на вялікіх пляскатых камянях яны гатавалі сабе ежу. Калі ж плытоў аднаго гаспадара ішло вельмі шмат, то на адным з іх стаяла збудаваная з дошак буда, дзе жыў пісар, які плаціў плытагонам грошы і забяспечваў іх прадуктамі. На стандартным плыце, як правіла, ішлі два чалавекі, якія за сплаў яго амаль ад вёскі Пясочнае на Капыльшчыне да Гродна атрымлівалі ў царскія часы 35 рублёў на дваіх. Не самая вялікая аплата за такую цяжкую і небяспечную працу. 

Плытагону цяжка было дажыць да сталага ўзросту, але сярод аднавяскоўцаў яны лічыліся бывалымі людзьмі, што пабачылі свет і ведалі, як жывуць людзі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Плытагоны на Нёмане каля вёскі Морына (Іўеўскі раён). 1950-я гады. Фота з архіваў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Плытніцкая мова

Плытнікі ўвогуле, можна сказаць, складалі асобную сацыяльную групу з-за спецыфікі сваёй працы. Мова нёманскіх рачных рабочых была насычаная спецыяльнымі словамі да такой ступені, што простаму чалавеку цяжка, а часам і немагчыма было яе зразумець. Гэта было звязана як з наяўнасцю спецыфічнай, у тым ліку і тыпова судаходнай, іншамоўнай і мясцовай лексікі, так і са змяшэннем моў, паколькі сярод плытагонаў, апрача беларусаў і яўрэяў, былі і палякі, і літоўцы, і немцы. Напрыклад, «сесці на гак» азначала «сесці на мель», разгрузіць карабель на мелі — «правесці ліхтугу» (ад нямецкага Leichtung — аблягчэнне). Мелкія месцы плытагоны і віціннікі пазначалі галінамі — «варамі», а глыбокія, зручныя для суднаходства — саламянымі вехамі, «вянкамі». Вельмі шмат было прафесіяналізмаў — канструктыўных тэрмінаў, якія абазначалі часткі плыта або карабля: апачына, барбара, шарыга, фляксоны, швэлі і іншае. 

Плыты каля Старога моста ў Гродне. Пачатак XX стагоддзя. Паштоўка з калекцыі Фелікса Варашыльскага.

Адміранне прафесіі

Плыты ішлі па Нёмане да канца 1960-х гадоў, калі яшчэ на поўную магутнасць працаваў дрэваапрацоўчы камбінат у Мастах. Вясковыя пралетарыі-плытнікі пераўтварыліся ў калгасныя брыгады, якія займаліся сплавам дрэва. Але па меры скарачэння запасаў якаснай драўніны на берагах ракі і развіцця іншых сродкаў транспарту плытагонства прыйшло ў заняпад. Цяпер пра яго засталася толькі памяць.

Андрей Вашкевич