Праект партала
СССР Як сталінскія цэнзары рэтушавалі здымак з Купалам
13.05.2020 / 11:01

Пасля арышту чалавека выразалі з сумесных фота, расказвае Павел Каралёў, вядучы навуковы супрацоўнік музея Янкі Купалы.

Фота, зробленае ў лістападзе 1926-га падчас Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. З архіваў музея Янкі Купалы.

У музеі Янкі Купалы ёсць незвычайнае фота, зробленае ў лістападзе 1926-га падчас Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. На здымку Янка Купала з сябрам, народным паэтам і будучым міністрам адукацыі Латвіі Янам Райнісам, які прыехаў у Мінск на канферэнцыю. Побач з аксакаламі — маладыя беларускія пісьменнікі. Адзін з іх, Кандрат Крапіва, успамінаў:

«Нам, маладым узвышаўцам, вельмі хацелася сустрэцца з шаноўным госцем і сфатаграфавацца разам з двума вялікімі паэтамі. Далікатную місію — дагаварыцца аб гэтым з Янкам Купалам — узяў на сябе, наколькі я помню, Уладзімір Дубоўка. Іван Дамінікавіч дамовіўся з Райнісам, і мы сустрэліся, разам сфатаграфаваліся».

Хто на здымку? Спрэс зоркі. У першым радзе сядзяць (злева — направа): Змітрок Бядуля, Ян Райніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва. У другім радзе стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны. Маладыя пісьменнікі яшчэ жывуць сваімі марамі і планамі:

«Адбылася сардэчная гутарка, у часе якой Іван Дамінікавіч прадставіў нас госцю, сказаўшы пра кожнага некалькі цёплых слоў, а мы падарылі Райнісу яшчэ першыя, тоненькія кніжыцы сваіх твораў».

Праз некалькі гадоў палова герояў фота будзе арыштавана, на допыты пачнуць выклікаць і Янку Купалу. Друкаваць здымак у першапачатковым выглядзе савецкая цэнзура ўжо не дазволіць. Але і адмовіцца ад яго нельга: фота так ярка ілюструе латышска-беларускае сяброўства! Так у фотаздымка з’явілася другая рэдакцыя.

Адрэтушаванае фота, ужо без Адама Бабарэкі.

Другое фота блізкае да арыгінала, толькі няма на ім Адама Бабарэкі. Гэтага эрудзіраванага і тонкага літаратуразнаўцу арыштавалі ў ліпені 1930-га, дамоў ён ужо не вярнуўся. Бабарэка, дарэчы, адзін з нямногіх, хто не прызнаў сваю віну, нягледзячы на жорсткую машыну гвалту. Памёр Бабарэка ў 1938-м у бальніцы Паўночнага чыгуначнага лагера НКУС, што знаходзіўся ў Комі АССР у пасёлку Княж-Пагост. Рэабілітавалі яго ў 1957 годзе. І хоць альбом «Янка Купала. Жыццё і творчасць», дзе змешчана змененае фота, выйшаў праз два гады пасля рэабілітацыі Бабарэкі, яго выява там адсутнічае. Відавочна, пра рэабілітацыю складальнікі не ведалі. Ці, ведаючы, не парупіліся вярнуць як было. А каб на здымку не ўтварылася падазронай плямы, на месца Бабарэкі пераставілі Язэпа Пушчу.

Адам Бабарэка падчас зняволення.

Але на гэтым справа не скончылася. Існуе трэцяя версія здымка з архіва паэта Сяргея Панізніка. Тут арыгінальную фатаграфію грунтоўна перакроілі. Бо рэпрэсаваныя ўжо тры чалавекі з дзевяці: Адам Бабарэка, Язэп Пушча, Уладзімір Дубоўка. Каб схаваць белыя плямы, рэтушорам прыйшлося шмат папрацаваць. Выразалі і перамяшчалі постаці Пятра Глебкі, Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага. На сваіх месцах засталіся толькі Змітрок Бядуля, Ян Райніс і Янка Купала. Гэтае змененае фота, імаверна, рыхтавалася да друку ў страшныя 1930-я.

Фота без Бабарэкі, Дубоўкі і Пушчы.

Якія ж лёсы тых, каго прыбралі? Язэп Плашчынскі працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры на агульнаадукацыйных курсах у Мінску. Пры гэтым вучні нават не ведалі, што гэта і ёсць вядомы пісьменнік Язэп Пушча. «Ён гаварыў так мілагучна, мякка, прыгожа, што кожны з нас мог адчуць усё хараство беларускай мовы», — узгадвалі вучні. Арыштаваны Язэп Пушча быў, як і многія іншыя, у ліпені 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» быў прыгавораны да 5 гадоў турмы. На волі засталіся двое ягоных дзяцей і жонка. Тэрмін адбываў у Чэбаксарах, Шадрынску. У 1956-м рэабілітаваны, праз два гады вярнуўся ў Беларусь. Памёр у 1964-м, пахаваны на радзіме ў Каралішчавічах пад Мінскам.

Язэп Пушча ў турме.

Язэп Плашчынскі — аўтар смелага верша пра смерць Сталіна:

Нязвыклы дзень: тыран сканаў…

Вартуй жа, смерць, усю ноч і рань,

Каб больш не ўстала яго здань.

Падобны лёс напаткаў і Уладзіміра Дубоўку. Арыштаванаму, як і астатнія, у 1930 годзе, яму прыйшлося зведаць 27 гaдoў высылкі, aбcaлютнaй твopчaй iзaляцыi. Пacля pэaбiлiтaцыi ў канцы 1950-х паэт пacялiўcя ў Мacквe, пры гэтым чacтa пpыязджaў нa рaдзiмy. Творы яго зноў пачалі выходзіць: у 1959-м, праз два гады пасля афіцыйнай рэабілітацыі, выйшаў першы том «Выбраных твораў». Але канчаткова адчуў сябе рэабілітаваным Дубоўка толькі тады, калі ў 1962 годзе атрымаў літаратурную прэмію імя Янкі Купалы.

 Арыгінал першага фотаздымка з Янам Райнісам захаваўся якраз у Дубоўкі. Пасля вызвалення ён перадаў фота ўдаве Янкі Купалы Уладзіславе Францаўне. Пасля смерці цёці Уладзі здымак патрапіў у фонды музея. 

Павел Каралёў