Праект партала
Біяграфіі Электрык, які стаў прэзідэнтам
20.02.2021 / 13:22

Калі ў 1983 годзе яму была прысуджана Нобелеўская прэмія міру, Лех Валенса не наважыўся паехаць яе атрымаць. Ён баяўся, што ўлады не ўпусцяць яго назад у Польшчу. Замест яго прэмію атрымала ягоная жонка Данута. Ён стаў першым рабочым у гісторыі, які атрымаў Нобеля. На той момант яго акурат выпусцілі з-пад нагляду і ён ізноў уладкаваўся на сваю суднаверф. Тады ў іх з Данутай было ўжо сямёра дзяцей. Пасля народзіцца яшчэ і восьмы. Нават з гэтых фактаў вы можаце зразумець, што Валенса стаў лідарам не выпадкова. Гэта чалавек харызматычны і нешараговы.

Лех Валенса, 1980 год. Аўтар фота невядомы.

Агент Болек

Найбольшая спрэчка вакол Валенсы ўспыхнула не ў гады падполля, а праз шмат часу пасля таго, як ён ужо сышоў з палітыкі, у 2008 годзе. Тады ўскрыліся дакументы, што ад 1970 да 1976-га, за 4 гады да «Салідарнасці», Валенса быў стукачом польскай Службы бяспекі пад псеўданімам Болек і сачыў за калегамі па заводзе.

Валенса горача адмаўляў сваё сексоцтва, даказваў, што проста нешта падпісваў падчас допытаў. Аднак выглядае, што такі быў агентам па маладосці. Наколькі каго выдаваў — няясна, але разарваў таемныя адносіны за шмат гадоў да таго, як хваля рабочых пратэстаў вынесла яго ў лідары «Салідарнасці».

Цікавая дэталька: некаторыя дакументы пра супрацу Валенсы са спецслужбамі, якіх не было ў архівах польскага ГБ, знайшліся ва ўдавы міністра ўнутраных спраў Польшчы генерала Чэслава Кішчака (на гэтым этапе спецслужбы ПНР уваходзілі ў склад МУС) пасля яго смерці ў 2015-м. Менавіта генерал Кішчак засядаў з боку ўладаў у круглым стале, вынікам якога стала змена сістэмы.

Валенса нарадзіўся ў 1943-м. У момант, калі ён стаў на чале прафсаюза, яму было 37 гадоў і ў яго ўжо было шасцёра дзяцей. Ён ніколі не жыў у сталіцы, нарадзіўся ў вёсцы на Памор’і, а пасля перабраўся ў Гданьск. Ягоны тата вярнуўся з нямецкага канцлагера знясіленым і хворым і памёр праз два месяцы. А стойкасць у сыне выхавала мама.

Пад камандаваннем Ярузэльскага

Працаваў Валенса спачатку аўтаслесарам, пасля — электрыкам. Цікава, што ў арміі ён служыў пад камандаваннем Войцеха Ярузэльскага, будучага генерала, які ўвядзе ваеннае становішча, каб задушыць «Салідарнасць». Тым не менш Ярузэльскі быў па натуры далёка не дыктатарам. З Валенсам ён першы раз сустрэўся ў сакавіку 1981-га. Тады яны прагаварылі тры гадзіны. Саветы мелі правесці ў Польшчы ваенныя манеўры, і для Ярузэльскага было важна, каб абышлося без інцыдэнтаў, якія маглі б справакаваць Маскву на інтэрвенцыю.

Фрагмент заявы аб згодзе агента Болека на супрацу са Службай бяспекі. Wikimedia Commons

Ярузэльскі хоць і быў залежны ад СССР і шчырым сябрам Савецкага Саюза, усё ж думаў катэгорыямі нацыянальных інтарэсаў Польшчы. 

Калі было ўведзена ваеннае становішча, Валенсу інтэрнавалі ў гарадку недалёка ад савецкай мяжы. То была не турма, а ўрадавая рэзідэнцыя, да яго ставіліся паважліва як да лідара, хоць і ворага. У інтэрнаванні ён правёў 11 месяцаў.

У Валенсы як лідара апазіцыі — і ў часы легальнай дзейнасці, і ў перыяд паўпадполля — была важная і характэрная рыса. Ён давяраў экспертам і дарадцам. І не быў прыхільнікам радыкальных крокаў. Пры «Салідарнасці» дзейнічалі камітэты экспертаў і інтэлігенцыі, Валенса таксама раіўся з кіраўніцтвам Касцёла, сам ён шчыры каталік.

За гады ваеннага становішча «Салідарнасць» амаль спыніла сваю дзейнасць, улады нічога не дазвалялі. Тады ў некаторых гарадах актыўнічалі асяродкі арганізацыі «Solidarność Walcząca» («Змагарная Салідарнасць»), больш радыкальнай часткі былога прафсаюзнага руху, які ўжываў метады вулічнай барацьбы, але без аніякага гвалту (графіці, улёткі). «Змагарная Салідарнасць» адкідала ўсялякі кампраміс з уладамі.

Дарэчы, цяперашні прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі — сын кіраўніка «Змагарнай Салідарнасці» Карнэля Маравецкага, які памёр летась.

Прафсаюзнік з прафсаюзнікам

Калі ў 1988-м савецкая сістэма пачала хістацца, погляды грамадства зноў звярнуліся да Леха Валенсы. Мінулае і Нобелеўская прэмія надавалі яму аўтарытэт. Менавіта з ім вырашылі гаварыць і ўлады, якія разумелі, што старымі метадамі рэжыму доўга не пратрымацца.

На першыя публічныя дэбаты на тэлебачанне Валенсу дапусцілі ў пары з кіраўніком афіцыйных прафсаюзаў краіны. Быў такі Альфрэд Мядовіч. Старэйшае пакаленне беларусаў яшчэ памятае гэтыя імёны, бо за падзеямі ў Польшчы ў Саюзе ўважліва сачылі, а Брэст і Гродна ў савецкі час нават масава глядзелі польскае тэлебачанне, якое прымалася на самаробныя антэны. Тыя дэбаты Валенса адпрацаваў бездакорна. 

Гданьская суднаверф у часы, калі там працаваў Валенса. Wikimedia Commons

Можна мець справу!

У архівах ПАРП знойдзеныя дакументы, якія ўскрываюць, наколькі кіраўніцтва дыктатуры робіцца закладнікам уласнай прапаганды. Прапаганда — і спецслужбы таксама — доўгі час малявалі «Салідарнасць» чортам з рагамі, які хоча рэзаць камуністаў («і на джэвах, замяст лісця, бэндон вісець комунісці»). Урэшце наверсе сталі самі верыць у гэтую сваю ж прапаганду. Толькі калі Ярузэльскі, які першы адчуў новыя павевы перабудовы з Масквы, павёў справу да круглага стала, толькі пасля першага выступу Валенсы на тэлебачанні кіраўніцтва польскіх сілавых структур і рэгіянальны актыў ПАРП пабачылі, што «з гэтай «Салідарнасцю», аказваецца, можна мець справу!». Менавіта гэтыя фразы занатаваныя ў стэнаграме першага пасля дэбатаў Мядовіч — Валенса пасяджэння Палітбюро ЦК ПАРП.

Валенса сваёй рэпутацыяй лідара асвяціў круглы стол уладаў і апазіцыі, у выніку якога адбылася мірная і «дамоўная», у адрозненне ад Румыніі ці ГДР, трансфармацыя ўлады ў Польшчы.

У той жа час радыкальнае крыло «Салідарнасці» з часам пачало лічыць круглы стол змовай, у выніку якой былая партнаменклатура і выхадцы з дзяржбяспекі атрымалі кантроль над ласымі кавалкамі польскай эканомікі. Менавіта на неабходнасць разбіць гэты «ўклад» ціснула партыя «Права і справядлівасць» братоў Качыньскіх, якая ўжо паўтара дзясятка гадоў з пераменным поспехам змагаецца за ўладу ў асноўным з правацэнтрыстамі з «Грамадзянскай платформы», якія выраслі з памяркоўных колаў «Салідарнасці». Для Качыньскіх Валенса — палітычны праціўнік ад пачатку 1990-х.

Сам Валенса ў першых шматпартыйных парламенцкіх выбарах не ўдзельнічаў. Але на кожным плакаце кандыдата ад Грамадзянскай платформы «Салідарнасць» было фота Валенсы побач з фота самога прэтэндэнта. На тых выбарах «Салідарнасць» здабыла ўсе месцы, якія можна было выйграць — паводле рашэнняў Круглага стала, старому рэжыму была зарэзерваваная частка мандатаў у Сейме.

Валенса не абмяжоўваўся роляй сімвала, ён на пераходным этапе адыгрываў цэнтральную ролю ў практычнай палітыцы. Менавіта ён пераканаў кіраўніцтва партый, якія раней былі «спарынг-партнёрамі» кіруючай ПАРП, утварыць кааліцыйны ўрад з «Салідарнасцю». Аб’яднаная сялянская партыя і Дэмакратычная партыя былі псеўдаўтварэннямі ўвесь час, пакуль камуністы кантралявалі грамадства. Але ў 1989-м менавіта іх галасы далі большасць ураду Тадэвуша Мазавецкага — першаму за 40 гадоў ураду без камуністаў у былым савецкім блоку. Якая гэта тады была сенсацыя! Аказалася, можна жыць без «незаменных».

«Nie chcę, ale muszę»

У 1990-м Валенса вырашае балатавацца ў прэзідэнты. «Nie chcę, ale muszę» — «Не хачу, але вымушаны», — так сфармуляваў ён, чаму ідзе на выбары. Яго асноўным канкурэнтам здаваўся вылучаны ім жа раней прэм’ер Мазавецкі. Але ў выніку другое месца заняў не прэм’ер, а мутны папуліст зніадкуль Станіслаў Тыміньскі — такіх тыпаў часам выносіць хваля перамен. Праўда, у Польшчы Тыміньскі не меў шанцаў проці Валенсы ў другім туры выбараў.

Немудрагелісты плакат Леха Валенсы на выбарах 1990 года. Wikimedia Commons

Тыя першыя выбары, на вяршыні поспеху «Салідарнасці», паказалі і яшчэ адно. Ніколі не бывае, каб перамены падтрымліваліся ўсімі. Хоць савецкая сістэма рушылася, а ўлада ўжо сама ішла ў рукі былой апазіцыі, Валенса і Мазавецкі разам набралі ў першым туры выбараў толькі 58% галасоў, тады як кандыдаты-рэфармісты ад партый «старога рэжыму», Уладзімір Цімашэвіч ад Сацыял-дэмакратыі, пераемніцы ПАРП, і кандыдат ад Сялянскай партыі — аж 16%, а папуліст Тымінскі, які абяцаў «грошы з верталёта», — 23%. І тым не менш гэтыя выбары даказалі тое, што было відно няўзброеным вокам ад 1980 года: «Салідарнасць» падтрымлівалася большасцю. Пытанне было толькі часу, калі складзецца зручная замежнапалітычная, геапалітычная камбінацыя, каб улада ў краіне змянілася. У Польшчы тую змену давялося чакаць 8 гадоў.

Чужы ў дэмакратычнай палітыцы

У 1995 годзе Валенса долі працэнта прайграе Аляксандру Кваснеўскаму, былому камсамольскаму лідару часоў ПАРП, ПНР і ваеннага становішча. Гэта будуць абсалютна сумленныя, свабодныя выбары, вынікі якіх ніхто не будзе аспрэчваць. А Кваснеўскі нічога не памяняе ў стратэгічных кірунках польскай палітыкі: курс на Еўрасаюз, НАТО, рынкавую эканоміку і свабодныя СМІ.

Валенса яшчэ застанецца ў палітыцы на некалькі гадоў, але гэта будзе ўжо дробязная дэмакратычная палітыка, дзе адзін міністр сказаў другому… партыя выйшла з урадавай кааліцыі… мэр пайшоў у адстаўку ў выніку скандалу вакол тэндара… Чалавек, які рухаў тэктанічнымі плітамі, быў у такой палітыцы чужы.

Валенса — той рэдкі чалавек, у гонар якога яшчэ пры жыцці назвалі аэрапорт. Калі вы будзеце ляцець на курорты польскага «Выбжэжа», на Хэльскую касу ці ў Сопат, то ваш самалёт прызямліцца ў «Gdansk Lech Walesa Airport».

Перамены ў Польшчы адбыліся мірным шляхам і сталі ўзорам мірнай трансфармацыі сістэмы, якая аджыла сваё. У выніку тых перамен Польшча стала рэальна дэмакратычнай дзяржавай і перажыла бурны эканамічны рост.

30 гадоў таму палякі жылі горш за беларусаў. Цяпер жа рэальныя даходы насельніцтва ў Польшчы ў 3 разы вышэйшыя, чым у беларусаў.

Палякі збудавалі моцную і стабільную дзяржаву. Так, золатавалютныя рэзервы Польшчы складаюць 113 мільярдаў долараў (у Беларусі — 7 млрд). 

Акрамя таго, узровень сацыяльнай абароненасці палякаў істотна вырас. Не толькі пенсіі: напрыклад, на кожнае дзіця да 18 гадоў дзяржава выплачвае бацькам дапамогу ў памеры 140 долараў у месяц.

Гэта ўсё — заваёвы «Салідарнасці» і вынік змагання апазіцыі, якое не было ні простым, ні хуткім.

Андрэй Дынько