Проект портала
Безлюдье в синем. Тунис: путешествие времен ковида
15.05.2021 / 13:33

«Путешествие во времена коронавируса имеет свои особенности. По прибытии в Тунис автобус из аэропорта везет меня не в забронированный отель в Сусе, потому что он внезапно закрылся: нет туристов, нет смысла работать. Сижу, волнуюсь, что меня сейчас ждет, наконец автобус останавливается возле гостиницы в Набуле — далеко не худшее место, куда меня могла забросить судьба», — пишет кандидат социологических наук и завзятый белорусский путешественник Алексей Ластовский.

Вулачка туніскага горада. Фота: depositphotos.com by zhuravlevab

Многія традыцыйныя кірункі закрыліся для беларусаў з прычыны кавіду, а Туніс — не.

Пясчаныя пляжы, Карфаген і Сахара, недарагія цэны — добрая канкурэнцыя з больш вядомымі егіпецкімі курортамі. Я вандроўнік спрактыкаваны, звычайна як агню пазбягаю нашых туркампаній, але сітуацыя не пакідае выбару: дабрацца да Туніса іншым шляхам цяпер немагчыма.

У Тунісе пясчаныя пляжы. Фота: depositphotos.com by kayco

Набул пачаткова называўся Neapolis, і калі зыходзіць з назвы, то заснавалі горад ажно грэчаскія каланісты, але хутка ён перайшоў да карфагенцаў. Быў разбураны рымлянамі і потым імі ж адбудаваны. Археолагі знайшлі тут велізарную фабрыку па вытворчасці гаруму, знакамітага соусу, які карыстаўся надзвычайным попытам у рымлянаў (можа, і таму, што мае ўласцівасці афрадызіяку). Гэты соус выраблялі такім чынам: у цыстэрну скідалі дробную рыбу, потым яна гніла пад сонцам, і з гэтай масы прэсам выціскалі патрэбны экстракт. Уявіце сабе, якія водары распаўсюджваліся па ваколіцах! Але цяпер мода на гарум мінула — можна дыхаць спакойна.

Фрагменты Карфагена

Самы знакаміты археалагічны аб’ект Туніса — Карфаген. Гэты горад быў цэнтрам магутнай цывілізацыі і галоўным ворагам Старажытнага Рыма — змагаліся за кантроль над Міжземнамор’ем.

Паводле легенды, Карфаген заснавала царыца Дыдона, якая ўцякла з Фінікіі ад пераследу свайго зламыснага брата ды здолела лоўка падмануць мясцовых жыхароў — купіла ў іх кавалак зямлі, якую ахоплівае бычыная скура. Але царыца парэзала скуру на стужкі, якімі перавязала цэлую гару, дзе і быў збудаваны акропаль горада.

Рымлянам давялося правесці тры цяжкія вайны з Карфагенам. Славуты военачальнік Ганібал, які выправіўся з Іспаніі ў паход на Рым з баявымі сланамі, не здолеў зламаць рымскую ваенную машыну. Але Карфаген выявіў у гэтым супрацьстаянні нечаканыя здольнасці да рэгенерацыі. Пасля прайгранай Другой Пунічнай вайны горад зноў расквітнеў — і гэта так напалохала рымлян, што адзін з іхніх консулаў кожную сваю прамову заканчваў заклікам: «Карфаген павінен быць знішчаны!» Пасля Трэцяй вайны рымляне так і зрабілі — цалкам зраўнялі з зямлёю адзін з найбуйнейшых гарадоў тагачаснага свету.

Карфагенскі леў з экспазіцыі музея. Фота Аляксея Ластоўскага.

Некаторыя сляды старога, пунічнага Карфагена яшчэ можна знайсці: на вяршыні акропаля археолагі адкапалі пару жылых кварталаў, будаўніцтва якіх легенды чамусьці прыпісваюць Ганібалу. Але як жа палкаводзец, што з дзяцінства бавіў час у няспынных войнах, паспеў адчыніць выгадны будаўнічы бізнэс?

У пошуках пунічнага горада абавязкова раю зазірнуць у падземнае свяцілішча, дзе карфагенцы ўшаноўвалі сваіх багоў Ваала і Таніт. Яно было выпадкова знойдзена ў 1921 годзе. Свяцілішча было напоўнена дзіцячымі косткамі, што паслужыла пацвярджэннем рымскіх абвінавачванняў, быццам карфагенцы здзяйснялі дзіцячыя ахвярапрынашэнні. Але і цяпер навукоўцы дыскутуюць наконт гэтага: можа, гэта ўсё рымская прапаганда, а тут знаходзіўся дзіцячы некропаль? Толькі ў цёмнай і вільготнай пячоры, сярод якой стаіць ахвярнік, верыцца больш у змрочную версію карфагенскіх рытуалаў.

Карфаген на дзіва імкліва адрадзіўся, і пасля татальнага знішчэння на яго месцы была пабудаваная сталіца рымскай правінцыі Афрыка, якая зноў стала буйной метраполіяй Міжземнамор’я. Большасць будынкаў, зразумела, паходзяць з рымскага часу: тэрмы Антонія, амфітэатр, тэатр (Адэон), вілы патрыцыяў. Асабліва любяць турыстаў вадзіць у тэрмы, зробленыя ўжо цалкам на рымскі манер, — тут табе і звыклая сістэма залаў з рознай тэмпературай, характэрны гігантызм з велічэзнымі калонамі і агромністымі заламі, якія маглі адначасова змясціць тысячы людзей. Застаецца толькі шкадаваць, што і тут рымляне паламалі мясцовыя звычкі ды навязалі ўласцівую ім унікультуру.

Тэрыторыю Карфагена пачалі актыўна забудоўваць яшчэ ў ХІХ стагоддзі, што стварае вялікія перашкоды для археолагаў, тут жа пабудаваны і прэзідэнцкі палац. Таму ўражанне вельмі фрагментаванае, ад аднаго да другога аскепка старажытнай цывілізацыі даводзіцца прадзірацца праз кварталы новай забудовы. Каб адчуць пунічную цывілізацыю, трэба ехаць у Керкуан.

Бонус пандэміі — сярод антычных руін можна блукаць у поўнай адзіноце. Зусім іншыя адчуванні. Аўтар у Керкуане. Фота Аляксея Ластоўскага.

Але на вяршыні гары, якую хітра вытаргавала царыца Дыдона, варта завітаць яшчэ ў былы кафедральны сабор, пабудаваны якраз на месцы, дзе падчас крыжовага паходу памёр французскі кароль, кананізаваны пазней як Людовік Святы. Ён дужа цікавы сваім рамантычным міксам розных стыляў: гатычнага, маўрытанскага, візантыйскага.

Узведзены сабор быў у 1884—1890 гадах на фундацыі нашчадкаў крыжацкіх сем’яў, гербы якіх атачаюць інтэр’ер сабора па перыметры. Гэта былы кафедральны сабор адноўленай Карфагенскай дыяцэзіі (адной з самых слаўных у гісторыі хрысціянства, біскупам якой быў святы Кіпрыян, у Карфагене вучыўся і выкладаў святы Аўгусцін). Тут вітае дух ганарлівых крыжакоў, якія праз стагоддзі здолелі падпарадкаваць сабе гэтую зямлю. Пасля дэкаланізацыі, у 1963 годзе, сабор дэсакралізавалі, цяпер тут нейкі культурны цэнтр. Але галоўнае, што яго можна наведаць, бо ў актуальны каталіцкі кафедральны сабор у сталіцы я так і не здолеў прабіцца. Вельмі тут напружаная рэлігійная сітуацыя ды супрацьстаянне з ісламскімі фундаменталістамі.

Сабор Святога Людовіка цікавы сваім рамантычным міксам розных стыляў: гатычнага, маўрытанскага, візантыйскага. Фота Аляксея Ластоўскага.

Ярка-сіні

Да Карфагена найлепш дабірацца са сталіцы звычайнай гарадской электрычкай, якая напоўнена студэнтамі ды працаўнікамі, мае сэнс праехаць і пару прыпынкаў надалей, каб патрапіць у Сідзі-бу-Саід, бела-блакітны гарадок мастакоў і паэтаў на ўзбярэжжы. Гэта Туніс з паштовак, ярка сонечны, вогненна прыгожы, працяты свежасцю марскога паветра. Можна сузіраць з вяршыні скалы, як караблікі змагаюцца з марскімі хвалямі, піць на тэрасе сок са свежавыціснутых фінікаў ці пакручастымі вулкамі дабрацца да «Зоркі Венеры».

Сідзі-бу-Саід, бела-блакітны гарадок мастакоў і паэтаў на ўзбярэжжы — райскае месца над морам. Від на мора са знакамітага Café des délices. Фота: depositphotos.com by bareta

Так назваў свой раскошны палац на беразе мора французскі барон Рудольф д’Эрлянжэ. Ён паходзіў з сям’і банкіраў, але аддаўся творчасці, пераехаў у Туніс і маляваў вузкія вулкі з арабамі ды любімага сабаку. Але больш праславіўся ён тым, што пачаў вывучаць ды аднаўляць традыцыйную тутэйшую музыку, нават утрымліваў пры палацы цэлы аркестр. Цяпер палац змяшчае музей музычных інструментаў (вельмі цікавыя і незвычайныя мясцовыя дуды!), але і сам па сабе гэта рэальны шэдэўр, зроблены рукамі мясцовых рамеснікаў, сапраўдная пярліна на беразе Міжземнага мора.

Дворык у Сідзі-бу-Саідзе. Фота: depositphotos.com by zhuzhu

На луажы

Пасля працяглых росшукаў я знаходжу неабходны мне вакзал маршрутак (тут іх называюць на французскі манер — луаж), каб адправіцца ў шлях да Керкуана, закінутага горада карфагенцаў. Праўда, даводзіцца адольваць на шляху сувенірны кірмаш, дзе адзінокі белы чалавек выклікае шалёны ажыятаж сярод прадаўцоў: «Руский? Как дела? Иди суда! Два динара!» Турыстам з Заходняй Еўропы шлях у Туніс цяпер практычна зачынены, хоць сустракаліся невялічкія групкі французаў, якія прабраліся ў былую калонію патаемнымі кантрабандысцкімі сцежкамі. Цяпер беларусы цалкам здамінавалі тут індустрыю адпачынку. У наступны сезон мясцовыя гандляры будуць ужо крычаць «Жыве Беларусь!».

Нарэшце маршрутка набірае дзевяць пасажыраў і можа адпраўляцца. Калі не пашанцуе, то можна і некалькі гадзін прасядзець у чаканні поўнага камплекту пасажыраў. На шчасце, тунісцы не спрабуюць абдурыць на роўным месцы, што варта чакаць ад тых жа егіпцян. Цэны — недзе каля 6 дынараў за гадзіну падарожжа, адзін жа дынар прыкладна роўны аднаму беларускаму рублю, што неймаверна аблягчае жыццё нашаму турысту.

Яшчэ адзін кароткі рывок таксоўкай, якая дастаўляе да варот Керкуана. Гэта адзін з самых захаваных гарадоў пунійцаў, Карфаген жа рымляне зраўнялі з зямлёй, як і абяцалі. Адчуць, як жылі ганарлівыя ўладары марскіх прастораў, можна толькі тут.

Умацаваны горад перажыў спачатку напад сіракузскага тырана Агастокла (Сіцылія тут зусім побач, дарэчы, 140 км, але туды беларусам цяпер дарога забароненая), а пазней яго рымляне разбурылі падчас Першай Пунічнай вайны, і горад так і не здолеў аднавіцца. Але тое, што горад быў закінуты дзве з паловай тысячы гадоў таму, дало нам унікальны шанец зразумець, як насамрэч жылі пунійцы.

Падвойная абарончая сцяна атачае кварталы рамеснікаў ды арыстакратычныя вілы, нагадвае мініяцюрную версію Пампей. Першае, што кідаецца ў вочы, — адсутнасць адкрытай публічнай прасторы, якая абавязковая як для элінскіх (агора), так і рымскіх (форум) гарадоў. Арыстоцель нахвальваў палітычны лад Карфагена, але ён нагадваў больш алігархію: кіраўніцтва было ў руках некалькіх багатых сем’яў, якія дазвалялі багацець і іншым, што спрыяла захаванню адноснага ладу ў дзяржаве. Але нагоды збірацца грамадзянам разам пры такім кіраванні не было. Няма тут і тэатра, яшчэ адной публічнай інстытуцыі. Агулам складваецца ўражанне, што пунійцы былі людзьмі замкнёнымі — грамадскія лазні зусім не нагадваюць каласальныя рымскія структуры. Затое амаль у кожным доме прысутнічае ванная, выкладзеная з чырвонага каменю, якая паказвае, наколькі блізкія жыхарам гэтага горада былі інтымнасць і гігіена.

Адзін з нешматлікіх бонусаў пандэміі — што можна блукаць сярод руін, пад павевамі ветру з мора, у поўнай адзіноце. Толькі цені ганарлівых пунійцаў суправаджаюць на вуліцах закінутага горада.

Рымскія мазаікі

Да сталіцы, Туніса, прасцей за ўсё дабірацца звыклым луажам, на папулярным кірунку ён запаўняецца за пару хвілін. Але цікаўнасць цягне мяне на чыгуначную станцыю, каб пратэсціраваць і гэты сродак перамяшчэння. Першая ж спроба скончылася няўдала, цягнік прыбыў на станцыю на паўгадзіны пазней пазначанага, пастаяў — і не змог завесціся. Расчараваныя пасажыры высыпалі са сваімі клункамі з цягніка, пацягнуўся ўслед за імі і я, збянтэжаны. Зразумеў, чаму квіткі на цягнік тут трэба купляць у кандуктараў.

Значна больш надзейнае метро ў сталіцы, якое насамрэч нагадвае нашы трамваі.

Каб паглядзець, якую спадчыну пакінулі рымляне ў сваёй паўднёвай правінцыі, трэба абавязкова выбірацца ў Нацыянальны музей Бардо на ўскрайку сталіцы, які мае сусветную славутасць. На жаль, не толькі калекцыямі: у 2015 годзе ісламскія тэрарысты прарваліся ў музей і пачалі расстрэльваць наведвальнікаў. Цяпер музей ахоўвае бранявік з аўтаматчыкамі, звыклая тут карціна, абавязкова пытаюцца: «З якой краіны?»

Вялізны палац былых беяў пусты, ходзіць пара купак адчайных турыстаў. А экспазіцыя музея насамрэч фантастычная: тут і статуі карфагенскіх багоў, і скарбы германскага племені вандалаў (адзінае, што яны па сабе пакінулі падчас кароткага панавання ў гэтай краіне), візантыйскія саркафагі ды ісламская кераміка. Шмат што бачыў у сваім жыцці, але гэта самая багатая і разнастайная калекцыя рымскіх мазаік, што ёсць. Гонар музея — гэта мазаіка з самай ранняй выявай Вергілія, які паэтычна распісваў трагічны лёс царыцы Дыдоны.

Так уяўлялі сабе Пасейдона ў антычным Тунісе. Археалагічны музей Суса. Самая ж багатая калекцыя рымскіх мазаік — у музеі Бардо. Фота Аляксея Ластоўскага.

Агулам у Тунісе захавалася безліч рымскіх мазаік, якія былі прыкметай багатых вілаў, што сведчыць пра досыць тлустыя і бесклапотныя гады пад рымскім панаваннем.

Самы яркі сведка тых часоў — гэта амфітэатр Эль-Джэм. Грандыёзны, лічыцца чацвёртым у свеце па памерах (а для Паўночнай Афрыкі цалкам унікальны!). Змяшчае 35 000 гледачоў — фантастычная лічба. Парадаксальна, што гэты калос цяпер стаіць у правінцыйным, збяднелым магрыбскім гарадку (21 тысяча жыхароў), найлепшае сведчанне заняпаду цывілізацыі.

Амфітэатр Эль-Джэм быў найбольшым у рымскай Афрыцы. Фота Аляксея Ластоўскага.

Цяжка цяпер паверыць, але гэты гарадок у рымскія часы быў найбольшым цэнтрам вытворчасці аліўкавага алею на ўсю імперыю. І называўся ён тады Цісдрус. Адпаведна, канкурыраваў за ганаровае месца другога па значнасці горада ў рымскай Афрыцы. Застаўся гіганцкі амфітэатр, які маўкліва навісае над актуальным мізэрным атачэннем. Грандыёзная пабудова стала вынікам амбіцый мясцовага консула Гадрыяна, які пазней спрабаваў нават выбіцца ў рымскія імператары, але пацярпеў паразу.

Сведчаннем неймавернага багацця ў рымскую эпоху стаў не толькі амфітэатр, які ўпарта прастаяў тысячагоддзі, але і мноства шыкоўных вілаў па ваколіцах, адна з якіх (Дом Афрыкі) была адноўлена ў мясцовым музеі.

Усё мінае, так і рымскае панаванне прыйшло нарэшце да свайго лагічнага завяршэння. Імперыя рухнула пад энергічным націскам варварскіх плямёнаў, і рымская Афрыка была заваявана племенем вандалаў. Як і абавязвае такое імя, нейкіх архітэктурных слядоў па сабе яны не пакінулі, і гэтая зямля зноў вярнулася ў арбіту цывілізацыі пасля перамог візантыйскай арміі.

Толькі і візантыйскае панаванне не працягнулася доўга, бо з Аравійскай пустыні ў Паўночную Афрыку пад сцягам джыхаду прыйшлі новыя заваёўнікі, якія назаўжды зрабілі Туніс мусульманскай краінай.

Святы горад Кайруан

Чарговым луажам я еду ў Кайруан — святы горад для ісламскіх паломнікаў. У Сярэднявеччы Кайруан быў цэнтрам адукацыі і навукі (асабліва медыцыны і права), яго параўноўваюць з роляй Парыжскага ўніверсітэта для хрысціянства.

Маршрутку спыняе ўзброены аўтаматамі патруль, уважліва правяраюць у пасажыраў дакументы, прабіваюць усіх па базе звестак. Я спачатку знерваваўся, можа, і мяне прыцягнуць, што я тут у час пандэміі замест ляжання на пляжы гойсаю па краіне, але мае дакументы патруль не зацікавілі.

Шукаюць ісламскіх фундаменталістаў. У тым жа страшным для Туніса 2015 годзе 22-гадовы студэнт з Кайруана здзейсніў яшчэ адзін жахлівы тэракт на пляжы ў Сусе, дзе пераважна адпачывалі брытанскія турысты.

На вуліцы Кайруана. Фота Аляксея Ластоўскага.

Кайруан стаў сталіцай заваяванай воінамі прарока Мухамеда краіны, тут жа пабудавалі ў 670 годзе мячэць, якая змагаецца за тытул першай мячэці ў Паўночнай Афрыцы (у Каіры, зрэшты, думаюць інакш). Праўда, тут і так пасля серыі тэрактаў немусульман асабліва не пускаюць у мячэці, ды яшчэ наклалася гэтая пандэмія. Але добрыя людзі адразу ж мяне зацягнулі на тэрасу дома насупраць, адкуль выдатна бачная агульная структура Пятнічнай мячэці, куды ў велічэзны двор на чарговую малітву маглі сабрацца ўсе вернікі сярэднявечнай сталіцы. Адразу ж згадалася легендарная кардоўская Мескіта, з такімі ж абарончымі сценамі, з такімі ж шэрагамі калонаў, якія нагадваюць містычны лес, а паколькі Кардоўскі эмірат ствараўся берберамі-заваёўнікамі з Туніса, то ясна, што мадэллю была менавіта гэтая мячэць.

Праўда, выйсці з гасціннага дома атрымалася толькі з набытым дываном за плячыма (а Кайруан славіцца сваімі дыванамі!) — сам не разумею, як і НАВОШТА я яго набыў…

Андалузская настальгія

Ад галоўнай мячэці можна завярнуць у медзіну. Так у Паўночнай Афрыцы называюць гістарычны цэнтр гарадоў, часцей за ўсё аточаны абарончымі сценамі, за якімі разгортваецца лабірынт вузкіх вулак, дзе немагчыма не заблукаць. Кайруанская медзіна, як і мае быць для святога горада, напоўненая старымі мячэцямі ды маўзалеямі святых, але я найбольш заўважыў:

— безліч катоў, якія досыць мірна паставіліся да інтэрвента;

— дзвюх прыгожых дзяўчат у міні-спадніцах, якія на мяне зацікаўлена пазіралі і міла сказалі «Бонжур!», для месца рэлігійных пілігрымак гэта было крыху нечакана;

— за аскетычнымі фасадамі дамоў хаваюцца раскошныя інтэр’еры, якія зноў жа нагадалі Андалусію.

З другога боку, калі пасля паспяховай Рэканкісты з Іспаніі выгналі маўраў, большасць з іх перабралася ў Туніс, адкуль у свой час распаўсюджваліся хвалі ісламскага заваявання на еўрапейскі кантынент. Таму не здзіўляюць тут у дамах дэкоры з керамічнай пліткі ў тыповым андалузскім стылі. Настальгія выгнаннікаў па страчаных «крэсах» Кардовы і Гранады шмат у чым вызначае эстэтыку ісламскай культуры Туніса.

Новы погляд на вярблюда

Адведаў я таксама легендарны калодзеж на месцы заснавання Кайруана, які нейкім містычным чынам наўпрост звязаны з калодзежам Зум Зум у Мецы (хоць вісіць шыльда «Ваду не піць!»). Ваду з калодзежа па старынцы дастаюць з дапамогай вярблюда, з якім у мяне атрымалася ўсталяваць прыязны кантакт і абдымашкі. А я думаў, што вярблюды — гэта небяспечныя істоты, якія могуць толькі смачна плюнуць табе ў твар. Думаю, можа, і сабе завесці вярблюда для вясковай гаспадаркі?

Яшчэ адным рэліктам эпохі джыхаду застаюцца дзве суровыя крэпасці ў Сусе і Манастыры — яны называюцца рыбаты. Такія крэпасці будавалі падчас джыхаду, тут не было пастаяннага гарнізона, а спыняліся воіны падчас вялікіх аперацый. Напрыклад, сускі рыбат быў бастыёнам для далейшага ісламскага заваявання Сіцыліі. Ваярам непатрэбныя былі шыкоўныя ўмовы, шэрагі суровых і мінімалістычных каморак ды агульная сталовая — вельмі нагадвае сярэднявечныя кляштары. Калі хваля джыхаду сціхла, то рыбаты асвоілі брацтвы суфіяў, якія ператварылі іх у свае містычныя цытадэлі, дзе яны танчылі свае карагоды, пілі віно і шукалі містычнага збліжэння з Алахам.

Медзіны

У медзінах жа Туніса і Суса пануе зусім іншая, гандлёвая атмасфера. Тут раскінутыя шэрагі невялічкіх крамаў і майстэрняў, дзе можна набыць безліч прыгожых і непатрэбных рэчаў. Вузкія вулачкі, якія мусілі абараняць ад спякоты паўднёвага сонца, скандэнсавалі ў сабе тысячагоддзі. Лад жыцця тут мала змяніўся, толькі што еўрапейцаў раней можна было ўбачыць пераважна на рынку рабоў, а зараз — у якасці турыстаў.

Нязвыкла пустыя вуліцы старых гарадоў Туніса: каранавірус. Фота Аляксея Ластоўскага.

Туніс стагоддзямі спраўна пастаўляў для ісламскага свету ваяроў, заваёўнікаў, піратаў. Славуты пірат Хайрэдзін Барбароса (Рудая Барада) наводзіў жах на ўвесь хрысціянскі свет, напады на караблі і рэйды па прыморскіх гарадах пастаўлялі на тутэйшыя рынкі чарговыя партыі хрысціянскіх рабоў, якіх чакала цяжкая доля.

Іспанскі кароль і імператар Святой Рымскай імперыі Карл V у XVI стагоддзі вырашыў ліквідаваць гэты пірацкі асяродак, і хоць помнік яму ў Палерма адлюстроўвае яго як трыумфатара над Тунісам, але замацавацца ў Паўночнай Афрыцы іспанцам надоўга не ўдалося, у Алжыры іх чакала балючая параза. Гэта каштавала доўгіх і пакутлівых гадоў у рабстве іспанскаму мараку Мігелю дэ Сервантэсу, які пазней гэты досвед здолеў перакаваць у геніяльнага «Дон Кіхота».

Спадчына першага прэзідэнта

Калі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя наступае новая хваля каланіяльнага перадзелу свету, то на стагоддзе Туніс патрапляе пад французскі кантроль. Яшчэ і цяпер французская мова захоўвае тут статус дзяржаўнай, усе тунісцы гавораць на ёй, не раз чуў, што між сабой людзі размаўляюць менавіта па-французску, а не мясцовым дыялектам арабскай мовы.

Каланіяльная французская спадчына адчуваецца лепш за ўсё на шырокім сталічным праспекце, названым у гонар першага прэзідэнта незалежнага Туніса Хабіба Бургібы. Тут і велічны гмах каталіцкага кафедральнага сабора, і нацыянальны тэатр з дэкорам з аголеных антычных багоў, і фешэнебельныя асабнякі ды дарагія крамы. Фрагменты вялікага еўрапейскага стылю, але зробіш пару крокаў убок — і элементы ўпарадкаванасці знікаюць, прымітыўныя жылыя кварталы і горы смецця ствараюць тыповы ландшафт сталіцы.

Маўзалей Хабіба Бургібы, першага прэзідэнта Туніса, у горадзе Манастыр. Фота Аляксея Ластоўкага.

Шмат у чым сучасны Туніс сфарміраваны палітыкай яго першага прэзідэнта Хабіба Бургібы, які атрымаў выдатную французскую адукацыю, вучыўся паліталогіі ў Сарбоне і некалькі дзесяцігоддзяў свайго жыцця паклаў на мэту дасягнення незалежнасці краіны. Ён прайшоў праз турмы і выгнанні, але стаў бясспрэчным лідарам незалежніцкага руху. У 1954 годзе Бургіба здолеў-такі дабіцца ад французаў аўтаноміі, і паступова краіна пакрочыла сваім шляхам — з ідэаламі свецкай дзяржавы, раўнапраўя жанчын, сацыяльнай справядлівасці. Гэты шлях заклаў моцныя падмуркі для сучаснай свядомасці тунісцаў.

Помнікам гэтаму перыяду сацыяльных трансфармацый я лічу свой улюбёны будынак у Тунісе — гэта бруталісцкі шэдэўр Hotel du Lac, перавернутая піраміда з бетону і сталі, праца італьянскага архітэктара Рафаэле Кантыджані.

Бруталісцкі шэдэўр Hotel du Lac у сталіцы Туніса стаіць занядбаны. Фота: pinterest.com

Эпоха росквіту архітэктуры бруталізму 1970-х супала з дасягненнем незалежнасці краін Трэцяга свету, дзе паўстала шмат важных праектаў, якія злучалі ў сабе інавацыйныя прыёмы будаўніцтва з прагай сацыяльных зменаў. Гэта была эпоха мрояў пра светлую будучыню. Лёс гатэля паказальны: ён даўно зачынены, выношваюцца планы яго знесці. Але пакуль яшчэ касмічны карабель трымаецца ў сталічным ландшафце!

Хабіб Бургіба кіраваў незалежным Тунісам аж 30 гадоў і мерыўся быць прэзідэнтам да самай смерці: у 1975 годзе ён абвясціў сябе пажыццёвым прэзідэнтам. Але намеры намерамі, а жыццё жыццём: калі стан здароўя 84-гадовага прэзідэнта значна пагоршыўся, яго 7 лістапада 1987-га мірна адхілілі ад улады. А жыў ён пасля таго яшчэ доўга — памёр толькі ў 2000 годзе ва ўзросце 96 гадоў.

Наступнік Бургібы Зін аль-Абідзін Бен Алі трымаўся пры ўладзе аж да Язмінавай рэвалюцыі 2010—2011 гадоў, працягваючы курс на пабудову свецкай аўтарытарнай дзяржавы. Пераслед апазіцыі, кантроль над СМІ, няўдалая эканамічная палітыка — усё па класіцы.

У снежні 2010 года адзін бедны гандляр садавіной, тавар якога канфіскавала паліцыя, падпаліў сябе ад адчаю. Гэтая трагедыя стала кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення. У Тунісе паляцелі кактэйлі Молатава, запалалі паліцэйскія машыны і штаб-кватэра кіруючай партыі. Сілавікі спрабавалі разганяць дэманстрацыі, як заўсёды, але гэтым разам не дапамагала, супраціў толькі нарастаў. Падчас аднаго з шэсцяў паліцыя застрэліла 14 маніфестантаў. Калі 14 студзеня 2011 года на вуліцы сталіцы выйшла сто тысяч пратэстоўцаў, напалоханы прэзідэнт Бен Алі, які кіраваў Тунісам 34 гады, уцёк з краіны.

Поспех Язмінавай рэвалюцыі шмат у чым быў абумоўлены развіццём сацсетак.

Рэвалюцыя ў Тунісе запусціла хвалю «арабскай вясны», пратэсты супраць рэпрэсіўных рэжымаў перакінуліся далей — у Лівію, Егіпет, Сірыю. Але толькі Туніс, дзе і распачалася гэта хваля ўзрушэнняў, здолеў не толькі перамагчы, але і перайсці да дэмакратычнага кіравання.

Вуліцы Сідзі-бу-Саіда. Фота: depositphotos.com by katiekk

Лад жыцця мясцовых жыхароў куды больш свецкі, чым у тым жа Егіпце, і зусім адрозніваецца ад Блізкага Усходу. Устаноўкі на добрую адукацыю і раўнапраўе жанчын захоўваюцца, не так шмат жанчын тут ходзяць у хіджабах. Алкаголь нават прадаецца ў супермаркетах (тут добрае сваё віно!), хоць па пятніцах яго продаж забараняецца. Тут на дзіва спакойныя, добразычлівыя, крыху меланхалічныя людзі і вельмі мала махлярства. Я магу ім зычыць толькі поспеху, каб дасягненне вольнасці дало ім больш дабрабыту.

Аляксей Ластоўскі