Проект портала
ВКЛ Многоходовочка Гедымина
27.12.2020 / 15:39

Великий князь литовский Гедымин так и не принял христианства. При этом ему удалось вдвое увеличить государство за счёт христианских земель и успешно им управлять. Этого невозможно было бы добиться только военной силой, без тонкой дипломатии. Об одной внешнеполитической спецоперации великого князя пишет историк Александр Зимницкий.

Помнік Гедыміну ў Лідзе. Shutterstock.com, by Pavelppl.

Што нам вядома пра Гедыміна?

Гедымін нарадзіўся каля 1275 года ў Аўкштайціі. Пра яго дзяцінства і паходжанне ніякіх дакладных звестак няма. Адным з магчымых продкаў Гедыміна называюць яцвяжскага правадыра Скоманда, вядомага зацятым змаганнем з крыжакамі ў ХІІІ стагоддзі. Першая пэўная згадка пра Гедыміна пазначае момант яго прыходу да ўлады. Адбылося гэта пасля 1315 года, калі апошні раз згадваецца ягоны папярэднік, князь Віцень.

Хто Гедымін Віценю?

Гісторыкі пачынаючы з ХV стагоддзя зламалі шмат коп’яў у спрэчках пра сваяцтва гэтых двух гістарычных персанажаў. Мацей Стрыйкоўскі даводзіў, што Віцень — бацька Гедыміна. Творы ж палітычных канкурэнтаў ВКЛ (хроніка паляка Яна Длугаша і маскоўскія радаводы) — што Гедымін быў конюхам Віценя і забіў свайго гаспадара.

Як пераканаўча даводзяць брытанскі даследчык Стывен Роўэл і іншыя навукоўцы, яны, верагодна, былі братамі. А паколькі Віцень не меў нашчадкаў, то Гедымін стаў ягоным спадкаемцам.

Парытэт з татарамі і Масквой

У часы Гедыміна пад уплыў Вялікага Княства трапіў Кіеў, «маці гарадоў рускіх». Літоўская ўлада ў Кіеве канчаткова замацавалася ў 1330—1340-я, калі там стаў княжыць брат Гедыміна Фёдар. Адносна Кіева захоўваўся пэўны парытэт з татарамі, якім кіяўляне таксама павінны былі сплачваць даніну. Падобны парытэт захоўваўся і ў адносінах з Маскоўскім княствам: з аднаго боку, ВКЛ падтрымала Ноўгарад у яго супрацьстаянні з Масквой (сын Гедыміна Нарымонт княжыў у Ноўгарадзе), аднак у той жа час за сына маскоўскага князя Івана Каліты была аддадзена дачка Гедыміна Аўгуста.

Гедымін і праваслаўе

Кар’еру вялікага князя Гедымін пачаў не з вайсковых перамог. Першым буйным палітычным крокам новага ўладара стала заснаванне літоўскай праваслаўнай мітраполіі. Гэта адбылося паміж 1315 і 1317 гадамі. Яе цэнтр знаходзіўся ў Наваградку, і, што важна, падпарадкаваная яна была Канстанцінопалю.

Літоўскія князі разумелі, што, спрыяючы праваслаўю і ўплываючы на прызначэнне яго іерархаў, яны забяспечваюць лаяльнасць праваслаўных падданых, якіх было нямала.

Пры Гедыміне і яго сынах Праваслаўная царква на літоўскіх землях пачувалася камфортна. Так, у Полацку нібыта толькі за ХІV стагоддзе было пабудавана столькі ж храмаў і манастыроў, колькі за папярэднія тры стагоддзі, а апекаваліся іх будаўніцтвам літоўскія князі.

Такая палітыка спрыяла пашырэнню літоўскага ўплыву і на іншыя рускія землі. У пачатку 1320-х сын Гедыміна Альгерд праз шлюб з мясцовай князёўнай стаў уладаром Віцебска. Шлюбам яшчэ адной дачкі Гедымін замацаваў саюз з цвярскім князем Дзмітрыем Міхайлавічам. У 1322-м намеснік Гедыміна ў Гродне (а магчыма, і зяць) Давыд стаў князем у Пскове. У той перыяд у склад Літвы ўваходзяць Таропецкае і Ржэўскае княствы на поўначы Смаленшчыны, Берасцейшчына і Падляшша.

 

Як выглядаў Гедымін? Невядома. Апісанняў яго знешнасці не захавалася. А найстарэйшая і самая растыражаваная выява — гэта віньетка з «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, выдадзенай у другой палове XVI стагоддзя. Wikimedia Commons.

Маліцца можна, агітаваць — не

Пацвярджэннем важнай ролі паганства і своеасаблівай забароны на «распальванне рэлігійнай варажнечы» ў Літве часоў Гедыміна была смерць двух францішканцаў у 1341 годзе. Манахі Ульрых і Марцін прыехалі ў Вільню і, замест таго каб ціха правіць імшу ў каталіцкай бажніцы, арганізавалі масавае мерапрыемства — пачалі агітаваць на кірмашовай плошчы супраць паганства, з-за чаго былі пакараныя смерцю.

Рэлігійныя справы

Рэлігійныя справы, нароўні з войнамі і будаўніцтвам, былі ключавым элементам палітыкі Гедыміна. Парадокс: у атачэнні монатэістаў (а нават татары ў 1320-м прынялі іслам) ён да канца жыцця заставаўся прыхільнікам мнагабожжа і здолеў палітычным, дыпламатычным і вайсковым шляхам пашырыць сваю «паганскую імперыю».

Гедымін, не пытаючыся дазволу папы, сам сябе абвесціў каралём. «Gedeminne Dei Gratia Letwinorum et multorum Ruthenorum Rex» («Гедымін Божай ласкай кароль літоўцаў і многіх рускіх») — стаіць у яго лістах у Рым. Папа, які меў манаполію на наданне каралеўскага тытула, маўкліва прымаў такое самаўпраўства.

Ліст у Рым

Адзін з самых вядомых лістоў Гедыміна — да папы Яна ХХІІ, датаваны 1322 годам. У ім уладар апошняй паганскай дзяржавы ў Еўропе выказваў жаданне прыняць каталіцтва. Добрая палова ліста, аднак, прысвечаная не пытанням выратавання душы, а скаргам на Тэўтонскі ордэн, які пад выглядам вайны з паганцамі раз за разам нападаў на ВКЛ.

На пачатку ліста Гедымін прыгадвае гісторыю ранейшых кантактаў Літвы і Каталіцкай царквы: хрост Міндоўга і тое, што пазней крыжакі сваімі дзеяннямі змусілі першага літоўскага караля адысці ад веры. Таксама прыгадваецца хаўрус Віценя з Рыгай і яго просьба прыслаць братоў-францішканцаў, каб праводзіць набажэнствы ў наваградскім касцёле. Пералічваюцца скаргі на ордэн ад рыжан і адзначаецца, што наваградскі касцёл крыжакі пазней спалілі. Гедымін акцэнтаваў увагу на тым, што ён хацеў бы падпарадкавацца папу, як падпарадкоўваюцца хрысціяне, але пры ўмове, што ордэн не будзе ў гэтым удзельнічаць. Пры канцы князь Літвы прасіў князя Царквы скіраваць паслоў, каб «укласці мір і вызначыць межы».

 

У адрозненне ад папярэдніх «вандроўных» князёў, якія верагодна, увесь час перамяшчаліся па тэрыторыі дзяржавы, Гедымін вызначыўся з яе адміністратыўным, эканамічным і стратэгічным цэнтрам. Shutterstock.com, by Mnstudio.

Актуальны момант

Гедымін добра падгадаў час для такога ліста. У Рыме нарастала незадаволенасць крыжакамі. На ордэн скардзіліся папу і польскі кароль, і рыжскія месцічы.

З Літвой у Тэўтонскага ордэна ішла перманентная вайна. Сутычкі, узаемныя набегі, аблогі замкаў і засады адбываліся па ўсёй памежнай тэрыторыі. Да прыходу да ўлады Гедыміна склаўся парытэт сілаў: ордэн не мог скарыць Літву (ці хаця б заваяваць Жамойць, каб злучыць свае прускія і лівонскія тэрыторыі); Літва ж не магла скінуць ордэн у Балтыйскае мора.

У самім ордэне нарастаў канфлікт за ўладу, працягвалася супрацьстаянне паміж Лівонскім аддзяленнем ордэна і рыжскім арцыбіскупам. Рыжане пры гэтым не цураліся хаўрусаў з язычнікамі: яшчэ ў часы Віценя ў Рызе пятнаццаць гадоў стаяў літоўскі гарнізон.

Чаканне Гедыміна

Напісаўшы ў Рым, Гедымін разаслаў запрашэнні заходнім земляробам, рамеснікам, купцам. Вялікі князь заклікаў іх прыязджаць і сяліцца ў Літве. Перасяленцам абяцалі падатковыя палёгкі. Таксама падкрэслівалася, што ў Літве з дня на дзень чакаюць папскіх паслоў і пабудаваныя тры новыя касцёлы — нібы намёк на лаяльнае стаўленне да каталікоў з боку дзяржавы.

Таксама Гедымін заключыў сепаратны мір з лівонцамі. І стаў чакаць. Пруская частка Тэўтонскага ордэна спрабавала вывесці Літву з раўнавагі, але князь толькі адбіваў крыжацкія рэйды, не здзяйсняючы набегаў у адказ. Гэтым ён пацвярджаў імкненне да міру.

І Гедымін дачакаўся: папа загадаў ордэну прыпыніць баявыя дзеянні да прыезду яго паслоў.

Язычнік Гедымін здолеў удвая павялічыць сваю дзяржаву за кошт земляў, населеных хрысціянамі, і чвэрць стагоддзя паспяхова ёй кіраваў. Вялікі гістарычны атлас Беларусі. Т.1.

Вы ўсё не так зразумелі

Восенню 1324 года ў Вільню прыбылі папскія легаты, каб узгадніць дэталі хросту вялікага князя. Але ў велікакняскім палацы іх сустрэлі холадна. Гедымін абвясціў пасланцам Рыму, што… не збіраўся хрысціцца, але гатовы шанаваць папу як свайго бацьку і ўкласці мір з хрысціянскім светам.

Задняй датай стала ясна, што і ягоны ліст у Рым быў двухсэнсоўны. Выраз «прыняць каталіцтва» — fidem catholicam recipere — можна зразумець таксама і як «вітаць каталіцтва». Гэта значыць не перашкаджаць каталікам ладзіць у Літве набажэнствы, але і не спрыяць пашырэнню веры.

Гедымін агучыў свой адказ паслам папы ў прысутнасці літоўскіх і рускіх нобіляў. Так вялікі князь прадэманстраваў сваю «ненахіляльнасць» перад падданымі — язычнікамі і праваслаўнымі. Але адначасова Гедымін пусціў чутку, што цэлую ноч шкадаваў пра паспешлівае рашэнне. Ён слушна разлічыў, што гэта стане вядома папскім паслам і дапаможа захаваць твар перад каталікамі.

Мір і грошы

План Гедыміна спрацаваў — мір з крыжакамі трываў аж да 1328 года. Папа не дазваляў ваяваць з паганскім, але лаяльным князем, прытрымліваючы яго як своеасаблівую процівагу ордэну. Бо кіраўніцтва ордэна зблізілася з імператарам Святой Рымскай імперыі Людвігам IV, якога Ян ХХІІ нават адлучыў пасля ад Царквы. Гэта паказвае, што паганская Літва не была нейкім дзікім заштатным кутком, яна таксама бралася ў разлік у тагачаснай еўрапейскай гульні тронаў.

Акрамя таго, Гедымін атрымаў ад сваёй шматхадоўкі эканамічныя плюсы. Саюз з рыжанамі і мір з крыжакамі спрыялі развіццю гандлю з Заходняй Еўропай — водныя шляхі ў Літву з Балтыкі па Дзвіне і Нёмане былі адкрытыя.

Дакладных сведчанняў пра маштабы тагачаснай міграцыі на тэрыторыю ВКЛ не захавалася. Але з-за голаду і недахопу зямель у Еўропе гэты працэс ішоў. У самой Літве за кошт іншаземцаў умацаваліся два значныя гандлёвыя цэнтры — Вільня і Наваградак.

Збліжэнне з Рымам трывала нядоўга — роўна столькі, колькі было выгадна Гедыміну. Атрымаўшы ўсе магчымыя бонусы ад прадстаўніцтва рыжскага арцыбіскупа Фрэдэрыка пры папскай курыі, Гедымін змяніў свайго асноўнага каталіцкага саюзніка. У канцы 1320-х ён збліжаецца з Польшчай: выдае дачку замуж за сына польскага караля і разам з новым хаўруснікам ідзе ваяваць Холмскую зямлю.

Александр Зимницкий