Проект портала
Тайны Так где же искать сокровища Радзивиллов?
05.01.2021 / 18:40

Среди многих ценностей Несвижского дворца самыми таинственными являются 12 золотых фигур в человеческий рост. Существовали ли они и где их искать, разбирается кандидат исторических наук Сергей Рыбчёнок.

Горад Радзівілаў і іх адноўлены замак. Shutterstock.com, by Lobachad.

Тэма «скарбца» князёў Радзівілаў апошнім часам стала вельмі папулярнай: пра яго пішуць краязнаўцы, расказваюць экскурсаводы ў Нясвіжы і Міры, яму прысвечаны крымінальна-прыгодніцкі серыял «Сляды апосталаў» (2013). Новыя версіі пра схаваныя скарбы множацца як грыбы пасля дажджу. А што ж нам кажуць пра сляды радзівілаўскіх скарбаў архіўныя дакументы?

Скарбец

У Радзівілаў было шмат розных багаццяў. Але сёння пад скарбцам разумеюць не проста рэчы для ўпрыгожвання замка, а вельмі каштоўныя і рарытэтныя прадметы. Фамільнае срэбра, так бы мовіць.

Ужо з XVII стагоддзя князі Радзівілы пачалі ўсведамляць сябе часткай еўрапейскай арыстакратыі, роўнай паводле статусу прынамсі курфюрстам Святой Рымскай імперыі. Садзейнічалі гэтаму шлюбы, прыкладам, дачкі Багуслава Радзівіла (гл. пра яго артыкул Кірыла Карлюка ў № 4/2018 «Нашай гісторыі») Людвікі-Караліны спачатку з Людвікам, князем брандэнбургскім, а пасля з Карлам-Філіпам Нойбургскім. Іншы Радзівіл, канцлер ВКЛ Караль Станіслаў, быў па маці пляменнікам караля Рэчы Паспалітай Яна ІІІ Сабескага.

Адпаведна, Радзівілы пераймалі бляск, узоры, традыцыі еўрапейскіх двароў і ўкаранялі іх у сваіх рэзідэнцыях. Менавіта тады, у 2-й палове XVII стагоддзя, у іх і нарадзілася думка пра скарбец Нясвіжскай ардынацыі, які б не быў уласнасцю нейкага асобнага князя, але, як і сама ардынацыя, пераходзіў у спадчыну наступнаму ардынату.

Тое, што да канца XVII стагоддзя ў Нясвіжы склаўся і існаваў такі скарбец, вядома дакладна, бо захаваўся яго інвентар. Там былі рэчы не толькі каштоўныя, але і збольшага сімвалічныя, значныя для славы роду. Да такіх у згаданым інвентары залічваліся шабля, падараваная каралём Жыгімонтам Аўгустам Мікалаю Радзівілу Чорнаму; меч ад імператара Максіміліяна І, атрыманы разам з княскім тытулам, нададзеным роду Радзівілаў у 1518 годзе; кніга з партрэтамі ўсіх Радзівілаў і шмат іншых сямейных рэліквій, якія сведчылі пра ўплывовасць іх уладальнікаў.

Залатыя апосталы. Ці срэбныя?

Згадкі пра таямнічых залатых апосталаў, якія нібыта захоўваліся ў скарбцы Радзівілаў, пачалі з’яўляцца ўжо ў ХІХ стагоддзі. У першапачатковых вопісах ніякіх апосталаў не было, але гэта не значыць, што іх не існавала зусім: яны маглі далучыцца да радзівілаўскай калекцыі пазней.

Адным з першых пра апосталаў напісаў пісьменнік Юльян Урсын Нямцэвіч (1758—1841). У яго мемуарах ёсць радкі, якімі ён хацеў ахарактарызаваць лад жыцця магнатаў, у прыватнасці славутага Караля Станіслава Пане Каханку: «Слаўны быў радзівілаўскі скарбец, ён утрымліваў, апроч дарагіх багатых прадметаў, 12 апосталаў у 2 стапы вышынёй (каля 58 см), вылітых з чыстага золата». Праўда, сам Нямцэвіч тых апосталаў ніколі не бачыў і толькі пераказаў словы нейкага прыяцеля.

Меч Яна ІІІ Сабескага, 1676 год. Радзівілы ганарыліся сваяцтвам з польскім каралём, таму захоўвалі гэтую рэліквію ў сваім скарбцы. Цяпер меч з похвай і пояс да іх экспануюцца на Вавелі ў Кракаве.

Цікавыя нататкі пра Нясвіж часоў Пане Каханку пакінуў мемуарыст Амброзі Вэйля. Яны былі надрукаваныя ў віленскім часопісе «Athenaeum» у 1845 годзе. Вэйля амаль нічога не напісаў пра сам скарбец (не бачыў яго), а толькі адзначыў, што ў ім былі 12 апосталаў — невядома, ці то срэбных, ці то залатых.

У 1841—1844 гадах у радзівілаўскай масе (так звалася эканамічная ўстанова ардынацыі) працаваў архівістам малады літаратар Людвік Кандратовіч, больш вядомы як Уладзіслаў Сыракомля. Ён мог не толькі чуць некаторыя нядаўнія апавяданні, але і пазнаёміцца з дакументамі Нясвіжскага архіва. Свае нататкі Сыракомля перадаў сябрам для публікацыі ў кнізе «Старажытная Польшча» (1846). Там, між іншым, былі такія словы:

«Іншымі часткамі замка былі … скарбец, у якім былі складзеныя найкаштоўнейшыя прадметы і памяткі, кляйноты, каштоўныя шаблі, маршалкоўскія булавы і ляскі, срэбра, каштоўная зброя, нумізмата, макаты (шпалеры), дарагія каберцы (дываны), зэгары (гадзіннікі) і г. д. Меўся быць яшчэ таемны скарбец, аб якім ведаў толькі ардынат і адзін са старых слуг, абавязаны прысягай да захоўвання таямніцы. У ім, як апавядаюць, знаходзіліся між іншым: статуі 12 апосталаў, літыя з чыстага срэбра ў натуральную велічыню, і многа рэчаў з чыстага золата».

Амаль адначасова з Сыракомлем пра апосталаў згадаў і этнограф Павел Шпілеўскі:

«Быў яшчэ іншы скарбец — патаемны, пра які ведалі толькі самі Радзівілы і іх давераны слуга; там, кажуць, паміж іншым, былі каласальныя выявы дванаццаці апосталаў, вылітыя з чыстага срэбра. Народ сцвярджае, што гэтыя выявы дагэтуль захоўваюцца ў зямлі, але дзе менавіта, не ведае». 

Захаваліся і іншыя храналагічна пазнейшыя згадкі па тэме, якія мы тут не прыводзім. Бо ўсе гэтыя «відавочцы», як мы разумеем, ніякіх статуй апосталаў на ўласныя вочы не бачылі, а таму іх апісанні, хоць розняцца памерамі, матэрыялам і іншымі дэталямі, не з’яўляюцца гістарычнымі сведчаннямі.

Тым не менш давайце пашукаем аснову для ўсіх гэтых чутак і аповедаў.

Шукайце езуітаў

Апошні нясвіжскі ардынат князь Дамінік Геранім Радзівіл, пры якім скарбец разам з меркаванымі апосталамі яшчэ існаваў, нарадзіўся ў 1786 годзе. Бацька ягоны памёр у год нараджэння сына. А дзядзька, Караль Станіслаў Пане Каханку, перадапошні ардынат, пакінуў гэты свет у 1790-м. Пане Каханку адзначыўся ў гісторыі даволі марнатраўным ладам жыцця і пакінуў пляменніку шмат пазык. Да таго ж Дамінік, пакуль быў непаўналетнім, знаходзіўся пад апекай, і апекуны таксама пажывіліся за кошт ардыната. У ліпені 1804-га Дамінік стаў паўналетнім і ўступіў у правы валодання Нясвіжскай ардынацыяй і іншымі маёнткамі. На гэты час агульны кошт маёнткаў ацэньвалі ў 200 мільёнаў злотых. Запазычанасці таксама складалі значную суму — да 50 мільёнаў.

Малады і рамантычны палкоўнік войска Вялікага герцагства Варшаўскага Дамінік Радзівіл. Wikimedia Commons.

1 снежня 1808 года служэбнікі князя Дамініка пачалі рэвізію нясвіжскага скарбца. Князь хацеў зразумець, чым ён валодае і што з гэтага можна прадаць ці пераплавіць у золата, каб паправіць становішча. Рэвізоры перагледзелі кожную рэч і старанна занатавалі ўсё, нават наяўнасць іржы на прадметах зброі. Рэвізія доўжылася 5 месяцаў.

Найбольшую цікавасць з матэрыялаў рэвізіі для нас уяўляе частка калекцыі пад назвай «Цыборыум Святога Міхала». Менавіта тут нарэшце згадваюцца апосталы:

«… срэбныя дзверцы да таго ж цыборыума ў дзвюх штуках, якія раскрываюцца папалам, са срэбнай бляхі з палюдаментам і пазалочанымі кутасамі, штук — 2; фігуры, для ўпрыгожвання тых жа дзверцаў, срэбныя, пазалочаныя, менавіта: Хрыстос са святым Янам, схіленым на яго плячо, фігуры двух сядзячых апосталаў з пазалочанымі шатамі, двух апосталаў у фігуру па грудзі з пазалочанымі шатамі, трыма галовамі апосталаў з часткова пазалочанымі шатамі і срэбная галава Юды, усіх — 11». 

Тут мусім патлумачыць, што такое цыборыум (ці цымборыум). У сціслым значэнні гэта шафа, дзе захоўваецца чаша для прычасця. У шырокім сэнсе — гэта своеасаблівая канструкцыя з рознымі аздабленнямі, якая будавалася вакол галоўнага алтара. Гэта значыць, што апосталы, пра якіх гаворыцца ў дакуменце, з’яўляліся часткай дэкарацыі да дзверак цыборыума ў касцёле Святога Міхала.

Касцёл Святога Міхала месціўся за чвэрць мілі за межамі горада на гары. Яшчэ Мікалай-Крыштоф Радзівіл Сіротка збудаваў там капліцу, якую перадаў нясвіжскім езуітам. А касцёл збудаваў на месцы капліцы гетман Ян-Караль Хадкевіч. Хутка вакол яго разросся цэлы ансамбль, пакуль усё не спляжылі шведы ў 1706-м.

У адбудове святыні ўзяў удзел Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, які, у прыватнасці, у 1736 годзе прафундаваў унутранае начынне і аздабленне адноўленага касцёла Святога Міхала. Менавіта тады, на нашу думку, на загад Рыбанькі і з яго срэбра быў зроблены ўвесь цыборыум, у тым ліку і скульптуры апосталаў.

У жніўні 1773-га папа рымскі ліквідаваў ордэн езуітаў. Неўзабаве пасля таго галоўны нясвіжскі езуіцкі храм пад тытулам Божага Цела пераўтварылі ў фарны (парафіяльны), калегіум — у павятовую школу, а касцёл Святога Міхала проста зачынілі. Ад’язджаючы з Нясвіжа, езуіты вярнулі ласкавым гаспадарам усе касцельныя рэчы. Такім шляхам у радзівілаўскія скарбцы і патрапілі таямнічыя апосталы. Якія былі хоць і не з золата і не ў чалавечы рост, але ўсё ж каштоўнасцю.

Разрабаванне скарбца

У снежні 1810-га Дамінік Радзівіл уступіў у войска Вялікага герцагства Варшаўскага (яно знаходзілася пад пратэктаратам Напалеона). Ён ахвяраваў значныя грашовыя сумы на войска Варшаўскага герцагства, ды і сам узначаліў адзін з яго палкоў. Удзельнічаў Дамінік і ў паходзе Напалеона на Маскву, які вядома як закончыўся. Гэта і прадвызначыла лёс радзівілаўскіх маёнткаў і ардынацкага скарбца.

Двор Нясвіжскага замка. Аматары гісторыі мяркуюць, што недзе тут дагэтуль ляжаць радзівілаўскія каштоўнасці. Wikimedia Commons.

30 кастрычніка 1812-га ў Нясвіж увайшлі першыя рэгіменты расійскай арміі адмірала Паўла Чычагава. Пачуўшы ад мясцовых габрэяў, што Радзівілы хаваюць вялікія скарбы, уланскі палкоўнік Карл Кнорынг заявіўся ў замак, адабраў у дазорцы замка ключы, а самога яго пасадзіў у вязніцу. Даволі хутка радзівілаўскі служка, баючыся катаванняў, расказаў, якую сцяну зламаць, каб дабрацца да прыхаваных каштоўнасцяў. 

Захоплены скарбец склалі на некалькі дзясяткаў брычак і звезлі. Менш каштоўныя прадметы яшчэ тры дні вытрасалі з замка жаўнеры і мясцовыя габрэі. Праз нейкі час сквапны генерал Сяргей Тучкоў (падначалены Чычагава, які цалкам захапіў ініцыятыву ў рабаванні, адсунуўшы ўбок Кнорынга) са сваім корпусам зноў завярнуў у Нясвіжскі замак, пасадзіў Бургельскага за краты і загадаў марыць голадам, пакуль той не адкрые новых сховішчаў. 

Але сховішчаў больш не было… 

Куды падзеўся скарбец?

Па рапарце-скарзе, які дазорца замка Альберт Бургельскі падаў 5 студзеня 1813 года, завялі крымінальную справу. Загадам фельдмаршала Міхаіла Кутузава Тучкоў быў вызвалены ад пасады і аказаўся пад следствам. Але ў выніку ў дзеяннях генерала-рабаўніка ніякіх сур’ёзных злоўжыванняў не знайшлі, і пад гэтым падпісаўся сам імператар. 

Бургельскі пражыў яшчэ каля 13 гадоў. У 1822-м улады канфіскавалі ў яго куфар срэбра (відавочна з рэшткаў княжацкага), якое пералічылі па курсе на выплату радзівілаўскіх пазык. У тым жа 1822-м спадчынніца роду Радзівілаў, дачка князя Дамініка княжна Стэфанія Вітгенштэйн, таксама паспрабавала атрымаць адказы ад былога дазорцы. У снежні 1825-га Бургельскі нарэшце прадставіў радзівілаўскай масе свае дакументы, але яны Стэфанію не задаволілі, і яна выклікала былога дазорцу ў суд. Бургельскі неўзабаве памёр, а адказваць давялося яго дзецям. Справа зацягнулася да 1833-га і скончылася, падобна, безвынікова.

Пра лёс вывезеных расійскай арміяй скарбаў доўга не было яснасці. Пасля адшукаўся загад адмірала Чычагава, у якім ён распарадзіўся старажытныя манеты адправіць у Харкаўскі ўніверсітэт, царкоўныя рэчы — у Маскоўскі сабор, найбольшыя каштоўнасці перадаць у Міністэрства фінансаў, а астатняе прадаць. 

На самай справе, калекцыю напаткаў іншы лёс. Як бачна з даклада Аўдытарыяцкага дэпартамента (гэта ўстанова займалася разглядам скаргаў), рэчы калекцыі знаходзіліся спачатку ў Мінску, потым іх даставілі ў нямецкі горад Бромберг (цяперашні польскі Быдгашч) для аўкцыёну. Потым, пасля даклада Кутузава імператару, манарх загадаў даставіць усе рэчы без выключэння міністру фінансаў.

Залаты крыж у зборах Нясвіжскага замка. Царкоўных прадметаў было нямала і ў радзівілаўскім скарбцы. Shutterstock.com, by Bestphotostudio.

Пазней радзівілаўскія скарбы (відавочна, з ведама імператара) размеркавалі паміж рознымі музеямі і сховішчамі Расіі. Большасць прадметаў апынулася, падобна, у Эрмітажы. Дакладна вядома, што ў пачатку ХХ стагоддзя Радзівілы адшукалі па друкаваных каталогах некаторыя свае рэчы ў Збройнай палаце і Румянцаўскім музеі.

Пасля савецка-польскай вайны 1919—1921 гадоў і падпісання Рыжскай мірнай дамовы Польшчы перадалі асобныя прадметы з былога радзівілаўскага скарбца, у тым ліку меч і капялюш, падараваныя папам рымскім каралю Яну ІІІ Сабескаму. Яны захоўваюцца сёння ў калекцыях Вавельскага замка ў Кракаве. Гэта адзіныя вядомыя на сёння рэшткі «скарбца трох каралёў», як называлі сваю калекцыю самі Радзівілы.

Ёсць, праўда, гісторыкі-аматары, якія думаюць па-іншаму. Што быў яшчэ адзін скарбец, у якім былі схаваныя менавіта апосталы і іншыя самыя вялікія каштоўнасці. І што ён не адшуканы да сёння…

Але падаецца, што чычагаўскія ваякі ўсё ж забралі не толькі ўсю больш-менш каштоўную рухомасць, што мелася ў замку, але і выкапалі з зямлі згаданы таемны скарбец. А ў нясвіжскай зямлі можна сапраўды знайсці многа іншых цікавых артэфактаў. Толькі няхай лепш гэтым займаюцца прафесійныя археолагі.

Сергей Рыбчёнок