Праект партала
Адкуль наш род Улада народа ў беларускім Сярэднявеччы. Як палачане князёў выганялі
14.03.2021 / 21:17

У якіх выпадках вольныя палачане «паказвалі князям дарогу» і чаму ім гэта паспяхова ўдавалася, піша Сяргей Емяльянаў.

Полацк у 1912 годзе на каляровым фота Сяргея Пракудзіна-Горскага. Фота: wikimedia.commons

У рэгіёне Усходняй Еўропы ІХ—ХІІІ стагоддзяў, які мы сёння называем Старажытнай Руссю, былі досыць складаныя адносіны між рознымі групамі грамадства: князямі, знатнымі людзьмі, прафесійнымі ваярамі-дружыннікамі, а таксама масамі свабоднага ды залежнага насельніцтва. Неаднаразова, асабліва ў паўночных землях гэтага рэгіёна, грамады і эліты «паказвалі князям дарогу», выганялі іх з пасадаў. У шэрагу такіх выпадкаў досыць выразна адзначаецца і Полацкая зямля, чые межы ахоплівалі тады тэрыторыі сучаснай паўночна-ўсходняй і цэнтральнай Беларусі, а ўплыў распаўсюджваўся на балцкія і фінскія плямёны Падзвіння аж да Балтыйскага мора.

Чаму гэта было магчыма?

Падаецца, што прычына такога «разгулу дэмакратыі» ў мясцовых краях крыецца ў асаблівасцях сацыяльнага ладу. Нашыя продкі воляй гістарычных лёсаў апынуліся ў даволі шырокай паласе Еўропы, дзе захавалася вялікая частка архаічных рысаў арганізацыі грамадства. Гэтая паласа ахоплівала поўнач ды ўсход кантынента: скандынаўскія, фінскія, балцкія ды часткова славянскія землі.

У ІХ—ХІ стагоддзях, калі адбывалася станаўленне ранняй дзяржаўнасці ў Скандынавіі і на Русі, тут яшчэ не было аформленага сацыяльнага расслаення на замкнёныя групы — карпарацыі, характэрныя для сярэднявечнай Еўропы. Вядома, і тут былі людзі бедныя ды заможныя, былі свабодныя і рабы. Але калі чалавек захоўваў сваю свабоду, то фармальна ён быў роўны любому іншаму свабоднаму чалавеку. Эліты — князі ды баяры — існавалі, але не маглі прэтэндаваць на выключнасць сваёй улады.

Галоўная прычына гэтага ў тым, што ў руках гарадскіх і вясковых грамадаў мелася значная збройная і фінансавая сіла. Гэта прадугледжвала сама пабудова тагачаснай дзяржавы, асабліва арганізацыя войска.

Са зброяй і сваім меркаваннем

Вайна была адным з галоўных абавязкаў князя, разам з судом і палітычным адміністраваннем. Сам ён узначальваў прафесійнае войска зямлі — дружыну. Гэта такая сабе гвардыя або спецназ тых часоў — група байцоў, добра ўзброеных, падрыхтаваных да вайны як фізічна, так і псіхалагічна.

Але група гэтая была адносна нешматлікай. Як лічыцца, яна складала некалькі сотняў чалавек на цэлую зямлю. Акрамя таго, яна яшчэ была і неаднароднай. Князь непасрэдна кіраваў толькі ваярамі свайго персанальнага атрада, а астатнімі камандавалі іншыя знатныя людзі — баяры ды меншыя князі. Каб яны верна змагаліся за галоўнага князя, той мусіў улічваць іх інтарэсы.

Пастаянна ўтрымліваць вялікае войска было цяжка, яно з’ядала б шмат рэсурсаў, таму ў паўночна-ўсходняй Еўропе гэтага, як правіла, не рабілі. У выпадку ж вайны дапаўнялі збройную сілу з дзвюх крыніц — апалчэння ды наймітаў.

Апалчэнне набіралася з ліку свабодных людзей, якія былі гаспадарамі на сваіх гарадскіх або вясковых сядзібах. Яны ж бралі ўдзел у народным сходзе — вечы. У выпадку вайны выходзілі ў выправу баяздольныя мужчыны, як мінімум адзін ад гаспадаркі, але магло быць і болей.

Гэта давала князю вялікую масу ваяроў, але гэта ж стварала для яго і небяспеку. Бо свабоднае насельніцтва было, па-першае, узброенае, а па-другое, умела і не баялася гэтай зброяй карыстацца. У баі адзін на адзін прафесійны дружыннік, хутчэй за ўсё, пераможа сялянскага ці купецкага сына. Але які можа быць бой адзін на адзін, калі з аднаго боку — пару сотняў княскай дружыны, а з другога — грамада вечнікаў разам з сынамі ды ўзброенымі нявольнікамі, памерам у некалькі тысяч?

Вось і вымушаныя былі князі прыслухоўвацца не толькі да знаці, але ўлічваць і волю простага народа.

Вікінгі таксама за дэмакратыю

І яшчэ адзін момант. Працэс станаўлення ранняй дзяржаўнасці на нашых землях храналагічна супадае з так званай «эпохай вікінгаў». Магчыма, менавіта выбух знешняй экспансіі ў Скандынавіі быў каталізатарам для сацыяльнай і палітычнай эвалюцыі ва Усходняй Еўропе.

Акрамя гэтага, для ваеннай сістэмы рускіх земляў вікінгі давалі адзін вельмі важны ўнёсак — наймітаў. Удзельнікі вікінгаў (так, «вікінг» — першапачаткова не чалавек, а працэс — марская выправа з мэтай атрымання здабычы, можна было «пайсці ў вікінг») імкнуліся зарабіць любым чынам: не толькі рабункам ці гандлем, але і наёмнай службай.

Найманне варажскіх дружынаў дазваляла князям у выпадку вайны хутка папоўніць войска прафесійным кантынгентам. У той жа час, калі патрэба ў наймітах адпадала, іх можна было выправіць назад на радзіму або яшчэ далей у адваротны бок — у Візантыю.

Але адкуль князь браў рэсурсы на найманне ваяроў? У тым ліку з таго, што давалі яму грамады. У выніку свабоднае насельніцтва мела яшчэ адзін інструмент ціску на князя і магло апасродкавана ўплываць на колькасць наймітаў.

Аднак у ХІ стагоддзі прыток скандынаўскіх ваяроў паступова канчаецца. Іх недахоп трэба было неяк кампенсаваць. На поўдні, у Рускай зямлі (так называлі рэгіён, што складаўся з цэнтральных уладанняў дому Рурыкавічаў: Кіеўскай, Чарнігаўскай і Пераяслаўскай земляў) яшчэ з часоў Уладзіміра Святаславіча павялічваецца колькасць залежных ад князя прафесійных дружыннікаў. Зразумела, што вага народных грамадаў і вечавых сходаў зніжаецца. У выніку ў паўднёвых землях складваецца цікавая сітуацыя парытэту паміж трыма групамі інтарэсаў: князем і ягоным атачэннем, грамадамі і магутным земскім баярствам. Асабліва яскрава гэтая сістэма ўзаемаадносін праявіцца ў ХІІ—ХІІІ стагоддзях.

У яшчэ адным рэгіёне Старажытнай Русі, на паўночным усходзе, цэнтральнае месца зойме князь. Тамтэйшыя князі, пачынаючы ад вялікага князя ўладзімірскага Андрэя Багалюбскага (1157—1174), імкнуліся абапірацца на свой двор — слугаў ды залежных людзей. І грамады, і баярства там трапляюць пад уплыў князя.

А вось на поўначы і паўночным захадзе старажытнарускага рэгіёна, наадварот, утвараецца такая мадэль, дзе на першым месцы стаяць грамады вольнага насельніцтва — «людзей». Князі па-ранейшаму маюць абмежаваную ўладу і невялікія збройныя сілы пад рукой, а замест вікінгаў, калі казаць пра Полацкую зямлю, у ролі наймітаў пачынаюць выкарыстоўвацца літоўцы ды іншыя прадстаўнікі суседніх з Полаччынай плямёнаў.

Не цярпелі чужых

Полацкая зямля вылучаецца сярод астатніх дзяржаў Старажытнай Русі перш за ўсё наяўнасцю сваёй асобнай дынастыі. Калі паўсюль у рэгіёне на сталах сядзелі князі, што выводзілі свой радавод ад легендарнага Рурыка, то полацкія ўладары паходзілі ад не менш знакамітага Рагвалода, хоць з Рурыкавічамі і былі ў блізкім сваяцтве: унук Рагвалода Ізяслаў быў сынам кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча. Кіеўскі летапісец, апісаўшы жахлівую для Полацка вайну канца 1120-х гадоў, а таксама некаторыя наступныя падзеі, робіць устаўку ў свой тэкст, распавядаючы знакамітае паданне пра Рагвалода, яго дачку Рагнеду ды сына Рагнеды Ізяслава, з якім адраджаецца самастойны полацкі княскі дом. Завяршае гэты расповед летапісец такімі словамі: «І з таго часу Рагвалодавы ўнукі ўздымаюць меч на Яраслававых унукаў».

Герб Полацкага княства з гербоўніка 1586 года. Як вам такі варыянт «Пагоні»? Крыніца: wikimedia.commons

Падпарадкаваць Полацкую зямлю Рурыкавічы хацелі неаднаразова. Яшчэ бацька Яраслава Мудрага, слынны Уладзімір, спаліў Полацк, забіў Рагвалода ды на нейкі час паставіў гэтую дзяржаву ў залежнасць ад сябе. Аднак ужо з ягоным сынам Ізяславам нашчадкі Рагвалода вяртаюць сабе полацкі стол. Толькі параза на Нямізе ды кіеўскі палон вырвалі з гэтага стала ўнука Ізяслава, Усяслава Брачыславіча. Усяслаў двойчы губляў пасад — у 1067 і ў 1069 гадах, абодва разы ў выніку дзеянняў кіеўскага князя. Аднак урэшце ён заўсёды вяртаўся. У 1071 годзе Усяслаў выгнаў з Полацка Святаполка Ізяславіча, сына і намесніка кіеўскага князя, ды канчаткова вярнуў сабе ўладу ў сваёй зямлі. Наўрад ці гэта было б магчыма, калі б ён не меў падтрымкі з боку «людья» сваёй дзяржавы.

Язэп Драздовіч. Князь Усяслаў Чарадзей пад Гародняй. 1944 год. Крыніца: wikimedia.commons

І сваім даставалася

У 1120—1130-х крыніцы раскрываюць для нас яскравы сюжэт барацьбы за вярхоўную ўладу ў Полацкай зямлі паміж нашчадкамі Усяслава. У гэтай барацьбе як найлепей бачная роля гарадскіх грамадаў, ад падтрымкі якіх залежаў палітычны поспех таго ці іншага князя.

Крыніцы пайменна прыгадваюць шасцярых сыноў Усяслава. Адзін з іх, Давыд, быў па нейкіх прычынах пазбаўлены ўдзела і знаходзіўся ў Чарнігаўскай зямлі. Адтуль ён браў удзел і ў выправе на полаўцаў, і ў паходзе на свайго брата Глеба Менскага. Пазней жа Давыд нейкім чынам здолеў стаць полацкім князем. Аднак у выніку яго палітычнай кар’еры было наканавана пасці ахвярай знішчальнага паходу на Полацкую зямлю, які зладзіў кіеўскі князь Мсціслаў Вялікі.

Калі войскі паўднёварускіх князёў дасягнулі стратэгічнага поспеху на полацкіх памежжах ды, магчыма, накіроўваліся на сталіцу зямлі, веча вырашыла ўзяць справу ў свае рукі. Палачане пагадзіліся са сваёй паразай, але прасілі кіеўскага князя прызначыць ім кіраўніком замест Давыда іншага нашчадка Усяслава — Рагвалода. Магчыма, гэта быў сын знакамітага князя, Барыс-Рагвалод Усяславіч, але выказвалася і думка, што той ужо да таго часу памёр, а згаданы тут Рагвалод — унук Усяслава, сын Барыса-Рагвалода.

Нам жа больш цікавы прынцып палітычнага жыцця старажытнарускай зямлі, які можна назіраць у гэтых падзеях. Пакуль князь выконвае свае абавязкі і не ставіць краіну пад пагрозу, яму дазваляецца быць кіраўніком. Калі ж ягоныя дзеянні не выгадныя грамадам, веча ўступае ў свае правы і самастойна імкнецца ўрэгуляваць сітуацыю.

Яшчэ больш яскравае пацвярджэнне гэтаму мы знаходзім у наступных падзеях. Згодна з тагачасным правам, Мсціслаў Вялікі, прызначыўшы сваёй воляй (хай і па просьбе полацкага веча) князя, меў права лічыць прызначэнца залежным ад сябе кіраўніком ды загадваць яму. Неўзабаве, збіраючыся ў паход на полаўцаў, кіеўскі князь загадаў палачанам падтрымаць выправу. Аднак тыя не толькі не падпарадкаваліся, але і пажадалі палавецкаму князю Баняку здароўя.

Пасля вяртання з выправы Мсціслаў заняўся непакорнымі палачанамі, што скончылася высылкай полацкіх князёў у Візантыю. Баявыя дзеянні летапіс не прыгадвае. Імаверна, што полацкім грамадам быў выстаўлены ўльтыматум, з якім «людзі» зямлі пагадзіліся. З гледзішча мужоў-вечнікаў, рамеснікаў, купцоў ды сялянаў, іх князі, нахабна адмовіўшы Мсціславу, паставілі Полацкую зямлю пад пагрозу паўтору нядаўніх трагічных падзей. Таму абараняць Рагвалодавічаў грамады не сталі, а выдалі іх кіеўскаму князю.

Але самы яскравы сюжэт мы назіраем на мяжы 1150-х — 1160-х гадоў. Тады за ўладу ў Полацкай зямлі змагаліся нашчадкі Глеба Менскага і Барыса-Рагвалода. Першыя абапіраліся на Менск, другія — на Друцк, у Полацку ж кожны з прэтэндэнтаў меў сваю «партыю». Літаральна за некалькі гадоў адбываецца захоп у палон полацкімі вечнікамі князя Рагвалода Барысавіча ды выдача яго менскім князям, выгнанне з Полацка Расціслава Глебавіча ды замена яго на ўсё таго ж Рагвалода, няўдалыя спробы Рагвалода замацаваць перамогу ды, як вынік, ягоныя ўцёкі з Полацка пасля шэрагу ваенных паразаў…

Заір Азгур. Князь Васілёк Мінскі. 1943 год. Васілёк — сын менскага князя Валадара Глебавіча, якому полацкі князь Расціслаў раз за разам прайграваў бітвы за Менск. Фота: Мемарыяльны музей-майстэрня З.І.Азгура

Не эпізод, а традыцыя

Спецыфіка летапісных тэкстаў такая, што адлюстраванне ў іх дзейнасці грамадаў мае рэдкі і непастаянны характар. На старонках летапісаў фігуруюць у асноўным князі ды іх войскі. Да таго ж уласны полацкі летапіс не захаваўся, мы глядзім на падзеі тых часоў вачыма праціўнікаў Полацка.

Таму і здаецца, што дзейнасць «людья», «палачанаў», вечаў Полацкай зямлі — толькі маленькія эпізоды ў шматгадовай гісторыі. Але гэта не так. Ужо тыя эпізоды паказваюць, што палачане (як і грамадзяне іншых земляў Старажытнай Русі) ведалі пра свае палітычныя правы і карысталіся імі.

Яны мелі досвед хуткай арганізацыі, маглі калектыўна прымаць рашэнні, таксама калектыўна іх рэалізоўваць. У выпадку патрэбы яны маглі аказаць ціск на князя, нават зняволіць яго, збройна выступіць супраць княскай дружыны. Гэта былі людзі, што прывыклі рэалізоўваць свае калектыўныя мэты, не падмяняючы інтарэсамі князёў інтарэсы сваёй супольнасці і сваёй краіны — Полацкай зямлі.

Сяргей Емяльянаў