Проект портала
Почему у патриарха и епископов бело-красно-белые ленты на мантиях и гербах?
28.11.2020 / 11:38

Что это символизует и откуда берёт начало, поясняет кандидат исторических наук Денис Лисейчиков.

Патрыярх Маскоўскі Кірыл і Патрыяршы Экзарх Беларусі Веніямін (злева) пасля ўзведзення апошняга ў сан. Vitprav.by

Замест золата і срэбра

Калі зайсці на афіцыйныя сайты епархій Беларускай праваслаўнай царквы, а таксама Рускай і Украінскай, можна пераканацца, што абавязковым элементам манаграмы, вензеля ўсіх іерархаў Царквы пачынаючы ад епіскапа з’яўляецца бел-чырвона-белая стужка. У аснову гэтых вензеляў пакладзена традыцыйная архірэйская мантыя, праз якую сапраўды ў тры шэрагі ідуць тры стужкі характэрных колераў.

Гэтыя тры стужкі маюць назву «струмені» альбо «крыніцы» (царкоўнаславянскае «струи», «источники»). Яны сімвалізуюць сабой святло Старога і Новага Запавету, якое павінен несці архірэй. 

Увогуле, форма архірэйскіх мантый ва ўсходніх цэрквах перанятая ад урачыстага адзення візантыйскіх імператараў. А імператарскія ўборы традыцыйна ўпрыгожваліся залатымі і срэбранымі нашыўкамі. Існуе меркаванне, што і на архірэйскіх мантыях першапачаткова выкарыстоўваліся «струмені» з каштоўных залатых і срэбных нітак у такой паслядоўнасці: срэбра — золата — срэбра. 

Спалучэнне гэтых матэрыялаў і колераў на мантыях патрыярхаў працягвала выкарыстоўвацца да XVI стагоддзя. Аднак каштоўныя металы ў патрэбнай колькасці дастаць было не так ужо і проста, ды і каштавалі яны дорага. Таму своеасаблівым «бюджэтным» варыянтам упрыгожання стала выкарыстанне замест золата і срэбра пурпурнага і белага ядвабу. 

Але калі ў Візантыі пурпурны ядваб яшчэ неяк можна было дастаць, то для Кіеўскай мітраполіі, куды ўваходзілі наша Полацкая і Турава-Пінская епархіі, нават гэтая замена золата была амаль недасяжнай. А таму з часам нашы епіскапы замест імператарскага і каралеўскага пурпуру пачалі выкарыстоўваць тканіну чырвонага (часцей) альбо сіняга (радзей) колеру. Пурпур, як вядома, сумесь менавіта чырвонага і сіняга, адсюль і два варыянты яго замены.

Ад часоў Кірылы Тураўскага

Першае дакладна зафіксаванае сведчанне выкарыстання ў адзенні архірэяў Кіеўскай мітраполіі «струменяў» бел-чырвона-белага колеру адносіцца да ХІІ стагоддзя. Менавіта такія струмені яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя можна было ўбачыць на мошчах святога Іліі (Іаана) — наўгародскага архіепіскапа, які памёр у 1185 годзе. У першыя гады савецкай улады мошчы cвятога Іліі Наўгародскага былі знішчаныя. Аднак характэрнае спалучэнне белага і чырвонага колеру мы можам і сёння бачыць на драўлянай разблёнай фігуры з ракі святога, вырабленай ў 1559-м. 

Спалучэнне белага і чырвонага колеру мы можам бачыць на драўлянай разблёнай фігуры з ра ́кі святога Іліі Наўгародскага, вырабленай ў 1559 годзе. Wikimedia Commons

На вялікі жаль, не захавалася архірэйскага адзення гэтага перыяду з беларускіх земляў. Але можна ўпэўнена сцвярджаць, што бел-чырвона-белыя струмені мусілі быць і на ўрачыстай мантыі святога Кірылы, тураўскага епіскапа, які памёр усяго на тры гады раней за наўгародскага Ілію. Прасачыць жа развіццё элементаў епіскапскага адзення да канца XVI стагоддзя ўвогуле складана, бо захавалася вельмі мала выяўленчых крыніц. Аднак можна меркаваць, што традыцыя выкарыстання струменяў адпаведных колераў не перапынялася.

І праваслаўныя, і ўніяты, і стараабрадцы

А вось з XVII стагоддзя, дзякуючы таму, што ў Рэчы Паспалітай тады назіраўся велізарны рост папулярнасці партрэтнага жанру, да нас дайшло шмат выяваў царкоўных іерархаў таго часу. І часта на іх урачыстых мантыях мы можам бачыць характэрныя бел-чырвона-белыя струмені. Гэта добра відаць, напрыклад, на партрэтах кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы сярэдзіны XVII стагоддзя, якому падпарадкоўваліся ўсе праваслаўныя цэрквы на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, і ўніяцкага (грэка-каталіцкага) полацкага архіепіскапа Кіпрыяна Жахоўскага 1680 года.

Тое, што бел-чырвона-белыя струмені сустракаліся на мантыях не толькі праваслаўных, але і грэка-каталіцкіх іерархаў, не дзіўна, бо візантыйская традыцыя — падмурак абедзвюх гэтых Цэркваў.

Варта прыгадаць хоць бы класічны партрэт апошняга мітрапаліта ўніяцкіх цэркваў у Расійскай імперыі Іасафата Булгака работы акадэміка Івана Хруцкага, які датуецца 1838 годам (гл. пра гэтага мастака і яго працу артыкул Алеся Белага ў № 5/2018 «Нашай гісторыі»). На адным з бел-чырвона-белых струменяў мітрапаліцкай мантыі наш зямляк-мастак нават паставіў свой аўтограф «M. Jan Chrucki 1838».

Класічны партрэт апошняга мітрапаліта ўніяцкіх цэркваў у Расійскай імперыі Іасафата Булгака работы акадэміка Івана Хруцкага. Wikimedia Commons

Не менш вядомая і гравюра з партрэтам полацкага архіепіскапа Фларыяна Грабніцкага (гады кіравання 1719—1762), з ініцыятывы і на сродкі якога ў сярэдзіне XVIII стагоддзя быў адноўлены Полацкі Сафійскі сабор. Сённяшняму выгляду нашай легендарнай Сафійкі мы абавязаныя менавіта ўладыку Фларыяну. Знакамітая гравюра з яго выявай, зразумела, чорна-белая, аднак характэрныя адценні струменяў на архірэйскай мантыі праглядаюцца выразна і тут.

Аб тым, што бел-чырвона-белыя струмені маюць даўнюю традыцыю, якая сягае каранямі ў першыя стагоддзі існавання Кіеўскай мітраполіі, што аб’ядноўвала пад сваёй уладай праваслаўныя цэрквы на тэрыторыі сённяшніх Украіны, Беларусі і Расіі, сведчыць іх выкарыстанне і на адзенні іерархаў-стараабрадцаў. Варта звярнуць увагу, як выглядае ўрачыстая мантыя цяперашняга стараабрадніцкага мітрапаліта Карнілія.

На гербах і іконах

Колеравай гамай праваслаўных архірэйскіх мантый у 1781 годзе, магчыма, натхняліся і распрацоўшчыкі новага «імперскага» герба Віцебска, пасля таго як горад быў далучаны да Расійскай імперыі. У гэты час магдэбургскі герб 1597 года (у блакітным полі выява Хрыста Збаўцы) быў заменены новым, у аснову якога была пакладзена мадэрнізаваная «праваслаўная» «Пагоня». Срэбнаму вершніку на срэбным кані расійскія мастакі-дызайнеры асучаснілі зброю і рыштунак, а на шчыце змясцілі шасціканцовы крыж з касой перакладзінай. Поле герба ўяўляла сабой чырвона-белыя палосы. 

Аднак жа гэта магло быць і простым супадзеннем. Бо ў тым жа 1781 годзе ўніфікаваная «праваслаўная» «Пагоня» была змешчана і на гербах павятовых цэнтраў Віцебскай губерні. Колеравая гама поля ў іх адрознівалася ад бел-чырвона-белай віцебскай.

Партрэт кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы сярэдзіны XVII стагоддзя. Wikimedia Commons

У той жа час у XVIII—XIX стагоддзях бел-чырвона-белыя струмені ўсё часцей пачалі з’яўляцца на іконах праваслаўных беларускіх храмаў. Калі сёння зайсці ў галоўную праваслаўную царкву Беларусі, Мінскі Святадухаўскі кафедральны сабор, то ў левым нефе храма можна знайсці цікавы абраз святога Мікалая Цудатворца XVIII стагоддзя. На палях іконы маюцца 8 т. зв. клеймаў, маленькіх дадатковых выяваў з асноўнымі цудамі, якімі праславіўся святы. На адным з іх адлюстраваны адзін з найбольш вядомых цудаў святога Мікалая — спыненне ка´та, які ўжо занёс меч над галавой нявінна асуджаных жыхароў горада Міры (на тэрыторыі сучаснай Турцыі), дзе Мікалай быў епіскапам. Абарона архірэем мірных жыхароў ад несправядлівага выраку свецкай улады праславіла святога Мікалая. 

Невядомы беларускі мастак XVIII стагоддзя зафіксаваў на гэтым сюжэце епіскапа ў святочнай мантыі з характэрнымі бел-чырвона-белымі струменямі. Святы Мікалай, дарэчы, традыцыйна лічыцца апекуном усіх нявінна асуджаных і абаронцам ад марнай смерці. 

У ХІХ стагоддзі ў праваслаўных храмах Беларусі атрымалі вялікае распаўсюджанне і папулярнасць іконы святых варонежскіх епіскапаў Мітрафана (памёр у 1703-м), а таксама Ціхана Задонскага (памёр у 1783-м), на абразах якіх можна заўважыць тыя ж самыя струмені ў адпаведнай колеравай гаме. А на партрэтах і іконах нашага мясцовага праваслаўнага святога Георгія (Каніскага), магілёўскага архіепіскапа (памёр у 1795-м), заўважныя абодва варыянты замены пурпуру ў струменях — з блакітнымі і з чырвонымі стужкамі.

Беларускі праваслаўны святы Георгій Каніскі, магілёўскі архіепіскап (памёр у 1795 годзе). Sobormogilev.by

Дзяніс Лісейчыкаў