Праект партала
Нацыянальная геаграфія Таямніцы «панскай елкі»
26.12.2020 / 13:56

Многія думаюць, што шляхетную лістоўніцу ў Беларусь завезлі з-за мяжы. На праўдзе, мы мелі свае гаі лістоўніцы — дрэва з унікальнымі ўласцівасцямі. Піша доктар гісторыі Алесь Белы.

Майстэрня Андрэя Струмілы, пабудаваная з лістоўніцы. Па смерці мастака тут працягвае працаваць ягоная галерэя. Facebook.com.

У многіх дзясятках, калі не сотнях, былых шляхецкіх маёнткаў, але пераважна на захадзе сучаснай Беларусі, сустракаюцца фрагменты былых алей або хаця б адзінкавыя дрэвы лістоўніцы, а часам нават невялічкія гаі. Гэта дрэва, якое не прысутнічае ў беларускім фальклоры, у народнай міфалогіі. Часта простыя людзі нават не ведаюць, што такое дрэва існуе. Мне даводзілася чытаць і чуць ад леснікоў пра выпадкі з нядаўняга часу, калі старыя і гожыя лістоўніцы спілоўвалі ўзімку, палічыўшы іх… засохлымі ялінамі. Лістоўніца хоць і хвойная расліна, але не вечназялёная — скідае іголкі на зіму.

А жыхары Ужанкі каля Нясвіжа, былога ўладання роду Бародзічаў, называюць лістоўніцу «панскай елкай». Гэтым дрэвам некалі была абсаджаная ўся алея ад панскага дома да мясцовага «касцёльчыка». 

З сённяшняй перспектывы падаецца, што лістоўніца — гэта панская цацка, эстэтычная забава. Вядомы даследчык архітэктуры колішніх панскіх сядзібаў Анатоль Федарук піша:

«Цікавасць да лістоўніцы як іншаземнага дэкаратыўнага віду праявілася на землях Вялікага Княства Літоўскага вельмі даўно. Першая вядомая згадка лістоўніцы датуецца 1755 годам. У садзе фальварка Гаўцэвічы маёнтка Смаргонь Гераніма Радзівіла мелася чатыры вялікія лістоўніцы».

Але не падобна, што лістоўніца ў Беларусі — расліна выключна экзатычная і выключна дэкаратыўная. 

Паглядзіце, як прыгожа цвіце еўрапейская лістоўніца! Да таго ж у Еўропе яна лічыцца самай хуткарослай хвойнай пародай. Хуткасць росту тлумачыцца яе працяглым вегетацыйным перыядам, які ва ўмовах Беларусі доўжыцца больш за 180 дзён у годзе. І найбольшай колькасцю дзён росту: у Беларусі ў сярэднім каля 80 дзён за сезон, тады як у хвоі звычайнай — каля 47, а ў яліны — 45. Wikimedia Commons.

«Стары дом з лістоўніцы на каменнай падмуроўцы»

То тут, то там давялося сустракаць звесткі пра панскія дамы і касцёлы, пабудаваныя з лістоўніцы. Напрыклад, стары сядзібны дом Рушчыцаў у Багданаве, у якім нарадзіўся славуты мастак Фердынанд Рушчыц, быў пабудаваны каля 1690 года — і менавіта з лістоўніцы. Ужо ў канцы ХІХ стагоддзя сям’я пабудавала і мураваны дом, але неяк у выніку жыць там падалося няўтульна (хоць студыю Рушчыц пазней уладкаваў менавіта ў ім). Стары дом з лістоўніцы мастак часта з любоўю маляваў на сваіх карцінах. 

Фердынанд Рушчыц. Дом у Багданове. 1901 год. Wikimedia Commons.

А вось Станіслаў Аўгуст Панятоўскі з маёнтка Воўчын, шлюбнага пасагу ягонай маці Канстанцыі з Чартарыйскіх, нарадзіўся чамусьці не ў палацыку з лістоўніцы, а ў мураваным будынку архіва (пазней бібліятэкі). Дагэтуль гісторыкі гадаюць, чаму яго маці вырашыла нараджаць там. Але ж так ці інакш, а першы сапраўдны дом апошняга караля Рэчы Паспалітай — таксама з лістоўніцы. 

Яшчэ адна славутасць, якой выпаў гонар нарадзіцца ў доме з лістоўніцы, — Юзаф Пілсудскі, народжаны ў маёнтку Жулава на Свянцяншчыне, на самай мяжы з сучаснай Беларуссю, у 1867 годзе. «На невялікім пагорку, аточаным паўколам рэчкі Мера і старымі дрэвамі, узвышаўся стары дом з лістоўніцы на каменнай падмуроўцы, з невялікім зашклёным ганкам, накрыты высокім гонтавым дахам», — апісвае радавое гняздо Пілсудскага даследчык Ежы Струміла. 

Здаецца, маёнтак Жулава згарэў у 1875 годзе. Дый адноўлены ў 1930-х дом-музей Пілсудскага не перажыў савецкую ўладу ў Літве. Рушчыцаў Багданаў згарэў у ліпені 1944-га пры адступленні нацыстаў. І, наколькі вядома гісторыкам архітэктуры, на сёння ў Беларусі не засталося ніводнай гістарычнай пабудовы з лістоўніцы. Дый увогуле, праўду кажучы, ці шмат драўляных шляхецкіх сядзібаў дажыло да нашых дзён!? 

Але дзве высновы з усіх гэтых урыўкавых звестак я ўсё ж вынес. Па-першае, будаўніцтва з лістоўніцы было даволі шырока распаўсюджана ў нас задоўга да сярэдзіны XVIII стагоддзя. А па-другое, самой лістоўніцы ў распараджэнні шляхецкіх сем’яў сярэдняй рукі мелася дастаткова для пабудовы досыць вялікіх сядзібных дамоў. То няўжо яны будавалі іх з інтрадукаванага экзатычнага дрэва? 

Перасягае прыгажосцю

Тут трэба ўнесці яснасць: шырока вядомая нам з савецкай літаратуры і папулярнай культуры лістоўніца сібірская (Lárix sibírica) — сапраўды экзатычны для нас від. Калі яна і расце ў нас, дык адзінкавымі экзэмплярамі, вырашчанымі з саджанцаў. 

А вось іншае дрэва з таго самага роду, лістоўніца еўрапейская, гадоў са 150—180 таму яшчэ была ў нас даволі звычайным відам, хоць, відаць, і не з першага паводле распаўсюджанасці дзясятка.

У гэтым можна пераканацца, калі звярнуцца да літаратуры па лясной гаспадарцы сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Выдадзенае ў 1854 годзе ў Варшаве «Апісанне лясоў Каралеўства Польскага і заходніх губерняў Расійскай імперыі» засведчыла, што невялікія натуральныя гаі лістоўніцы на той момант сустракаліся аж да поўдня сучаснай Літвы. 

І што яшчэ больш каштоўна, лістоўніца апісваецца як усім знаёмае мясцовае дрэва ў «Зельніку эканамічна-тэхнічным» Юзафа Геральда-Выжыцкага (1845), надрукаваным у той самай віленскай друкарні Завадскага, дзе пабачылі свет сотні іншых славутых «ліцвінскіх» кніг ХІХ стагоддзя. 

Вось цытата адтуль:

«Гэтае дрэва перасягае прыгажосцю ўсе астатнія іглічныя дрэвы нашых лясоў. З-за многіх каштоўных уласцівасцяў у новыя часы яно звярнула на сябе асаблівую ўвагу лясных адміністрацый… У вадзе і глебе яно становіцца чорным і цвёрдым, амаль як жалеза, настолькі, што, калі дрэва, якое праляжала ў вадзе 80 гадоў, паспрабавалі распілаваць, у пілы ламаліся зубы. Па гэтай прычыне яно прыдатнае для будаўніцтва караблёў… Піламатэрыялы і гонт, вырабленыя з яго, перажывуць любыя іншыя, таму што смала, якой яны прасякнутыя наскрозь, захоўвае і ад уплыву вільгаці, і ад пашкоджання насякомымі».

Лістоўніца Міцкевіча

Самае красамоўнае і сімвалічна насычанае сведчанне пра лістоўніцу ў гістарычнай Літве, у тым ліку сучаснай Заходняй Беларусі, належыць вялікаму Адаму Міцкевічу, але для беларусаў, на жаль, яно пры перакладзе страчанае. 

Гонкая і стромкая лістоўніца польская — ідэальная для даўгавечнага будаўніцтва, праз што амаль зніклая з зямной флоры. Wikimedia Commons.

Лістоўніца выступае своеасаблівым героем аднаго з самых вядомых твораў паэта — балады «Свіцязянка». Менавіта пад ёй на беразе Свіцязі хлопец клянецца ў вечным каханні дзяўчыне: 

Każdą noc prawie, o jednej porze,

Pod tym się widzą modrzewiem.

Калі перакласці даслоўна, то гучыць гэта так: «Кожную ноч у адну пару бачацца пад той лістоўніцай». А ў фінале паэмы, пасля гібелі нявернага юнака, які ўтапіўся, спакушаны Свіцязянкай, ягоная душа знаходзіць прытулак у той самай лістоўніцы. На жаль, у беларускім перакладзе Алеся Зарыцкага лістоўніца — modrzew — ператварылася ў ясакар:

Месца іх стрэч — ясакар таямнічы,
Што шалясціць каля гаю.
Хлопец — тутэйшых лясоў паляўнічы,
Дзеўчына хто? Я не знаю.

Гэта пазбаўляе беларусаў разумення важнага сімвалічнага моманту: паводле вераванняў многіх народаў, лістоўніца была месцам прытулку для душаў людзей, якія загінулі звышнатуральнай смерцю. Магчыма, гэта было звязана з тым, што шмат якія народы прыносілі перад лістоўніцамі чалавечыя ахвяры. 

З іншага боку, лістоўніца, дрэва з самым хуткім сярод іглічных ростам, — сімвал маладосці, жыццёвай сілы, што надае сюжэту балады дадатковы кантраст і драматызм. Таму лістоўніцу на беразе возера часта малююць ілюстратары «Свіцязянкі». 

Зрэшты, і сёння нашы заходнія суседзі ставяцца да лістоўніцы з вялікай пашанай. Славуты польскі мастак, нашчадак старадаўняга літоўскага роду Анджэй Струміла (1927—2020), калі ў сярэдзіне 1980-х асеў у Мацьковай Рудзе на Падляшшы, пабудаваў сабе з лістоўніцы вялікі дом-майстэрню ў стылі шляхецкай сядзібы. Бо менавіта з лістоўніцы, на яго думку, мусіць быць пабудаваны сапраўдны шляхецкі дом.

Закладзеная Незабытоўскім

Выкарыстоўваць еўрапейскую лістоўніцу пры будаўніцтве звычайных будынкаў даволі цяжка. Яе камлі з узростам часта набываюць форму гіганцкага штопара або вінта. Гэтай скручанасці пазбаўленая лістоўніца польская (Lárix polonica), найбольш распаўсюджаная ў Паўночных Карпатах. Адныя вучоныя лічаць яе асобным відам, іншыя — падвідам лістоўніцы еўрапейскай. Менавіта роўныя камлі і сталі прычынай таго, што гэты від быў практычна знішчаны пад гаспадарчыя патрэбы. Толькі ў паўночнай Славакіі засталося некалькі соцень дарослых дрэў гэтага віду. Пад аховай яна і ва Украіне.

Магчыма, лістоўніца польская расла і выкарыстоўвалася ў будаўніцтве таксама і ў Беларусі. Але, відаць, большасць экзэмпляраў да апошняй траціны ХІХ стагоддзя былі зведзеныя і захаваліся толькі ў выглядзе прысадаў і асобных дрэваў, якія ўладальнікі маёнткаў высаджвалі ў парках.

Што да еўрапейскай лістоўніцы, то ў Беларусі сустракаюцца і адносна вялікія яе пасадкі, і, магчыма, рэшткі старадаўніх натуральных лістоўнічных гаёў. Напрыклад, з 1984 года існуе лесанасенная плантацыя пад Глыбокім. З атрыманага на месцы, а таксама закупленага ў Польшчы насення высаджваюцца ўсё новыя пасадкі на тэрыторыі Глыбоцкага доследнага лясгаса. 

А адна з самых вялікіх пасадак еўрапейскай лістоўніцы ў Беларусі, плошчай каля 1,6 га, знаходзіцца ў Моўчадскім лясніцтве Баранавіцкага лясгаса, каля вёскі Андрэеўцы. Яна нават з’яўляецца батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Гэты гай з лістоўніц, як лічыцца, амаль 150 гадоў таму пасадзіў мясцовы землеўладальнік Незабытоўскі. Можа быць, гэта працяг непарыўнай натуральнай пераемнасці гэтага віду ў Беларусі?

Усяго ж у адным толькі Баранавіцкім лясгасе сёння ўжо каля 20 гектараў лістоўніцы. Паўстае задача істотнага пашырэння пасадак гэтага дрэва ў маштабах усёй краіны, асабліва каб падстрахаваць наяўны фонд елкі. Апошнія гады яна часта робіцца ахвярай хваробаў і засыхае. І патрэбная большая відавая разнастайнасць ляснога фонду, тым больш што прадуктыўнасць лістоўніцы — больш як удвая вышэйшая. 

Хоць цяжка сказаць, як хутка прамысловыя плантацыі лістоўніцы будуць звыклай рэальнасцю Беларусі. На сёння стабільна атрымліваць яе насенне ў Беларусі яшчэ не зусім навучыліся.

Але хоць у нас даўно не засталося колішніх паноў, часам і звычайныя жыхары беларускай правінцыі сёння вырошчваюць лістоўніцу ў сябе на падворках з чыста дэкаратыўных, сімвалічных меркаванняў. Як, напрыклад, аўтар гэтых радкоў. 

Алесь Белы