Праект партала
СССР Забойства эмігранта: укол парасонам
26.02.2021 / 22:02

Георгій Маркаў. Фота: wikimedia.commons

«Ну што там у нас?» — спытаў хірург лонданскай бальніцы Сэнт­Джэймс Бернард Райлі ў дзвюх маладзенькіх медсястрычак, выціраючы старанна вымытыя з мылам рукі.

«Хуткая прывезла… Кажа, што яго КГБ застрэліў», — са смехам адказала старэйшая з іх з намёкам, што тут трэба дапамога псіхіятра, а не хірурга.

Доктар Райлі прайшоў у палату. Пацыент ляжаў і стагнаў.

Гэтым пацыентам быў Георгій Маркаў — самы значны з балгарскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя.

16-­я рэспубліка СССР

Балгарыя ў 1970­-я была самым верным сатэлітам СССР. Венгры бунтавалі ў 1956­-м, чэхі — у 1968­-м. Берлінскія рабочыя пратэставалі ў 1953-­м. Палякі ў розных гарадах падымаліся ў 1956-­м, 1970-­м і 1976-­м, а пасля будзе і «Салідарнасць». У Румыніі Нікалае Чаўшэску вёў двайную гульню. З аднаго боку, ён заставаўся ў Варшаўскай дамове, а з другога — наладжваў сувязі з Кітаем і краінамі Захаду. Румынскі дыктатар баяўся апынуцца на лініі агню ў выпадку пачатку Трэцяй сусветнай, хацеў атрымліваць заходнія тэхналогіі і нават ацэньваў магчымасці паставак заходняга ўзбраення праз Югаславію ў выпадку інтэрвенцыі СССР. Неспакойны ён быў саюзнік.

І толькі Балгарыя дэманстравала абсалютную вернасць «старэйшаму брату» і нават прасілася 16-­й рэспублікай у СССР — яе не прымалі, бо як на тое паглядзіць свет?

Кіраўнік Балгарыі Тодар Жыўкаў, балканскі селянін з хітрым прыжмурам вачэй, смактаў з Расіі нафту за балгарскія перац і кетчуп. Свабоды ў Балгарыі было менш, чым у Югаславіі ці Венгрыі, але трохі больш, чым у СССР. Заходнія турысты на Златніх Пясыцах прыносілі цвёрдую валюту.

Жыўкаў быў чалавек, па сутнасці, просты, але з гадамі стаў лічыць сябе богадараваным кіраўніком і вялікім дабрачынцам Балгарыі. Столькі пабудаваў, столькі развіў! Няўдзячнасць некалькіх дысідэнтаў, якія мелі нахабства ўцячы з краіны ды яшчэ і паліваць дасягненні Народнай Рэспублікі брудам з­за мяжы, Жыўкаў успрымаў як асабістую здраду.

Двое выклікалі асаблівы гнеў Жыўкава. Гэта Іван Костаў — былы агент балгарскай дзяржбяспекі ў Францыі, які папрасіў там палітычнага прытулку. І Георгій Маркаў — пісьменнік, які выехаў на Захад, распачаў працу на Бі­бі­сі. «Завочныя справаздачы пра Балгарыю» Маркава чыталі на радыё «Свабодная Еўропа», яны моцна ранілі самалюбства Жыўкава. Гэта была, магчыма, самая моцная балгарская кніга ХХ стагоддзя. У гэтым творы выкрываліся лжывасць і гніль сацыялістычнай сістэмы — харызматычны Маркаў, любімчык дачкі Жыўкава, Людмілы, апякункі культуры і аматаркі акультызму адначасова, ведаў сістэму як ніхто.

Менавіта Жыўкаў загадаў «вырашыць пытанне з гэтымі двума».

Для балгарскай дзяржбяспекі знішчэнне палітэмігрантаў было складанай задачай, рызыкоўнай. Таму міністр унутраных спраў Балгарыі Дзімітар Стаянаў папрасіў у Маскве «спецсродкі» — а менавіта яды.

Спачатку меркавалася забіць з дапамогай гелю — намазаць ручку машыны Маркава. Але ад такога варыянту адмовіліся, бо мог загінуць хтосьці іншы. Разглядалі ідэю нанясення гелю на цела Маркава падчас яго адпачынку на Сардзініі — таксама адмовіліся: немагчыма было спрагназаваць час з’яўлення на пляжы. Спыніліся на спосабе больш надзейным.

Нібы ўкус, нібы ўкол

На працу ў Бі­бі­сі Маркаў дабіраўся заўсёды тым самым спосабам. Аднойчы, калі ён чакаў аўтобуса на мосце Ватэрлоа ў Лондане, ён адчуў нібы ўкус пчалы ззаду ў сцягно ці ўкол, пякучы боль. Ён павярнуўся і пабачыў чалавека, які толькі што ўпусціў на зямлю парасон. Той падхапіў парасон, кінуўся ў таксі, што стаяла побач, і паехаў.

Звычайны парасон. Фота: shutterstock.com

Эпізод з уколам быў дзіўны, і Маркаў расказаў пра яго на працы. І ўжо на працы Маркаву стала нядобра. Дома яму рабілася яшчэ горш. Выклікалі доктара — той распытаў і не прыехаў, па сімптомах гэта спачатку было як грып. Пад вечар наступнага дня стан стаў нясцерпны. Тэрапеўт нарэшце агледзеў Маркава, пісьменнік паказаў яму і рану на назе. Доктар западозрыў слупняк.

Пасля гэтага Маркава вязуць у бальніцу Сэнт­Джэймс. Шанцаў у дысідэнта, папраўдзе, не было. Атруцілі яго рыцынам, на той момант антыдоту ў гэтага яду не было.

Хірург Райлі, у адрозненне ад медсёстраў, словам Маркава паверыў і паведаміў пра дзіўную хваробу Скотланд­-Ярду. Але да моманту, калі прыехаў афіцэр паліцыі, пісьменнік ужо страціў прытомнасць. Рэанімаваць і апытаць яго не ўдалося.

Праніклівы патолагаанатам Руфус Кромптан заўважыў, што лімфавузлы на целе Маркава асабліва павялічаныя ў раёне правага сцягна. Ён не рашыўся ўскрываць цела ў гэтым месцы, каб не знішчыць магчымыя рэчавыя доказы.

Шарык з плаціны і ірыдыю

Цела адправілі ў лабараторыю Портан­-Даўна — спецыялізаванага даследчага цэнтра, які займаецца пытаннямі бактэрыялагічнай і хімічнай зброі. Атручэннем Скрыпалёў у будучыні будзе займацца гэтая ж лабараторыя. І толькі там пад месцам уколу на назе выявілі мікраскапічны, памерам 1,52 мм, шарык з поласцю ў ім.

Праз пару дзён у лабараторыю будзе дастаўленая з Францыі тканка Уладзіміра Костава, супраць якога быў здзейснены такі ж замах, але няўдала. У гэтым узоры тканкі рэнтген выявіць наяўнасць металічнага шарыка ідэнтычнага тыпу. Шарык быў выраблены з 90% плаціны і 10% ірыдыю. У сярэдзіне шара была поласць, ад якой да паверхні вялі два каналы дыяметрам 0,35 мм. 

Шарык быў апрацаваны воскападобным рэчывам, ім былі запоўненыя і каналы. Пры траплянні ў арганізм воск растае, і пасля гэтага атрута трапляе ў кроў. Але герметык плавіцца толькі пры пэўных умовах і тэмпературах. Калі стрэл зрабіць з большай адлегласці ці калі куля на шляху да цела прабівае нешта цвёрдае, напрыклад, партманет, то яна не ўваходзіць у арганізм глыбока і яд не вызваляецца ў кроў. Так здарылася з Коставым, куля засела ў самой скуры, ён ацалеў.

Міліметровая куля для замаскіраванага пад парасон мікрапісталета была вяршыняй тэхналогій 1970­-х. На сёння, напэўна, магчымае і стварэнне аналагічнай наназброі.

Прызнанні Калугіна

Святло на справу ў 1992 годзе праліў экс­генерал КГБ Алег Калугін, для гэтага ён спецыяльна наведаў Сафію. Кіраўніцтва КГБ СССР не хацела дзяліцца ядамі з балгарамі, расказаў ён.

Масква ўвогуле ў гэты перыяд неахвотна карысталася такімі сродкамі, бо ў мінулым гэта часта прыводзіла да дыскрэдытацыі савецкага рэжыму, а таксама не хацела свяціць свой патэнцыял спецслужбам краін-сатэлітаў. На канец 1970­-х ужо было ясна, што сілавікі з сацлагера бягуць на Захад часцей, чым савецкія, хоць самыя гучныя выпадкі — уцёкі кіраўніка румынскай разведкі Іона Пачэпы і высокапастаўленага афіцэра Генштаба Войска Польскага Рышарда Куклінскага — будуць яшчэ наперадзе.

Але ўрэшце Масква яды перадала. Чаму? Калугін сцвярджаў, што адмова магла б аслабіць пазіцыю міністра Стаянава, якога ў КГБ лічылі «сваім чалавекам». Яны не хацелі, каб Тодар Жыўкаў замяніў Стаянава на кагосьці больш самастойнага, менш прасавецкага.

Як склаўся лёс арганізатараў і выканаўцаў забойства Георгія Маркава? Намеснік кіраўніка замежнай разведкі Уладзімір Тодараў пасля падзення рэжыму Жыўкава знішчыў дакументы па справе Маркава і схаваўся ў СССР. Аднак пасля распаду Саюза Расія выдала яго Балгарыі, і ён адсядзеў 10 месяцаў за знішчэнне дасье. Намеснік міністра ўнутраных спраў, генерал­лейтэнант Стаян Саваў у 1992 годзе застрэліўся на магіле свайго баявога таварыша ваенных часоў. А на след непасрэдна кілера выйшлі толькі ў 2000­-х, ім аказаўся італьянец з дацкім пашпартам Франчэска Гуліна. Ён нават не ведаў, каго забівае — балгарскія спецслужбы яго завербавалі, калі злавілі з кантрабандай на мяжы.

Андрэй Дынько