Праект партала
Адкуль наш род «Не зусім здраднікі»: як шляхта лічыла не ганебным перайсці на бок Масквы і як улады ВКЛ змянілі такую свядомасць
21.02.2021 / 12:23

У XV стагоддзі праваслаўная шляхта Вялікага Княства Літоўскага не лічыла нечым ганебным перайсці на бок Масквы. Але пройдзе зусім няшмат часу, і цэнтральнай уладзе ўдасца змяніць такую свядомасць, піша кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Насевіч.

Апошняя здрада здарылася тут — у Мсціславе. Фота shutterstock.com by kalyanby

Насельніцтва ВКЛ у вачах яго жыхароў падзялялася на дзве асноўныя катэгорыі: шляхту і просты люд. У сваю чаргу, кожная з гэтых груп магла драбніцца паводле мноства крытэрыяў: веры, мовы, эканамічнай заможнасці. Але як адчувала і кім уяўляла сябе «маўклівая большасць», пазбаўленая ўдзелу ў палітычным жыцці і вайсковай справе, нікога асабліва не клапаціла, таму і ведаем мы пра гэта вельмі мала. Рэальную вагу мела толькі становішча шляхецкага саслоўя — палітычнай эліты таго часу.

Узвышэнне літоўскіх нобіляў

Ад самага ўтварэння ВКЛ шляхта складалася з дзвюх асноўных частак: ліцвінаў і русінаў. Пазней гэтыя дзве групы зліюцца ў адзін «шляхецкі народ», за якім замацуецца агульнае імя «ліцвіны» (чытайце пра гэта ў артыкуле «Ліцвіны супраць русінаў» у № 9/2020 «Нашай гісторыі»). Але ў першых пакаленнях арыстакратыя ВКЛ выдатна памятала, хто з іх адкуль паходзіць, і надавала гэтаму паходжанню пільную ўвагу.

Да таго ж практычна ўся русінская знаць доўгі час адрознівалася праваслаўным веравызнаннем, у той час як усе першапачатковыя ліцвіны былі язычнікамі. Да хрышчэння Літвы толькі невялікая частка з іх паспела прыняць праваслаўе. Астатнія ў 1386 годзе зрабіліся каталікамі, што па-ранейшаму адасабляла іх ад русінаў. Гэта было істотнай перашкодай для змяшаных шлюбаў і значна запавольвала працэс узаемнай інтэграцыі, у якім былі зацікаўленыя абодва бакі.

Пра тое, як вырашалася пры гэтым «моўнае пытанне», мы гаварылі ў мінулы раз. Але не менш важнымі былі і палітычныя адносіны. Прынцыповае значэнне было ў тым, што паноўная ў Вялікім Княстве да сярэдзіны XVI стагоддзя дынастыя Гедымінавічаў мела літоўскае паходжанне, і продкі найбольш старажытных ліцвінскіх родаў служылі яе продкам яшчэ ў працэсе ўтварэння ВКЛ. Вядома, без падтрымкі хаця б часткі рускага баярства гэтая дзяржава не магла паўстаць і ўтрымацца, таму праваслаўныя роды таксама былі дапушчаныя ў эліту. Але іх прадстаўніцтва там заўжды было вельмі сціплым.

Так, Валынскі летапіс называе ўсяго пару імёнаў рускага паходжання з блізкага кола Міндоўга: нейкі ваявода Хвал і дарадца з Разані Яўстафі Канстанцінавіч. Несумненная наяўнасць прынамсі аднаго мясцовага дарадцы і ў радзе князя Таўцівіла ў бытнасць апошняга полацкім князем.

У нейкай колькасці ўваходзілі русіны ў склад велікакняжацкай рады пры Віценю (пачатак XIV стагоддзя). Пра склад эліты ў часы Гедыміна (1316—1341) звестак амаль няма, але вядомая выключная роля, якую адыгрываў праваслаўны зяць вялікага князя, гарадзенскі намеснік Давыд. Хоць яго паходжанне дыскусійнае: ён мог быць як русінам, так і ахрышчаным ліцвінам (паводле адной з версій — сынам пскоўскага князя Даўмонта-Цімафея).

На часы вялікага князя Альгерда (1345—1377) прыходзіцца жорсткая эпідэмія чумы («чорнай смерці»). Магчыма, якраз тады, ва ўмовах высокай смяротнасці, склад эліты істотна абнавіўся — і не на карысць русінаў. Менавіта на гэты час прыпадае шмат згадак пра літоўскіх баяр, што атрымалі землі і далі пачатак магнацкім родам наступных стагоддзяў. Можна меркаваць, што склад ліцвінаў у элітах пры Альгердзе быў адназначна непрапарцыйна высокі, калі параўноўваць са складам насельніцтва княства.

Тэндэнцыя працягнулася і пры сыне Альгерда, князю Ягайле, калі склад эліты амаль цалкам вызначалі князі з роду Гедымінавічаў і літоўскія баяры. Сярод тых і другіх частка насіла хрысціянскія імёны, а большасць — язычніцкія.

Пасля таго, як каталіцтва стала дзяржаўнай рэлігіяй ВКЛ, прадстаўнікі этнічна літоўскага баярства сталі не менш уплывовымі асобамі, чым Гедымінавічы. Шэраг з іх Вітаўт, стаўшы вялікім князем у 1392 годзе, імкліва ўзвысіў і надаў ім новыя буйныя маёнткі, большасць з якіх прыйшлася на землі сучаснай Беларусі. Гэтае становішча было афіцыйна замацавана падчас Гарадзельскай уніі 1413 года, калі літоўскія роды атрымалі гербы ад польскіх арыстакратаў і іншыя прывілеі. Роды рускага паходжання, якія амаль цалкам захавалі вернасць праваслаўю, маглі адгэтуль разлічваць толькі на другасныя дзяржаўныя пасады і значна больш сціплыя наданні.

Так былі закладзеныя падставы для канфлікту, які выбухнуў пасля смерці Вітаўта, у 1430-я гады.

 Барацьба і саступкі

У гэтым канфлікце перапляліся і эканамічныя, і рэлігійныя, і палітычныя матывы. Мы не ведаем, як гэтае спалучэнне інтарэсаў асэнсоўвалася самімі ўдзельнікамі міжусобіцы — гэта не знайшло ўвасаблення ў наяўных крыніцах. Але мы ведаем, як яно было асэнсавана нашчадкамі і захавалася ў гістарычнай памяці.

Калі праз некалькі дзесяцігоддзяў ствараўся аповед пра гэтыя падзеі, што дайшоў да нас у беларуска-літоўскіх летапісах, яго аўтар рэтраспектыўна апісваў канфлікт 1430-х гадоў як супрацьстаянне двух этнічных масіваў — Літвы і Русі: «Літва ж пасадзіла вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча на вялікае княжанне ў Вільні і ў Троках. І пасадзіла князя Свідрыгайлу на вялікае княжанне Рускае. … Вялікі князь Свідрыгайла сабраў шмат сіл рускіх і пайшоў на Літву ды заваяваў шмат літоўскіх земляў. …Вялікі князь Жыгімонт, сабраўшы ўсю сваю літоўскую сілу, адправіў свайго сына князя Міхаіла на Русь» і г.д.

У грамадзянскай вайне 1430-х войска русінаў узначальваў ліцвін Свідрыгайла. Крыніца: wikimedia.commons

На той час Жыгімонту Кейстутавічу і яго прыхільнікам удалося перамагчы, але дзеля гэтага яны мусілі часткова адмовіцца ад сваёй сацыяльнай выключнасці. Троцкі прывілей 1434 года распаўсюдзіў на праваслаўных значную частку палітычных і эканамічных правоў, якімі раней валодалі толькі каталікі. У наступныя дзесяцігоддзі былі створаныя ці пашыраныя першыя рэдакцыі земскіх прывілеяў, якія надавалі русінскай знаці выключную ролю ў кіраванні Полацкай і Віцебскай землямі, але за кошт таго, што ёй быў па-ранейшаму закрыты доступ да ключавых пасад у Віленскім і Троцкім ваяводствах.

У час доўгага панавання Казіміра Ягайлавіча (1440—1492) мы не маем сведчанняў пра масавыя канфлікты, якім надавалася б выразная этнічная афарбоўка. Але большасць новых маёнткаў у гэты час даставалася альбо Гедымінавічам, альбо панам — нашчадкам узвышаных пры Вітаўце літоўскіх па паходжанні і каталіцкіх па веравызнанні родаў (Манівідаў, Гаштаўтаў, Кезгайлаў, Радзівілаў і іншых), якія мелі фактычную манаполію на месцы ў дзяржаўнай радзе. Яна нават афіцыйна так і называлася — «паны-рада».

Русінам заставалася групавацца вакол тых Гедымінавічаў, што мелі праваслаўнае веравызнанне і ўтваралі апазіцыю паноўнай каталіцкай групоўцы. Правадыром апазіцыі быў спярша кіеўскі князь Сямён Алелькавіч, які ганарліва тытулаваўся «з ласкі Божай вялікім князем Кіеўскім». Пасля яго смерці ў 1471 годзе Кіеўскае княства было скасавана, а створанае замест яго ваяводства (на кіраўніцтва ім быў пастаўлены Марцін Гаштаўт) атрымала такі ж земскі прывілей, як раней Полацкая і Віцебская землі — з відавочнай мэтай прыцягнуць да лаяльнасці хаця б частку тамашняй праваслаўнай шляхты.

Роля правадыра апазіцыі перайшла да Сямёнавага брата Міхаіла Алелькавіча, які абапіраўся на сваё Слуцка-Капыльскае княства. Разам з іншымі праваслаўнымі князямі літоўскага паходжання (Фёдарам Бельскім і Іванам Гальшанскім-Дубровіцкім) ён паспрабаваў у 1481-м здзейсніць дзяржаўны пераварот, звесткі пра які вельмі ўрыўкавыя і супярэчлівыя. Маскоўскія летапісы паведамляюць, што змоўшчыкі нібыта планавалі «па Беразыню раку адсесці на вялікага князя Літоўскай зямлі». Фактычна гэта азначае, што яны мелі (ці маскоўцы прыпісвалі ім) намер адарваць ад ВКЛ якраз тую тэрыторыю Русі, якая за паўстагоддзя да таго была апорай Свідрыгайлы.

 З вотчынамі і без вотчын

Маскоўская дзяржава выкарыстоўвала праявы незадаволенасці на рускіх землях ВКЛ ва ўласных мэтах. Якраз тады вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ выступіў з прэтэнзіямі на ўсю Русь. Падстава была той самай, на якую намякаў Сямён Алелькавіч, — факт існавання ў мінулым Рускай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. Існавала памяць пра яе, а насельніцтва ўсіх частак, на якія гэтая дзяржава распалася, называла сябе рускімі. Таму ўладар адной з такіх частак меў спакусу пазмагацца за астатнія.

Гэтая ж акалічнасць давала падставу вотчыннікам з рускай часткі ВКЛ пры сепаратысцкіх памкненнях і нават пры пераходзе на маскоўскі бок адчуваць сябе, хаця б ва ўласных вачах, «не зусім здраднікамі». Адзін з трох галоўных змоўшчыкаў 1481 года, Фёдар Бельскі, пасля пакарання смерцю двух астатніх уцёк менавіта ў Маскву.

«Шляхта» сучаснай Беларусі не ведае падзелу на літоўскую і рускую. Фота: Holiday.by

Такая змена падданства здаўна лічылася законным правам пакрыўджанага арыстакрата. Але неўзабаве пачаўся масавы пераход у маскоўскае падданства памежных князёў разам з вотчынамі. Гэта было ўжо яўнай пагрозай дзяржаўнай бяспецы ВКЛ. З 1487 па 1493 год такі пераход здзейснілі князі Варатынскія, Бялеўскія, Мярэцкія, Вяземскія, продкі якіх прысягнулі некалі Альгерду. У канцы 1490-х на бок Масквы перайшлі са сваімі ўладаннямі Сямён Бельскі і трое князёў маскоўскага паходжання: Сямён і Іван Мажайскія і Васіль Шамячыч, бацькі якіх некалі за пераход у падданства ВКЛ атрымалі вялізныя вотчыны (Бранск, Чарнігаў, Старадуб, Ноўгарад-Северскі).

З’явай такога ж кшталту быў мяцеж братоў Міхаіла і Васіля Глінскіх у 1508 годзе. Паводле хронікі Стрыйкоўскага, кіеўскі ваявода Васіль Глінскі спакушаў мясцовую шляхту праектам перанясення сталіцы на Русь і аднаўлення «Кіеўскай манархіі». Праўда, Глінскім і іх прыхільнікам давялося ўрэшце перайсці ў Маскву без вотчын. У адказ 9 лютага 1509 года паны-рада ўхвалілі пастанову («уставу»), якая ўпершыню ўводзіла ў пісаным заканадаўстве ВКЛ паняцце здрады, якая цягне пазбаўленне правоў на маёмасць.

Гэтая мера аказалася дзейснай. Далей з буйных праваслаўных арыстакратаў на бок Масквы перайшоў у 1514 годзе толькі сын князя Міхаіла Мсціслаўскага. Лёс самога Міхаіла, які падчас аблогі здаў Мсціслаў непрыяцелю, разглядаўся дзяржаўнай радай. Князь прасіў дараваць яму вымушаную капітуляцыю, «каб надалей яго шанавалі і дзяцей яго тым не папіналі». Але дараванне ён атрымаў толькі дзякуючы паруцы гетмана Канстанціна Астрожскага і іншых радных паноў. З гэтага часу стаўленне да пераходаў знаці на бок Масквы стала катэгарычна нецярпімым, і выпадкі такія спыніліся.

Такім чынам, XV і пачатак XVI стагоддзя атрымаліся вельмі напружанымі для палітычнай эліты. Гэта дапамагае зразумець, чаму ў далейшым і ліцвінская, і русінская шляхта прыкладала актыўныя намаганні, каб дасягнуць кансалідацыі. На гэта спатрэбілася яшчэ каля стагоддзя. Прыкладна з першай паловы XVII стагоддзя неістотным зрабілася, якія карані меў той ці іншы шляхецкі род. Усе яны мелі аднолькавыя каштоўнасці, прытрымліваліся адной мадэлі паводзін, а калі і варагавалі паміж сабой, то зусім не на падставе этнічнага паходжання.

Вячаслаў Насевіч