Праект партала
Нацыянальная геаграфія Калоднае, літвінскі астравок
30.04.2020 / 23:01

Радня Аржахоўскіх кожны год збіраецца ў роднай вёсцы. Фота з архіва Ірыны Рубан.

У 1983 годзе мы, каладэнцы, пайшлі ў суседнія Фядоры ў 9-ы клас, бо ў Калодным была толькі васьмігодка. І тады аказалася, што мы не заўсёды разумеем сваіх аднакласнікаў. А калі і разумеем, то іх мова для нас усё роўна смешная. Федарцы і нячатаўцы казалі «вітэ», «пійдытэ», «пэрэтопчэсса», «сказаты», «лягаты». Гэта кардынальна адрознівалася ад нашай каладэнскай гаворкі, у якой мы дзекалі і цекалі, казалі «вы», «пойдзеце», «ператопчашся», «сказаць», «класціся» — як нас абавязвала паходжанне… 

Пра незвычайную гісторыю перасялення сялян з-пад Наваградка ў маёнтак Скірмунтаў, канфіскаваны пасля паўстання 1863 года, распавядае ўраджэнка Калоднага, настаўніца Ірына Рубан.

Панскае месца

Калоднае, цяпер сяло на захадзе Столінскага раёна, упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1507 годзе як маёнтак, які трапіў у рукі Скірмунтаў — шляхецкага роду пінскай прапіскі.

Яшчэ ў першай палове ХІХ стагоддзя гэта быў востраў сярод балот: панская сядзіба з гаспадарчымі пабудовамі стаяла на ўзвышшы, а вясной усё наваколле залівала. У вялікія паводкі дабіралася вада і да самога маёнтка, таму пры Аляксандру Скірмунце, які пачаў гаспадарыць у 1820 годзе, прыгонныя сяляне насыпалі вакол сядзібы земляны вал. Для рэгулявання ўзроўню вады зрабілі драўляную запруду, дзякуючы якой працаваў вадзяны млын. Часам, калі не было вады, млын працаваў з дапамогай ветру.

Аляксандр Скірмунт памёр у 1847-м, а яго жонка Гартэнзія (дарэчы, сястра мастака Напалеона Орды) працягвала жыць у Калодным да 1860 года, а пасля прадала яго шляхціцу Восіпу Глябовічу.

Глябовіч атрымаў у рукі моцную гаспадарку, але як след пусціць карані ў палескія балоты не паспеў. Ён падтрымаў паўстанне 1863 года, за што яго неўзабаве выслалі ў Сібір. Дзяржава падарыла маёнтак барону Мікалаю Гартынгу, але доўга Калоднае не затрымалася і ў яго. Дзясятак год «паматросіўшы», прышлы гаспадар падаў у газету аб’яўку аб продажы маёнтка. 

Гелена (Алена) Скірмунт (1827—1874) — самая знакамітая жанчына з Калоднага, дачка Аляксандра і Гартэнзіі Скірмунтаў. На фота: мемарыяльная дошка ў гонар Гелены.

Зямельнае таварыства

Валасны пісар Якаў Сазановіч ведаў, што сялянам на Наваградчыне востра не хапае зямлі. Прачытаўшы аб’яўку Гартынга, ён аб’ехаў мястэчкі Шчорсы і Карэлічы, вёскі Харошыя і Жукаў Наваградскага павета і знайшоў сялян, згодных перасяліцца. 

Іх дэлегацыя наведала Калоднае, агледзела маёнтак, зямлю. Трошкі глебы ўзялі з сабой. Дома, на Наваградчыне, яе доўга разглядалі, мялі ў руках, паспрабавалі нават на язык. Глеба была цёмнай, гаркаватай і зярністай, як належала быць добрай зямлі. 

Так і адважыліся накіроўваць хадакоў у Мінск для афармлення дакументаў на пазыку.

Па ўмовах угоды сяляне куплялі ўсю зямлю, якая належала маёнтку. Для гэтага яе падзялілі на ўчасткі па 60 дзесяцін, за кожны ўчастак трэба было даць задатак 10 рублёў. Рэшта, 37 800 рублёў, пазычалася дзяржавай наваградскім сялянам на 20 год. Бяднейшыя не маглі ўнесці задатак за ўвесь участак, таму скідваліся ўдвох, а афармлялі дакументы на аднаго.

Восенню 1888 года ў Калоднае прыехалі першыя перасяленцы, 170 мужчын і 175 жанчын. Вясной 1889 года прыехала яшчэ 336 чалавек. Кожны меў 1 га ворыва плюс магчымасць карыстацца сервітутамі — лугамі і лясамі ў грамадскім валоданні. 

Валасны пісар Якаў Сазановіч, якога каладэнцы лічаць заснавальнікам вёскі, з жонкай Ганнай. Здымак вельмі стары, таму невыразны. З архіва нашчадкаў Якава.

Прадалі лес Айзіку і Мееру

Першыя два гады ўсе 92 сям’і жылі ў былой панскай сядзібе. Абжывацца было нялёгка, хоць на перыяд пазыкі дзяржава вызваліла каладэнцаў ад падаткаў.

У першы год быў неўраджай, зімавалі голадна. Прыходзілася нават парыць мякіну, варыць кару, а ў хлеб дадавалі бульбу. Калі пачалі паміраць дзеці (а іх памерла за той першы год 16), сярод перасяленцаў пачалася паніка. Некаторыя збеглі ў Сібір. Адна сям’я вярнулася назад у Наваградскі павет. Але тым, хто купіў гэтую зямлю за апошнія грошы, не было куды і не было з чым ехаць. Ды і невядома было, што чакае іх у Сібіры. Таму большасць перасяленцаў засталася.

І праўда, пазней стала лягчэй. Ужо праз два гады сем’і паперабіраліся ва ўласныя хаты. Так з’явіліся ў вёсцы вуліцы Ломінка, Маняво, Мілушаво, Схэды — назвы, якія, хутчэй за ўсё, наваградскія людзі прывезлі з сабой з радзімы.

Самым важным пытаннем была пазыка. Каб зарабіць грошы і разлічыцца з банкам, каладэнцы прадавалі драўніну. Мужыкі па чарзе ездзілі ў лес, секлі дрэвы, а вечарам здавалі выручаныя ад продажу дрэва грошы касіру Каладнянскага таварыства, ад імя якога яны афармлялі ўсе дакументы. Сумленнасць была выключная. У вёсцы дагэтуль расказваюць такую гісторыю: «Шасцель Павел прадаў лес, а вечарам здаў грошы касіру. І вось уначы нехта пастукаў касіру ў акно. Аказалася, што Павел знайшоў у сябе 20 капеек недаздадзеных грамадскіх грошай і вырашыў неадкладна здаць іх у касу».

Каладэнская моладзь у 1930-я. З архіва сям'і Ірыны Рубан.

Самастойны продаж лесу — марудная справа, таму вырашылі прадаць лес на карані. Знайшліся купцы, Айзік Шмуц і Меер Гольдзін, што пагадзіліся пагасіць пазыку сялян у абмен на права поўнага высякання лесу маёнтка Калоднае.

Прадаць гэты лес можна было б і даражэй. Але здзелка давала магчымасць расчышчаць ад лесу штогод каля 100 дзесяцін зямлі, а сяляне вызваляліся ад неабходнасці траціць час на высечку і маглі спакойна касіць і сеяць.

Так каладэнцы развіталіся і з доўгам, і з лесам.

«Лепей за апошняга каладэнца, чым за першага пінчука»

Між сабой каладэнцы жылі дружна — мо таму што разам апынуліся ў чужым краі. А ў выніку змаглі не толькі выжыць, але і зажыць заможна па палескіх мерках.

Вось толькі з суседзямі-палешукамі (іх называлі «пінчукамі») адносіны не складваліся. Каладэнцы значна адрозніваліся ад пінчукоў мовай, звычаямі, абрадамі, вопраткай.

Ды і пінчукі зайздросцілі каладэнцам, якія на нядаўна абжытых землях мелі сады, агароды, чаго першыя тады яшчэ не ведалі. Спалі каладэнцы на ложках, а пінчукі — на шырокіх палацях, адных на ўсю сям’ю. Дый падлога была ў каладэнцаў драўляная, а ў пінчуцкіх хатах — ток, то-бок падлога з утаптанай зямлі ці гліны.

Брат і сястра Валянціла і Мікалай Мазалы. Валянціна была жонкай Юрка Сазановіча, унука заснавальніка вёскі Якава Сазановіча. А Мікалая раскулачылі ў 1951 годзе і адправілі ў паўднёвы Казахстан. Пасля рэабілітацыі ён вярнуўся і жыў у Пінску. Звярніце ўвагу на кашулю Мікалая. На Палессі так не вышывалі. 

З гэтых адрозненняў неяк само сабой павялося: каладэнцы браліся шлюбам са сваімі альбо прывозілі жонак з Наваградчыны, бо жаніцца з дзяўчынай з суседняй вёскі ці выйсці замуж у суседнюю вёску лічылася непрэстыжным. Нават прымаўка была: «Лепей выйсці замуж за апошняга каладэнца, чым за першага пінчука».

Адносіны з суседзямі пачалі складвацца на лепшае ўжо толькі пасля Другой сусветнай вайны. Магчыма, гэтаму паспрыяла тое, што каладэнцы былі ў бежанцах у суседніх вёсках, калі паўз іх сяло ішоў фронт. Мая маці ў 1967 годзе таксама выйшла замуж за хлопца з вёскі Семігосцічы Столінскага раёна. Бацька хутка прывык да каладэнскіх звычаяў і нават вывучыў каладэнскую гаворку.

Млын 1936 года. У свой час ён быў сапраўдным цудам тэхнікі. Фота Ірыны Рубан.

Неўзабаве пасля заснавання вёскі каладэнцы пабудавалі невялікую царкву. Яе, можа, і не было б, каб не зладзеі. Пакуль Гольдзін са Шмуцам высякалі пад корань мясцовы лес, знайшлася сям’я, што пакрысе цягнула дрэва сабе ў двор. Купцы не сцярпелі і паскардзіліся ў таварыства. Таварыства скаргу разгледзела і вырашыла канфіскаваць скрадзены лес. Толькі не вяртаць яго Шмуцу, а пабудаваць царкву, якая ў 1896 годзе адчыніла свае дзверы.

Так пачыналася вёска Калоднае. Цяпер яна, як і многія, ціха ўздыхае, што людзей становіцца менш і маладыя не застаюцца, але гэта ўжо іншая гісторыя. 

Ірына Рубан