Праект партала
ВКЛ Хто забіў вялікага князя: расследаванне
24.04.2021 / 17:44

Гедымін мог быць першым у еўрапейскай гісторыі кіраўніком дзяржавы, забітым з агнястрэльнай зброі. Але ці так гэта? Хто, калі, з чаго і, галоўнае, каго забіў? Разбіраецца гісторык Аляксандр Зімніцкі.

Помнік Гедыміну ў Лідзе. Shutterstock.com, by Pavelppl.

«Праводзілі цела да Вільні яго сыны і ўсё рыцарства. А там, княжацкім звычаем, згодна з паганскім абрадам злажыўшы смаляныя сосны ў тым месцы, дзе рака Вільна ўпадае ў Вілію, падрыхтавалі яму магілу. Потым, калі ўсе сем сыноў — Мантывід, Нарымунт, Альгерд, Кейстут, Любарт, Яўнут і Карыят — з’ехаліся на апошнюю ўрачыстасць бацькавага пахавання, яго прыбралі ў адзенне і ў княжацкі святочны строй, які ён пры жыцці найбольш любіў. Шаблю, дзіду, сагайдак з лукам, сокалаў і пару хартоў, каня з сядлом і найвярнейшага і найлюбімейшага жывога слугу, звязаўшы, паклалі з ім на касцёр дроў. З вялікім жалем дровы потым запалілі, кідалі па сваім старадаўнім звычаі на агонь кіпцюры рысі і мядзведзя, а таксама зброю і частку здабычы, і спалілі з ім жывымі трох палонных немцаў. Потым… сабраўшы і злажыўшы ў труну попел і косці князя, слугі, каня, хартоў і іншых, пахавалі ў зямлю ў тым жа месцы…».

Так апісвае развітанне з Гедымінам Мацей Стрыйкоўскі, аўтар «Хронікі Польскай, Літоўскай, Жамойцкай і ўсёй Русі». Хроніка складалася праз два з паловай стагоддзі пасля падзеі, таму наўрад ці апісанне можа быць дакладным. Хутчэй, польскі гісторык запазычыў яго з легендаў і песень пра Гедыміна, якія ў ХVІ стагоддзі маглі яшчэ гучаць у Вялікім Княстве.

А вось да высвятлення прычын смерці вялікага князя Стрыйкоўскі падышоў больш грунтоўна — і сам стварыў легенду, якая запанавала ў беларускай гістарыяграфіі. Разгледзім яе падрабязней.

Перадумовы забойства

У канцы 1320-х Гедымін пачаў збліжацца з Польскім каралеўствам. Супалі палітычныя інтарэсы: у літоўскага князя канчаўся тэрмін замірэння з крыжакамі, што азначала хуткую вайну і патрабавала прэвентыўных мераў, а польскі кароль Уладзіслаў І Лакетак шукаў магчымасць націснуць на Марыенбург (крыжацкую сталіцу) і заключыць з Тэўтонскім ордэнам выгадны мір. Сумесны паход на ордэн быў удалым: Літва атрымала багатую здабычу, а Польшча ўклала з крыжакамі мір з пазіцыі сілы.

У адказ ордэн ударыў па Вялёне, адным з фарпостаў ВКЛ на Нёмане. Калі з налёту ўзяць замак не ўдалося, вялікі магістр Дзітрых фон Альтэнбург загадаў збудаваць побач два свае замкі — Фрыдбург і Баер. Гарнізон Вялёны апынуўся ў пастцы. На выручку, піша Стрыйкоўскі, паспяшаўся на чале войска сам Гедымін.

«Вялікі князь літоўскі хацеў адбіць тую гвалтоўную небяспеку і нямецкія наезды, а рыцарства сваё вызваліць з цяжкай аблогі, сабраў вялікае войска з літвы і жмудзі з сынамі Альгердам, Яўнутам і Кейстутам. Абступіўшы моцным войскам тыя два новыя замкі, Фрыдбург і Баер, здабываў іх дваццаць два дні бесперапыннымі штурмамі, падкопамі, абстрэламі і таранамі; але немцы мужна бараніліся стральбой з ручніц, яшчэ нязвыклай літве, і пабілі шмат Гедымінавых людзей. Сам Гедымін, дадаючы ахвоты свайму рыцарству, пад’ехаўшы бліжэй пад сцены, паказваў шанцам і таранам месца для разломвання бастыёна. … Яго падстрэліў у хрыбет з ручніцы адзін немец з байніцы, як сведчаць прускія хронікі, а Мяховіус піша, што «агнявая страла трапіла яму ў спіну», але падобна, што была гэта хутчэй агнявая кулька з ручніцы, бо ў той час немцы пачалі вынаходзіць ручніцы, праўда, яшчэ без кросаў, такіх я бачыў некалькі на Віленскім замку ў скарбе… Гедымін ад таго стрэлу адразу ж аддаў душу і памёр, а па яго смерці літоўскае войска адступіла з вялікім смуткам, плачам і нараканнямі…».

Усё ў гэтым аповедзе выглядае складна і прыгожа, але…

 

Гедымін. Уяўны партрэт 1709 года. Wikimedia Commons.

Першая нестыкоўка: прылада і час забойства

Стрыйкоўскі датаваў забойства Гедыміна 1328 годам. Ён дакладна апісаў прыладу забойства, даводзячы, што гэта была «ручніца» — адзін з відаў ручной агнястрэльнай зброі. І ўжо гэта ставіць пад сумнеў версію слыннага гісторыка.

Агнястрэльная зброя ў Еўропе тады толькі-толькі з’явілася. 1326—1327 гадамі датуецца яе першая выява, змешчаная ў англійскім рукапісе Уолтэра з Мілімета. Сучасныя рэканструктары спрабавалі паводле малюнка аднавіць той «страляючы збанок», але без поспеху. Відаць, і аўтар, і мастак толькі чулі пра такую зброю, але самі яе не бачылі. І наўрад ці ручніцы так хутка дайшлі б да такіх «гарачых», але аддаленых пунктаў, як памежжа Тэўтонскага ордэна і ВКЛ.

Блытаніна ў сведчаннях

Наступная зачэпка ў тэксце — прозвішча Мяховіуса, на якога Стрыйкоўскі спасылаецца. Гэта Мацей Мяхоўскі, польскі гісторык ХV стагоддзя. Аблога Вялёны ў хроніцы Мяхоўскага датуецца 1307 годам. Стрыйкоўскі меркаваў, што гэтую памылку зрабіў перапісчык, паставіўшы «1307» замест «1327». Бо на старонках твора Мяхоўскага вялікі князь Гедымін пасля «смерці» ў 1307-м працягваў ваяваць з крыжакамі ў 1329-м.

Тую памылку ў датаванні Мяхоўскі запазычыў у іншага вядомага польскага храніста — Яна Длугаша. Апошні ж, апісваючы смерць Гедыміна, згадвае толькі «вялікія арбалеты», «найлепшага лучніка» і «вогненную стралу», але ніяк не агнястрэльную зброю.

І так мы даходзім да першакрыніцы. Гэта «Новая пруская хроніка» Віганда з Марбурга, напісаная ў 1391—1394 гадах — адзін з самых падрабязных твораў па гісторыі Тэўтонскага ордэна ў ХІV стагоддзі. Менавіта з яе Длугаш браў інфармацыю пра тыя падзеі. Уласна кажучы, на замову Длугаша гэтую хроніку і пераклалі на лаціну з нямецкай.

Як сведчыць Віганд, у 1338 годзе:

«…[Гедымін] аблажыў дом [у сэнсе замак], 22 дні моцна яго атакаваў, і не мог здабыць. Здарылася тады, што адзін брат, Цілеман дэ Санпах, камандзір лучнікаў, палаючым снарадам спаліў харугву і потым параніў снарадам у шыю паміж лапаткамі караля язычнікаў з Трокаў і [той] памёр, падзяліўшы лёс з патанулымі [у рове?]. І так язычнікі, пацярпеўшы вялікую шкоду, з ганьбай адышлі. Тады браты выйшлі [з замка], машыны і іншае пакінутае занеслі да замка…».

З-за зрухаў храналогіі гэтыя падзеі можна датаваць 1337 годам. Таксама сучасныя даследчыкі даводзяць, што «кароль з Трокаў» быў забіты падпаленай стралой (балтом) з арбалета, але ніяк не куляй з агнястрэльнай зброі.

Дый тое, што трапны крыжацкі стралок спачатку падпаліў харугву (што складана зрабіць з ручніцы, але цалкам рэальна палаючай стралой), а потым ужо пацэліў у «караля з Трокаў», ускосна сведчыць пра тое, што страляў ён з лука ці арбалета. Запальных куляў у XIV стагоддзі не існавала.

А яшчэ Віганд з Марбурга, у адрозненне ад сваіх наступнікаў, нідзе не піша, што забілі менавіта Гедыміна.

Стрэл з ручніцы. Ілюстрацыя да кнігі «Das Zeugbuch Kaiser Maximilians I», пачатак XVI стагоддзя. Journals.openedition.org.

Высвятленне асобы забітага

Сам выраз «кароль з Трокаў» неадназначны. Гедымін не раз згадваецца ў «Хроніцы Віганда», і аўтар звычайна называе яго ці па імені, ці «каралём літоўцаў» альбо «каралём язычнікаў». «Кароль з Трокаў» цалкам мог быць іншай асобай — напрыклад, непасрэдным уладаром Трокаў.

Але наўрад ці такі важны дзяржаўны цэнтр аддалі б асобе не з княскага роду. Таму, на думку большасці даследчыкаў, пад сценамі Баера загінуў адзін са старэйшых Гедымінавых сыноў — Вітаўт. Гэты князь не згадваецца ў ніводнай пісьмовай крыніцы якраз з-за ранняй смерці падчас гэтай аблогі.

Затое пазней жыў князь Юрый Вітаўтавіч, якога вялікі князь Альгерд, як сведчыць польскі даследчык Ян Тэнгоўскі, паслаў кіраваць Псковам. Такія стратэгічныя пасады ў той час даручалі толькі блізкім сваякам. Юрый Вітаўтавіч загінуў у бітве з крыжакамі пад сценамі Ізборска ў 1349 годзе.

Дзякуючы Віганду мы таксама можам удакладніць месца гібелі Гедымінавага сына. Гэта адбылося ўсё ж пад сценамі Баера, а не Фрыдбурга.

Гедымін памёр сваёй смерцю

Такім чынам, можна падвесці вынікі дэтэктыўнага расследавання. У 1337 годзе, падчас аблогі замка Баер, загінуў не князь Гедымін, а ягоны сын Вітаўт. І не ад кулі з ручніцы, а ад палаючай стралы ці арбалетнага балта.

Легенда ж пра смерць Гедыміна нарадзілася, як бачым, ад таго, што складальнікі пазнейшых хронік няправільна інтэрпрэтавалі сваіх папярэднікаў.

Замак Гедыміна ў Лідзе, адбудаваны ўжо пры незалежнай Беларусі, цяпер папулярнае месца турызму і фестываляў. Фота Сяргея Гапона. 

А ўладара Вялікага Княства не стала пазней, дзесьці ў 1341—1342 гадах. Як сведчыць Наўгародскі першы летапіс, «той жа зімы ўмрэ князь вялікі Гедымін Літоўскі». Няма падстаў казаць пра гвалтоўны характар смерці Гедыміна: калі б ён быў забіты ў баі, крыжацкія хронікі не абмінулі б магчымасці згадаць пра такую ўдачу. Улічваючы ж салідны, тым больш для чалавека ХIV стагоддзя, узрост Гедыміна, каля 65—70 гадоў, ён мог памерці проста ад старасці.

Вайна была для гэтага ўладара ВКЛ справай штодзённай, але не ключавой. Гедымін шмат увагі надаваў унутранаму ўмацаванню дзяржавы, развіццю гандлю, будаўніцтва і абараназдольнасці. Уваходзячы ў справы рэлігійнага жыцця і мацуючы дыпламатычныя сувязі, Гедымін стварыў трывалы падмурак ВКЛ і заснаваў уплывовую дынастыю. Дык ці не заслужыў прадзед беларускай, літоўскай і ўкраінскай дзяржаўнасці спакойнай смерці ў атачэнні дзяцей і іншых блізкіх людзей?

Аляксандр Зімніцкі