Праект партала
Нашы далёкія А на Вялікдзень пеўнем заспявала курыца… Расказвае настаўніца Вера Філосаф з Каменца
02.05.2021 / 12:27

Яна нарадзілася і вырасла ў Каменцы, продкі яе — таксама з камянецкіх ваколіц. Змалку Вера шмат часу праводзіла з бабуляй, якая замест казак расказвала ёй сямейныя гісторыі. А гісторыя гэтай сям’і — як гісторыя краіны.

Вера Філосаф у родным Каменцы. Праўда, пакуль яна праводзіць у ім толькі выходныя і адпачынак — у працоўныя дні жыве на здымнай кватэры ў вёсцы Амелянец, дзе працуе настаўніцай. Фота Іны Хоміч.

Чаму я вырашыла пачаць гэты аповед? Бо ўва мне жывуць успаміны пра тых, каго ўжо няма, хто застаўся толькі на партрэтах. А я адзіная, хто можа пераказаць іх гісторыі. З другога боку, вучні часта пытаюцца на ўроках: «А як раней жылі?» І самы лепшы падручнік — жывы аповед спачатку настаўніка, а пасля і бацькоў пра людзей, што дарагія ім. Гісторыя краіны і дзяржавы пачынаецца менавіта з гісторыі сям’і. 

Я нарадзілася ўжо ў Каменцы (афіцыйна гэты райцэнтр Брэсцкай вобласці сёння завецца Камяне´ц, але мясцовыя жыхары завуць яго крыху інакш — Ка´менец. Так заве яго і аўтарка гэтага артыкула - рэд.), дзе атрымалі кватэру мае мама з бабуляй і прабабуляй. Мой бацька неўзабаве пасля майго нараджэння памёр, таму выхоўвалі мяне жанчыны — найболей бабуля Вера Філосаф (1911—1995). Баба шмат чаго расказвала непасрэдна мне, а яшчэ брала ўсюды з сабой, і я чула яе размовы з такімі ж жанчынамі. Бабуля памерла, калі я закончыла ўніверсітэт і збіралася на сваё першае месца працы па размеркаванні, так што паспелі мы нагаварыцца і ў тыя часы, калі я ўжо больш-менш свядома ўспрымала яе аповеды.

«Які ж з цябе настаўнік без зубоў?»

Мой прадзед Пархоцік Герасім, ці па-мясцоваму Гарасым, хацеў вучыцца на настаўніка, але ў семінарыю яго не ўзялі праз бяззубасць. Так і сказалі: «Які ж з цябе настаўнік, калі ў цябе няма зубоў?» Нейкая такая хвароба была, што рана зубы пачалі выпадаць, а пратэзы ж тады ніхто не ставіў.

Гэтая адмова страшна прадзеда засмуціла. Па-першае, мары канец, ды і як вяртацца ў родны дом, калі зямлі на яго не разлічана? Дома застаўся гаспадарыць брат, на малодшага спадзяваліся, што свой хлеб ён заробіць з навукі.

У цягніку на зваротнай дарозе юнак знайшоў сям’ю, якой патрэбны быў памочнік-парабак, таму дахаты ён і не паехаў. Вярнуўся ў сваё Мікалаева (3 км ад Каменца), толькі калі яму пераказалі, што брат памёр і трэба камусьці дагледзець і старых бацькоў, і гаспадарку.

У мікалаеўскай царкве прадзед прыгледзеў Алену (у нас казалі: Галеня) са Старышова, і маладыя па ўзаемнай сімпатыі хутка ў той жа мікалаеўскай царкве і абвянчаліся. Жыць вырашылі ў Старышове, дзе і нарадзіліся іх двое дзетак: мая баба Вера і яе старэйшы брат Мікалай.

Герасім Пархоцік, які марыў стаць настаўнікам, але замест гэтага павандраваў у бежанства, а пасля пахаваў сына і зяця, загінулых на фронце. Здымак зроблены ў 1943 годзе на нямецкі аўсвайс (пасведчанне асобы). Архіў аўтаркі.

А куфар закапалі

Бабулі было 4 гады, як выйшаў царскі загад ехаць у Расею (баба так вымаўляла: у Росею) — у бежанства. Сказалі, што будзе страшная вайна і ўсіх, хто застанецца, пазабіваюць немцы. Гэта было летам, якраз у жніво. Пархоцікі паспелі яшчэ зжаць і схаваць жыта, у надзеі хутка вярнуцца і навесну ім засеяць палеткі. Прабаба да таго ж наладавала цэлы куфар дамашняга скарбу, які не выпадала браць у далёкую дарогу — у тым ліку некалькі скруткаў даматканай тканіны. За гэтымі скруткамі стаяла вялізная праца, і трэба было яе закапаць. Але пасля вяртання ніякага куфра, як і збожжа, Пархоцікі, канечне, не знайшлі.

Гарасым запрог сваіх абаіх коней, да адной з падвод прывязаў карову, і ўсе рушылі. На возе ехалі маленькая Верачка, крыху старэйшы Коля, іх бацькі Гарасым з Галеняй, а таксама Галеніна маці, Ганна. Бацькі Гарасыма на той момант былі ўжо нежывыя. 

У дарозе было цяжка, асабліва нехадзячай бабе Ганне, якой ад пераезду стала зусім кепска. Нашым яшчэ пашчасціла мець коней і ехаць, а былі ж людзі зусім бедныя, якія ішлі пешшу і прасіліся пад’ехаць хоць частку дарогі ў іншых бежанцаў. А рухацца трэба было хутка: як толькі звернуць з дарогі, каб штосьці зварыць ды пад’есці, як ужо казакі з нагайкамі скачуць, крычаць: «Быстрее освобождайте путь, здесь войска идти должны!» Не было як адпачыць коням, папасвіцца карове.

Як даехалі да Чэрыкава на Магілёўшчыне, тая баба Ганна памерла. Была якраз стаянка, таму сям’я знайшла магчымасць пахаваць нябожчыцу па-хрысціянску, са святаром і на могілках, а то спрэс здаралася, што тых, хто паміраў у дарозе, проста на ўзбочыне і закопвалі, нават крыж маглі не паспець паставіць. 

У Смаленску трэба было перасаджвацца на цягнік. Карову і коней у сям’і забралі, далі за іх нейкія сімвалічныя грошы. 

«Беженка несчастная, двое ребятишек»

У Расею (а дакладна ў Арлоўскую губерню, сяло Фёдараўка каля Яльца — ведаю гэтак дакладна, бо баба настойліва прасіла гэта запомніць), прыехалі толькі пад Раство. Гэта столькі ехалі — чатыры месяцы. 

Бежанцаў высадзілі з фурманак пасярод сяла, а вясковы стараста пайшоў па людзях, каб прыходзілі ды разбіралі людзей на пастой. Пархоцікаў доўга ніхто браць не хацеў, бо двое малых дзяцей. Толькі шкадавалі: «Беженка несчастная, двое ребятишек, а девчонка-то совсем маленькая!» — чужая мова вельмі ўрэзалася бабе ў памяць.

Вера Філосаф, у дзявоцтве — Пархоцік, бабуля аўтаркі. Архіў Веры Філосаф.

Урэшце сям’ю забраў чалавек па прозвішчы Мелакін. У яго самога была вялікая сям’я, з ім жылі абодва сыны, нявесткі і іх дзеці, але знайшлося месца і для бежанцаў. Баба ўвогуле ўспамінала расейскіх людзей як добрых і спагадлівых. Дапамагалі, прыносілі ежу, а на Масленіцу, якую там шырока святкавалі, частавалі блінамі. Не падабалася толькі нашым людзям, што расейцы іх называлі хахламі; праўда, і нашы на тых не казалі «расеец», а толькі «кацап». 

Першую зіму прабаба Галеня з іншымі жанчынамі хадзіла жабраваць. Ёй давалі найбольш, бо яна, хоць і непісьменная, умела гаварыць па-руску і яе прызнавалі за сваю. Не толькі кідалі хлеб у торбу, але запрашалі «откушать чаю».

Праўда, аднойчы такая гасціннасць ледзь не скончылася дрэнна. У Мелакіна прапалі грошы, і, канечне, у першую чаргу падазрэнне ўпала якраз на бежанку, якая заходзіла на чай у гаспадарскую палову. Выклікалі нават паліцыянта з сабакам, але ўрэшце выявілі, што грошы скрала ўнучка гаспадара, падгавораная сваім кавалерам. Пасля гэтага выпадку Пархоцікі купілі ў сяле старую хату і сталі жыць самастойна.

Вынеслі котку з кацянём і ікону

Паступова да Расіі пачалі прывыкаць, дзеці пайшлі там у школу. Мікалай паспеў скончыць чатыры класы, Вера — два. Як зрабіўся саўгас, усе пайшлі туды на працу, у тым ліку падлетак Мікалай. Ім за гэта давалі штодня па кавалку хлеба, а вечарам кожны адшчыкваў ад свайго кавалка для меншай Веры. Мікалай не надта хацеў дзяліцца: яму і самому таго хлеба было мала. Таму дзяўчынцы вельмі хацелася таксама працаваць і мець свой хлеб. Летам такая магчымасць была — падпрацоўвала ў саўгасным садзе і агародзе, усё за той жа кавалак хлеба, якому была вельмі радая. 

І вось праз 7 год ад пачатку вандроўкі прыйшоў загад усім бежанцам ехаць дадому. Гарасым прапаноўваў застацца, бо Коля паступіў у чыгуначную школу на машыніста і вельмі хацеў вучыцца. Шкада было расчароўваць хлопца. Але Галеня рвалася на радзіму, і Гарасым саступіў. 

Вярнуліся — а хаты няма, голае поле. Жыць няма дзе. Добра, што сваякі, якія раней вярнуліся, пусцілі ў свой хлеў, пакуль Гарасым на хуткую руку паставіў хаціну без падлогі, дзе першы час жылі ўсе разам: і людзі, і свінні. Але доўга ў той халабудзе не прабылі: здарыўся пажар. У сям’і было крыху грошай на чорны дзень, дык яны згарэлі разам з хатай. Бо Пархоцікі найперш ратавалі котку з кацянём і ікону, якая вандравала з імі ў бежанства, пра грошы прыгадалі ўжо пазней. Ды разважылі, што самае галоўнае яны ад агню ўбераглі, дзеці таксама цэлыя, а астатняе нажывецца.

«А раптам яшчэ немцы вернуцца?»

У 1934-м Вера выйшла замуж за Іллюшку Філосафа, які спадабаўся ёй, як некалі прадзед Гарасым прабабе Галене, сваёй стрыманасцю і інтэлігентнасцю. У 1935-м у іх нарадзілася дачка Тоня.

Пасля прыходу саветаў Веру абралі дэпутаткай у Мікалаеўскі сельскі савет. Камуністкай яна не была, але была жанчынай пісьменнай і справядлівай. Пасля выбараў былі танцы ў клубе, Вера з Іллюшкам танцавалі і радаваліся, што пачынаецца новае жыццё. Малая Тоня танцавала разам з імі.

Маленькая Тоня Філосаф, маці аўтаркі. Здымак польскага часу з архіва Веры Філосаф.

А ў 1941-м, пасля прыходу немцаў, Веру па позве выклікалі ў Каменец: адгукнулася яе дэпутацтва. Там ад яе дабіваліся, каб расказала, хто яшчэ быў у сельсавеце, хто актыўна падтрымліваў савецкую ўладу. Яны папярэдне з іншымі жанчынамі-дэпутаткамі ўмовіліся, што іншых здаваць не будуць, таму і Вера пацвярджала толькі сваё выбранне, даказвала, што больш нікога не ведае асабіста. Гэта раззлавала немца, які дапытваў яе. Ён моцна ўдарыў ёй па спіне нейкім кіем, ды так няўдала, што пасля таго спіна ў яе так і засталася скрыўленая. Але дзякуючы паляку-перакладчыку Веру і іншых жанчын-дэпутатак усё ж адпусцілі: маўляў, гэта ж звычайныя жанчыны, што з іх пытаць як з ідэйных камуністаў? 

Рэшту акупацыі Вера дапамагала партызанам. І міжволі — яе малая дачка, якая не разумела, чаму, калі яе просяць правесці незнаёмага прыгожага хлопца ў суседнюю вёску, маці і бабуля заўсёды плачуць. Ён жа вясёлы, кажа, што Тоня прыгожая і калі падрасце, то ажэніцца з ёй.

Толькі пасля яна зразумела, што гэта быў нейкі сувязны, а яна была проста прыкрыццём — на чалавека з дзіцём немцы не так будуць звяртаць увагу. Гэта пасля мне расказвала ўжо мама, бо бабуля яшчэ доўга пасля вайны баялася распавядаць пра сваю дапамогу партызанам. Казала: «А раптам яшчэ немцы вернуцца?»

Яна ўвогуле не давярала ніякім уладам, бо пабачыла за свой век іх шмат.

Развітанне славянкі

У ліпені 1944-га пайшла пагалоска, што наступаюць нашы і будзе страшны бой. Старышоўцы, узяўшы на выпадак смерці чыстую бялізну і вопратку (каб не дай бог не быць пахаваным у брудным), а таксама абразы, пайшлі хавацца ў скляпеннях суседняй вёскі Палінаўка. Усю ноч ішоў бой, а тады нарэшце ўсё сціхла. Людзям не верылася, што вайне прыйшоў канец. 

Праўда, той жа раніцай жыццё маёй мамы Тоні ледзь не абарвалася. Калі яны ўсе вылезлі са склепа і пачалі ісці ў бок Старышова, аднекуль свіснула куля ды праляцела гэтак блізка да яе галавы, што на дарогу ўпала падрэзаная пасма валасоў. У нашай сям’і лічылі, што ўратавала яе ікона святога Мікалая, якую яна несла ў руках — тая самая, якую прадзед з прабабай выратавалі з пажару і якая да гэтага вандравала з імі ў Расею. Цяпер гэтую ікону беражліва захоўваю ўжо я.

Вучні Замастоўскай пачатковай школы, 1944/1945 навучальны год. Антаніна Філосаф, мама аўтаркі, стаіць крайняя злева. Яна, 9-гадовая, пайшла адразу ў другі клас, бо дзед Герасім дома навучыў яе чытаць і пісаць. У тым класе яна была ці не наймалодшая. Многім на здымку было ўжо па 14—15 год. У тыя паваенныя гады нярэдкасцю было, што пасля 4-х класаў дзеўкі адразу выходзілі замуж, а хлопцы ішлі ў армію. Фота з архіва Веры Філосаф.

Але прыход савецкіх войскаў нёс не толькі радасць вызвалення, але і смутак, а таксама страх, бо ўсіх мужчын забралі ў войска. Гарачым жнівеньскім ранкам Тоня разам з бабай Галеняй адпраўлялі на вайну Тонінага бацьку Іллю Філосафа і адзінага дзядзьку, матчынага брата Мікалая Пархоціка, які яшчэ не паспеў ажаніцца і пайшоў з дому, трымаючы ў кішэні фатаграфію сваёй нявесты Ліды.

Вера засталася дома з хворым бацькам: у Гарасыма прыхапіла сэрца, як прыйшоў час развітвацца адначасова і з сынам, і з зяцем.

Каменец у той дзень кіпеў. З усіх вёсак ехалі людзі, на вазах сядзелі дзеці, жанчыны, старыя. Усе хацелі хоць на хвіліначку болей пабачыць свайго мужа, бацьку, брата, сына. Енк і плач разносіліся па мястэчку разам з пералівамі гармоніка. 

Зайграла «Развітанне славянкі». Ілля пацалаваў дачку, ускінуў на плечы любімы гармонік, Мікалай проста абняў маці і пляменніцу. У шэрагу яны сталі побач, хоць і не надта сябравалі. Дужыя, высокія, прыгожыя. Калона мужчын пакрочыла ў бок Кобрына, дзе чакалі эшалоны. Жанчыны з дзеткамі нейкі час беглі следам, пакуль дзеці не пачалі хныкаць, стомленыя і засмяглыя. 

Паштарка пабаялася

Больш мая мама свайго бацьку не бачыла: загінуў у баях пад Варшавай. Дзядзька Мікалай яшчэ разок вярнуўся да роднага парога, яму далі невялікі адпачынак пасля ранення ў руку. Колькі быў, кожны дзень да іх у хату прыходзілі і прыходзілі людзі, пыталіся пра сваіх салдат. Не толькі старышоўцы — жыхары з усяго наваколля, якія ад іншых даведваліся, што Гарасымаў Коля вярнуўся з фронту. Ім, напэўна, уяўлялася, што хлопцы як пайшлі ўсе разам з Каменца, дык так разам і ваявалі. Мікалай нікога не расчароўваў, усім казаў, што іх родныя жывыя, што ён усіх бачыў — часта не ўяўляючы, пра каго ўвогуле гаворка. Падбадзёрваў, што абавязкова ўсе вернуцца, хоць ужо пабыў на фронце дастаткова, каб разумець, што гэта далёка не так. 

Суседзі прапаноўвалі Пархоцікам занесці ў ваенкамат курыцу, маўляў, Колю большую адтэрміноўку па раненні дадуць, а там і вайна скончыцца. Але той не пагадзіўся і, як толькі кароткі адпачынак закончыўся, вярнуўся на фронт. 

А ў сакавіку 1945 года, якраз на Вялікдзень, у Пархоцікаў пеўнем заспявала курыца — страшная ў нашых краях прыкмета. Сям’я якраз сядала за стол разгаўляцца, як спачатку пачулі той курыны крык, а пасля пабачылі суседку — крыху дурнаватую Ганну, якая зайшла ў хату і кажа: «Вы тут яйкі ясцё, а Мікалая вашага забілі!» Расказала, што ведае гэта ад паштаркі, якая не захацела несці такую вестку і не знайшла нікога, хто б пагадзіўся перадаць страшны трохкутнік. Гарасым упаў, Вера кінулася ў слёзы, а Галеня нібы скамянела і толькі паўтарала, што гэта няпраўда.

Пасля заўважылі, што паштарка ад іх хаваецца, пазбягае сустрэчы, і прабаба пайшла ў Каменец на пошту напрамую спытаць, ці ёсць ім пісьмо. Пісьмо было: «Чырвонаармеец Пархоцік Мікалай Герасімавіч загінуў у Памераніі». 

Рэшту жыцця (а пражыла яна 93 гады) Галеня ўсё роўна чакала сына, спадзеючыся, што адбылася страшная памылка. Хадзіла на пошту, пытала, ці няма для яе лістоў. У сям’і было забаронена памінаць у царкве абодвух зніклых на фронце як нябожчыкаў. Нават мне мама перад смерцю наказвала (а памерла яна ў 2007 годзе) не пісаць іх імёны ў памінальных запісках: «А раптам яшчэ жывыя!» — настолькі цяжка жанчынам было прыняць гэтую несправядлівую страту. 

Камянецкія кавалеры перад вайной. Крайні справа — Мікалай Пархоцік, які не захацеў несці ў ваенкамат курыцу, каб атрымаць адтэрміноўку на фронт па раненні і загінуў у Памераніі ў сакавіку 1945-га. З архіва Веры Філосаф.

Кашмар вяртаецца

Прадзед Гарасым таксама хутка пасля вайны памёр, і з мужчын у нашай сям’і не засталося зусім нікога. Жанчыны працягвалі жыць адны ў старой хаце, якая пачала працякаць. Пасля аббівання выканкамаўскіх парогаў у 1972 годзе ўдовам далі кватэру ў Каменцы, па суседстве з гарвыканкамам. Досыць доўга жылі там, але маму пачалі мучыць начныя кашмары. 

Справа ў тым, што, як праз Старышова ішлі немцы, адзін з іх дзеля жарту прыставіў малой Тоні нож да горла. Яна вельмі спужалася, але пераляк адбіўся значна пазней, ужо ў дарослым жыцці. Праз сардэчнае і нервовае захворванні яна не змагла скончыць універсітэт (таксама марыла стаць настаўніцай) і не магла спакойна спаць пасля нараджэння дачкі. Прачыналася ў крыках, усё ёй падавалася, што кругом немцы.

Нехта з людзей параіў кінуць кватэру і перабрацца ў драўляную хату: па народных прымхах, гэта мусіла дапамагчы ад кашмараў. Таму жанчыны прадалі кватэру з выгодамі і перабраліся ў былы габрэйскі дом у квартале гета, які значна саступаў па камфорце. Што цікава, спаць Антаніна і праўда стала лепей.

Перабіраліся са Старышова смешна. Гаргаз, дзе працавала мама, выдзеліў машыну, каб перавесці рэчы. У кабіну залезла спачатку прабаба Галеня, якой пасадзілі на рукі ката. Пасля да яе далучылася цяжарная мной мама, якой на калені далі сабаку. А баба Вера ехала ў кузаве і трымала свінню. Толькі котка адмовілася пераязджаць у горад і засталася на «маткаўшчыне». Туды яе хадзілі падкормліваць. 

Прабаба памерла, як толькі я нарадзілася. А бабуля, як і абяцала, дачакалася, калі ў сям’і нарэшце з’явіцца настаўнік, яшчэ дапамагла нам з мамай ва ўнівермагу выбраць касцюм для майго першага ўрока. 

А сваіх дзядоў я ўжо, канечне, памінаю.

Вера Філосаф