Праект партала
Гаспадарка «Лілейнік — палоскай абапал агароджы. Півоні ад дарогі. І залатыя шары каля бурштынава-шэрай хаты…» Беларускі кветнік
12.07.2020 / 17:30

Пра мілыя вобразы роднага краю піша Марына Яўсейчык.

Ружа каля сядзібы Адама Міцкевіча ў Завоссі. Shutterstock.com, by Leszczem.

Як выглядаюць кветнікі ў розных абласцях Беларусі? У пошуках адказу на гэтае пытанне супрацоўнікі Цэнтральнага батанічнага саду 20 гадоў таму пачалі экспедыцыю па Беларусі. Вандроўкі працягваліся дзесяцігоддзе, зафіксавалі 120 відаў дэкаратыўных травяністых раслін і 3 віды старажытных ружаў.

Па выніках выйшла кніга «Дэкаратыўныя травяністыя расліны культурнай флоры Беларусі». Таксама ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі была створана адмысловая экспазіцыя «Беларускі кветнік», дзе растуць 25 відаў і сартоў тыповых для нас раслін з прыгожымі кветкамі. Іх насенне збіралі па ўсёй Беларусі. 

І старажытныя ружы

Даследчыкі выявілі, што ў вясковых кветніках найчасцей сустракаюцца сарты астры новабельгійскай (Aster novi-belgii), шпарагус (Asparagus officinalis), белы рамонак (Chrysanthemum maximum), іскаркі турэцкія (Dianthus barbatus), дзіцэнтра цудоўная (Dicentra spectabilis), старадаўнія сарты касачоў германскіх (Iris x hybrida), лілейнік бура-жоўты (Hemerocallis fulva), лілеі галандская і тыгравая (Lilium hollandicum, Lilium tigrinum), ліхніс халцэдонскі (Lihnis chalcedonica), сарты півоняў малочнакветкавых (Paeonia lactiflora) і лекавых (Paeonia officinalis), флёкс мяцёлчаты (Phlox paniculata), рудбекія залаты шар (Rudbeckia laciniata «Goldball»), аксаміткі (сарты відаў Tagetes), календула лекавая (Calendula officinalis), вяргіні, шыпшына, бэз і старажытныя ружы з чырвонымі, белымі і ружовымі кветкамі. Пералічаныя расліны і складаюць аснову беларускага кветніка. 

Сапраўднай знаходкай сталі старадаўнія сарты флёкса мяцёлчатага белага, светла-бэзавага і малінавага колераў. У калекцыі Цэнтральнага батанічнага саду ён з’явіўся толькі ў 2007 годзе і цяпер захоўваецца як гістарычны экспанат, які можа стварыць генафонд сучасных сартоў.

Флёксы і сонечнік. Фота Наталлі Лунінай.

Мода на касмею

На кветкі існуе мода, яна мяняецца. Старэйшыя людзі памятаюць, як у 1930—1950-я былі модныя касмея і рудбекія «залатыя шары». З 60-х сталі папулярнымі гладыёлусы і цюльпаны. У 80-я пачалі вырошчваць шматгадовыя расліны на камяністых горках. А ў апошняе дзесяцігоддзе аддаюць перавагу новым сартам лілей, касачоў і лілейнікаў. 

У Гродзенскай вобласці часцей, чым у іншых абласцях краіны, вырошчваюць лазавіцу кропкавую (вербазелле, Lusimachia punctate).

У кветніках Магілёва — старадаўні лілейнік бура-жоўты (Hemerocallis fulva). Ён глядзіцца ўзрушальна на фоне хвойных раслін і разам з адналетнікамі. Лілейнікі непатрабавальныя, іх кусты доўга захоўваюць дэкаратыўнасць, іх можна не перасаджваць хоць 20 гадоў.

Залатыя шары ў Кобрынскім раёне. Фота Наталлі Лунінай.

А адну з самых старадаўніх раслін беларускіх кветнікаў, ліхніс халцэдонскі, традыцыйна масава вырошчваюць у Слоніме. Вы, можа быць, ведаеце ліхніс пад народнымі назвамі «зоркі», ці «светнік», ці «панская фанабэрыя».

У вясковых кветніках пераважаюць старадаўнія віды дэкаратыўных раслін. Гэта паказалі даследаванні ў Віцебскай вобласці. У Глыбокім, Мёрах, Бешанковічах часцей вырошчваюць мыльнянку (Saponaria officinalis L.), а з аднагодкаў — аксаміткі, календулу, настурку (Tropaeolum majus L.), іберыс аднагадовы (Iberis amara), касмею (Cosmos bipinnatus L.), петуніі (Petunia x hubrida hort.).

Кожнай кветцы — сваё месца

Звычайна ў беларускіх кветніках каля рагоў дома высаджвалі шпарагус. Пад вокнамі чаргавалі кусты півоняў, лілейнікаў, флёксаў, лілей, ліхніса халцэдонскага і касачоў. З’явілася традыцыя высаджваць лілейнікі ў адзін шэраг, часта — абапал плота. Каля плота вырошчвалі і календулу, аксаміткі, рудбекію, вяргіні, мальвы. 

Такія кампазіцыі захоўваюцца і цяпер. Толькі побач са старажытнымі кветкамі бабуль можна ўбачыць новыя віды раслін з суседніх еўрапейскіх краін: ампельныя петуніі, розныя сарты лілей, асцільбы, стракаталістую снітку, багаткі, клемацісы і гартэнзіі. 

Лілейнік старажытны ў Зэльве. Фота Наталлі Лунінай.

Цыганы, гармонікі, полякі… 

Многім замежным кветкам беларусы далі, акрамя арыгінальных, свае ўласныя назвы.

Дзіцэнтру называюць завушніцамі, разбітым сэрцам, гарачым сэрцам.

Рудбекію «залаты шар» — зімовымі вяргінямі, дзікімі вяргінямі, вячэрнікам, буснёвымі лапкамі.

Шпарагус — ёлачкай або хвойкай, шпарагай ці шпарагусам, а яшчэ месцамі — салерай.

Касачы — петушкамі, матылямі і гармонікам.

Прымулу — ключыкамі, баранчыкамі, першынцамі ды вяснянкай.

Флёксы — вячорнікамі, вечарынкамі і паненскім вечарам, цыганамі і плёксамі.

Календулу — кракосамі, пуцікамі, нагаткамі і нюхцікамі, міхтыкамі.

Аксаміткі — гваздзікамі і туркамі, кулакамі, жыдзікамі і шапачкамі.

Наталля Міхайлаўна Луніна, супрацоўніца Цэнтральнага батанічнага саду, працягвае збіраць інфармацыю пра беларускія кветнікі і просіць дапамагчы ёй у гэтай справе. Дасылайце якасныя фотаздымкі раслін вашых кветнікаў, школьных і гарадскіх клумбаў на электронны адрас [email protected] Напішыце таксама, дзе і калі быў зроблены здымак, як называюцца сфатаграфаваныя кветкі ў вашай мясцовасці. Фота Наталлі Лунінай.

Ліхніс называюць гаштай, зоркамі, светнікам і чырвоным клёксам.

Гіпсафілу мяцёлчатую — сняжком, нявестай, багатай нявестай.

Лілею Тунберга і тыгровую называюць пачканосамі, смаліносамі і мазуцікам. Бо, калі іх панюхаеш, на носе ці на адзежы застаецца пылок. За падабенства лілеі з птушынай дзюбай кветку называюць дзюбамі. Ёсць яшчэ назвы «царскія кучары» або «царская карона» — за загнутыя ўверх пялёсткі. А на Гродзеншчыне сустракаецца назва «ласка святога Антонія».

Амерыканскую касмею называюць амерыканкай, матылькамі, зорачкай, цыганачкай, паннай лагадай без пасаду, капернікамі, полякамі, паненачкай і арлінымі вачыма.

Астра новабельгійская, якая цвіце позняй восенню, атрымала мясцовыя назвы «бабіна лета», «марозка», «зім-зялён» і «асеннікі».

Цяжка паверыць, што флёксы і «бабіна лета» — расліны амерыканскія, да нас іх завезлі толькі ў ХХ стагоддзі. Літаральна за стагоддзе экзоты сталі звычайнымі раслінамі. 

Марына Яўсейчык