Проект портала
война Как зверства нацистов выросли из теории Клаузевица
22.03.2021 / 01:06

Перед Хатынью была Бельгия в Первую мировую, рассказывает Тимох Акудович.

Паслядоўная нямецкая стратэгія застрашвання мясцовага насельніцтва знайшла працяг на тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. Khatyn.by.

Трагедыя спалення сотняў беларускіх вёсак разам з людзьмі падчас Другой сусветнай вайны ў савецкім і постсавецкім разуменні непарыўна звязаная з нямецкім дакументам пад назвай «Генеральны план «Ост»». Напэўна, нават школьнік, апісваючы тую вайну, узгадае пра гэты план, згодна з якім, 75% беларусаў (славян) планавалася вывезці за Урал альбо знішчыць, а 25% асіміляваць. 

Як пацвярджэнне таго, што гэты дакумент рэалізоўваўся на практыцы, абавязкова будзе ўзгаданая Хатынь. І на сайце самога мемарыяльнага комплексу адзін з чатырох гістарычных раздзелаў называецца «Генацыд беларускага народа», дзе асноўная частка тэксту прысвечаная разгляду плана «Ост». 

Аднак мінімальнае заглыбленне ў тэму адразу ставіць пытанні пра сувязь паміж спаленнем беларускіх вёсак і гэтым дакументам. 

План «Ост» у тэорыі і на практыцы

«Генеральны план «Ост»» (Generalplan Ost) — маштабная праграма 30-гадовых пераўтварэнняў на захопленых землях — рыхтаваўся, найверагодней, з 1940 года пад эгідай рэйхсфюрара СС Генрыха Гімлера і быў завершаны пры канцы 1941 года. Арыгінальны тэкст дакумента не захаваўся, але ягоная асноўная логіка ўзноўленая па крытычных нататках, пратаколах і разборах.

Нямецкі план быў адным з самых пачварных праектаў у гісторыі чалавецтва. Шосты раздзел, прысвечаны беларусам, паведамляў: «Прымусова будзе выселена да 75% беларусаў. Таксама, па плане Галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі, 25% беларускага насельніцтва павінна падлягаць германізацыі».

Але, па-першае, ужо ў заўвагах да плана лічбы і методыкі асноўнага дакумента ставяцца пад сумнеў. Напрыклад, пішацца, што, верагодна, беларусы маюць «большую расавую каштоўнасць», чым мяркуецца, але для высвятлення гэтага пытання патрэбныя спецыяльныя даследаванні. Розныя важныя заўвагі былі і па іншых народах.

Па-другое, у 1942 годзе дапрацоўка плана затармазілася, а ў 1943-м канчаткова спынілася па зразумелых прычынах.

Па-трэцяе, рэалізацыя плана ў любым яе выглядзе павінна была распачацца толькі пасля канчатковай перамогі над СССР.

А таму план «Ост» не меў прамога дачынення да дзеянняў карных экспедыцый, якія знішчалі вёскі і праводзілі расстрэлы цывільнага насельніцтва ў гарадах падчас вайны.

Больш за тое, неверагодная жорсткасць акупацыйных войскаў звязаная не толькі з шалёнай гітлераўскай ідэалогіяй, як нас вучылі ў школе. У чыстым выглядзе расавая тэорыя нацыстаў стала прычынай татальнага вынішчэння толькі яўрэйскага народа. Карані ж тэрору супраць іншых вырастаюць з зусім іншай ваеннай эпохі і дзіўным чынам звязаныя з нашымі землямі.

Карл фон Клаўзевіц

У чэрвені 1812 года каля невялікай вёскі Астроўна пад Віцебскам адбыўся ар’ергардны бой расійскай Першай арміі Міхаіла Барклая-дэ-Толі, чыёй задачай было затрымаць наступленне французаў. У шэрагах расійскага войска ў той бітве браў удзел 32-гадовы саксонец Карл фон Клаўзевіц. 

Ён быў прафесійным вайскоўцам, прычым не толькі практыкам, але і тэарэтыкам: у 1810 годзе Клаўзевіц выкладаў ваенную навуку будучаму прускаму каралю Фрыдрыху Вільгельму IV. Аднак калі Прусія скарылася Напалеону, саксонец вырашыў паслужыць у інтарэсах сваёй радзімы ў расійскім войску. Не ведаючы рускай мовы, ён не мог камандаваць салдатамі, таму стаў у строй звычайных шарагоўцаў, хадзіў у атаку ў баях пад Віцебскам і на Барадзінскім полі. 

Карл фон Клаўзевіц. Wikimedia Commons.

Ужо тады дасведчаны вайсковец актыўна цікавіўся тэорыяй ваеннай справы і не мог не звярнуць увагу на эфект партызанскіх атрадаў (стыхійных і спецыяльна сфармаваных), якія дзейнічалі супраць французаў.

«Пра вайну»

Пасля вайны з Напалеонам Клаўзевіц шмат гадоў узначальваў Прускую вайсковую акадэмію, навучаў будучых афіцэраў і займаўся тэорыяй ваеннай справы. Але сваю галоўную працу, якую пісаў шмат гадоў і для якой вывучыў гісторыю больш як 130 ваенных кампаній розных часоў, скончыць не паспеў, бо ў 1831 годзе памёр ад халеры. Праз год ягоная жонка Марыя фон Клаўзевіц апублікавала незавершаную працу мужа пад кароткай назвай «Пра вайну».

Гэты твор стаў самым важным еўрапейскім даследаваннем вайны, напэўна, за ўсе часы. Аб’яднаўшы свой баявы досвед (у першую чаргу напалеонаўскай кампаніі) з тагачаснымі філасофскімі дасягненнямі (Імануіл Кант), Клаўзевіц прааналізаваў ваенную справу ад азначэння самога тэрміна «вайна» да логікі забеспячэння войскаў і правілаў абароны фартэцый. 

Клаўзевіц раздзяліў вайну на татальную і лакальную, вылучыўшы тры асноўныя кампаненты вайны: гвалт, спароджаны прыродным інстынктам, «туман вайны» (сума нечаканасцяў, непазбежных у баявых дзеяннях) і ідэалогія — падпарадкаванасць вайны палітыцы і чыстаму розуму. З такіх пазіцый на вайну яшчэ ніхто ніколі не глядзеў. Фармулёўкі Клаўзевіца аказаліся такімі трапнымі, што да іх апелююць і сённяшнія ваенныя тэарэтыкі.

Клаўзевіц аддаваў перавагу хуткай, маланкавай, але ў той жа час добра падрыхтаванай ваеннай аперацыі. Гэтым ён, дарэчы, тлумачыў, чаму тактык Напалеон перамагаў усіх стратэгаў Еўропы. І важнай небяспекай для поспеху такой вайны Клаўзевіц вызначыў мясцовае насельніцтва, якое можа ўзяцца за зброю і парушыць камунікацыйныя лініі, якія звязваюць арміі і атрады.

У адным з артыкулаў Клаўзевіц пісаў: «Мы павінны паставіць яго [праціўніка] у такое становішча, якое пры працягу вайны акажацца для яго больш цяжкім, чым капітуляцыя». У кнізе «Пра вайну» канчаткова не фармулюецца, але добра прасочваецца ідэя, што адзіным спосабам змагання з гэтай праблемай, на думку аўтара, застаецца максімальнае застрашванне мірнага насельніцтва.

Выпрабаванне на практыцы

У 1870 годзе Прусія абвясціла вайну Францыі і за некалькі тыдняў дайшла да Парыжа, узяўшы яго ў аблогу. Гэта быў поспех, які шакаваў увесь свет. Галоўны архітэктар той перамогі, кіраўнік Генеральнага штаба Прусіі Гельмут фон Мольтке, называў кнігу Клаўзевіца сваёй настольнай. 

Ён творча развіў ідэі свайго папярэдніка і падрыхтаваў план будучай аперацыі супраць Францыі, дзе было пралічана ўсё да апошняй дробязі: колькасць вайсковых аддзелаў, іх перамяшчэнне і ўзаемасувязь, колькасць неабходных снарадаў і правіянту, час пачатку і час заканчэння баёў. Ваенная аперацыя ў выкананні Мольтке выявілася не месцам, дзе змагаецца баявы дух салдат і нацый, а машынай, механізмам, дакладная падгонка дэталяў якога гарантуе стапрацэнтную перамогу гаспадару гэтай машыны.

Кіраўнік Генштаба Прусіі Гельмут фон Мольтке называў кнігу Клаўзевіца пра вайну сваёй настольнай. Wikimedia Commons.

Калі нямецкія войскі занялі ладны кавалак Францыі, то ў іх тыле пачалі з’яўляцца партызанскія атрады. Нямецкае камандаванне было гатовае да такога сцэнара і жорстка падаўляла любыя выступленні мясцовага насельніцтва. Але ў выніку франціроры (фр. francs-tireurs — «вольныя стралкі», як называлі сябе партызаны) усё адно прынеслі клопату немцам ці не больш, чым уся французская армія. 

Нямецкія генералы бачылі сваю армію як бездакорны механізм, які ствараўся для перамогі над ворагамі, таму праціўнік у выглядзе рэгулярнай арміі не быў праблемай для гэтай машыны — ён быў мэтай. А вось засады на дарогах, знішчэнне кур’ераў, ліквідацыя фуражу і іншыя дыверсіі ў тыле былі як бы збоямі ўнутры машыны і маглі вывесці яе са строю ці прынамсі вельмі запаволіць. А гэтага нельга было дапусціць, бо тэрміны вайны таксама былі часткай гэтай машыны. 

І з гэтым трэба было нешта рабіць.

Другая рэпетыцыя

Наступныя 40 гадоў еўрапейскай гісторыі прайшлі ў падрыхтоўцы да новай вайны, якая мусіла паставіць кропку ў змаганні ваенных тэорый. Французскія генералы распрацавалі канцэпцыю вайны духу, перамогі волі нацыі над супернікам. А немцы працягвалі развіваць ідэі вайны-машыны. 

Улічваючы досвед кампаніі 1870 года, галоўны нямецкі ваенны тэарэтык мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў Альфрэд фон Шліфен прапанаваў «дактрыну знішчэння». У 1902 годзе нямецкі Генштаб выдаў «Kriegsbrauch im Andkriege» — афіцыйны кодэкс вядзення вайны. У ім дакладна раздзяляліся прынцыпы Kriegsraison — ваеннай неабходнасці і Kriegsmanier — законы і звычаі ваенных дзеянняў. Ваенная неабходнасць у гэтым кодэксе ставілася вышэй за законы і звычаі. Логіка была простая: нічога не павінна перашкодзіць функцыянаванню войска на занятых тэрыторыях.

І вось прыйшоў 1914 год. У Сараеве прагучаў стрэл, які адкрыў для вялікіх еўрапейскіх дзяржаў магчымасць праверыць, чыя ваенная машына лепшая. Германія планавала напасці на Францыю праз тэрыторыю Бельгіі. 3 жніўня нямецкі пасол перадаў бельгійцам ультыматум, а ўжо назаўтра нямецкія войскі перайшлі мяжу і ўзялі ў аблогу крэпасць Льеж.

І вось менавіта тут нямецкае камандаванне ўпершыню атрымала шанец прымяніць на практыцы свае тэарэтычныя выкладкі па пацыфікацыі мясцовага насельніцтва. Бельгійскі кароль Альберт І прыняў нечаканае рашэнне — супраціўляцца немцам, і паміж войскамі дзвюх дзяржаў завязаліся баі. У той жа час усё цывільнае насельніцтва было папярэджанае пра несупраціўленне ворагу. Калі немцы заходзілі ў бельгійскія гарады, там на слупах віселі абвесткі, якія заклікалі не злаваць і не правакаваць акупацыйныя ўлады. 

На гэтых жа слупах новыя ўлады вешалі абвесткі аб пакаранні за мінімальнае супрацьдзеянне. І ў першыя дні вайны супраціву сапраўды не было. Але немцы вырашылі дзейнічаць на апярэджанне сітуацыі. Ва ўсіх гарадах у закладнікі браліся бурмістр горада, святар і некалькі жыхароў. Пры мінімальным падазрэнні на дзейнасць партызанаў іх расстрэльвалі. 

Прэвентыўныя ахвяры

Ужо 4 жніўня былі расстраляныя 6 закладнікаў у вёсцы Варсаж і спаленая вёска Баціс. Генерал Гельмут Мольтке-малодшы (пляменнік славутага военачальніка) пісаў у сваім лісце ўжо 5 жніўня: «Відавочна, наша наступленне мае звярыны характар, але мы змагаемся за наша жыццё, і той, хто падумае стаць на нашай дарозе, мусіць усведамляць наступствы».

19 жніўня немцы захапілі невялікі гарадок Арсхот і расстралялі там 156 чалавек. Пасля быў горад Андэнэ і 211 ахвяр, на наступны дзень Тамінэс — 383 расстраляныя.

Самая буйная акцыя адбылася ў горадзе Дзінане 23 жніўня. Там на цэнтральнай плошчы сабралі ўсіх жыхароў горада, падзяліўшы іх на дзве калоны — мужчын і жанчын. Людзей паставілі на калені тварамі адно да аднаго. Пасля чаго два аддзяленні нямецкіх салдат шэрагамі выйшлі на плошчу і расстралялі ўсіх ва ўпор. У Дзінане загінула 674 чалавекі, сярод якіх быў хлопчык трох тыдняў ад нараджэння Фелікс Фівё.

Усе гэтыя дзеянні не былі разрозненай рэакцыяй на дыверсіі партызан (якіх тады яшчэ амаль не было). Гэта было прымяненне на практыцы тэорый Клаўзевіца, Мольтке і Шліфена пра прадуманую да кожнай дробязі хуткую вайну, сарваць якую могуць толькі «незапланаваныя» акцыі ў тыле. І адзіны спосаб пазбегнуць гэтага — праявіць жорсткасць ад самага пачатку.

Знішчаны Дзінан. Wikiwand.com.

Дзіўным чынам, але сімвалам бельгійскай трагедыі сталі не знішчаныя людзі, а кнігі. 23 жніўня немцы захапілі старажытны горад Лёвен. Там яны забілі 248 мясцовых жыхароў і спалілі бібліятэку самага першага бельгійскага ўніверсітэта, які дзейнічаў у Лёвене з пачатку XV стагоддзя. У бібліятэцы пад гатычнымі сутарэннямі згарэла 300 000 старых кніг, сярод якіх некалькі соцень вельмі каштоўных сярэднявечных манускрыптаў. 

Не дапамагло

Гэтыя падзеі шакавалі ўвесь свет. Амерыканская і брытанская прэса параўноўвала немцаў з новай арміяй Чынгісхана, задаючыся пытаннем, ці сапраўды гэта той жа народ, адкуль выйшлі Гётэ і Кант.

Самі немцы апраўдвалі такія дзеянні акцыямі партызан. Амерыканскі павераны ў Лёвене пачуў ад новага губернатара горада, што нібыта знішчэнне людзей было расплатай за тое, што сын бурмістра забіў нямецкага салдата. Але, як сумна пазней жартаваў амерыканец, ён столькі разоў у час вайны чуў гэту гісторыю ад немцаў у розных гарадах, што складалася ўражанне, нібыта бельгійскія бурмістры спецыяльна выхоўвалі дзяцей-забойцаў.

Акцыі застрашвання цягнуліся прыблізна месяц. А пасля раптоўна скончыліся. Па-першае, сваю ролю адыграла рэакцыя сусветнай супольнасці, якая была проста шакаваная дзеяннямі немцаў, і гэта так ці інакш паўплывала на пазіцыю нямецкага генералітэту.

Але галоўным чыннікам стала сама логіка баявых дзеянняў. План маланкавай вайны, які распрацоўваўся і ў нямецкім, і ў французскім генштабах, праваліўся. Нібыта жартуючы з людскіх планаў, у Еўропе завязалася самая доўгая пазіцыйная вайна, якая загнала ў акопы сотні тысяч салдат на доўгія чатыры гады. Лінія фронту прайшла па тэрыторыях, недалёкіх ад старых дзяржаўных межаў, таму маштабнае падаўленне партызанскага руху аказалася неактуальным. 

Па падліках гісторыкаў, за час вайны ад нямецкіх пацыфікацый загінула каля 6 000 бельгійцаў, пра што зараз нагадваюць мемарыялы ў большасці гарадоў гэтай краіны.

У 1915 годзе, калі вайна прыйшла на тэрыторыю Беларусі, методыку «прафілактычнага застрашвання» немцы ўжо не выкарыстоўвалі, палічыўшы яе неэфектыўнай. Да таго ж у гэтым не было патрэбы. Жыхары заходніх губерняў Расійскай імперыі не давалі для гэтага падстаў: праваслаўная частка насельніцтва пераважна выправілася ў бежанства, а астатняе, Расіяй звычайна дыскрымінаванае, па расійскіх парадках не надта сумавала. У выніку ў беларускую гістарычную памяць «першыя немцы» ўвайшлі збольшага як культурныя і цывілізаваныя вайскоўцы.

Добрая глеба для старой ідэі

Аднак заканчэнне Першай сусветнай вайны стала ў выніку пачаткам падрыхтоўкі да Другой. З прыходам Адольфа Гітлера да ўлады нямецкае камандаванне дастала з шуфлядкі старыя напрацоўкі пачатку ХХ стагоддзя і напоўніцу скарысталася імі. 

Нявыкарыстаны для разгрому Францыі падчас Першай сусветнай вайны план генерала Шліфена прыдаўся падчас Другой. Французаў паспяхова разбілі ў 1940 годзе. А ў камплекце да шліфенаўскага плана ішла і думка пра пацыфікацыю мясцовага насельніцтва. Новаму рэжыму, які адмаўляў маральнасць на ўзроўні ідэі, такая логіка дзеянняў на захопленых тэрыторыях падыходзіла як найлепш.

Першы час знаходжання на беларускіх тэрыторыях нацысцкая палітыка вагалася паміж спробамі прыцягнуць «самы бяскрыўдны еўрапейскі народ» на свой бок і жорсткасцю ў дачыненні да мясцовых людзей. Але актывізацыя партызанскага руху ўсё больш скіроўвала нямецкае камандаванне да маштабнай пацыфікацыі. На акупаваных тэрыторыях нацысты ўвялі сістэму калектыўнай адказнасці мясцовага насельніцтва за дыверсіі партызан, паўтараючы сваю бельгійскую практыку 1914 года. 

У адным з дакладаў вермахта пачатку 1942 года ёсць такія словы: «Страх перад нямецкімі захадамі павінен быць большым, чым боязь пагроз партызан». Гэта прамая адсылка (хоць, магчыма, і не ўсвядомленая) да тэорый Клаўзевіца і дактрын Шліфена пра тое, што мясцовае насельніцтва павінна зведаць увесь жах вайны, каб упрошваць свой урад спыніць супрацьстаянне і адмовіцца ад думак пра самастойную барацьбу. Жорсткасць гэтай пазіцыі апраўдвалася яе эфектыўнасцю.

Менавіта ад ланцужка гэтых тэарэтычных разважанняў, памножаных на чалавечую нянавісць і «туман вайны» (паводле Клаўзевіца), запалалі Хатынь, Дальва, Брусы і сотні іншых беларускіх і не толькі беларускіх вёсак.

Але на самай справе тэорыя застрашвання аказалася, як мы зараз ведаем, не такой і эфектыўнай. Ужо ў 1870 годзе жорсткасць немцаў хутчэй актывізавала французскіх партызанаў, чым наадварот. Тэрор у Бельгіі ў 1914 годзе супрацьпаставіў Германіі ўвесь свет і значна паўплываў на канчатковую паразу ў той вайне. А жахі нацысцкай палітыкі ў Другой сусветнай вайне таксама выклікалі масавы антынямецкі супраціў нават там, дзе насельніцтва ад пачатку было больш-менш схільнае захоўваць лаяльнасць да акупантаў. Адмова ад маралі ў вайне аказалася ўрэшце нявыгаднай.

Але ці мог пра ўсё гэта здагадвацца 32-гадовы саксонец, які ў чэрвені 1812 года шкандыбаў сярод расійскіх салдат пасля чарговай сутычкі з французамі за 200 км ад беларускай вёскі Хатынь? Пра існаванне якой на белым свеце ён, вядома, нічога не ведаў.

Тимофей Акудович