Проект портала
«Могила отцов»: как Кыргызстан собрал в одном месте память о национальных трагедиях целого столетия
22.05.2020 / 19:37

Всё начиналось с заброшенного кирпичного завода, где НКВД в 1937 году похоронил расстрелянных представителей национальной элиты. Пишет журналист Григорий Пырлик.

Надпіс на магіле Чынгіза Айтматава. Фота Грыгорыя Пырліка.

«Бацька, я не магу паставіць табе помнік. І нават не ведаю, дзе ты пахаваны» 

Так пачынаецца прысвячэнне да ўпершыню выдадзенай у 1963 годзе аповесці Чынгіза Айтматава «Матчына поле». Айтматаў — самы вядомы кыргызскі пісьменнік, чытачам з постсавецкай прасторы яго прозвішча добра знаёмае. А слова «манкурт», ужытае пісьменнікам у рамане «Буранны паўстанак» («І вякуе дзень даўжэй за век») для азначэння чалавека, які начыста забыўся пра свае карані, трывала ўвайшло ў мовы многіх народаў.

Бацька Чынгіза Айтматава, Тарэкул Айтматаў, зрабіў у 1920—1930-я гады паспяховую партыйную кар’еру на радзіме, а ў 1935-м быў накіраваны на вучобу ў Маскву. У жніўні 1937 года ён правёў сваю сям’ю да маскоўскага Казанскага вакзала, і гэта была іх апошняя сустрэча. 

У сваёй кнізе «Белыя старонкі гісторыі» сястра Чынгіза, Роза Айтматава, цытуе ўспаміны старэйшага брата, якому тады было 8 гадоў:

«Я адразу пры ўваходзе ў купэ заняў месца на верхняй паліцы. Не ведаю чаму, але я ведаў, што больш мы не сустрэнемся з бацькам, што я ў апошні раз бачу яго, бачу, як, натыкаючыся на людзей, ён бяжыць у белай касаваротцы па пероне следам за цягніком, які забірае назаўсёды яго дзяцей і жонку. Схаваўшыся ў падушку, я горка плакаў, адчуваючы ў грудзях застылы камяк, які, здавалася, ніколі ўжо не растане».

У лістападзе 1937-га Тарэкул Айтматаў быў арыштаваны ў Маскве і адпраўлены ў Фрунзэ — так тады зваўся Бішкек, сталіца Кыргызстана. Яго, як і многіх іншых у тыя часы, стандартна абвінавацілі ў прыналежнасці да «контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі», якая «паставіла сабе за мэту адарванне Кіргізіі ад Савецкага Саюза і стварэнне самастойнай буржуазна-нацыяналістычнай дзяржавы праз узброенае паўстанне».

«Суддзям спатрэбілася ўсяго 20 хвілін, каб асудзіць «ворага народа» да расстрэлу. Да канца сутак заставалася яшчэ 35 хвілін. Гэтага цалкам хапіла для выканання прысуду. У архіўных матэрыялах ёсць даведка пра тое, што «прысуд адносна расстрэлу Айтматава Тарэкула выкананы ў горадзе Фрунзэ 5 лістапада 1938 года»»,

— піша Роза Айтматава.

Магіла Айтматава. Фота Грыгорыя Пырліка.

Усяго з 5 па 8 лістапада 1937 года да найвышэйшай меры пакарання па гэтай справе былі асуджаныя 137 чалавек. А пахаваць усіх расстраляных чэкісты вырашылі на тэрыторыі закінутай цагельні каля дачы НКВД непадалёк ад Фрунзэ.

Сямейная таямніца

Вартаўніком на дачы тады працаваў Абыкан Кыдыраліеў. Ён жыў са сваёй сям’ёй у невялікім дамку на яе тэрыторыі. У пачатку лістапада кіраўніцтва загадала Абыкану вывезці адсюль сям’ю, а самому наведвацца на дачу толькі час ад часу. Калі ж сям’і дазволілі вярнуцца, то дачка ахоўніка заўважыла, што на месцы цагельні вырас земляны пагорак. Бацька сям’і нічога не патлумачыў.

Роза Айтматава пісала:

«Начамі каля пагорка збіраліся сабакі і вылі, а ў месяцовыя ночы з’яўлялася яркае свячэнне (трупны газ пад уздзеяннем месяцовага святла люмінаваў). У такія моманты Абыкан, хаваючыся ад чужых вачэй, падкрадаўся да пагорка і чытаў там малітву. Дадому ён прыходзіў з цяжкім настроем, заплаканы. Сям’я заўважыла, што апошнім часам у яго моцна змяніўся характар. Абыкан стаў задуменным, раздражнёным і няветлівым».

Дачу НКВД неўзабаве перадалі спартсменам. Так побач з Фрунзэ з’явілася гарналыжная база Чон-Таш. 

А ў 1973 годзе, незадоўга да смерці, Абыкан Кыдыраліеў наважыўся расказаць пра таямніцу былой цагельні сваёй дачцэ Бубуры. Ён сказаў, што там ляжаць ахвяры рэпрэсій і папрасіў паведаміць пра тое сваякам загінулых. І калі часы памяняліся, Бубура Кыдыраліева выканала запавет бацькі. 

Стварэнне мемарыяла

На месцы пахавання правялі раскопкі, якімі кіраваў супрацоўнік мясцовага КДБ Балот Абдрахманаў. Ён апісваў выяўленае ў сваёй справаздачы:

«Камера для абпальвання ў цагельні была зроблена ў выглядзе ямы памерам 3,5 х 3,5 х 3,5 метра. У гэтую яму былі бязладна кінутыя целы кіраўнікоў дзяржавы, сакратароў абкамаў, народных камісараў, а таксама звычайных рабочых і сялян. Нягледзячы на бязладнасць, відаць, што на самым дне быў пласт з целаў дзесяці-пятнаццаці чалавек. Гэты пласт быў прысыпаны зямлёй, потым кінулі наступны пласт целаў загінулых…». 

Роза Айтматава піша, што з 5 па 8 лістапада 1938 года смяротныя прысуды ў Фрунзэ вынеслі 137 чалавекам. Аднак у брацкай магіле аказалася 138 чэрапаў. Асобу 138-га чалавека не высветлілі. Вядома, што гэта была 49-гадовая жанчына. Існуе версія, што яна стала выпадковай сведкай таго, што рабілася.

Сярод пахаваных у камеры для абпальвання цэглы знайшлі і цела Тарэкула Айтматава: у яго нагруднай кішэні збераглася копія абвінаваўчага заключэння. Так пісьменнік Чынгіз Айтматаў атрымаў адказ на пытанне, пастаўленае за некалькі дзесяцігоддзяў да таго ў прысвячэнні да «Матчынага поля». 

Музей памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсій на мемарыяле «Ата-Беіт». Фота Грыгорыя Пырліка.

Расстраляных урачыста пахавалі ў асобных саркафагах тут жа сама, на Чон-Ташы. Так з’явіўся мемарыял, які па прапанове Чынгіза Айтматава назвалі «Ата-Беіт» («Магіла бацькоў»). Цяпер у доме побач з ім знаходзіцца музей. Тут ёсць падрабязныя біяграфіі расстраляных, фотаздымкі і копіі газетных публікацый розных часоў. 

Месца нацыянальнай памяці

Магілы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій сталі першымі, але не апошнімі на «Ата-Беіт». Ужо ў ХХІ стагоддзі мемарыял стаў месцам памяці не толькі пра тэрор 1930-х, але і пра іншыя трагічныя для нацыі падзеі.

10 чэрвеня 2008 года ў клініцы нямецкага горада Нюрнберг, не дажыўшы паўгода да свайго 80-годдзя, памёр Чынгіз Айтматаў. Ён пакінуў запавет, каб яго пахавалі на «Ата-Беіт». І ягоная апошняя воля была выканана. У 2013 годзе тут быў адкрыты помнік пісьменніку. На белай мармуровай сцяне быў змешчаны барэльеф Айтматава, а збоку — цытата:

«Цяжэй за ўсё для чалавека — штодня быць чалавекам». 

Ужо праз няпоўныя два гады, у красавіку 2010 года, у Кыргызстане пачаліся народныя хваляванні. Падчас штурму адміністрацыі прэзідэнта Курманбека Бакіева 7 красавіка снайперы, якія сядзелі на даху будынка, застрэлілі каля 80 чалавек. Пратэстоўцаў гэта не спыніла, рэвалюцыя перамагла. І новая ўлада прапанавала пахаваць загінулых на «Ата-Беіт». Праўда, многія сваякі забралі целы для пахавання на радавых могілках, але ў мемарыяле ўсё ж знайшлі спачын 16 удзельнікаў рэвалюцыі. На іхніх магілах — аднолькавыя чорныя надгробкі.

Помнік паўстанню 1916 года. Фота Грыгорыя Пырліка.

А ў верасні 2016 года на «Ата-Беіт» з’явіўся яшчэ адзін помнік — у памяць пра народнае паўстанне стагадовай даўніны. Тады, у чэрвені 1916 года, падпарадкаваныя Расійскай імперыяй народы Цэнтральнай Азіі пачалі ўзброены супраціў у адказ на планы ўладаў мабілізаваць мясцовае насельніцтва на прымусовыя тылавыя работы — якраз ішла Першая сусветная вайна. Расійская адміністрацыя жорстка задушыла гэтае выступленне. Многія загінулі, а ад 100 да 250 тысяч чалавек, якія баяліся далейшых рэпрэсій, уцяклі ў Кітай. Гэтая падзея атрымала назву «Уркун» («Сыход»). 

Памяць пра ахвяраў паўстання і іх пераход цераз горы ў мемарыяле сімвалізуюць конскія страмёны, якія цягнуцца да неба. А вянчае кампазіцыю тундук — нацыянальны сімвал Кыргызстана: скрыжаваныя жардзіны ў гістарычным жытле кыргызскіх качэўнікаў, юрце.

Такім чынам, мемарыял «Ата-Беіт» сабраў у адным месцы памяць пра трагедыі Кыргызстана за цэлыя 100 гадоў.

Григорий Пырлик