Проект портала
Вдова и генералы. Как пала диктатура на Филиппинах 
17.12.2020 / 22:00

Филиппинская Желтая революция стала возможной благодаря самоотверженности Карасон Акина, вмешательству армии и давлению спонсора диктатуры, пишет Андрей Акушко.

Прэзідэнт Карасон Акіна і генерал Фідэль Рамас. 1987 год. Фота: newsflash.org

Рэспубліка Філіпіны — адзіная ў Азіі краіна з пераважна хрысціянскім, каталіцкім насельніцтвам таксама прайшла праз перыяд дыктатуры. Цяпер многія краіны Паўднёва-Усходняй Азіі развіваюцца як дэмакратыі. А на мяжы 70-х і 80-х гадоў ХХ стагоддзя ў гэтым рэгіёне амаль не было дэмакратычных краін — акрамя самай высокаразвітай, Японіі.

Вяртанне эмігранта

У 1983-м знакавы праціўнік філіпінскай дыктатуры — былы сенатар, кіраўнік Ліберальнай партыі — Бенігна Акіна вярнуўся на радзіму з эміграцыі, з ЗША. Улады папярэдзілі Акіна: у выпадку вяртання ён будзе арыштаваны проста ў аэрапорце і адправіцца ў турму даседжваць тэрмін.

Трыма гадамі раней Акіна адпусцілі ў ЗША аднаўляцца пасля перанесенага ў турме інфаркту. Там ён і завіс. Чытаў лекцыі, гуртаваў дыяспару.

Акіна быў загартаваны палітычны баец. Перад эміграцыяй ён правёў у турме 8 гадоў, атрымаў смяротны прысуд, не зламаўся… Гэта былі жорсткія часы, цяпер палітычная барацьба нашмат больш траваедная ва ўсім свеце.

Акіна вырашыў: пара вяртацца. У эміграцыі яму было нудна, а дыктатура яўна дыхала на ладан: і эканоміка, і грамадства хісталіся.

На той момант дыктатар Фердынанд Маркас кіраваў Філіпінамі ўжо 18 гадоў.

 У 1965 годзе, калі Маркас дэмакратычным шляхам прыйшоў да ўлады, эканоміка Філіпін хутка расла. Але сацыяльная сфера правісала, і новы прэзідэнт абяцаў гэта змяніць. У свой першы тэрмін ён зрабіў больш даступнымі адукацыю і медыцыну, распачаў вялікі праект па будаўніцтве дарог, каб з’яднаць асноўныя астравы Філіпінскага архіпелага — іх 7641.

У выніку Маркас стаў першым у гісторыі прэзідэнтам краіны, якому ўдалося пераабрацца на другі тэрмін. Але далей прыйшлося цяжка: ён набраў шмат крэдытаў, і эканоміка апынулася на краі прорвы, трымаючыся толькі дзякуючы замежнай падтрымцы — грашам Міжнароднага валютнага фонду і ЗША.

Абраны на другі тэрмін прэзідэнт Фердынанд Маркас прысягае філіпінцам. 1969 год. Фота: wikimedia.commons

Масавыя пратэсты супраць інфляцыі, скарачэння сацыяльных праграм і дыктатарскіх замашак распачаліся ў 1970-м. Каб спыніць іх, у верасні 1972-га Маркас увёў ваеннае становішча. Тады пасадзілі і Акіна. Ваеннае становішча пратрымалася цэлых восем гадоў. За гэтыя часы замежны доўг краіны вырас у цэлых 11 разоў.

Генералы самі

Тысяча спецназаўцаў і байцоў Унутраных войскаў чакалі сенатара Акіна ў аэрапорце, каб арыштаваць. Але ў турму Акіна не трапіў. Як толькі яго вывелі на трап самалёта, прагучалі стрэлы. Спачатку — адзін, пасля — чэргамі. Аэрапорт, Азія, чалавечы вулей, здавалася б, але вось жа, бывае, ніхто чужы — ні рэпарцёры, якія суправаджалі Акіна на борце рэйса з Тайбэя, ні супрацоўнікі аэрапортавых службаў — не бачыў, хто канкрэтна стрэліў у патыліцу Акіна, нібы прыводзячы ў выкананне смяротны прысуд.

Афіцыйная версія была такая: у Акіна выстраліў свой жа, апазіцыянер, але радыкал, камуніст, які хаваўся пад трапам. Гэтага апазіцыянера тут жа, на месцы, салдаты зрашэцілі з аўтаматаў — стралялі па ім некалькі хвілін.

Пазней будзе расследаванне, і яно выявіць, што ніякі не апазіцыянер, не радыкал, канечне ж, а самі сілавікі, вялікая іх група, арганізавалі забойства Акіна. Яны, у тым ліку генералы, сядуць у турму на 22 гады, прычым гэта здарыцца яшчэ пры кіраванні Маркаса. Дыктатар нібыта быў ні пры чым, увогуле, хварэў у той момант.

Доказаў таго, што загад аддаў менавіта Маркас, дагэтуль няма. Можа, ён і не аддаваў загаду. Генералы самі рашылі.

 Як яна засталася жывою?

Усе дзевяць дзён, пакуль людзі развітваліся з сенатарам Акіна, ён ляжаў у труне непрыхарошаны, з ненакрытай дзіркай ад кулі ў галаве. Гэта была воля яго мамы: «Хай усе бачаць, што вырабілі з маім сынам!»

Карасон Акіна, удава сенатара Бенігна, і пяцёра іх дзяцей прыляцелі на пахаванне з ЗША. Два мільёны чалавек сабраліся на развітанне, многія з жоўтымі стужкамі, сімвалам памяці. З гэтага пахавання, з гэтага паходу за труною і пачалася папулярнасць Карасон — па-іспанску «Карасон» значыць «сэрца» — Акіна.

Карасон застанецца на радзіме.

Карабель дыктатуры працягваў плаванне, але працёкаў рабілася ўсё больш.

Летам 1985-га, праз два гады пасля забойства Акіна, амерыканскія журналісты раскапалі, што Маркас і яго жонка Імельда валодаюць дарагой нерухомасцю ў ЗША. Быў скандал. Паралельна раскрылася, што філіпінскі дыктатар схлусіў пра свае геройствы падчас Другой сусветнай вайны, а ягоны бацька супрацоўнічаў з японскімі акупантамі.

У такіх абставінах Карасон Акіна вылучыла сваю кандыдатуру на датэрміновыя выбары 1986 года.

Карасон Акіна не ўдзельнічала ў палітыцы, але варылася ў ёй. Яна вырасла ў сям’і палітыка, багатага землеўласніка і доўгі час жыла клопатамі і трывогамі мужа.

Дзяржаўныя СМІ высмейвалі яе як хатнюю гаспадыню без досведу кіравання. Але яе прамовы станавіліся ўсё больш змястоўнымі, а голас — упэўненым. Яна выгадна адрознівалася ад іншых лідараў апазіцыі, кожны з якіх спрабаваў цягнуць коўдру на сябе.

Чаму яе не забілі таксама? Ёсць гіпотэза, што ад гэтага Маркаса строга засцераглі амерыканцы, спонсары рэжыму, думку іх дыктатар не мог ігнараваць. Для ЗША і Бенігна, і Карасон Акіна былі прымальнай апазіцыяй, гарантыяй, што ў выпадку змены ўлады краінай не авалодаюць прыхільнікі СССР — тады ішла халодная вайна.

Яўка на выбарах была высокай — 79% выбаршчыкаў. Афіцыйна гэта менш, чым на выбарах 1981-га. Але назіральнікі заўважалі, што візуальна людзей на ўчастках было больш, чым у мінулыя гады.

Афіцэры трох выпускаў

1986-га. 15 лютага Цэнтрвыбаркам абвясціў Маркаса пераможцам. У адказ Карасон сабрала вялікі мітынг. Сотні тысяч філіпінцаў выйшлі на манільскі аналаг мінскага другога кальца — Epifanio de los Santos Avenue (скарочана EDSA, таму падзеі часам клічуць «рэвалюцыяй EDSA»). У плане Акіна былі цалкам мірныя заклікі: не плаціць падаткі і не рабіць камунальныя плацяжы, не набываць тавары ў кампаній, звязаных з дыктатарам.

На бок Акіна ўстаў Каталіцкі касцёл, вельмі паважаны на Філіпінах. Кардынал Рыкарда Відаль назваў вынікі выбараў «несправядлівымі». Ён сказаў, што кожны філіпінец павінен сам вырашыць, што рабіць далей. І дадаў, што Царква з рашэннем ужо вызначылася: яна будзе змагацца супраць хлусні.

Хто ведае, ці ўдалося б паваліць Маркаса такім «доўгім шляхам». Але ўсё пайшло інакш. У арміі на момант выбараў існавала група маладых афіцэраў, якія не прымалі рэалій дыктатуры і падумвалі пра рашучы метад перамен. У іх была задума штурму прэзідэнцкага палаца. Маладыя афіцэры называлі сябе «Рухам за рэформы сілавых структур», які нагадваў партугальскі «Рух капітанаў» (чытайце пра партугальскую рэвалюцыю гваздзікоў у №8/2020 «Нашай гісторыі»). Гэта было невялікае кола сяброў: у гэтыя групы аб’ядналіся афіцэры трох выпускаў Вайсковай акадэміі, на момант выбараў ім было па 37, 36 і 30 гадоў. Але ім нефармальна, з усёй генеральскай хітрасцю, спрыяў міністр абароны.

Паваротным момантам Жоўтай рэвалюцыі стала нечаканая заява 32 тэхнічных супрацоўнікаў, камп’ютарных адміністратараў Цэнтрвыбаркама Філіпін. Яны ў жывым эфіры заявілі пра тое, што выбары насамрэч былі нахабна сфальсіфікаваныя. Падбіла іх на такі ўчынак Лінда Капунан — жонка аднаго з маладых «афіцэраў за рэформы».

Маркас яшчэ паспеў арыштаваць частку афіцэраў-змоўшчыкаў. Але 22 лютага кіраўнік Унутраных войскаў Фідэль Рамас і міністр абароны Хуан Энрыле таксама заявілі, што вераць доказам фальсіфікацыі выбараў і лічаць пераможцай Карасон Акіна.

Дзве інаўгурацыі

Іншыя сілавікі на той момант працягвалі захоўваць вернасць Маркасу. Усё было яшчэ хістка. Калі з базы выйшла калона бранятэхнікі, тысячы людзей здолелі спыніць яе жывым шчытом, у першым шэрагу стаялі манашкі з ружанцамі.

Армейскія часткі пэцкацца разгонам людзей не хацелі і пачалі адна за адной прысягаць Карасон. Ці генералам Рамасу і Энрыле, што азначала тое самае. Спроба паслаць на незадаволеных верталёты скончылася няўдала — экіпажы перайшлі на бок Акіна, вярнуліся на базу ды атакавалі аэрадром, дзе засталася верная Маркасу авіяцыя.

У значнай ступені Маркас сам падштурхнуў вайскоўцаў да здрады яму, калі з-за ўласнай падазронасці знішчыў сацыяльныя ліфты ў арміі. З 60-ці генералаў 27 былі паводле ўзросту пенсіянерамі. Але дыктатар забараніў ім звальняцца, бо гэта былі лаяльныя яму людзі, а маладзейшым, менш правераным, ён не давяраў. Палкоўнікі ж, фактычна не маючы пры такой палітыцы дыктатара шанцаў на кар'ерны рост, пераходзілі на бок Карасон Акіна.

Маркас забараніў страляць па дэманстрантах баявымі патронамі, бо з Вашынгтона сказалі: пераход гэтай рысы будзе мець наступствы. Тым не менш у момант хаосу 25 лютага снайперы ўсё ж адкрылі агонь па людзях.

Інаўгурацыя Карасон Акіна, 1986 год. Фота: wikimedia.commons

25 лютага 1986 года прайшлі дзве інаўгурацыі. Спачатку прыняла прысягу Акіна — у элітным клубе «Філіпіна». Пасля тое самае зрабіў і Маркас — у прэзідэнцкім палацы. Але гэта было ўжо проста акцёрства. На той момант на бок Акіна перайшлі прыкладна 90% вайскоўцаў.

26 лютага Маркас з сям’ёй быў ужо на амерыканскай вайсковай базе на Гаваях. А мільёны філіпінцаў выйшлі на вуліцы гарадоў, каб адсвяткаваць канец дыктатуры.

 Адзін тэрмін

Праз год на рэферэндуме будзе прынятая новая канстытуцыя.

За год да сканчэння свайго прэзідэнцкага тэрміну Акіна даб’ецца ад ЗША вываду войскаў з Філіпін.

Ісці на другі тэрмін Акіна адмовілася, хоць магла скарыстацца прыняццем новай канстытуцыі. Замест гэтага яна падтрымала кандыдатуру таго, без каго б у 1986-м не перамагла — генерала Фідэля Рамаса. Далей у палітыцы не ўдзельнічала, аднак як маральны аўтарытэт выказвалася наконт падзей і дапамагла сыну, Бенігна-трэцяму (першым быў ягоны дзед, таксама палітык), стаць сенатарам. Дарэчы, Бенігна Акіна пасля стане і прэзідэнтам Філіпін — і будзе ім з 2010 па 2016 гады.

Андрэй Акушка