Проект портала
От свинарников до спиртзавода: как в БССР использовали закрытые церкви
25.04.2021 / 11:35

В храмах хранили зерно и овощи, смотрели фильмы, занимались спортом, танцевали, учились, жили, лечились и работали. Пишет экскурсовод Степан Лютых.

Супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Полацкай вобласці ў Сафійскім саборы. Polock.history

Да пачатку Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі налічвалася больш за 3 тысячы цэркваў, паўтысячы касцёлаў, каля 2 тысяч сінагог і малельных дамоў, 30 пратэстанцкіх храмаў і два дзясяткі мячэцяў.

Але ў 1917 годзе да ўлады прыйшла партыя бальшавікоў, адной з ідэалагічных асаблівасцяў якой было ваяўнічае бязбожніцтва. Бальшавікі ад самага пачатку свайго кіравання з імпэтам узялі курс на выкараненне рэлігіі, і палова Беларусі, якая знаходзілася пад іх уладай міжваеннае дваццацігоддзе, адчула гэта на сабе ў поўнай меры. У 1937-м у тагачаснай БССР (без заходняй часткі) засталося толькі 74 царквы, 71 сінагога і 11 касцёлаў.

А ў наступным годзе адбыўся ўвогуле «круты пералом», пасля якога дзейнымі засталіся толькі тры праваслаўныя храмы (у Бабруйску, Оршы і Мазыры), а дзейных касцёлаў, сінагог і мячэцяў не засталося зусім (гл. пра антырэлігійную палітыку ў БССР тых часоў артыкул Андрэя Дынько «»Канчатковае вырашэнне» праваслаўнага пытання ў даваеннай БССР» у №11/2019 «Нашай гісторыі»).

У 1939 годзе да БССР была далучана Заходняя Беларусь, у якой на той момант налічвалася каля 800 дзейных цэркваў, больш за 400 касцёлаў, прыкладна такая ж колькасць сінагог і каля двух дзясяткаў мячэцяў. Зачыніць такую колькасць храмаў за кароткі тэрмін (ужо праз паўтара года пачалася нямецка-савецкая вайна) не было магчымасці, таму «за першымі саветамі» большасць іх ацалела.

Падчас вайны ж рэлігійная палітыка савецкага ўрада змякчылася, стаўка была зроблена на тое, каб узяць царкоўнае жыццё пад поўны дзяржаўны кантроль (гл. пра гэта артыкул Ігара Лялькова «Як Сталін стварыў Рускую праваслаўную царкву» ў №11/2019 «Нашай гісторыі»). Таму барацьба з рэлігіяй у 2-й палове 1940-х і ў 1950-я не насіла такога татальнага і разбуральнага характару, як гэта было перад вайной.

«Лічыць БССР першай «бязбожнай» рэспублікай»

Але пасля ХХII з’езда КПСС у 1961 годзе, які абвясціў курс на фарсіраваную пабудову камунізму, з падачы тагачаснага 1-га сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова пачалася новая хваля ганенняў на Царкву. Храмы тады зноў масава зачыняліся і пераабсталёўваліся пад свецкія патрэбы. На думку партыйных ідэолагаў, гэта павінна было дэманстраваць адміранне рэлігіі ў грамадстве і спрыяць фармаванню атэістычнага мыслення ў насельніцтва. 

У 1960-я гады колькасць дзейных у Савецкай Беларусі храмаў дасягнула гістарычнага мінімуму. Дайшло нават да таго, што кіраўніцтва краіны звярнулася ў Маскву з прапановай лічыць БССР першай «бязбожнай» рэспублікай Савецкага Саюза. Праўда, перахапіць у гэтым пытанні пальму першынства ў Албаніі, адзінай дзяржавы Еўропы, дзе ў 1967 годзе рэлігія была ўвогуле афіцыйна забароненая, усё ж не ўдалося.

Улады давалі дакладныя рэкамендацыі, пад што варта прыстасоўваць зачыненыя храмы, але на месцах усё залежала ад фінансавых магчымасцяў і надзённых патрэбаў канкрэтнага населенага пункта. У выніку многія храмы неаднаразова пераабсталёўваліся і мянялі сваю гаспадарчую «спецыялізацыю», прычым часам вельмі радыкальна. 

Мабыць, самым яскравым прыкладам гэтага можа служыць касцёл Панны Марыі ў Бабруйску. У 1935 годзе ў будынку размясцілі выставу дасягненняў сельскай гаспадаркі, а пачатак вайны храм сустрэў у ролі збожжасховішча і склада. З 1946 годзе касцёл стаў філіялам абласнога краязнаўчага музея, затым на некалькі гадоў тут размясцілі архіў, а яшчэ пазней кіналекторый. У 1968 годзе да фасада неагатычнага касцёла прыляпілі звыродлівую пяціпавярховую каробку будаўнічага трэста №13, а сам храм ператварылі ў клуб. Вярнулі касцёл вернікам толькі ў 1990 годзе. 

У іншых храмаў лёс быў не такі пакручасты, але не менш драматычны. І нямэтавае прызначэнне іх было самае разнастайнае.

У Святым Андрэю салілі агуркі 

Спосаб эксплуатацыі касцёлаў і цэркваў як складоў быў самым папулярным, хоць зверху рэкамендавалася перарабляць зачыненыя храмы перадусім пад школы, музеі, бібліятэкі, архівы і кнігасховішчы. Але ўсё гэта магло быць актуальна толькі для гарадоў. У вёсках, дзе знаходзілася большая частка зачыненых цэркваў і касцёлаў, такія ўстановы былі не вельмі запатрабаваныя. А складаць заўсёды было што.

Закінуты будынак касцёла Святога Міхаіла Арханёла ў Мсціславе. У былым езуіцкім касцёле спачатку прапісаўся раённы Дом культуры (між іншым, вельмі прыстойны, з більярдам і буфетам), затым памяшканне прыстасавалі пад кіназалу. У 1961 годзе ў горадзе з’явіўся сучасны кінатэатр, а касцёл так і не дачакаўся паўнавартаснай рэстаўрацыі, у снежні 2017 года абрынулася адна з яго сценаў. Yandex.ru

Захоўваць у храмах маглі ўсё што заўгодна: кіслую капусту, паліва, угнаенні, ядахімікаты, гной. Так, у Слоніме ў вытанчаным барочным касцёле Святога Андрэя салілі агуркі і захоўвалі соль. Касцёл у Воўчыне на Камянеччыне, дзе быў незадоўга перад Другой сусветнай вайной пахаваны прах апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, стаў складам паліва. У старажытнай Петрапаўлаўскай царкве ў Мінску да вайны стаялі бочкі з селядцом. А ўнікальную царкву-крэпасць у Сынкавічах Зэльвенскага раёна прыстасавалі пад сховішча для гародніны. Мінская мячэць да вайны таксама служыла ў якасці харчовай базы.

У гарадскіх храмах улады чамусьці вельмі любілі ладзіць склады з мэбляй: відаць, праз прастору і высокія столі. Пад гэта прыстасавалі касцёлы ў Вялікай Бераставіцы, Верхнядзвінску, Валожыне, Кобрыне, Наваградку і шмат дзе яшчэ. Доўгі час мэблевы склад знаходзіўся і ў галоўнай сінагозе Слоніма.

Каменныя храмы вельмі часта ператвараліся ў збожжасховішчы. Пры гэтым калгасна-саўгасныя ўлады разлічвалі ў такіх выпадках на больш «добразычлівае стаўленне вернікаў», большасць з якіх самі працавалі на зямлі і лічылі, што хлеб — «дар Божы». 

Свінарнік у Пеліканах

Нярэдка храмы выкарыстоўваліся пад гаражы. Так былі пераабсталяваны касцёлы ў Лепелі і Пеліканах на Браслаўшчыне, Грыневічах Свіслацкага, Міжэрычах Зэльвенскага, Шылавічах Ваўкавыскага раёнаў, сінагогі ў Барысаве і Уздзе. Матацыклы мясцовага ДТСААФ даволі доўга паркаваліся ў царкве Раства Багародзіцы ў Гродне. Гараж спартыўнага мотаклуба некалькі гадоў знаходзіўся і ў бабруйскай сінагозе па вуліцы Чангарскай, 29.

У Антопалі Драгічынскага раёна мясцовыя ўлады абсталявалі ў касцёле паўнавартасную пажарную часць. Аналагічным чынам зрабілі з сінагогамі ў Дзятлаве і Оршы. Пажарныя службы размяшчаюцца ў гэтых храмах да гэтага часу.

Асабліва балюча вернікам было глядзець, як іх храмы ператвараюць у стайні. Пад такі здзек падпалі касцёлы ў Росіцы Верхнядзвінскага і ў Дварцы Дзятлаўскага раёнаў, праваслаўная царква ў Стрэшыне Жлобінскага. Яшчэ менш пашанцавала касцёлу Святога Апостала Якуба ў Пеліканах. У ім мясцовыя ўлады дадумаліся абсталяваць свінарнік. У былой праваслаўнай царкве вёскі Манькавічы Пастаўскага раёна разводзілі трусоў.

Каб не абуджаць перажыткі

У гарадах і гарадскіх пасёлках улады імкнуліся прыстасаваць былыя храмы пад дамы культуры, клубы, дамы піянераў, залы-лекторыі, бібліятэкі, кінатэатры, канцэртныя залы, музеі. Пры гэтым выгляд касцёлаў і цэркваў, як правіла, кардынальна змяняўся, каб не «абуджаць у насельніцтва рэлігійныя перажыткі». Пасля такіх мадэрнізацый былыя храмы было не адрозніць ад звычайных савецкіх будынкаў.

І калі цэрквы і касцёлы пасля прыходу новых часоў паступова ўсё ж перадавалі вернікам, то сінагогі вяртаць звычайна ўжо проста няма каму: калісьці шматлікая габрэйская супольнасць у Беларусі была амаль цалкам вынішчана ў апошнюю вайну. Таму дамы культуры, як і раней, дзейнічаюць у сценах сінагог у Васілішках, Жалудку і Астрыне на Шчучыншчыне, Лунне Мастоўскага раёна, Любчы на Наваградчыне, Камянцы і ў іншых былых мястэчках. У колішняй галоўнай Барысаўскай сінагозе працягвае працу Дом дзіцяча-юнацкай творчасці. Але ў такім выглядзе гэтыя будынкі маюць прынамсі шанец не паўтарыць лёс сінагогі на вуліцы Камсамольскай, 53 у Бабруйску, якая з 2003 года перастала быць гарадскім Домам культуры, а цяпер стаіць незапатрабаваная і імкліва разбураецца.

У вялікіх гарадах закрытым храмам часта адводзілася роля архіваў і кнігасховішчаў. Як касцёлу Святога Станіслава ў Магілёве. За час эксплуатацыі храма ў якасці архіва былі істотна пашкоджаныя роспісы і знішчаны ўнікальны арган. 1982 год. Yandex.ru

Шырока вялася практыка пераводу культавых устаноў на службу найважнейшаму з мастацтваў, якім, як вядома, у Савецкім Саюзе лічылася кіно. Але часцей за ўсё пра нейкі камфорт у такіх кінатэатрах казаць не даводзілася, пры ўсёй іх добрай акустыцы. Ацяпленне ў іх, як правіла, адсутнічала, таму і дзейнічалі многія з іх толькі ў цёплую пару года і да таго часу, пакуль у населеным пункце не пабудуюць новы, сучасны кінатэатр.

Музей ратаваў ад знішчэння

Мабыць, самы прымальны варыянт выкарыстання храма не па яго прамым прызначэнні — адкрыць у будынку з сакральнай гісторыяй музей. Хоць мясцовыя ўлады часта дэкларавалі менавіта такія намеры, на практыцы гэта не мела шырокага прымянення. У якасці адваротнага прыкладу можна адзначыць перадусім Полацк. У гэтым горадзе ў розныя перыяды музеі працавалі ў трох храмах. Невялікі музей народных рамёстваў у 70—80-я гады працаваў у былым кальвінскім зборы ў Заслаўі. У Гродне царкву Раства Багародзіцы доўгі час займаў адзіны тады ў Беларусі музей гісторыі рэлігіі і атэізму.

Касцёлы перараблялі ў музеі куды радзей. Адзін з такіх храмаў — Крыжаўзвіжанскі касцёл у Брэсце. У 1950-х яго перарабілі пад абласны краязнаўчы музей і вярнулі вернікам у 1990 годзе.

У касцёле Святога Мацвея ў Раўбічах з 1979 года i па сёння працуе музей беларускага народнага мастацтва. Дарэчы, менавіта музей у свой час і выратаваў храм ад знішчэння.

А ў харальнай варылі жыгулёўскае

І цэрквы, і касцёлы, і сінагогі актыўна выкарыстоўваліся ў якасці розных вытворчых памяшканняў. Многія каталіцкія храмы з-за сваіх памераў і архітэктурных асаблівасцяў сталі цэхамі даволі буйных прадпрыемстваў. 

Пасля перадачы касцёла Святога Міхала Арханёла ў Ашмянах Віленскаму заводу радыёвымяральных прыбораў у ім запрацаваў цэх па вытворчасці пластмас, а вялікі валожынскі касцёл Святога Язэпа стаў філіялам мінскага завода «Тэрмапласт». Пад цэх мэблевых фабрык прыстасавалі былы касцёл цыстэрцыянаў у Мазыры і царкву Дзмітрыя Салунскага ў Гомелі. Там жа ў канцы 1930-х пад трыкатажную фабрыку прыстасавалі стараверскую Ільінскую царкву.

Паспяхова выкарыстоўваліся храмы і для невялікіх вытворчасцяў. Профіль майстэрняў, пад якія прыстасоўвалі храмы, здзіўляе сваёй разнастайнасцю. У Харальнай сінагозе Гродна доўгі час пасля вайны знаходзіліся мастацкія майстэрні, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску выраблялі надмагіллі, а сталічную царкву Марыі Магдалены яшчэ ў 1930-я гады прыстасавалі пад сталярныя майстэрні. Незвычайнае прымяненне знайшлі для кальвінскага збору ў Кухцічах Уздзенскага раёна: каля 30 гадоў у ім працавала электрастанцыя. 

Будынкі, у якія людзі перш прыходзілі па духоўную ежу, часцяком мабілізаваліся для вытворчасці ежы матэрыяльнай. У малочныя цэхі ператварылі сінагогі ў Лепелі, Шклове (мясцовы масларобны завод паспяхова працуе ў ёй дагэтуль), касцёл Сэрца Езуса ў Іллі на Вілейшчыне. У Пакроўскай царкве ў Полацку да 1960-х працавала цукерачная фабрыка, а адна з сінагог Ляхавіч стала часткай дзейнага і дагэтуль кансервавага завода.

Яшчэ далей пайшлі ў Бягомлі Докшыцкага раёна: тут мясцовую царкву прыстасавалі пад спіртзавод. А ў Харальнай сінагозе Кобрына доўгі час варылі жыгулёўскае піва (пазней мясцовы кансервавы завод наладзіў у ёй выпуск безалкагольных напояў). 

Здаровае цела

У Савецкім Саюзе заўсёды вялікае значэнне надавалі фізічнай культуры. «Здаровы дух» савецкаму грамадзяніну было заклікана забяспечыць «здаровае цела», а не малітва. Як наступства гэтага, дзясяткі храмаў па ўсёй краіне ператварыліся ў дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, залы адзінаборстваў, дамы фізкультуры і г. д.

Перабудаваны ў аэраклуб Вазнясенскі сабор у Оршы. Old_Orsha

Прасцей за ўсё пад спартыўныя ўстановы было прыстасаваць адносна невялікія, але ў той жа час досыць прасторныя сінагогі. У былых сінагогах дагэтуль размяшчаюцца школы алімпійскага рэзерву ў Баранавічах і Магілёве. Навучэнцы слонімскага медыцынскага каледжа ходзяць на фізкультуру ў сінагогу 2-й паловы XIX стагоддзя. Працягваюць працаваць спартыўныя школы ў былых сінагогах у Іўі, Бабруйску, Барысаве, Воранаве, Гродне. Мінская шахматна-шашачная школа на вуліцы Ракаўскай — таксама колішняя сінагога Зальцмана.

Нестандартныя рашэнні

Часам улады дзейнічалі нестандартна, прыстасоўваючы храмы пад бары, сталовыя і кафэ. У Рэчыцы, горадзе з даўнімі піваварнымі традыцыямі, «саабразіць на траіх» можна было ў касцёле Святой Тройцы, дзе адкрылі піўны бар. Пазней бар перарабілі пад дзіцячае кафэ.

Дзіўным чынам лёс рэчыцкага касцёла паўтарыла Свята-Узнясенская царква ў Петрыкаве. У 70-я гады ў ёй таксама дзейнічаў піўны бар, а ў 80-я храм перапрафілявалі ў дзіцячае кафэ «Марожанае». Сталовая працавала пасля вайны на першым паверсе Свята-Георгіеўскай царквы Бабруйска (на другім паверсе дзейнічала бібліятэка імя Леніна).

Месцы пакутніцтва

Былі ў былых храмах школы і крамы, бальніцы і дыспансеры, канцэртныя залы і галерэі, праўленні калгасаў і суды. У цяжкія паваенныя гады ў культавыя будынкі нават сялілі людзей.

А зусім страшная доля выпала сабору Святога Міхаіла Арханёла ў Мазыры. У 30-я гады ў храме і на прылеглай да яго тэрыторыі размяшчалася абласная турма НКВД. За некалькі перадваенных гадоў у прасторных падвалах гэтай царквы было пахавана (у рэчаіснасці проста засыпана пяском і вапнай) каля 2 тысяч расстраляных і памерлых зняволеных. 

З 1937 года пад перасыльную турму будзе прыстасаваны Свята-Мікольскі сабор у Магілёве. Сюды звозілі сем’і раскулачаных сялян, асуджаных на высылку (у 90-я гады падчас рэстаўрацыйных работ на тэрыторыі манастыра былі выяўленыя шматлікія чалавечыя парэшткі). 

Дэсакралізацыя — не абавязкова варварская

Пры гэтым не варта думаць, што практыка выкарыстоўваць культавыя збудаванні ў свецкім жыцці — гэта выключна савецкая з’ява. За апошнія 20 гадоў з-за адсутнасці вернікаў сотні храмаў па ўсёй Еўропе перарабілі пад гасцініцы, студэнцкія інтэрнаты, кніжныя крамы, кінатэатры, спартыўныя цэнтры і г.д. 

Але ў еўрапейскай дэсакралізацыі ёсць істотная розніца ад савецкай — гэта адбываецца без гвалту і беражліва захоўваюцца архітэктурныя формы. Падчас савецкай жа барацьбы з рэлігіяй быў знішчаны цэлы пласт гісторыі, змянілася аблічча гарадоў і вёсак, і раны, нанесеныя гісторыка-культурнай спадчыне і духоўнаму здароўю нацыі, не загаіліся да гэтага часу.

Сцяпан Лютых