Праект партала
Таямніцы Жахлівая помста душыцелю паўстання Каліноўскага
09.01.2021 / 14:54

Пра незвычайны выпадак карнай псіхіятрыі ў Магілёве ХІХ стагоддзя пішуць гісторык Аляксей Бацюкоў і судовы псіхіятр Уладзімір Дукорскі.

Пячэрскі лесапарк у Магілёве. Абласная псіхіятрычная бальніца знаходзіцца з ім па суседстве, як і 200 гадоў таму. Wikimedia Commons

Маёр рускай арміі Петражыцкі, які ўдзельнічаў у задушэнні паўстання 1863—1864 гадоў, аднойчы ехаў са свайго роднага павета ў Магілёў і па дарозе знік. Сваякі дзе толькі яго не шукалі — ні следу. Але пасля пайшла чутка, што маёр знаходзіцца ў лякарні для псіхічна хворых. Засталося гэта неяк спраўдзіць.

Непадпісаны артыкул

Маёр Петражыцкі быў сынам праваслаўнага святара з аднаго з паветаў Магілёўскай губерні — так нам апісвае ахвяру аўтар адзінага пакуль вядомага па гэтай справе матэрыялу, сусветна вядомы псіхіятр Самуіл Штэйнберг. Надрукаваны ім артыкул «Выпадак з жыцця дома псіхічна хворых у горадзе Магілёве» ў 318-м нумары «Судовага весніка» за 1870 год не падпісаны, але аўтарства навукоўцы на падставе ўскосных звестак аддаюць менавіта Штэйнбергу. 

Самуіл Штэйнберг непасрэдна перад гэтымі падзеямі сам жыў і працаваў у Магілёве, атрымаўшы ў 1862 годзе месца лектара па анатоміі ў Магілёўскай семінарыі і працу ў шпіталі. Праз тры гады, па некаторых звестках, ён ужо загадчык Пячэрскага дома для вар’ятаў (так ён афіцыйна тады называўся) і да таго ж інспектар лекарскай управы.

Так што з жыццём і персаналам дома псіхічна хворых, размешчаным у прыгараднай вёсцы Пячэрск, ён быў дакладна добра знаёмы. Гэта тая самая ўстанова, дарэчы, дзе ў 1937 годзе скончыць свае дні пісьменнік і былы кіраўнік беларускага ўрада Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны).

На момант напісання артыкула ён ужо ў Магілёве не жыў і, відаць, пра апісаныя ім падзеі даведаўся з ліставання, бо некалькі разоў памыляецца ў напісанні прозвішчаў дзейных асоб. 

Так, доктар Тэпфер у яго матэрыяле становіцца Тэнферам, пракурор Шэвіч — Шэнічам. Адносіцца гэта і да прозвішча галоўнага героя. Ён называе маёра Петрахіцкім, але такога прозвішча не сустракаецца не толькі ў дакументах Магілёўскай губерні, але і, здаецца, у прыродзе. Напэўна, правільней называць гэтага чалавека Петражыцкі, паколькі Петражыцкія — агромністы і разгалінаваны шляхецкі род, вядомы з сярэдзіны XVI стагоддзя, які паходзіць з вёскі Пятражыцы — цяпер Пятрыгі ў Чэрыкаўскім раёне на Магілёўшчыне.

Пошукі маёра

Такім чынам, паводле Штэйнберга, пачаткам гэтай гісторыі стала загадкавае знікненне маёра Петражыцкага ў Магілёве, куды ён накіраваўся са свайго роднага павета і адкуль не вярнуўся. Адзін са святароў гэтага неназванага павета, сваяк маёра, неўзабаве аднекуль дазнаўся, што маёр утрымліваецца ў магілёўскім доме псіхічна хворых, і выправіўся ў цэнтр губерні. 

Псіхіятр з сусветна вядомым тады імем Самуіл Штэйнберг апісаў загадкавае здарэнне ў Магілёўскай лякарні для псіхічна хворых. Wikimedia Commons

Найперш святар пайшоў да наглядчыка сацыяльных устаноў, адстаўнога маёра Аляксандра Кухарскага. Але той запэўніў, што ніякі маёр Петражыцкі ў доме для псіхічна хворых не знаходзіцца. Гэта пацвердзіў і галоўны доктар сацыяльных устаноў Раман Тэпфер.

Аднак чутка, якой кіраваўся сваяк-святар, была, відаць, настолькі пераканаўчая, што ён не супакойваўся. Наступным, да каго ён прыйшоў шукаць праўду, быў губернскі пракурор Анатоль Шэвіч. Святару неяк удалося пераканаць начальніка, што голым словам адказных асоб верыць нельга — трэба правесці праверку. 

Да пошукаў далучыўся таксама віцэ-губернатар Іван Астравумаў. Яны разам з пракурорам наведалі Пячэрск і зноўку атрымалі ад Аляксандра Кухарскага цвёрдае запэўніванне ў адсутнасці нейкага Петражыцкага ў вар’ятні. Прычын не давяраць словам наглядчыка не было: адстаўны маёр, кавалер ордэнаў Святога Георгія і Святой Ганны быў чалавекам паважаным і шматразова ўзнагароджаным, у тым ліку за задушэнне паўстання 1863—1864 гадоў. 

Следчыя дзеянні на гэтым і завяршыліся, як раптам, ужо на выхадзе з установы, пракурору і віцэ-губернатару сустрэўся фельчар, нехта Мартынаў, які на іх пытанне адказаў станоўча: сапраўды, такі маёр у іх знаходзіцца. І павёў іх у патаемны пакой будынка.

Тры крутыя яйкі

Дзверы патаемнага пакоя дома для псіхічна хворых адчыніліся, і ў памяшканне ўпершыню за доўгі час трапіла святло. На падлозе сутарэння — цёмнага і вільготнага памяшкання без ніводнага акна — ляжаў чалавек, што амаль не рухаўся, але быў яшчэ жывы. Ці мог ён усвядоміць, што нарэшце вольны? 

Загадкавы вязень пражыве толькі тыдзень пасля свайго вызвалення, а медыцынскае абследаванне засведчыць, што ніякіх псіхічных захворванняў у яго не было. Прычынай смерці будзе крайняе знясіленне: на працягу шасці месяцаў яго трымалі ў цёмным і сырым памяшканні без свежага паветра, кормячы трыма крута зваранымі яйкамі ў дзень. 

У гэты ж самы дзень раптоўна памёр і наглядчык сацыяльных устаноў Кухарскі. 

Помста бунтароў

Крыніцы Самуіла Штэйнберга, каментуючы надзвычайнае здарэнне, заявілі, што катаванні маёра Петражыцкага — справа прыхільнікаў «польскага мяцяжу», якія такім чынам адпомсцілі яму за ўдзел у задушэнні паўстання і далейшую актыўнасць на карысць «рускай справы». 

Злачынства спрабавалі, па словах таго ж Штэйнберга, расследаваць, але чым тое расследаванне скончылася — невядома. Як невядома таксама, кім былі тыя адчайныя людзі, што пасля правалу паўстання працягвалі кропкавую падпольную дзейнасць. Ды яшчэ і такую нахабную — пад носам ва ўладаў, ва ўстанове, якую яны кантралююць. 

Магіла Цішкі Гартнага (Змітра Жылуновіча) у Пячэрскім лесапарку. Да дзеяча беларускага адраджэння таксама збіраліся ўжыць карную псіхіятрыю, але Гартны апярэдзіў сваіх ворагаў. Як толькі яго пакінулі без нагляду, ён лёг на падлогу і апусціў ножку цяжкага шпітальнага ложка сабе на шыю. Wikimedia Commons

Адно што толькі гэты выпадак чамусьці больш нідзе не згадваецца: ні ў далейшых выпусках «Судовага весніка», ні ў магілёўскіх перыядычных выданнях гэтага часу. Ёсць праблема і з верыфікацыяй галоўнага героя. Калі ўсе астатнія вышэйпамянёныя асобы з гэтай гісторыі знаходзяць сваё пацвярджэнне ў іншых крыніцах, напрыклад, у тых жа «Памятных кніжках» Магілёўскай губерні, то постаць маёра Петражыцкага ці Петрахіцкага пакуль нам у крыніцах не сустракалася.

Лёс і абставіны смерці замардаванага маёра, такім чынам, яшчэ застаюцца для нас загадкавымі, але, магчыма, некалі раскрыюць сваю таямніцу. 

Аляксей Бацюкоў і Уладзімір Дукорскі