Проект портала
биографии Сухи — Сухий — Сухой
13.07.2020 / 22:59

Почти каждый его самолёт был успехом. А в рабочем столе Павел Сухой хранил фото родного Глубокого. Пишет подполковник Николай Ковалёв.

Павел Сухі. Problr.by.

Пра асобу славутага авіяканструктара ёміста сказаў Алег Антонаў, таксама вядомы канструктар самалётаў: «Павел Сухі — квінтэсенцыя нашай авіяцыі». 

«Мы з вамі беларусы»

Род Сухіх бярэ пачатак з вёскі Пахомава Вілейскага павета. Цяпер месца, дзе яна калісьці была, — на дне Вілейскага вадасховішча. Але сам Павел нарадзіўся ў Глыбокім. Хоць у анкетах 1930-х гадоў, баючыся рэпрэсій, ён пазначаў месца нараджэння як «сяло Глыбокае, ля Гомеля», то-бок ва Усходняй, Савецкай Беларусі. Пры гэтым канструктар захоўваў фотакартку з краявідамі Глыбокага (а не Гомеля, як думалі) у працоўным стале ўсё жыццё. 

Ну і тыповая трансфармацыя прозвішча (куды ж без яе беларусам?). Дзед, Андрэй Аляксеевіч, быў Сухі. Бацька, Восіп Андрэевіч, быў запісаны як Сухій. А як сам Павел Восіпавіч стаў насіць ужо прозвішча Сухой, ён сам пазней расказваў свайму калегу, Алегу Самайловічу:

«Маё сапраўднае прозвішча не Сухой, а Сухі. Мы абодва з вамі беларусы, і толькі таму я вам гэта расказваю. Калі я нарадзіўся і мне давалі ў царкве імя, дзяк аб’явіў, што ён не ведае такога прозвішча — Сухій, таму ў дзіцяці будзе прозвішча Сухой». 

Пасля Глыбоччыны сям’я пераехала ў Гомель. Бацька стаў там дырэктарам школы. Адна з кніг вялікай сямейнай бібліятэкі — томік першых вершаў Якуба Коласа — мела асабісты подпіс аўтара: «Паважанай Елізавеце Якаўлеўне на памяць!». Елізавета Якаўлеўна — мама будучага авіяканструктара. 

Па прыступках у неба

Менавіта ў Гомелі Павел першы раз у жыцці пабачыў сапраўдны аэраплан — машыну знакамітага расійскага «летуна» Сяргея Утачкіна, які гастраляваў па гарадах імперыі. А калі пазней Сухому на вочы трапіў артыкул бацькі рускай аэрадынамікі, будучага ягонага выкладчыка Мікалая Жукоўскага, ранейшае рашэнне, у які жыццёвы віхор кінуцца, саспела канчаткова. У Маскоўскім тэхнічным вучылішчы прафесар Жукоўскі не проста выкладаў, а кіраваў гуртком, дзе гартавалася будучая савецкая інтэлектуальная эліта: Павел Сухі, Андрэй Тупалеў, браты Аляксандр і Барыс Архангельскія і іншыя. 

Пасля быў Паўночна-Заходні фронт. 22-гадовы ўчарашні студэнт, стаўшы афіцэрам, ваяваў у раёне сучаснага горада Екабпілса ў Латвіі. Ён бачыў баі вырабленых у Расіі аэрапланаў французскай канструкцыі «Маран» з нямецкімі «Альбатросамі», бачыў, як айчынны бамбавоз «Ілья Мурамец» бамбіў нямецкія пазіцыі і знішчыў некалькі варожых батарэй. Усё большая роля авіяцыі станавілася відавочнай. 

Маленькі Паўлік з сям’ёй. Фота з музея ў сярэдняй школе №1 горада Глыбокае. Sb.by.

Пасля Брэсцкага міру Павел дэмабілізаваўся пад Ржэвам. І яшчэ раз лёс закінуў яго ў родны край: з 1918 па 1920 гады настаўнік Сухі выкладаў матэматыку ў школах у Лунінцы, дзе знайшоў сваё каханне, і ў Гомелі, дзе жылі ягоныя бацькі. А далей пачаўся найбольш зорны і прадуктыўны час.

Для вайны

Першым самалётам, які стаў насіць імя канструктара, стаў Су-2 — лёгкі бамбавоз суцэльнаметалічнай канструкцыі, што адрознівала яго падчас конкурсу ад шасці драўляна-металічных канкурэнтаў. Менавіта ён у найбольшай ступені адпавядаў свайму працоўнаму шыфру «СЗ» — «Сталінскае заданне», а таму быў прыняты на ўзбраенне ў 1939 годзе. Дзякуючы выдатным лётна-тактычным характарыстыкам гэты самалёт пакінуў пра сябе добрую памяць у савецкіх лётчыкаў і нядобрую — у нямецкіх пілотаў. 

Жывучасць машыны была таксама на вышыні. Су-2, атрымаўшы прабоіны, не загараўся як паходня дзякуючы таму, што ў ягоных паліўных баках сталі выкарыстоўваць вуглекіслотную абарону. Пра гэта сведчыў, напрыклад, лётчык Іван Пстыга, будучы маршал авіяцыі:

«Мне даручылі весці новую шасцёрку Су-2. Адбамбілі, павярнулі да свайго аэрадрома, і тут нас сустрэлі «Месершміты». Штурман Дзямешкін збіў аднаго. Астатнія люта накінуліся на нас. І пачалі неміласэрна «барабаніць» па нашых Су. Самалёт гарыць, але ляціць. «Месеры» страляюць, самалёт моцна пабіты, весці падпаленую машыну цяжка, але ляцім…». 

Але бывалі і канфузы. З-за незвычайнага выгляду на пачатку вайны Су-2 быў памылкова збіты легендарным савецкім лётчыкам — Аляксандрам Пакрышкіным. Паколькі ён паступіў на ўзбраенне толькі-толькі, а выглядам быў зусім не падобны да іншых савецкіх самалётаў, то ас прыняў яго за варожы «Месершміт».

А ў 1943 годзе цалкам прайшоў дзяржаўныя лётныя выпрабаванні ўжо новы штурмавік канструктарскага бюро — Су-6. Акт выпрабаванняў засведчыў перавагі распрацоўкі Сухога над да таго часу ўжо легендарным Іл-2: у ім былі вышэйшыя і максімальная хуткасць, і хуткаўздымнасць, і максімальная вышыня, і далёкасць палёту. Праўда, нягледзячы на рэкамендацыю, запусціць новы самалёт у серыйную вытворчасць было немагчыма: перабудова вытворчасці ў ваенных умовах была рызыкоўнай справай.

Зробленыя, каб быць легендай

Сапраўдны росквіт канструктарскай творчасці нашага земляка прыпаў на пасляваенныя гады, на эру рэактыўнай авіяцыі. Пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны Су-9 — адзін з першых самалётаў з трохкутным крылом і першы ў свеце ўсепагодны звышгукавы вышынны знішчальнік-перахопнік, створаны як складовая частка комплексу для перахопу. 

У 1956-м гэты самалёт, паказаны на паветраным парадзе ў Маскве, зрабіў такое вялікае ўражанне на сусветную авіясупольнасць, што ў замежным друку Сухога сталі называць «канструктарам, які выйшаў з ценю». Менавіта гэты самалёт адзначыўся ў інцыдэнце з вышынным амерыканскім разведчыкам U-2 Фрэнсіса Гэры Паўэрса ў 1960 годзе. Новенькі Су-9, які пераганяўся ў той момант з завода ў 61-ы знішчальны авіяполк — цяперашнюю авіябазу ў Баранавічах, — быў падняты па трывозе з задачай тараніць парушальніка паветраных межаў СССР на вышыні 20 км, без узбраення і без высотна-кампенсавальнага касцюма для пілота. Вядома, з бязглуздага загаду нічога не атрымалася, а разведвальны самалёт урэшце збілі зенітнай ракетай. 

Летась ля тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога ў Гомелі з’явіўся такі помнік. На пастаменце ў выглядзе ўзлётнай паласы стаіць знятая з узбраення зусім нядаўна (у 2012 годзе) знішчальная машына Су-24М. У Гомель яе прывезлі з Баранавіцкага авіярамонтнага завода. Фота Міхаіла Гута, Progomel.by.

Нашчадкам Су-9 з’яўляецца легендарны Су-15 з бакавымі паветразаборнікамі, які доўгі час складаў аснову супрацьпаветранай абароны СССР. Пра знішчальнік выказваўся маршал авіяцыі Яўген Савіцкі: «Каб зрабіў Павел Восіпавіч толькі адзін гэты самалёт — яго ўжо можна было б назваць выдатным канструктарам, а на ягоным рахунку колькі іншых высакакласных машын!»

Далей — больш. У 1966 годзе для забеспячэння неабходных характарыстык, якія патрабавалі дыяметральна супрацьлеглую форму крыла, Сухі першым выкарыстоўвае наватарскае рашэнне — крыло са змяняльнай геаметрыяй на новым самалёце, знішчальніку-бамбавозе Су-17.

Гэты легендарны самалёт і яго экспартныя версіі, Су-20 і Су-22, удзельнічалі ў шэрагу ваенных канфліктаў — пачынаючы з вайны Суднага дня ў кастрычніку 1973 года паміж Ізраілем і кааліцыяй арабскіх дзяржаў, якую падтрымліваў СССР. Пра паспяховасць машыны гаворыць той факт, што яе мадыфікацыю дагэтуль актыўна эксплуатуюць ВПС Польшчы. Менавіта такі самалёт-помнік цяпер стаіць на ўездзе ў горад Глыбокае як даніна памяці знакамітаму земляку. 

Пры жыцці геніяльнага канструктара былі створаныя суперсучасныя баявыя машыны — франтавы бамбавоз Су-24, які эксплуатаваўся да нядаўняга часу на аэрадроме Рось у Ваўкавыскім раёне, і штурмавік Су-25, што дагэтуль знаходзіцца на ўзбраенні беларускай 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы на самым старым, Лідскім, аэрадроме краіны. Нельга не ўзгадаць і высокаманеўраны шматцэлевы знішчальнік 4-га пакалення Су-27 — зорку ўсіх авіясалонаў свету, крылы якога доўга ахоўвалі неба Беларусі.

Рэінкарнацыя ўсіх самалётаў Паўла Сухога, Су-30СМ, у 2019 годзе знайшла сваю новую прапіску на беларускай зямлі. Эскадрылля з 12-ці набытых у Расіі самалётаў, па ацэнках беларускіх вайсковых экспертаў, будзе здольная выканаць тыя ж задачы, якія выконвалі 132 беларускія Су-27, Су-24, Су-25 і МіГ-29. У гэтым і ёсць загадка поспеху Сухога, які ўвесь час глядзеў у будучыню і самалёты якога заўжды апераджалі канкурэнтаў. 

Су-30 СМ 61 знішчальнай авіяцыйнай базы ў Баранавічах. Фота Барыса Наваграна, Nashkraj.by.

Авіяканструктар Алег Антонаў сказаў яшчэ: «Усе геніяльныя авіяканструктары, безумоўна, высокаадукаваныя людзі, а Павел Восіпавіч Сухі ў навуцы быў усё ж вышэй за нас усіх!» Пацвярджэнне гэтым словам — першы і адзіны ў Расіі перспектыўны шматфункцыянальны знішчальнік пятага пакалення Су-57, спраектаваны ў 2000-х спрадкаемцамі генія ў вопытна-канструктарскім бюро імя Сухога. 

Николай Ковалёв