Проект портала
Тайны Как повстанцы 1863—1864-х подрывали империю фальшивыми купюрами
03.12.2020 / 21:53

У другой палове 1860-х выраб фальшывых расійскіх купюр дасягнуў нечуваных маштабаў. Гэта не было выпадковасцю, пішуць гісторыкі Вітольд Ханецкі і Ірына Завадская.

Юзэфіна Дабравольская. Фота канца 1860-х.

Той раніцай Юзэфіна ўсюды заўважала благія знакі. Выходзячы з цягніка, яна адзначыла, што недзе згубіла пальчатку. Яшчэ ў дзяцінстве маці перасцерагала яе, што пальчаткі трэба трымаць навідавоку, варта згубіць адну — і назаўжды развітаешся з чалавекам, які табе даражэйшы за ўсіх.

Ступіўшы на перон, яна падняла вочы — і адразу ж перахапіла позірк худога незнаёмага чалавека, які, як ёй падалося, зусім не выпадкова апынуўся ў гэтым стракатым падарожным віры. І ў той жа момант Юзэфіна згадала, што на даху гатэля ў Льежы, дзе правяла пазамінулую ноч, бачыла вялікую чорную птушку — дакладна крумкач! Такая самая птушка сядзела на страсе іх дома ў Луцку ў дзень, калі памёр бацька…

«11 чэрвеня 1872 года на Вержбалоўскай мытні затрыманая пасажырка, якая прыбыла з-за мяжы і назвалася прускай падданай Лінаю Бірнбахер, а пры допыце аказалася шляхцянкай горада Вільні, паненкай Юзэфінай Дабравольскай. Пры асабістым надглядзе яе былі знойдзеныя расійскія фальшывыя крэдытныя білеты 10- і 50-рублёвай вартасці новага ўзору на суму 15 тысяч рублёў, якія, па словах яе, яна атрымала ад незнаёмай асобы ў Берліне для дастаўкі ў Вільню ў нумар 5 гатэля «Еўрапейскі» 13 чысла. Падчас пераводу яе з мытні на станцыю чыгункі быў знойдзены на печцы яшчэ пачак фальшывых крэдытных білетаў 50-рублёвай вартасці новага ж узору на 5 тысяч рублёў».

З гэтага запісу ў крымінальнай справе пад нумарам 339 распачаўся імклівы кар’ерны ўзлёт маёра Усевалада Смельскага. На той час — ваеннага начальніка Ваўкавішскага павета Сувалкаўскай губерні. Менавіта ён на працягу ўсяго наступнага года праводзіў допыты паненкі, празмерная нервовасць якой падчас мытнага надгляду ў тым фатальным чэрвені і справакавала яе затрыманне. 

Ужо ў 1875-м Смельскага прызначылі чыноўнікам асобых даручэнняў пры санкт-пецярбургскім граданачальніку. А яго напрацоўкі па барацьбе з фальшываманетніцтвам, назапашаныя падчас разблытвання сувязяў Юзэфіны Дабравольскай, сталі асновай для адпаведнай інструкцыі Міністэрства фінансаў (ёй даволі доўга карысталася расійская паліцыя). У адстаўцы ж, даслужыўшыся да генерал-лейтэнанта, Усевалад Ніканоравіч заняўся напісаннем мемуараў, з якіх бачна, што паўстанне 1863—1864 гадоў займала яго думкі да канца жыцця.

Прозвішчы, якія ён згадвае на старонках сваіх успамінаў, збольшага нам знаёмыя: удзельнікі паўстання і фальшываманетчыкі часцяком паходзілі з адных і тых жа сем’яў.

І хоць многім сваякам інсургентаў удалося тады выслізнуць з павуціння Смельскага, для Юзэфіны Дабравольскай сустрэча з ім скончылася катаргай. Праўда, каб даказаць яе віну, следству спатрэбілася амаль тры гады.

Хваля фальшывых крэдытак

У другой палове 1860-х гадоў Міністэрства фінансаў Расійскай імперыі зафіксавала трывожную з’яву: за нейкія тры гады, з 1862-га па 1865-ы, амаль у чатыры разы павялічылася выяўленая колькасць фальшывых дзяржаўных крэдытных білетаў. Каб гэтаму супрацьстаяць, царскі ўрад нават прыняў рашэнне мяняць дызайн сваіх грошай кожныя 10 гадоў. І ўжо напрыканцы 1860-х у крамах буйных расійскіх гарадоў перасталі прымаць 50-рублёвыя купюры, бо іх падраблялі часцей за ўсё. 

Праблема была сур’ёзная: да 1872 года сакрэтная служба канцылярыі ўсе таго ж Міністэрства фінансаў падлічыла, што на працягу 10 гадоў агульная сума канфіскаваных і знішчаных банкнотаў-фальшывак склала каля 30 мільёнаў рублёў. Асобна адзначалася, што якасць большай часткі гэтых банкнотаў была на такім дасканалым узроўні, што іх амаль немагчыма было адрозніць ад арыгіналаў. Фальшывыя расійскія грошы шырока разышліся не толькі па тэрыторыі імперыі, але і па сусветных фінансавых сталіцах, працягваючы выводзіць з раўнавагі грашовую сістэму царскай Расіі аж да 1890-х.

Фальшывы крэдытны білет на 10 рублёў узору 1863 года.

І гэта было незвычайнае эканамічнае злачынства, справакаванае тэхнічным прагрэсам — развіццём фатаграфіі і тыпаграфскага друку. Проста нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863—1864 гадоў фактычна працягвалася нашмат даўжэй. А галоўнай сілай, якая ўчыніла далейшую эканамічную дыверсію супраць Расійскай імперыі, сталі жонкі і ўдовы, дочкі і сёстры, маці і каханыя тых, хто загінуў за ідэю свабоды і незалежнасці нашага краю, патрапіў на катаргу і быў пазбаўлены ўсіх свабод і правоў.

Сціплая гувернантка з Вільні

Высветліць сапраўднае імя паненкі, далікатны стан якой быў спрэс абматаны фальшывымі грашыма, Смельскаму ўдалося даволі хутка. Хаця напачатку Дабравольская спрабавала ўдаваць з сябе дурнічку. Яна безупынна плакала і казала следчым, што банкноты, якія везла на сабе і ў дарожнай падушцы, згадзілася перадаць незнаёмай ёй Вільгельміне толькі таму, што яе папрасіла пра тое нейкая Стэфанія Ажынская. Маўляў, яны разам выхоўваліся ў віленскім пансіянаце, і Юзэфіна так узрадавалася іх нечаканай сустрэчы ў Берліне, што адразу згадзілася на «невялікую паслугу» сяброўцы.

Смельскі набраўся цярпення. Допыты былі штодзённымі, але максімальна мяккімі (Усевалад Ніканоравіч нават пакінуў сваім калегам пісьмовыя інструкцыі, што з жанчынамі-злачынцамі варта паводзіць сябе ветліва і нават ласкава). Юзэфіна тады нікога не выдала, але ўласнае прозвішча ўсё ж назвала. Следчым хапіла і гэтага.

Выявілася, што колькі тыдняў таму, пасля адмовы ў атрыманні замежнага пашпарта, сціплая гувернантка з Вільні Юзэфіна Дабравольская таемна перайшла мяжу і, наведаўшы Парыж, Берлін і Брусэль, дабралася да Льежа, дзе атрымала грошы для перапраўкі на тэрыторыю Расійскай імперыі. Фотаальбом, знойдзены пры ператрусе ў яе кватэры, таксама выглядаў больш чым падазрона. Значная частка людзей на тых картках аказалася паўстанцамі, сасланымі ў Сібір ці з тых, што перабраліся за мяжу. Прозвішчы некаторых былі вельмі гучнымі: князі Агінскія і Чартарыйскія, графы Белазоры і Плятэры, Тышкевічы, Пізані, Пётухі… Сярод іх трапіліся партрэты дзяцей Адама Міцкевіча, удавы Антона-Эдварда Адзінца, іншых сваякоў вядомых асоб.

Што ж вымусіла Юзэфіну захоўваць такі альбом? Простая дзявочая сентыментальнасць ці неабходнасць ведаць усіх у твар?

Фотаздымкі з канфіскаванага альбома Дабравольскай (усяго ў ім было 120 фота). Сярод іх — старэйшая дачка паэта Адама Міцкевіча Марыя, яе муж мастак Тадэвуш Гарэцкі, сыны паэта Юзаф і Уладзіслаў Міцкевічы.

Княгіня Агінская, у дзявоцтве Плятэр

Зрэшты, на момант затрымання Дабравольская была ўжо далёка не юнай. І, відавочна, зусім не дурнічкай. Ёй, дачцэ збяднелай княгіні і шляхціча, не прызнанага ў сваім шляхецтве расійскімі ўладамі, шляхцічы Пётухі-Кубліцкія, а пазней Пізані давяралі не толькі выхаванне ўласных дзяцей. Іх фінансавыя справы вяла таксама Дабравольская. Праз яе ішло і зашыфраванае ліставанне з эмігранцкімі і сасланымі сем’ямі, са сваякамі і сябрамі інсургентаў. 

Але перш за ўсё яна заставалася жанчынай. І тое, што следства не выведала ў самой Юзэфіны, яно дазналася праз яе каханка, мешчаніна Аўгуста Чайкоўскага.

Як высветлілася далей, тыя фальшывыя грошы Дабравольская сапраўды атрымала ад сяброўкі, з якой некалі разам вучылася. Толькі гэта была не міфічная Стэфанія, а княгіня Марыя Агінская, у дзявоцтве Плятэр, сястра «беларускай Жанны д’Арк» Эміліі Плятэр. А таемнай Вільгельмінай, якая чакала Дабравольскую ў Вільні, хутчэй за ўсё, магла быць яшчэ адна з сёстраў Плятэр — Эвеліна, у замужжы Галынская. Пераканаўча даказаць дачыненне Эвеліны да гэтай справы следства не здолела, але выявіла, што менавіта Марыя Агінская наладжвала перасылку фальшывых грошай праз расійскую мяжу і займалася вярбоўкай кур’ераў.

На сцэну выходзіць Малахоўскі

За ўсімі, хто трапіў пад падазрэнне паліцыі, усталявалі сакрэтны нагляд. У архівах Санкт-Пецярбурга захаваліся паліцэйскія рапарты на многіх мовах. Напрыклад, як паведамляла брусэльская паліцыя, «у чэрвені месяцы Дабравольская і Агінская сапраўды пражывалі ў Брусэлі, але нічога падазронага за імі заўважана не было, акрамя хіба толькі таго, што Дабравольская пастаянна хадзіла на пошту і атрымлівала нейкія лісты…».

Але адначасова ў справе з’яўляецца і новая асоба: Уладзіслаў Малахоўскі. Які, маўляў, «таксама вядзе жыццё рэгулярнае і ціхае… Гэты самы Малахоўскі, 34 гадоў, былы паручнік, інжынер шляхоў зносін, падчас паўстання 1863 года быў у польскай бандзе каля Вільні. Пазней жыў у Парыжы і нядаўна пасяліўся ў Брусэлі па вуліцы Ру дэ Мартэ нумар 1. Быў у пастаянных зносінах з Агінскай і, здаецца, дасылаў грошы мужу яе і яе сыну Генрыху…».

У 1872 годзе імя Уладзіслава Малахоўскага асабліва часта фігуруе ў паліцэйскіх рапартах. Расійскі афіцэр, выпускнік Пецярбургскага інстытута інжынераў шляхоў зносін, які падчас службы ў войску займаўся будаўніцтвам Паўночнай чыгункі, ён мог зрабіць бліскучую кар’еру. Але маладзён збочыў з роўнай дзяржаўнай дарогі, зрабіўся паплечнікам Кастуся Каліноўскага і ўмацаваў рэпутацыю мяцежніка няўдалым замахам на віленскага маршалка шляхты Аляксандра Дамейку. Малахоўскі збег за мяжу ў той час, калі Мураўёў-вешальнік дамогся для яго смяротнага пакарання і паабяцаў за ягоную галаву 10 тысяч расійскіх рублёў. 

Але пасля аказалася, што гэтая галава каштавала нашмат даражэй.

Уладзіслаў Малахоўскі (Леан Варнерке), канец 1890-х.

Таямніца лабараторый Варнерке

У сусветную гісторыю Уладзіслаў Юльянавіч Малахоўскі ўвайшоў пад фальшывым пашпартам з імем Леана Варнерке. У 1870-х ён праславіўся як вынаходнік прататыпу сучаснага «Кодака» і сябар вядомага хіміка Дзмітрыя Мендзялеева. Вядома, што Варнерке актыўна друкаваўся ў расійскіх і еўрапейскіх навуковых часопісах, сам вырабляў святлоадчувальную паперу для ўласных фотаапаратаў, здольных рабіць да сотні здымкаў запар. Філіялы фірмы «Варнерке і Ко» існавалі ў Парыжы, Брусэлі, Берліне, Санкт-Пецярбурзе… 

У 1882 годзе за выдатныя заслугі перад сусветнай фатаграфіяй Каралеўскае фатаграфічнае таварыства Вялікабрытаніі ўзнагародзіла яго медалём Прагрэсу. А неўзабаве Леан-Уладзіслаў атрымаў і брытанскае падданства (што, дарэчы, так і не ўдалося Карлу Марксу, нягледзячы на яго шматлікія хадайніцтвы).

І Агінская, і Малахоўскі жылі ў Францыі і Бельгіі не хаваючыся, пад сваімі сапраўднымі імёнамі. Але калі насуперак усім намаганням Смельскага навіну пра арышт Дабравольскай апублікавалі берлінская і варшаўская газеты, абое раптоўна зніклі з паліцэйскіх «радараў». Тым часам, як сведчаць рапарты Міністэрства фінансаў, за наступнае дзесяцігоддзе падпольныя фабрыкі па вырабе фальшывых грошай сталі выяўляцца ў Парыжы, Ніцы, Брусэлі, Жэневе, Берліне, Лондане і іншых еўрапейскіх гарадах, дзе дзейнічалі (вось нечаканае супадзенне!) фотаатэлье і лабараторыі Леана Варнерке.

Расійская паліцыя накіроўвала за мяжу ўсё новых тайных агентаў і чыноўнікаў надзвычайных даручэнняў, наладжвала супрацоўніцтва з замежнымі калегамі і наймала добраахвотных памочнікаў з ліку расійскіх беспрацоўных. Але фальшываманетчыкі пастаянна ўдасканальвалі сваё майстэрства. Што казаць, калі нават сёння пры дапамозе сучаснага абсталявання не кожны спецыяліст вызначыць падробку, якая выйшла з лабараторый Леана Варнерке!

Вялікая гульня Англіі?

На жаль, партрэт Марыі Агінскай у архіўнай справе Дабравольскай не захаваўся. Паліцыя канфіскавала яго з альбома Юзэфіны, каб растыражаваць і разаслаць жандарам. Але вынікаў тое не прынесла. Выйсці на след Агінскай не здолелі нават бельгійскія агенты, якія завялі знаёмства са старэйшым сынам Марыі, Аляксандрам Агінскім (пасля вайсковай вучэльні ён паступіў на службу ў бельгійскі карабінерскі полк). 

Зрэшты, знайсці яе сапраўды было цяжка. Бо Марыі Агінскай больш не існавала. У сярэдзіне 1870-х яна ўжо насіла прозвішча Варнерке і нарадзіла Уладзіславу Малахоўскаму дачку Зосю.

Не выключана, што менавіта Марыя, былая графіня Броель-Плятэр і княгіня Агінская, якую прымалі ва ўсіх арыстакратычных дамах Еўропы, першы час дапамагала Малахоўскаму-Варнерке наладжваць кантакты з сусветнымі элітамі. 

Лабараторыя Варнерке ў Пецярбурзе, 1890-я гады.

А далей да ўсёй гэтай гісторыі далучылася яшчэ адна тэма. Некаторыя даследчыкі (прынамсі, у Расіі) лічаць, што масавы выраб фальшывых расійскіх грошай у другой палове XIX стагоддзя быў часткай так званай вялікай гульні з боку Англіі. Пасля расійска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў у імперыі выспеў сур’ёзны канфлікт з Вялікабрытаніяй. Вось англійскія палітыкі маглі і пасадзейнічаць аслабленню расійскай грашовай сістэмы.

Расталі ў паветры

У 1898-м, стаміўшыся змагацца з няспыннай плынню фальшывак, Расійская імперыя ў чарговы раз вырашыла абнавіць дызайн сваіх грошай. Варнерке спешна выехаў у Марсэль, каб збыць партыю састарэлых падробак. І там быў арыштаваны французскай паліцыяй.

Але ў турме яго трымалі нядоўга. За Леана-Уладзіслава асабіста заступіўся маркіз Роберт Гаскойн-Сесіл Солсберы, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Фармальнай прычынай пераводу Варнерке з турмы ў шпіталь стаў яго… прастатыт. Неўзабаве адбыўся суд, па рашэнні якога ён атрымаў два гады ўмоўнага зняволення з патрабаваннем тэрмінова пакінуць тэрыторыю Францыі.

У гэты час Вялікабрытанія пачала наладжваць дыпламатычныя адносіны з Расійскай імперыяй. Цалкам магчыма, што і гэта паўплывала на скарачэнне плыні падробленых банкнотаў праз расійскія межы. Фігура Малахоўскага стала выглядаць небяспечнай для абодвух бакоў. Захавалася перапіска Солсберы са Скотланд-Ярдам, у якой ён просіць не пускаць у следства лісты і фота, знойдзеныя пры вобшуку ў лонданскай кватэры Варнерке.

100-рублёвая фальшывая банкнота ўзору 1892 года.

У снежні 1899 года Варнерке-Малахоўскі выехаў у Швейцарыю. А пра тое, што адбылося далей, можна толькі здагадвацца. У наступным кастрычніку Марыя Варнерке паведаміла брытанскаму ўраду, што яе муж застрэліўся ў адным з гатэляў Жэневы. Ёсць меркаванні, што яму дапамаглі сысці з жыцця. Але дагэтуль ніхто не бачыў ні дакументаў аб смерці, ні магілы — што Леана Варнерке, што Уладзіслава Малахоўскага. 

З таго часу згубіліся і сляды Марыі Плятэр-Агінскай-Варнерке. Ці не далучылася да ўсіх гэтых прозвішчаў яшчэ адно? Ці, можа, яе асоба зрабілася такой жа непажаданай, як і асоба яе мужа?

Вітольд Ханецкі і Ірына Завадская