Проект портала
Западная Беларусь «Саре 19. Куда тебе до неё!» Проституция в межвоенном Бресте
07.12.2020 / 19:17

В Бресте «за польским часэм» проституток арестовывали, ставили на учёт. Но всё равно это был довольно распространённый вид деятельности, пишет Ирина Вавренюк.

Гледзячы на сціплую, зробленую, напэўна, уласнымі рукамі, вопратку, можна зрабіць выснову, што брэсцкія прастытуткі-габрэйкі не раскашавалі. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці.

Прастытуткі ў Берасці вяліся даўно. Асабліва ў перыяды, калі ў горадзе стаяла шмат вайскоўцаў.

У 1919 годзе толькі на цяперашняй вуліцы Савецкай (былой Дамброўскага) было два прыхаваныя публічныя дамы з 15 працаўніцамі сэкс-індустрыі ў кожным. А колькі жанчын яшчэ працавала самастойна!

Прапаноўвалі сэкс-паслугі берасцейскія жанчыны і падчас Першай сусветнай. Але паколькі горад перад адступленнем быў разбураны рускімі войскамі, а яго жыхары выгнаныя ў бежанства, то гэтай прафесіяй займаліся ў асноўным тыя, хто ехаў услед за нямецкім войскам. Гэтак жа ўслед за войскам яны і адступілі.

Але нехта і застаўся — як немка фрау Марта, якая паважна шпацыравала па вуліцах Берасця яшчэ ў 1919 годзе. Але яна гэтак дорага цаніла свае паслугі, што ўсё адно вымушана была хутка з’ехаць у Варшаву, каб не памерці з голаду. 

На месца тых вайсковых прастытутак услед за польскімі жаўнерамі прыехалі «паненкі» з Польшчы. Адгукнуліся на попыт рынку і бедныя мясцовыя дзяўчаты, хоць такіх было значна менш. 

Спроба палічыць і ўлічыць

Польская паліцыя бачыла ў шырокім распаўсюдзе прастытуцыі пагрозу маральным нормам, таму перыядычна рабіла захады, хоць і даволі нерашучыя, каб яе спыніць ці прынамсі ўзяць пад кантроль. 

Першая такая кампанія мела месца ў 1919 годзе, калі польская ўлада толькі-толькі прыняла на сябе кіраванне горадам. Прынятыя меры выглядалі так: прастытутак арыштоўвалі, абследавалі, заводзілі ўліковыя кніжкі, абавязвалі раз на тыдзень звяртацца да доктара, калi была неабходнасць — прымусова лячылі.

З дапамогай анкет збіралі пра жанчын сэкс-індустрыі процьму інфармацыі, уключна з веравызнаннем і колькасцю зубоў у роце. Напрыклад, у анкеце Фейгі Голдфарб запісана, што ў яе ўсе зубы, а вось у анкеце Цырлі Сакольскай — «усяго 20 зубоў». Узяўшы на аловак Суру Хандлан, не забыліся адзначыць пра яе залаты зуб. 

Займалася кантролем за прастытуткамі і санітарна-побытавая камісія магістрата Берасця ва ўзаемадзеянні з органамі аховы здароўя. Менавіта яна распрацавала «Правілы для асоб, якія займаюцца прастытуцыяй». Жанчынам прадпісвалася не толькі пастаянна праходзіць санітарна-медычны кантроль, але таксама забаранялася гуляць па вуліцах пасля 24.00, здымаць кватэру паблізу касцёлаў і выхаваўчых устаноў, уступаць у палавы кантакт з непаўналетнімі, наведваць вайсковыя казармы, аддаваць сваю кватэру для заняткаў прастытуцыяй, здымаць кватэру ў доме, дзе ўжо жывуць дзве асобы, якія стаяць на ўліку ва ўпраўленні здароўя, і іншае. 

Паліцыя намагалася ведаць усіх прастытутак у твар. Анкета прастытуткі. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці.

Прастытутку маглі зняць з паліцэйскага і санітарнага кантролю, калі яна на працягу 6 месяцаў не займалася сваім рамяством ці выйшла замуж. Калі ж прастытутка ўладкоўвалася на пастаянную працу, то яе маглі перавесці ў катэгорыю «асоб, якія не займаюцца прастытуцыяй прафесійна».

Зрэшты, зусім забараняць прастытуцыю польскія ўлады не збіраліся. Пра што гаворыць, напрыклад, паліцэйскі загад ад усё таго ж 1919 года. Першы яго пункт вымагаў зачыніць усе публічныя дамы, але другі дазваляў жанчынам сустракацца з кліентамі на прыватных кватэрах «і пад наглядам». Нагляд меўся на ўвазе санітарны.

Паколькі гэта дапамагло вельмі слаба, то наступным этапам барацьбы з прастытуцыяй былі мерапрыемствы ў гасцініцах. Усіх уладальнікаў гатэляў і начлежных дамоў абавязалі з’явіцца ў паліцэйскі ўчастак і падпісаць заяву: «Мы, ніжэйпадпісаныя ўладальнікі гасцініц і гатэляў, выганім прастытутак і не будзем здаваць ім пакоі». Праўда, з 21 уладальніка падпісалі гэты дакумент усяго 14. Астатнія, відаць, не хацелі пазбаўляцца пастаяннага даходу ад прастытутак і іх кліентаў.

Полькі і габрэйкі

У кожнай злоўленай паліцыяй і ўзятай на ўлік прастытуткі была ўліковая картка з анкетай, а на руках санітарная кніжка, у якой лекар штотыдзень павінен быў уносіць адзнакі пра візіты. У 1923—1925 гадах у «Кнізе ўліку прастытутак, якія пражываюць у Берасці» значылася 210 жанчын — гэта на 30-тысячны горад. Рэальна іх было, вядома, больш, бо ўсіх пагалоўна ўлічыць было немагчыма. 

Кім былі гэтыя жанчыны?

Калі меркаваць па паліцэйскіх анкетах, беларусак і ўкраінак (часцей за ўсё іх вызначалі на падставе праваслаўнага веравызнання) у гэтай прафесіі было менш за 1% — аказаннем сэкс-паслуг займаліся пераважна полькі і габрэйкі, якія між сабой пастаянна канкурыравалі. Дарэчы, міжваеннае Берасце якраз і насялялі пераважна габрэі і палякі. Габрэяў увогуле было больш за 50%, большасць з якіх зусім не багатыя. 

Узрост прастытутак быў розным: ад 18 гадоў да 32. Найбольшай папулярнасцю карысталіся ў кліентаў, як гэта звычайна бывае, маладзейшыя альбо тыя, хто здзіўляў кліентаў чымсьці незвычайным. Напрыклад, прастытутка па імені Рохля-Лея падчас працы з кліентам надзявала сукенку гімназісткі і магла душэўна чытаць вершы.

А прастытутка Лея Грын выконвала рамансы. Пры гэтым яна сцвярджала, што атрымала музычную адукацыю і магла б зрабіць кар’еру спявачкі, але польскі афіцэр у 18 гадоў разбіў ёй сэрца, павёз з роднага дому і, не ажаніўшыся, кінуў на волю лёсу. Так яна нібыта і стала прастытуткай, бо вярнуцца ў родны габрэйскі дом не магла.

Гэта цалкам магло быць праўдай. Прастытуцыя ў габрэйскім асяроддзі лічылася ганебнай справай, і бацькі прылюдна адмаўляліся ад сваіх дачок, калі даведваліся пра іх занятак. Прастытуткам забаранялася ўваходзіць у сінагогу або малітоўны дом, карыстацца міквай (рытуальнай лазняй для іўдзеяў). Дзецям забаранялася нават размаўляць з прастытуткамі на вуліцах. А гаворкі пра тое, каб пусціць у прыстойны габрэйскі дом прастытутку, і быць не магло. Гэтыя жанчыны рабіліся ізгоямі. 

Што датычыцца нешматлікіх беларусак-прастытутак, то, напрыклад, Наталля Халвік з вёскі Медна Берасцейскага павета на свой заробак пасля смерці бацькоў утрымлівала дзвюх сваіх малалетніх сясцёр, якія засталіся на апецы старэйшага брата.

Правяраць іншым спосабам

Работніц сэкс-індустрыі прымушалі наведваць лекара не проста так. Многія з іх мелі венерычныя захворванні, найчасцей — ганарэю і пранцы (сіфіліс). Прытым не сказаць, каб жанчыны былі моцна зацікаўленыя ў лячэнні, і не толькі з-за ўласнай бесклапотнасці. Выяўленых пацыентак накіроўвалі ў спецыяльныя бальніцы ў іншых мясцовасцях Польшчы. А калі б тое лячэнне прапаноўвалі на месцы, то, магчыма, сітуацыя была б іншай.

Што не ўсе жанчыны ехалі лячыцца, бачна па прыкладах габрэйкі Соркі-Нехі Эрліх і полькі Федэцыі Стыцковай, якіх у 1919 годзе накіравалі лячыцца ў Варшаву. Праз тры месяцы пасля іх ад’езду да берасцейскіх паліцыянтаў прыйшоў запыт з Беластока на высвятленне асоб гэтых жанчын. Яны там пасяліліся ў здымнай кватэры каля казармаў і забаўлялі вайскоўцаў. 

Рохля-Лея з Вільні падчас працы з кліентам надзявала сукенку гімназісткі і магла душэўна чытаць вершы. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці.

Тым часам прастытуцыя пачала моцна хваляваць не толькі паліцыю, але і цывільныя ўлады Берасця. Яе маштабы «сталі пагражаць маральнасці горада», таму магістрат вырашыў праводзіць патрулі па пэўных месцах. 

Падчас такой праверкі адбыўся казус: адзін з правяральшчыкаў быў «застуканы на кватэры ў Рохлі» паліцыянтамі. Гэтую абуральную справу разбіралі на закрытым пасяджэнні камісіі магістрата, паколькі злоўлены быў «паважаным чалавекам, прыстойным сем’янінам, бацькам дваіх дзяцей». Яму патлумачылі, што правяраць, ці вылечылі прастытутку ад ганарэі, трэба было іншым спосабам. 

Але ніякія захады мясцовых уладаў па барацьбе з распаўсюдам венерычных захворванняў не мелі плёну. З кожным годам, як канстатавалі лекары, «заражаных салдат і афіцэраў Войска Польскага станавілася ўсё больш». У войску, праўда, чыталі лекцыі пра венерычныя захворванні і іх шкоду, паказвалі адпаведныя плакаты. Але гэта слаба спыняла асноўных кліентаў.

Вядома, да паслуг сэкс-работніц звярталіся і цывільныя асобы, калі яны мелі пастаянны прыбытак. Але ўсё роўна гэта былі пераважна палякі, бо найчасцей менавіта ў іх была добрая праца і грошы. Наведвалі «жрыц кахання» і забяспечаныя габрэі, калі не былі перакананымі вернікамі. 

Да прыкладу, пастаянным кліентам прастытутак быў адзін з самых знакамітых габрэяў горада — уладальнік найбуйнейшага гарадскога тэатра Абрам Сарвер. Ён аддаваў перавагу маладзенькім дзяўчатам, часам сяліў іх у сябе. Некалькі разоў трапляў у скандалы з-за любоўных прыгод з непаўналетнімі, але адказнасці за гэта пазбягаў. Адной з яго любімых фраз была такая: «Хачу памерці ў 100 гадоў у ложку з 18-гадовай!»

Скандалы вакол прафесіі

Свет прастытуцыі не абыходзіўся без сваіх скандалаў, якія таксама траплялі ў паліцэйскія зводкі, а пасля ў архіў, дзе мы іх і знаходзім. 

Напрыклад, у 1928 годзе пад прыцэл грамадскай увагі трапіла прадпрымальная Рухля Фантух, удава 53 гадоў, якая не грэбавала ніякім заробкам. Яна трымала піўную, але замест звычайных афіцыянтак наймала прастытутак. Паліцыя да таго ж даводзіла, што прастытуткі гэтыя заражалі кліентаў ганарэяй.

Беспрацоўны габрэй Неха Харо, былы рамеснік з Варшавы, застанецца ў гісторыі Берасця як чалавек, які быў сутэнёрам для ўласных жонкі і сястры. 

Беспрацоўны габрэй Неха Харо аскандаліўся на тым, што здаваў пагадзінна жонку і сястру. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці.

Бывалі выпадкі і камічныя. У 1928 годзе дзве прастытуткі — полька Ілона Хмельская і габрэйка Сара Гольд — не падзялілі кліента. Пастаянны кліент Ілоны Гжэгаж Гральскі па парадзе сяброў адным восеньскім вечарам пайшоў да Сары Гольд, якая прымала кліентаў у тым жа доме, што і Ілона. Ілона гэта ўгледзела і вырашыла не аддаваць кліента без бою. Дзве прастытуткі гэтак біліся, што суседзі вымушаныя былі паклікаць паліцыю. Але пакуль паліцэйскія прыйшлі, у двары засталася сядзець толькі Ілона Хмельская з пасмай уласных валасоў у руцэ. 

Паліцыянты доўга грукалі ў дзверы Сары, але толькі праз паўтары гадзіны адтуль выйшаў задаволены п’яны кліент і сказаў: «Сара дакладна лепшая!» А паколькі ў Гжэгажа Гральскага прэтэнзій ні да каго не было (у яго адарвалі толькі адзін гузік з пінжака), то яго адпусцілі. 

Затое паліцыянтам прыйшлося доўга суцяшаць Ілону, асабліва пасля слоў суседа: «Сары ўсяго 19, а табе хутка 30 будзе! Куды табе за ёй!»

Ірына Ваўранюк