Проект портала
Русь и Литва. Где заканчивалась одна и начиналась другая?
15.12.2020 / 22:46

Можно ли точно определить границы между Литвой и Русью? Пишет кандидат исторических наук Вячеслав Носевич.

Краявід каля Нягневіч пад Навагрудкам. Фота Андрэя Дынько.

Трагедыя «на мяжы Русі і Літвы»

У адной з сярэднявечных германскіх хронік, вядомай як «Кведлінбургскія аналы», ёсць запіс пра пакутніцкую смерць місіянера Бруна з Кверфурта і 18 яго спадарожнікаў, забітых язычнікамі. Адбылося гэта 9 сакавіка 1009 года недзе «на мяжы Русі і Літвы» («in confinio Rusciae et Lituae»). Гэтая дата — першая згадка пра Літву ў пісьмовых крыніцах.

Дакладнае месца, дзе адбылося тое забойства, сёння высветліць ужо немагчыма, але несумненна, што смерць Бруна прыняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Чаму мы ў гэтым упэўненыя? Ды вельмі проста: уся тагачасная мяжа Літвы з Руссю праходзіла па нашай цяперашняй тэрыторыі. А вось дзе дакладна праходзіла тая мяжа і што ўяўлялі сабой Літва і Русь па абодва яе бакі? 

Русь і Літва ў летапісах

Стваральнік славутай «Аповесці мінулых гадоў» кіеўскі манах Нестар зафіксаваў на яе старонках уяўленні свайго часу пра тое, якія народы засялялі Усходнюю Еўропу, на якіх мовах размаўлялі і якое месца займалі ў палітычнай сістэме.

Менавіта гэтая частка яго твора выглядае найбольш аб’ектыўнай: калі ў сваіх аповедах пра мінулыя стагоддзі Нестар мог моцна памыляцца, то пра сучасны яму стан рэчаў паведамляў як відавочца. У тым ліку гэта тычыцца суадносін паміж Руссю і Літвой.

Літва згадваецца ўжо ў самым першым сюжэце «Аповесці», прысвечаным рассяленню нашчадкаў біблейскага патрыярха Ноя. Ва ўяўленні адукаваных людзей таго часу еўрапейскія народы паходзілі ад малодшага Ноевага сына Яфета (Афета). Паводле Нестара, «в Афетове же части седять русь, чюдь и вси языци: меря, мурома, весь, моръдва, заволочьская чюдь, пермь, печера, ямь, угра, литва, зимегола, корсь, летьгола, любь». Гэты пералік не выпадковы: у ім згрупаваныя народы, што ўваходзілі ў палітычную сістэму дзяржавы Рурыкавічаў, якая звалася Руссю. 

Неўзабаве Нестар з невялікімі адрозненнямі паўтарае пералік пры апісанні лінгвістычнай сітуацыі. Спярша ён пералічвае ў складзе Русі народы са славянскімі мовамі ці дыялектамі («Се бо токмо словенескъ языкъ в Руси»), між імі — палачан і дрыгавічоў. А затым пералічваюцца «инии языци, иже дань дають Руси», у тым ліку і літва. Каб не пакінуць сумневу ў іх моўнай адметнасці ад славян, Нестар яшчэ раз падкрэслівае, што кожны з гэтых народаў «свой языкъ имуще».

Такім чынам, Нестар стварыў класіфікацыйную схему, у якой паняцце «Русь» мела, як мы б зараз сказалі, этнапалітычны сэнс: яно ахоплівала народы славянскай моўнай групы, якія падпарадкоўваліся дынастыі кіеўскіх князёў — нашчадкаў Рурыка. Славянамоўныя народы, якімі Рурыкавічы не кіравалі — ляхі (цяперашнія палякі), чэхі і іншыя, — да Русі не адносіліся. Народы ж з неславянскімі мовамі падзяляліся на падпарадкаваных (даннікаў) Русі і іншых, незалежных ад яе.

Гэтая схема была ўспрынятая ўсімі паслядоўнікамі Нестара, якія на працягу наступных стагоддзяў пачыналі з «Аповесці мінулых гадоў» уласныя летапісы. Так было ў Наўгародскай зямлі, Галіцка-Валынскім княстве, у Залессі, якое ператварылася пазней у Вялікае Княства Маскоўскае. Урыўкамі з «Аповесці» пачынаюцца і створаныя ў другой палове XV — першай палове XVI стагоддзяў беларуска-літоўскія летапісы агульнарускай традыцыі.

Погляд з Захаду

На Захадзе быў створаны невялікі геаграфічны трактат пад назвай «Апісанне земляў» («Incipiunt descriptiones terrarum»), што захаваўся ў так званым Дублінскім рукапісе другой паловы ХІІІ стагоддзя. Яго часта прыгадваюць у сувязі з першай згадкай Белай Русі, якая, аднак, сучаснай Беларусі не тычыцца. Але затое яе тычацца іншыя звесткі. 

Аўтар «Апісання», як і пацярпелы за веру Бруна, быў у свой час місіянерам. Ён паведамляе, што непасрэдна на ўсход ад Польшчы і Прусіі, у напрамку Русі, знаходзілася Яцвязь (Jetwesya), у якой ён асабіста прапаведаваў веру Хрыстову. Адтуль на поўнач — зямля куршаў і варожая да хрысціянскіх місіянераў Жамойць (Samoita), «у якой ніколі не прапаведавалася без мяча», а на ўсход ад апошняй — сумежная з Руссю Літва (Lectauie). Аўтар сцвярджае, што асабіста прысутнічаў на каранацыі Міндоўга, што адбылася ў 1253 годзе. 

Тып керамікі з шурпатай паверхняй, характэрны для старажытных балтаў. Фота Вячаслава Насевіча з археалагічнага музея ў Кярнаве, 2003 год.

Літва ў вузкім і шырокім сэнсе

Цікава, што аўтар «Апісання» лічыў самастойнымі народамі не толькі літоўцаў, яцвягаў і жамойтаў, але і жыхароў Нальшчан (Nalsani). Ён адзначыў, што, у адрозненне ад жамойтаў, астатнія тры народы прыхільныя да хрысціянства, бо «ад самай калыскі ўзгадаваныя хрысціянскімі карміцелькамі». А вось у больш раннім пераліку Нестара як самастойныя народы («языцы») выступаюць прусы, куршы (корсь) і насельнікі сучаснай Латвіі (зімігола, летыгола, любь), а Яцвязі, Жамойці і Нальшчанаў няма. У яго разуменні яны яўна паглыналіся назвай «Літва», і тлумачэннем можа быць тое, што гэтыя землі знаходзіліся ў палітычнай залежнасці ад яе. 

Сапраўды, у летапісным паведамленні 1229 года выступае група «літоўскіх князёў», якія валодалі Жамойцю, Нальшчанамі, а таксама іншымі адзінкамі, вядомымі і з крыніц Лівонскага ордэна (Дайнавой, Дзевалтвой). Прытым адна група князёў, відавочна суродзічаў, названа «старэйшымі», і ў яе складзе прыгаданы будучы кароль Літвы — Міндоўг. З гэтага вынікае, што правадыры іншых адзінак падпарадкоўваліся «старэйшым», уладарам уласна Літвы ў вузкім сэнсе. 

Бо была і Літва ў сэнсе шырокім: так называлася ўся тэрыторыя, на якую распаўсюджвалася старэйшынства літоўскіх уладароў. Гэтаксама як і Руссю лічыліся ўсе землі, падуладныя Рурыкавічам, у той час як вакол Кіева і Чарнігава існавала Руская зямля ў вузкім сэнсе. Пазней, пры Міндоўгу і яго пераемніках, назва «Літва» такім самым чынам пашырылася на падуладныя ім рускія землі — рэшту сучаснай Беларусі.

Курганы і паселішчы

Месцазнаходжанне і межы Літвы ў той час можна ўдакладніць з дапамогай археалагічных матэрыялаў, у першую чаргу пахавальных звычаяў. На Русі звычай спалення нябожчыкаў выйшаў з ужытку пасля прыняцця хрысціянства ў канцы Х стагоддзя. Памерлых звычайна хавалі пад курганом, пазней (з XIII—XIV стагоддзяў) — у простай яме, галавой на захад. Не вітаўся ў хрысціянскім асяроддзі і звычай класці ў магілу шматлікія рэчы, асабліва зброю. 

Літва ж, нягледзячы на сваю неварожасць хрысціянству, заставалася язычніцкай да канца XIV стагоддзя. Там нябожчыкаў працягвалі спальваць увесь час, пакуль практыкавалася насыпанне курганоў.

Часта курганы абкладалі вянцом з вялікіх камянёў. У багатыя мужчынскія пахаванні клалі дзіды і баявыя сякеры з характэрным вузкім лязом. Вельмі адметнай рысай было пахаванне коней, якіх альбо спальвалі разам з гаспадаром, альбо клалі побач, часам у асобным кургане, няспаленымі. На Русі, як і ў іншых славянскіх краінах, такі звычай не сустракаўся. 

Каменная абкладка ўсходнелітоўскага кургана, выяўленая літоўскімі археолагамі Яўгеніяй Буцянене і Броне Таўтавічэне падчас раскопак у 1980 годзе. Фота з кнігі A Hundred Years Of Archaeological Discoveries In Lithuania. Vilnius, 2016.

Не так выразна, але адрозніваюцца і знаходкі на месцы колішніх паселішчаў. Своеасаблівай «візітоўкай» насельнікаў Русі з’яўляюцца прасніцы з характэрнага ружовага сланцу, які здабываўся ў радовішчах недалёка ад Кіева, пад Оўручам. Іх знаходзяць на кожным буйным археалагічным помніку. Таксама прысутнічае вялікая колькасць фрагментаў ад рознакаляровых шкляных бранзалетаў, мода на якія прыйшла з Візантыі і была пашыраная паўсюдна на Русі. У Літве ж бранзалеты былі металічнымі, сустракаюцца зусім іншыя тыпы скроневых кольцаў, зброі і г. д. Паверхню керамічнага посуду там часта наўмысна рабілі суцэльна шурпатай, хоць ужывалі і запазычаны з Русі гладкасценны посуд, выраблены на ганчарным коле. 

На падставе археалагічных звестак можна ўпэўнена сцвярджаць, што тыповы для Русі набор культурных рысаў прадстаўлены ў Полацку, Тураве, Менску і іншых беларускіх гарадах, вядомых паводле рускіх летапісаў. У іх ваколіцах заўжды ёсць курганныя могільнікі са славянскімі пахавальнымі рысамі, а дзе-нідзе вывучаныя і сельскія паселішчы. Крайнімі пунктамі з’яўляюцца Горадна (Гродна), Турыйск (горад, а цяпер вёска ў Шчучынскім раёне — не так далёка ад Ліды), Новагародак (Навагрудак), Заслаўе, Браслаў.

Язычніцкая Літва пачыналася ў ваколіцах Ліды, Ашмян, азёраў Свір і Нарач. Яна цягнулася адтуль на паўночны захад, да ракі Швянтоі ў сучаснай Літоўскай Рэспубліцы. Археолагі звязваюць яе з культурай усходнелітоўскіх курганоў. На поўнач ад Горадна і Новагародка, а дзе-нідзе і ў іх ваколіцах, сустракаюцца рысы адрознай культуры, якая працягвалася ў кірунку сучасных Сувалкаў на тэрыторыі Польшчы. Там панаваў іншы пахавальны абрад: курганы даволі рана зніклі зусім, нябожчыкаў хавалі проста ў магільнай яме. Прытым яе не толькі абкладалі камянямі, а часта нават насыпалі зверху каменны насціл. Адсюль і назва — культура каменных магіл. 

Шыферныя прасніцы з радовішчаў пад Оўручам недалёка ад Кіева — своеасаблівая візітоўка насельнікаў Русі. Фота Cult-And-Art.net.

З арэалам каменных магіл даследчыкі звязваюць Яцвязь, іншай назвай якой лічаць Дайнаву, а з усходнелітоўскімі курганамі — Нальшчаны. А вось Літву ў вузкім сэнсе, радавую вотчыну Міндоўга, пакуль не ўдаецца пераканаўча звязаць з археалагічнымі адметнасцямі. Магчыма, яна прыходзілася якраз на памежную зону, дзе змешваліся носьбіты культур каменных магіл і курганоў.

Выразнай мяжы няма

Такім чынам, першапачатковая Літва знаходзілася па абодва бакі ад сучаснай мяжы Рэспублікі Беларусь з Літоўскай Рэспублікай. Яна ахоплівала паўднёва-ўсходнюю палову сённяшняй Літвы і паўночную частку сучаснай Гродзенскай вобласці. Прытым літоўскія рысы археалагічна прасочваюцца і ў паўднёвай частцы Гродзенскай вобласці, на паўночным захадзе Мінскай і на захадзе Віцебскай. А практычна няма іх, дарэчы, якраз на большай частцы таго пасу паміж Слонімам і Мінскам, дзе ў свой час спрабаваў лакалізаваць летапісную Літву Мікола Ермаловіч. 

Паміж археалагічнымі арэаламі Русі і Літвы няма выразнай мяжы. Каменныя канструкцыі ў пахаваннях сустракаюцца і разам з тыпова славянскімі рэчамі, але пераважна на захадзе Беларусі. Далей на ўсход яны паступова знікаюць.

І наадварот, пры раскопках усіх буйных паселішчаў у Літве знаходзяць сведчанні прысутнасці там выхадцаў з Русі — настолькі, што яны часам выглядаюць славянскімі анклавамі ў мясцовым асяроддзі. Прытым найбольш выразныя яны там, дзе пазней узніклі палітычныя цэнтры Літвы — Крэва, Кернаў, Вільня (падрабязней пра гэта гл. артыкул Алега Дзярновіча «Жыццё да Міндоўга: як выглядала ранняя Літва» ў № 4/2020 «Нашай гісторыі»). 

Гэта добра суадносіцца з паведамленнем Нестара, што на пачатку ХІІ стагоддзя Літва знаходзілася ў данніцкай залежнасці ад Русі. На той час анклавы могуць адпавядаць апорным пунктам, праз якія рускія князі забяспечвалі збор даніны. Вызваліўшыся ад залежнасці, літоўскія князі там жа будавалі свае рэзідэнцыі, скарыстоўваючы больш высокі цывілізацыйны досвед рускіх перасяленцаў. Там жа яны размяшчалі і палонных («карміцелек»), захопленых у набегах на Русь.

Перасяляліся людзі і ў адваротным кірунку — з Літвы на Русь. Калі яцвяжскія землі пачалі трапляць пад уладу Тэўтонскага ордэна, шматлікія ўцекачы адтуль знаходзілі прытулак у рускіх княствах Панямоння. У летапісе паведамляецца, што ў 1276 годзе адзін з пераемнікаў Міндоўга, вялікі князь Трайдзень, пасяліў у ваколіцах Горадна і Слоніма нават уцекачоў з Прусіі. Сяліліся прускія палонныя і ўцекачы на беларускіх землях і пазней. Галіцка-валынскія князі ставіліся да такіх перасяленцаў непрыхільна («абы земле не падсядалі»). Таму можна сцвярджаць, што масавыя міграцыі сталі магчымымі толькі на рускіх землях, падуладных ВКЛ. 

Характэрныя ўпрыгожанні Літвы. Экспазіцыя археалагічнага музея ў горадзе Кярнаве. 2003 год. Фота аўтара.

Рэшту цяперашняй Літоўскай Рэспублікі ў той час займалі археалагічныя культуры, у цэлым блізкія да ўсходнелітоўскай, але з іншымі тыпамі пахаванняў і ўпрыгожанняў. Частка з іх мае працяг на тэрыторыі сённяшняй Латвіі. З імі можна звязаць народы, неаднаразова прыгаданыя ў тагачасных рускіх і заходніх крыніцах: жамойтаў, скалваў, куршаў і земгалаў.

Урэшце іх лакальныя назвы былі паглынутыя шырокім, палітычным сэнсам назвы Літва — гэтак жа, як перасталі згадвацца крывічы і дрыгавічы ў складзе Русі. Іх нашчадкамі з’яўляецца значная частка сённяшніх літоўцаў. Але да этнагенезу беларусаў ні куршы, ні жамойты адносінаў не мелі — у адрозненне ад яцвягаў, нальшчанцаў і Літвы ў вузкім сэнсе.

У летапісах ёсць шэраг згадак, якія ўдакладняюць адносіны паміж Рурыкавічамі (у тым ліку іх полацкай галіной) і Літвой на працягу ХІ—ХІІ стагоддзяў, адзначаюць паступовае вызваленне Літвы ад данніцкай залежнасці і ператварэнне ў самастойную палітычную сілу. А пры Міндоўгу рускія землі пачала падпарадкоўваць ужо Літва. Гэта стала пачаткам Вялікага Княства Літоўскага і Рускага — сапраўднай калыскі сучасных Беларусі і Літвы. Што было далей — заслугоўвае асобнай размовы.

Вячеслав Носевич