Проект портала
биографии Знал 20 языков, а исследовал белорусский. Петр Бузук, полиглот с молдавско-еврейско-украинско-сербскими корнями
06.06.2021 / 12:20

Он стал классиком белорусского языкознания — всего за 9 лет от приглашения работать в Белорусский государственный университет до ареста. Его внучку расспрашивал о деде Василий Герасимчик.

Кацярына Шашытайшвілі, унучка Пятра Бузука, беражэ памяць пра вялікага дзеда. На сценах у яе дома — фоты продкаў. Фота Надзеі Бужан.

Яго працы паўплывалі на развіццё нашай літаратурнай мовы, а створаны ім дыялектычны атлас беларускіх гаворак стаў першым сярод славянскіх народаў і прынёс аўтару сусветную вядомасць. Нягледзячы на тое, што з-за трагічных абставін выйшла толькі адна частка гэтага атласа.

Знішчаны ружовы чамадан

Некалькі фотаздымкаў і восем старонак тэксту, дасланых з Волагды, — вось і ўсё, што мае ад дзеда Кацярына Шашытайшвілі, унучка Пятра Бузука.

Усю рукапісную спадчыну дзеда пасля яго арышту родныя сабралі ў ружовую валізу і закапалі ў двары сваёй хаты, якая стаяла на месцы сённяшняга цырка. Чамадан згінуў падчас вайны.

Восем старонак тэксту, што ацалелі, — гэта аўтабіяграфія і спіс навуковых прац з 60 пунктаў, кожны з якіх варты ўвагі.

Кацярына Віктараўна, якая доўга працавала ў дзіцячай рэдакцыі Беларускага тэлебачання, прымае нас у кватэры з высокай столлю на вуліцы Змітрака Бядулі ў Мінску. На сцяне побач з фотаздымкамі вісіць карціна, створаная мужам Кацярыны Віктараўны Уладзімірам. На ёй — чырвоны дом на рагу Кірава і Валадарскага, дзе выраслі дзеці Пятра Бузука. Па-добраму, тут павінна з’явіцца шыльда ў яго гонар.

Пятро Бузук, турэмнае фота. Фота з сямейнага архіва Бузукоў.

Лінгвістычны геній

Бацькі, аддаючы сына ў рэальнае вучылішча ў Ціраспалі, чакалі, што ён дасягне поспехаў у тэхнічных навуках, за якімі быў прыярытэт у такога тыпу вучэбных установах. Але Пятро аказаўся моцным зусім у іншым. Лёгка, проста неверагодна лёгка яму даваліся мовы. «Паліглот расце», — напэўна, з гонарам маглі абмяркоўваць сына Апанас і Неаніла Бузукі, пакуль той без прымусу, быццам гуляючы, практыкаваўся ў лаціне і грэчаскай, французскай і нямецкай мовах.

У раннім узросце сюды таксама дадалася яшчэ стараславянская, якая пацягнула за сабой, для лепшага яе разумення, польскую, сербскую і чэшскую.

Пасля гэтага хлопец зацікавіўся славянскімі запазычаннямі ў іншых мовах і таму засвоіў балгарскую, італьянскую і англійскую. Калі ж Пятро Бузук заняўся навуковай дзейнасцю і пачаў распрацоўваць пытанні гісторыі праславянскай мовы і яе прарадзімы, то вывучыў яшчэ і літоўскую. Да таго ж з самага дзяцінства ён ведаў румынскую, рускую і ўкраінскую, а перад пераездам у Мінск вывучыў і беларускую, якой авалодаў настолькі дасканала, што нават пісаў на ёй вершы.

Працуючы ў Мінску, ён у адзін навучальны год чытаў лекцыі па-беларуску, па-руску і па-ўкраінску, а таксама вывучыў старажытную і сучасную яўрэйскія мовы (іўрыт і ідыш), каб мець магчымасць выкладаць курс агульнага мовазнаўства для яўрэйскай секцыі Мінскага педагагічнага інстытута на іх роднай мове. Падчас ссылкі, якую адбываў у Волагдзе, Пятро Бузук зацікавіўся мовай народа комі, а вынікам знаёмства з «палітычным» Міхаілам Чанішвілі стала вывучаная грузінская мова.

Але галоўную сваю навуковую працу ён прысвяціў менавіта нашай мове, беларускай.

З крыві чатырох народаў

Пятро Бузук нарадзіўся ў 1891 годзе ў вёсцы Шарпены Бесарабскай губерні (цяпер Бендэрскі раён Малдовы) у сям’і народнага настаўніка Апанаса Бузука і яго жонкі Неанілы, у якіх усяго было сямёра дзяцей. Па бацьку, які паходзіў з сялян, але здолеў выбіцца ў людзі, у жылах Пятра цякла малдаўская і яўрэйская кроў, а па маці, якая паходзіла з дваранскага роду Росічаў, — яшчэ ўкраінская і сербская.

Пасля заканчэння рэальнага вучылішча юнак паўтара года займаўся самастойна, каб паступіць на гісторыка-філалагічны факультэт Новарасійскага ўніверсітэта ў Адэсе. Там на здольнасці маладога Пятра звярнуў увагу прафесар Барыс Ляпуноў, які чытаў некалькі курсаў славянскага мовазнаўства і быў прыхільнікам канцэпцыі праславянскай мовы як кантынууму дыялектаў. Ён шырока выкарыстоўваў прынцыпы лінгвістычнай геаграфіі, веданне якой перадаў і свайму вучню. Значна паўплываў на яго таксама прафесар Аляксандр Томсан, які займаўся параўнальным мовазнаўствам і стварыў кабінет эксперыментальнай фанетыкі, дзе займаліся найбольш здольныя студэнты.

Калі ў 1924 годзе ва Украіне ўвялі навуковыя ступені, Бузук хутка падрыхтаваў і абараніў дысертацыю, стаўшы адным з першых дактароў філалагічных навук у СССР. У тым жа годзе пабачыла свет яго кніга «Асноўныя пытанні мовазнаўства», якая трапіла на вочы рэктару Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзіміру Пічэту. І ўразіла настолькі, што той запрасіў маладога навукоўца ў Беларусь.

Мінск

У лістападзе 1925 года Пятро Бузук уладкаваўся ў БДУ і педагагічны інстытут, у якіх вёў пяць асноўных дысцыплін. Пры гэтым ён працягваў працаваць і ў Адэсе. Каб канчаткова перацягнуць таленавітага навукоўца ў Беларусь, яму ў 1926 годзе прапанавалі месца навуковага супрацоўніка ў Інстытуце беларускай культуры. Аднак не менш важкім фактарам, каб пусціць карані на новым месцы, стала каханне.

Пятро Бузук з жонкай Ганнай. Фота з сямейнага архіва Бузукоў.

Бузук з дзяцінства любіў жывёл, і таму, апынуўшыся ў новым горадзе, вырашыў завесці ката. Знаёмыя параілі з гэтай мэтай завітаць да сям’і Тарасікаў, якія жылі ў доме на месцы сённяшняга цырка. Але акрамя ката, навуковец сустрэў у гэтым доме і будучую жонку. Ужо праз некалькі месяцаў Пятро Бузук пабраўся шлюбам з Ганнай Тарасік, якая была ў два разы маладзейшая за яго: яму 35, ёй — 17. У 1927 годзе ў іх нарадзілася першая дачка.

Усяго ў Пятра і Ганны Бузукоў было чацвёра дзяцей. Старэйшая дачка Галіна стала мастачкай, Кацярына — артысткай тэатра, сын Уладзімір — дыктарам Беларускага тэлебачання, малодшая Аксана — лекарам.

Сам выхаваны ў вялікай і дружнай сям’і, Пятро любіў бавіць час і з уласнымі дзецьмі. Дачка Галіна распавядала: «З татаю мы былі больш чым сябры. Я яго абагаўляла. Баюся, што, калі б мяне тады спыталі, каго я люблю больш, магчыма, назвала б менавіта яго, а не маму… Ён спяваў мне калыханку Моцарта на нямецкай мове, арыю Жэрмона з «Травіяты» на італьянскай мове. Яшчэ памятаю, як бацька павёў мяне на «Атэла» Уільяма Шэкспіра без ведама мамы, а яна яго потым лаяла: «Няўжо можна дзіцяці такое глядзець?!»»

Чырвоны дом на рагу Кірава і Валадарскага, дзе выраслі дзеці Пятра Бузука. Карціна мужа Кацярыны Шашытайшвілі Уладзіміра. Фота Надзеі Бужан.

Навука

Праца ў Інбелкульце — найбольш плённы перыяд дзейнасці Пятра Бузука: за 8 гадоў ён надрукаваў больш за 60 грунтоўных даследаванняў, прысвечаных беларускай мове і яе дыялектам.

Каб атрымаць поўнае ўяўленне пра моўныя з’явы беларускіх гаворак, ён штогод выпраўляўся ў экспедыцыі. Прычым як уласна па Беларусі, так і па беларускіх вёсках на Пскоўшчыне, Смаленшчыне і Чарнігаўшчыне. Да таго ж навуковец удзельнічаў у працы тэрміналагічнай камісіі, спрычыніўся да ўсіх вялікіх канферэнцый тыпу канферэнцыі па рэформе правапісу.

Пётр Бузук сярод выкладчыкаў Адэскага ўніверсітэта. Фота з сямейнага архіва Бузукоў.

У 1928 годзе пабачыла свет капітальная праца Пятра Бузука — «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі, ч. 1. Фанетыка і марфалогія. Вып. 1. Гаворкі Цэнтральнай і Усходняй Беларусі і суседніх мясцовасцей Украіны і Велікарусі ў першай чвэрці ХХ стагоддзя». Гэта быў першы ў СССР, ды ўвогуле сярод славянскіх народаў, дыялектычны атлас, які складаўся з 20 лінгвістычных картаў і 111 старонак каментароў да іх. І ён меўся быць пачаткам вялікай працы.

У той час, калі Савецкі Саюз перажываў «год карэннага пералому», 1929-ы, Бузук, не прадчуваючы блізкай бяды, працаваў над даследаваннем гаворак Беларускага Палесся і рыхтаваў да друку слоўнік Палесся, актыўна ўдзельнічаў у навуковых мерапрыемствах як у СССР, так і за яго межамі. Ён чытаў лекцыі ў Маскве для студэнтаў Камуністычнай акадэміі, Інстытуце мовы і мыслення Акадэміі навук СССР, выступаў на першым кангрэсе славянскіх філолагаў у Празе з дакладам «Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы». На канферэнцыі пастанавілі стварыць адзіны лінгвістычны атлас усіх славянскіх моў, і Пятро Бузук меўся быць там у аўтарах.

Абліў сябе дэнатуратам і спрабаваў падпаліць

Міжнародная вядомасць і актыўнасць Пятра Бузука прывялі да таго, што яго асоба трапіла ў поле зроку НКВД. 6 жніўня 1930 года ён быў арыштаваны па сфальсіфікаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі».

Той раз яго адпусцілі, праз месяц. Але шок ад зняволення быў магутным. Жонка ўспамінала: «Узрушэнне ад незаконнага арышту, надуманых абвінавачванняў, усяго таго, што прыйшлося пабачыць, пачуць і адчуць у НКВД, было настолькі вялізным, што, вярнуўшыся дахаты, ён зайшоў на кухню, абліў сябе дэнатуратам і спрабаваў падпаліць».

Але тым разам, здавалася, усё абышлося і наладзілася. Навуковец нават яшчэ паспеў стаць у 1931 годзе дырэктарам Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР і пакіраваць кафедрай мовазнаўства Мінскага педінстытута. Але спакойнага жыцця ў сям’і больш не было. Штоноч чакалі новага арышту, які адбыўся 9 лютага 1934 года. Дачка Кацярына ўзгадвала: «Арышт таты, нягледзячы на тое, што была зусім маленькай, памятаю як цяпер. Прачнуліся ўначы. Чую, нехта ходзіць па хаце, расплюшчваю вочы — у кватэры чужыя людзі, усё перавернута».

Пра арышт свайго настаўніка ўзгадваў і навуковец Міхаіл Суднік, які пазней 26 гадоў узначальваў Інстытут мовазнаўства АН БССР: «Бузук чытаў у нас у Мінскім педагагічным інстытуце курс мовазнаўства. Слухалі яго з захапленнем, чытаў ён выдатна. Проста цяжка патлумачыць, як за лекцыю ён мог распавесці так шмат, прычым вобразамі, так, што адразу было зразумела і лёгка запаміналася. Студэнты яго абагаўлялі. Раптам навіна — пасадзілі. Прыходзіць новы выкладчык і кажа, што Бузук, аказваецца, вораг, і цяпер ён нам будзе чытаць лекцыі па мовазнаўстве. Прайшло ўсяго два месяцы, гэты педагог не паспеў яшчэ як след развярнуцца — пасадзілі і яго. Прыходзіць новы — і зноў усё паўтараецца спачатку: «Ваш папярэдні лектар быў ворагам народа, ён атрымаў па заслугах, яго курс буду чытаць я». Прайшло некалькі месяцаў — пасадзілі і яго. Ішоў 1934 год».

Рашэннем «тройкі» ад 3 красавіка 1934 года Пятро Бузук быў сасланы ў Волагду тэрмінам на 3 гады.

У 28 гадоў адна з чатырма дзецьмі

Падчас пераезду ў Волагду «згубіліся» дакументы Пятра Бузука, якія пацвярджалі яго навуковую кваліфікацыю. Таму замест уладкавання ва ўніверсітэт ён у маі 1934 года пайшоў працаваць бібліятэкарам. Зрэшты, праз год з-за недахопу выкладчыка нямецкай мовы яму ўсё-такі прапанавалі месца ў Валагодскім педінстытуце. На той час ён адзін меў больш навуковых публікацый і выдадзеных кніг, чым усе выкладчыкі валагодскага філалагічнага факультэта разам узятыя. У прыватнасці, скончыў апошнюю сваю працу «Паходжанне моў».

Тры гады неўзабаве прайшлі, і ў лютым 1937-га Пятро Бузук адправіў жонку з дзецьмі, якія прыехалі былі ўслед за ім, у Ленінград, каб пазней да іх далучыцца і разам выправіцца ў Мінск. Сам Пятро затрымаўся, бо не мог кінуць пасярод навучальнага года студэнтаў-завочнікаў, якіх чакалі выпускныя экзамены.

А 15 ліпеня 1937 года Валагодскае гарадское аддзяленне НКВД арыштавала яго як «актыўнага ўдзельніка нелегальнай кантррэвалюцыйнай фашысцкай арганізацыі, які праводзіў сярод насельніцтва актыўную контррэвалюцыйную фашысцкую агітацыю». З таго часу Бузука больш ніхто не бачыў.

Пятро Бузук пасля трэцяга арышту. Фота з сямейнага архіва Бузукоў.

Ганна Бузук, якая ў 28 гадоў засталася адна з чатырма дзецьмі, прадчувала нядобрае, асабліва пасля таго, як атрымала тэлеграму ад суседкі ў Волагдзе: «Неадкладна вяртайцеся!». Яна інтуітыўна прыняла правільнае рашэнне і замест Волагды паехала да родных у Мінск. Гэта яе ўратавала.

У пошуках мужа Ганна пісала ў разнастайныя інстанцыі. А апошнія спадзяванні на тое, што ён яшчэ жывы, былі разбураныя адказам, які яна атрымала ў 1956 годзе. З мінскага ЗАГСа прыйшло пасведчанне аб смерці: «Бузук Пятро Апанасавіч памёр 7 кастрычніка 1943 года. Прычына смерці: брушны тыф». У той час гэта было распаўсюджанай практыкай — прыкрываць забітых падчас сталінскіх рэпрэсій у 1937—1938 гадах стратамі часоў Другой сусветнай вайны.

Самагубства ці расстрэл?

Услед за пасведчаннем аб смерці прыйшло паведамленне ад Вайсковага трыбунала Беламорскай вайсковай акругі. Там згадвалася, што 7 снежня 1937 года Пятро Бузук быў прыгавораны да расстрэлу. Толькі ў 1956 годзе найвышэйшая мера была адменена «за недаказанасцю выстаўленага абвінавачвання», але нічога выправіць гэта, натуральна, ужо не магло. Адмена ранейшага прысуду азначала толькі пасмяротнае зняцце з забітага навукоўца судзімасці.

У 1963 годзе з сынам навукоўца Уладзімірам, які на той час працаваў дыктарам Беларускага тэлебачання, звязаўся нехта «Юргелевіч», які прадставіўся вучоным сакратаром Інстытута мовазнаўства АН БССР. Ён распавёў, што ў 1930-я таксама быў несправядліва рэпрэсаваны, адсядзеў «прызначанае» і затым працаваў у педагагічным інстытуце. «Юргелевіч пазнаёміўся са сталай жанчынай за кратамі, якая папрасіла яго перадаць дзецям Бузука, што іх бацька не вытрымаў допытаў і разбіў галаву аб сцяну ў камеры», — пераказваў пасля гэтую размову сам Уладзімір.

Выявілася, што сярод падначаленых Пятра Бузука сапраўды быў старшы супрацоўнік па прозвішчы Юргелевіч. Ён быў арыштаваны ў лістападзе 1935 года і 5 гадоў правёў у Вяцкіх лагерах НКВД. Сям’я працягвала жыць у невядомасці, якая спараджала шмат версій, што ж адбылося на самай справе.

Праўда адкрылася толькі пры канцы 1990 года, ужо пасля канчатковай рэабілітацыі Пятра Бузука (несправядліва асуджаным яго прызналі ў 1988-м). Рэдакцыя газеты «Звязда» на свой запыт атрымала ліст з КГБ СССР, упраўлення па Валагодскай вобласці, дзе паведамлялася, што Пятро Бузук быў усё ж расстраляны 7 лютага 1938 года згодна з прысудам «тройкі», які адмянілі ўжо пасля выканання.

Падчас нечалавечых допытаў Пятро Бузук не падпісаў ніводнага пратакола, не абылгаў ніводнага чалавека. Калі б ён не быў пахаваны недзе ў агульнай магіле і невядомым месцы, гэта варта было б напісаць на ягоным помніку, як сведчанне, што тут пахаваны не толькі выбітны лінгвіст, але і не абы-які чалавек.

«Я на гэтым вырасла»

Сям’я беражэ памяць пра Пятра Бузука. Успаміны яго жонкі Ганны Рыгораўны запісала праўнучка Марыя, выпускніца Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Кацярына Віктараўна пераказвае тое, што сама чула ад мамы і дадае: «Мама расказвала з крыўдай, са слязамі, з гонарам. У нас у сям’і ненавідзелі савецкую ўладу і ў адкрытую казалі пра тое. Я на гэтым вырасла. І ўсе мае браты стрыечныя, траюрадныя на гэтым выраслі. Сярод нас не было ніводнага камуніста. Тату прымушалі, ён адмовіўся і з-за гэтага кар’еры не зрабіў».

Васіль Герасімчык