Праект партала
Біяграфіі Рушчыц: геній з Багданава, геній у Багданаве — падарожжа на выхадныя
09.05.2021 / 17:45

Усе яго прызнаныя шэдэўры напісаныя ў ваколіцах роднага дома, піша доктар гісторыі Алесь Белы. Пейзажы Рушчыца здолелі перадаць дух гэтага месца — і ў гэтым аказалася геніяльная непаўторнасць. А пісаў Рушчыц усяго 11 гадоў. У 38 гадоў яго як перамкнула.

ЮНЕСКА аб’явіла 2020 год годам Фердынанда Рушчыца (1870—1936). 10 снежня святкавалася 150-годдзе з дня яго нараджэння. Фота з альбома «Зямля і неба Фердынанда Рушчыца». Мінск, 2020.

На паўночным захадзе Валожынскага раёна месціцца былое мястэчка (цяпер аграгарадок) Багданаў. Гэта радзіма і месца сілы прызнанага майстра сімвалічнага пейзажу Фердынанда Рушчыца. Але пра яго тут сёння мала што нагадвае, акрамя цудам ацалелай магілы на мясцовых могілках. Нягледзячы на тое, што большасць карцін Рушчыца, у тым ліку ўсе яго шэдэўры, напісаныя на кавалачку зямлі ў ваколіцах Багданава і недалёка размешчанага іншага вядомага мястэчка Вішнева. З мясцовай натуры. Мастак маляваў і Крым, і суровую Балтыку, але толькі родныя мясціны далі ягоным творам неверагодныя экспрэсію і глыбіню.

Напэўна, гэтыя мясціны заслугоўваюць таго, каб мастацтвазнаўцы і гісторыкі зноў прачасалі іх, квадрат за квадратам, апазнаўшы і пазначыўшы на мясцовасці кожны схіл і выгін ручая. Але пакуль на месцы былой сядзібы запусценне… Абодва дамы Рушчыцаў, як стары драўляны, так і пабудаваны бацькам мастака каменны «мур», разам з гаспадарчымі пабудовамі згарэлі ў ліпені 1944 года, а бібліятэка і архіў былі разрабаваныя і вывезеныя на ўсход яшчэ раней, пасля першага прыходу саветаў у 1939-м.

Сядзіба Рушчыцаў у Багданаве і яе інтэр'ер. Фоты Яна Булгака. Фоты з альбома «Зямля і неба Фердынанда Рушчыца». Мінск, 2020.

Багданаў і Мінск

10 снежня 1870 года ў Багданаве ў сям’і Эдварда і Альвіны Рушчыцаў у іхным старым, амаль 200-гадовым драўляным шляхецкім доме з лістоўніцы (гл. пра гэта дрэва ў Беларусі артыкул у № 8/2020 «Нашай гісторыі») нарадзіўся сын, якога назвалі Фердынандам. Імёны Эдвард і Фердынанд нязменна чаргаваліся сярод мужчын гэтага роду — так звалі дзеда нованароджанага, а Эдвардам ён пазней назваў уласнага сына.

Увогуле, род Рушчыцаў выводзіў свае карані з-пад Брэста, але да пачатку ХІХ стагоддзя перабраўся пад Вільню, у тагачасны Ашмянскі павет. Спачатку Рушчыцы атрымалі тут у пасаг маёнтак Войгяны, а затым адсудзілі ў суседзяў Багданаў. Абодва гэтыя маёнткі заставаліся ў сямейным валоданні да пачатку Другой сусветнай вайны.

Эдвард Рушчыц, як і двое яго братоў, скончыў брэсцкі Пажаскі корпус, атрымаўшы чын капітана, і служыў у Лібаве (цяперашняй Ліепаі), дзе пазнаёміўся з дачкой дацкага шкіпера Альвінай Мунк, з якой у 1858 годзе ажаніўся.

Пасля звальнення з арміі бацька будучага мастака служыў чыноўнікам ва ўправе Лібава-Роменскай чыгункі, якая тады актыўна будавалася. У багданаўскае радавое гняздо сям’я вярталася нядоўгімі «дачнымі» наездамі, а пастаянна жыць даводзілася пераважна ў Мінску, дзе працаваў галава сям’і. Ад яго, зрэшты, да Багданава было не так ужо і далёка. Менавіта ў будучай сталіцы Беларусі, а тады простым губернскім цэнтры Фердынанд правёў гімназічныя гады (1883—1890). Мужчынскую класічную гімназію ён скончыў з залатым медалём, а паралельна браў урокі жывапісу ў мясцовага мастака Кузьмы Ермакова. 

Памятным месцам Рушчыца ў Мінску пашанцавала значна менш, чым спадчыне іншага нядаўняга юбіляра, кампазітара Станіслава Манюшкі (гл. пра яго артыкул у № 4/2019 «Нашай гісторыі»). Будынак гімназіі, дзе вучылася шмат іншых славутых людзей, да нашых часоў не захаваўся. Не захаваўся і бацькоўскі дом Рушчыца, які суседзіў з тым домам на рагу сённяшніх вуліц Карла Маркса і Леніна, дзе цяпер месціцца музей Петруся Броўкі. Маляваў Рушчыц у Мінску, паводле ўласнага ягонага дзённіка, на закінутых габрэйскіх могілках (цяпер на іх месцы стадыён «Дынама») і ў садзе Свянціцкіх недалёка ад бацькоўскага дома. А выстаўляўся ў 1911 годзе ў доме Ляхоўскага, што месціўся на Саборнай плошчы (цяперашняя плошча Свабоды) на месцы сучаснай Акадэміі музыкі.

Сімвалічны пейзаж

Пасля заканчэння гімназіі 20-гадовы Фердынанд паступіў на факультэт права Пецярбургскага ўніверсітэта, адначасова наведваючы заняткі ў Акадэміі мастацтваў як вольны слухач. Але кар’ера юрыста, абраная па рэкамендацыі бацькоў, мала яго вабіла. Таму ў 1892-м ён пакінуў універсітэт, пераканаўшыся, што не зможа пражыць без пэндзля і мальберта. І наступныя 5 гадоў вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у знакамітых пейзажыстаў Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы.

Выбар настаўнікаў быў невыпадковы: Рушчыца цікавіў амаль выключна пейзаж, і прытым сімвалічны. Амаль заўсёды бязлюдны, але поўны намёкаў на ўнутраны свет назіральніка. Людзі, калі яны і прысутнічаюць на карцінах Рушчыца, ніколі не знаходзяцца ў цэнтры ўвагі, яны размытыя і падкрэслена безаблічныя.

4 лістапада 1897 года Фердынанд Рушчыц скончыў акадэмію і атрымаў званне мастака. Трохі раней малады мастак з поспехам дэбютаваў на дыпломнай выставе, прадставіўшы тры вялікія карціны — «Вечаровая зорка», «Трытоны» і «Вясна». І адразу прыйшлі поспехі. «Вясну» набыў для сваёй славутай галерэі вядомы маскоўскі мецэнат Павел Траццякоў. А ў 1898-м пейзаж мастака «Млын на заходзе сонца» набыў іншы вядомы філантроп таго часу Сава Марозаў. Атрыманыя грошы дазволілі мастаку адправіцца ў падарожжа: ён наведаў Германію, Аўстрыю, Францыю, Бельгію, Швейцарыю, Італію. Але праз некалькі месяцаў вярнуўся ў родны Багданаў.

Зямля і неба

У бабіна лета 1898 года Рушчыц даволі лёгка і хутка напісаў адну з найвядомейшых сваіх карцін, шматзначна названую «Зямля».

За плугам, у поце твару свайго, Чалавек не заўважае, што Неба так блізка. Фердынанд Рушчыц. Зямля. 1898 год. Крыніца: wikimedia.commons

16 верасня ў сваім дзённіку мастак так апісаў пачатак працы: «Накідаў вугалем «Зямлю». Скарыстаўшыся выдатным надвор’ем, ідзём з мамай і татам на поле, дзе капаюць бульбу. Павуцінне. Цёплы і ясны дзень, бязветраны. Жоўтая лістота дрэў на фоне блакітнага неба».

Аднак пры ўсім тым «Зямля» не мае нічога супольнага з ідылічнай карцінай збору ўраджаю. На карціне пара велічэзных, панурых, чорных, як быццам з апраметнай, валоў, якія меланхалічна цягнуць за сабой запрэжку з плугам, і араты, што іх паганяе, павольна прасоўваецца па адным з незлічоных пагоркаў Ашмянскага ўзвышша. Пахмурнае, няветлівае неба з трывожнымі палымянымі аблокамі навісла і быццам націснула на тройцу катаржнікаў, каб зрабіць іх працу яшчэ цяжэйшай, яшчэ больш невыноснай.

Нахіліўшыся над плугам, у поце твару свайго, Чалавек як быццам дэманстратыўна адвярнуўся ад Неба, каб не заўважаць яго насмешлівай блізкасці. Зямля і Неба — у сваім адвечным канфлікце, і паміж імі Чалавек на пупе Зямлі: ці то гераічны Сізіф, прысуджаны Небам да бестэрміновай катаргі, ці то бяссільны Іоў, які чакае вынікаў закладу паміж Богам і Сатаной.

На маю думку, «Зямля» перагукаецца з «Падзеннем Ікара» Пітэра Брэйгеля: там таксама ў цэнтры ўвагі запрэжка аратага, а зусім не ганарысты Ікар, які валіцца з неба. Адно толькі Рушчыц, вядомы схільнасцю да мінімалізму, прыбраў з карціны ўсе неістотныя дэталі. Магчыма, хочучы падкрэсліць гэтым асаблівасць гэтага краю, несувымерна бяднейшага за густа населеную людзьмі і прадметамі Брейгелеву Фландрыю. Тут абсалютны мінімум формаў і фарбаў.

Праз год Рушчыц працягнуў развіццё ідэі «Зямлі» ў карціне «Нядзеля. Ля касцёла», якая прадстаўляе сціплы драўляны касцёл у Багданаве, прысутны і на некалькіх іншых карцінах мастака. Гэта таксама пэўная мадэль узаемаадносін Неба і Зямлі.

Фердынанд Рушчыц. Ля касёла. 1899 год. Крыніца: wikimedia.commons

Яблыні, поўныя трывогі і эратызму

Цяжэй за ўсё далася Рушчыцу праца над карцінай «Старыя яблыні». У Багданаве быў велізарны сад, часткова здзічэлы, з лабірынтамі зараснікаў і напаўзакінутых сцяжынак. Увесну 1900-га мастак загарэўся амбіцыйнай ідэяй намаляваць адну і тую ж групу старых яблыняў гэтага саду ў розныя поры года, пры розным асвятленні. Квітнеючыя яблыні на фоне вясновага заходу сонца; яблыні, пакрытыя цёмна-зялёнай лістотай, абсыпаныя спелымі пладамі, у пахмурны ліпеньскі дзень; нарэшце, голыя яблыні на снезе, на фоне яркага сонечнага святла. Алегорыя не толькі гадавога вегетатыўнага цыклу, але чалавечага жыцця і нават гісторыі цывілізацыі.

«З часу маёй «Зямлі», — пісаў Рушчыц у сваім дзённіку годам пазней, — ніводзін матыў так мяне не пераследаваў, як гэтыя яблыні. Паўсюль яны мне мрояцца, усё, што бачу, прымае выгляд яблыкаў, нават літары, калі спрабую чытаць. Усюды гэтыя буйныя, саспелыя, сакавітыя плады, падобныя да грудзей маладой жанчыны». Эцюды і накіды ліхаманкава маляваліся адзін за адным, ідэі ўспыхвалі і з расчараваннем адкідаліся.

Па-сапраўднаму праца прасоўвалася толькі над адной з карцін задуманага шэдэўра. У кастрычніку 1900-га Рушчыц, зусім занураны пагоняй за недасяжным ідэалам, амаль праз сілу яе адну толькі і скончыў, назаўжды развітаўшыся з першапачатковай задумай трыпціха. Паўгода катаржнай працы — і такі сціплы вынік. Асабліва калі зыходзіць з рынкавых крытэрыяў.

Аднак як мастацкі твор «Старыя яблыні» сапраўды ўдаліся — поўныя схаванай эротыкі і нейкай згусцелай трывогі, «саспэнсу», прадчування катастрофы, якая павольна насоўваецца. Яны, напэўна, маглі б служыць і алегарычнай дэкарацыяй да «Вішнёвага саду» Антона Чэхава, напісанага праз некалькі гадоў. У 1929 годзе карціну набудзе польскі Сенат для параднай залы, а сёння яна экспануецца ў варшаўскім Нацыянальным музеі.

Фердынанд Рушчыц. Старыя ябылні. 1900 год. Крыніца: wikimedia.commons

«Эстэтычнае сумленне Літвы»

Пейзажы з багданаўскіх ваколіц прыносяць Рушчыцу прызнанне: у 1904 годзе яго запрашаюць на пасаду прафесара ў Школу прыгожых мастацтваў у Варшаве, а ў 1907-м — у Акадэмію майстэрстваў у тады аўстрыйскі Кракаў. Ён акружаны ўвагай, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, сумленна выкладае.

Але ўсё ж мастака-ліцвіна нястрымна цягне на радзіму. І ў 1908 годзе адбываецца нечаканы для многіх пералом: Рушчыц, стомлены ад інтрыг у мастацкім асяроддзі і ад балючай настальгіі, адмаўляецца ад паспяховай кар’еры ў Кракаве і вяртаецца дахаты, закінуўшы пры гэтым пэндзлі і мальберт!

«Чаму Рушчыц перастаў пісаць алеем?» — дзівяцца прыхільнікі ягонага таленту ў Варшаве, Кракаве і Вільні. Сапраўды феномен: усе ягоныя знакамітыя карціны былі напісаныя за вельмі кароткі прамежак часу, прыкладна за дзесяцігоддзе з 1898 па 1908 год. А ў апошнія амаль 30 гадоў жыцця творца чым толькі не займаўся: сцэнаграфіяй, плакатам, кніжнай графікай, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і дызайнам, педагогікай, прадзюсарствам. Жывапіс жа закінуў.

«Індывідуальнае самавыяўленне — гэта занадта эгаістычна і непрадуктыўна», — прыкладна такі прысуд ён вынес уласнай мастацкай творчасці. Перфекцыянізм, часам маніякальны, прымушаў яго занадта доўга працаваць амаль над кожным жывапісным творам. З эканамічнага пункту гледжання гэта бессэнсоўна, а да таго ж забірае каштоўны час, які можна аддаць грамадскай, асветніцкай дзейнасці.

Рушчыц жа імкнуўся змагацца за змяненне эстэтычнай атмасферы ў родным краі ў цэлым, за сімвалічнае асэнсаванне навакольнай візуальнай прасторы ў адпаведнасці з яе гістарычным культурным кодам. Мастак горача верыў сам і хацеў прымусіць паверыць іншых, што гэты край, з яго выпрасаванымі ледавіком пагоркамі, з усеянымі камянямі палямі, з хмурным, вечна дажджыстым небам — не нейкая забытая Богам правінцыя, а паўнавартасная краіна са сваёй эстэтыкай, сваёй мастацкай мовай.

Пра патрабавальнасць мастацкага густу Рушчыца хадзілі легенды. Казалі, напрыклад, што, сустрэўшы даму, якая гуляла па Вільні са стужачкай, што недастаткова пасавала да яе капелюша, ён не мог прайсці міма і абавязкова ладзіў для неспрактыкаванай модніцы «сеанс эстэтычнага лікбезу». Робячы тое з бездакорнай галантнасцю і прыязнай усмешкай на твары. За гэтую патрабавальнасць яго называлі то «мастацкім дыктатарам Літвы», то яе «эстэтычным сумленнем».

Стаў менеджарам

З пункту гледжання мастацкай крытыкі — і, магчыма, нашага сённяшняга, — Рушчыц тады марнаваў талент, малюючы розныя афішкі патрыятычных імпрэзаў, што мог бы зрабіць любы студэнт. Але яму самому здавалася, што без ягонай ахвярнасці гэтыя імпрэзы папросту не адбудуцца, і ў кожную дробную афішку або нават марку для збору сяброўскіх складак ён укладаў усю душу.

На радзіме Рушчыц нарэшце ўладкаваў і сямейнае жыццё У 1913 годзе 42-гадовы мастак нарэшце ажаніўся з маладзейшай за яго на 22 гады Рэгінай Рук (Rouck), якую ласкава зваў Гінай. І традыцыя з пакалення ў пакаленне чаргаваць у сыноў-першынцаў імёны Фердынанд і Эдвард на ім не перапынілася. Дарэчы, вянчаліся Фердынанд з Рэгінай у касцёле Святога Барталамея на віленскім Зарэччы — адзіным, у якім сёння ў літоўскай сталіцы праводзяцца беларускамоўныя імшы.

З 1919 года ён быў дэканам факультэта мастацтваў у адроджаным Віленскім універсітэце. А акрамя выкладання, у апошнія 15 гадоў жыцця Рушчыц добра праявіў сябе і як актыўны культурны менеджар. Ён у той ці іншай ступені ўдзельнічаў у рэалізацыі многіх грамадска значных культурна-мастацкіх праектаў, што рэалізоўваліся ў той час у Вільні і краі. Сярод іх можна прыгадаць стварэнне срэбнага саркафага святога Казіміра ў 1922 годзе і рэстаўрацыю цудоўнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай у 1927-м. 

У 1932 годзе мастака разбіў параліч. І хоць дзякуючы самаадданай апецы жонкі і дачкі ён часткова яшчэ ачуняў і нават навучыўся збольшага пісаць левай рукой, пажыў пасля таго нядоўга. 30 кастрычніка 1936 года Фердынанд Рушчыц адышоў на той свет у тым самым Багданаве, дзе амаль 66 гадоў да таго з’явіўся на гэты свет.

Магчыма, гэта была ласка Божая: мастаку не давялося ўбачыць ні жахлівай вайны, ні спусташэння роднага Багданава, ні поўнага краху той культуры, якая была яму дарагая.

Апошнія гады пры ўдзеле ўнука мастака, таксама Фердынанда, актыўна ідзе падрыхтоўка да аднаўлення багданаўскай сядзібы. Але наколькі хутка стартуе гэты праект цяпер, пасля надзвычай цяжкага юбілейнага года, — пытанне.

Алесь Белы