Проект портала
ВКЛ Софья Витовтовна, хозяйка Москвы
08.03.2021 / 13:39

Одни называли ее «ловкой интриганкой, которая причинила много зла России». Другие каких только влияний и нововведений не приписывали Софье: и законы, и канцелярия, и выезды литовских князей и бояр на службу в Москву… Но до кремлёвских ли интриг было княгине, которая рожала одно дитя за другим? И какие возможности для действий давали ей общественные нормы того времени? О роли женщины в большой политике XV века на примере Софьи, дочери великого князя литовского Витовта, жены великого князя московского Василия I и матери Василия II, пишет кандидат исторических наук Сергей Палехов.

Соф'я і Васіль І. Вышыўка 1414—1417 гадоў. Wikimedia Commons.

Дачка як інструмент

Гісторыкі адносяць нараджэнне Соф’і да 1370-х. Вітаўту тады было за дваццаць. Ганна, жонка Вітаўта і маці Соф’і, верагодна, паходзіла са смаленскіх Рурыкавічаў. 

Калі нарадзілася Соф’я, магчыма, яшчэ быў жывы вялікі князь Альгерд. У маскоўскім паходзе свайго дзядзькі Вітаўт удзельнічаў у 1368 годзе — тады яшчэ нішто не варажыла бліскучай будучыні маладога князя. Дый лідарства Масквы ў паўночна-ўсходняй Русі можна было ставіць пад пытанне: Міхаіл Цвярскі, саюзнік Альгерда, некалькі разоў спрабаваў атрымаць у татараў ярлык на вялікае княжанне Уладзімірскае, адціснуўшы маскоўскіх князёў.

Першая, ненаўпростая згадка пра Соф’ю адносіцца да пачатку 1380-х — часу імклівых зменаў на палітычным полі ВКЛ: бацька Вітаўта Кейстут выступіў супраць свайго пляменніка Ягайлы, які пасля смерці Альгерда стаў вялікім князем. Параза каштавала Кейстуту жыцця, а Вітаўту ўдалося збегчы ў Прусію, дзе ён быў прыняты магістрам Тэўтонскага ордэна і хрысціўся. І ў 1384 годзе кіраўніцтва ордэна прадугледжвала, што ў выпадку смерці Вітаўта без нашчадкаў мужчынскага полу ордэн зможа выдаць замуж яго дачку. Відаць, мелася на ўвазе Соф’я, хоць яна і не названая па імені. У тыя часы нашчадак не мужчынскага полу разглядаўся толькі як інструмент «вялікай палітыкі».

Пячатка Соф'і Вітаўтаўны з выявай грэчаскага бога паўночнага ветру Барэя, які выкрадае царскую дачку Арыфію, каб знесці на далёкую Поўнач. Ці не аналогія да ўласнага замужжа? Собрание государственных грамот и договоров, хранящихся в государственной коллегии иностранных дел. Ч. 1. Москва, 1813.

Замуж з эміграцыі

Некаторыя гісторыкі лічаць, што перамовы пра шлюб з Соф'яй маскоўскі княжыч Васіль, сын Дзмітрыя Данскога, вёў з Вітаўтам яшчэ ў 1387 годзе, вяртаючыся з Арды. Як бы там ні было, скора чарговае абвастрэнне адносін з Ягайлам змусіла Вітаўта з сям’ёй зноў бегчы ў ордэн. У мемарыяле, прадыктаваным на мяжы 1389 і 1390 гадоў, Вітаўт скардзіўся, што Ягайла і Скіргайла не дазвалялі яму выдаць замуж «любімую дачушку», за каго ён хоча. Ягайла абгрунтавана баяўся, што тым самым Вітаўт набудзе саюзнікаў.

Вітаўту ўдалося выдаць дачку замуж, калі ён быў у Прусіі, неўзабаве пасля таго, як Васіль I у 1389-м стаў маскоўскім князем. У жніўні 1390-га бурмістр Рэвеля пісаў, што маскоўскія паслы едуць у Прусію па дачку Вітаўта. Паслам, мяркуючы па ўсім, прыйшлося чакаць вяртання бацькі нявесты, што якраз выправіўся ў знакамітую рэйзу у Літву. У паходзе ўдзельнічаў цвет еўрапейскага рыцарства — у тым ліку граф Дэрбі, будучы англійскі кароль Генрых IV Балінгброк, які тады вёў жыццё вандроўнага рыцара. Ордэнскае войска спаліла віленскі Крывы замак, загінуў і князь Карыгайла Альгердавіч.

У барацьбе Вітаўта за «отчыну» вайна, дыпламатыя і матрыманіяльная палітыка ішлі побач. Увосень справа з шлюбам была ўлагоджаная, і карабель з Соф’яй, князем Іванам Альгімонтавічам Гальшанскім, які яе суправаджаў, і маскоўскімі баярамі адплыў з Гданьска ў Ноўгарад.

1 снежня пасольства прыбыло ў Маскву, і толькі 9 студзеня 1391 года было вяселле. Напярэдадні Соф’я перайшла ў праваслаўе. Праз сто з нечым гадоў заходні дыпламат Сігізмунд Герберштэйн пісаў, што ў Маскве Соф’ю называлі Анастасіяй. Няясна, што за гэтым стаяла: нярэдкая для заезджага назіральніка блытаніна, след звароту Соф’і ў праваслаўе або праява феномена хрысціянскай двухімённасці. Прынамсі, на яе саркафагу стаяла імя «Соф’я».

«Ён не пашкадуе свайго зяця»

І замужам Соф’я захавала сувязі з бацькам, у становішчы якога адбыліся важныя перамены. Улетку 1392-га, памірыўшыся з Ягайлам, ён вярнуўся ў Літву, атрымаў сваю «отчыну» Трокі, а неўзабаве пачаў павялічваць уплыў. Інтарэсы Вітаўта на Русі не абмяжоўваліся землямі ВКЛ, а гэта пагражала канфліктам з Масквой.

Спачатку ўсё складвалася «па-сямейнаму»: так, у 1396 годзе Вітаўт двойчы сустракаўся з Васілём — адзін раз у літоўскім Смаленску, а другі раз у маскоўскай Каломне, пасля літоўскага паходу на Разанскую зямлю. Здавалася б, кіраўнік ВКЛ і ягоны маскоўскі зяць дзейнічалі разам. Прынамсі, так было, пакуль гэтыя дзеянні былі на руку Вітаўту.

Між тым, пакуль Васіль I вёў зацяжную вайну з Ноўгарадам за Дзвінскую зямлю, у Літве справа ішла ад замірэння з Тэўтонскім ордэнам да саюзу з ім. Яшчэ ў пачатку 1398 года комтур Рагніта, які пабываў у Літве, папярэджваў вялікага магістра Конрада фон Юнгінгена: калі Вітаўту ўдасца дамовіцца з ордэнам, ён не пашкадуе свайго зяця. 12 кастрычніка 1398-га Вітаўт заключыў саюз з ордэнам цаной саступкі Жамойці, пры гэтым бакі дамовіліся аб падзеле сфер інтарэсаў: Літве даставаўся Ноўгарад, а ордэну — Пскоў. Гэта ішло насуперак інтарэсам Васіля I, які пачаў збіваць кааліцыю рускіх князёў, а на сустрэчу з Вітаўтам у Смаленск у пачатку 1399-га адправіў Соф’ю.

Як вядома, планы Вітаўта зламала параза ад татараў на Ворскле ў жніўні таго ж года. 

Падпарадкаваць Ноўгарад яму так і не ўдалося. Напамінам аб гэтай сустрэчы, відаць, надоўга застаўся не зусім звычайны падарунак Соф’і — «крыж уздвізальны». Той крыж яна згадвала ў завяшчанні, ён застаўся ў казне маскоўскіх князёў.

«Нораў бацькаў, нясытая на распусту»

За дваццаць гадоў Соф’я нарадзіла Васілю I пяцярых сыноў і па меншай меры чатыры дачкі. Пры маскоўскім двары на яе глядзелі скоса — магчыма, з-за яе паходжання. У Цвярскім летапісным зборніку пра яе сказана: «Нораў мае бацькаў, нясытая на распусту».

Нараджэнне Васіля ІІ. Мініяцюра з «Ліцавога зводу». Летапіс сведчыць, што роды былі цяжкія. Wikimedia Commons.

Успомнім, што нават польскі гісторык Ян Длугаш, які высока цаніў Вітаўта, крытыкаваў яго за тое, што мог кінуць войска ў паходзе ды памчацца да каханкі. А паводле блытанага аповеду Герберштэйна, Васіль I падазраваў Соф’ю ў здрадзе. Падобныя падазрэнні і абвінавачванні не былі чымсьці вынятковым: у шлюбнай нявернасці вінавацілі апошнюю Ягайлаву жонку Соф’ю Гальшанскую, якая для Польшчы была яшчэ больш чужой, чым Соф’я Вітаўтаўна для Масквы. Зрэшты, няма звестак, што Васіль I давяраў чуткам: ва ўсіх трох сваіх запаветах ён надзяляў Соф’ю багатымі ўладаннямі.

Завяшчанне Васіля І, якое Вітаўт зацвердзіў у Смаленску ў 1423 годзе, але не зацвердзіў сам Васіль (пакінута месца для яго пячаткі, прывешаная толькі пячатка Вітаўта). Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў.

Сваяцкія сувязі Соф’і заставаліся важным фактарам міжнароднай палітыкі і ў другім дзесяцігоддзі XV стагоддзя, а кантакты з Літвой не перарываліся, нават калі адносіны Вітаўта з Васілём I аказваліся напружанымі. Так, у 1413 годзе падчас чарговага працэсу Польшчы і Літвы з Тэўтонскім ордэнам з-за Жамойці Соф’я заявіла аб сваіх спадчынных правах на Вялікае Княства Літоўскае. А ў канцы таго ж года яна разам з дачкой гасцявала ў бацькі ў Троках, дзе яе заспеў бургундскі рыцар Гільбер дэ Лануа.

Падарожнік не называе імя дачкі; верагодна, гэта была Ганна, заручаная са спадкаемцам візантыйскага пасаду Іаанам Палеалогам, будучым імператарам Іаанам VIII. Яна прыбыла ў Канстанцінопаль толькі ў 1414 годзе, калі імператар Мануіл II адправіўся аб’язджаць рэшткі сваёй імперыі і пакінуў Іаана на імператарскім троне. Дзякуючы гэтаму некаторыя грэчаскія крыніцы называюць яе «імператрыцай». Аднак у 1417- м Ганна памерла ад чумы, так і не дажыўшы да ўзыходу Іаана на пасад. Але і пасля гэтага сувязі Візантыі і з Масквой, і з Літвой захоўваліся: так, праз некалькі гадоў пасля смерці Ганны італьянскі навуковец, падарожнік Крыстафара Буандэльмонці падарыў Вітаўту вялікую пергаментную карту Канстанцінопаля. Іншая дачка Васіля і Соф’і, Анастасія, у 1417 годзе выйшла замуж за слуцкага князя Алельку Уладзіміравіча — і гэтае вяселле зноў-такі было справай рук Вітаўта. Хоць ён прыходзіўся Анастасіі дзедам, у Вялікім Княстве Літоўскім яна заслужыла мянушку «маскоўка».

Але з усіх дынастычных спраў нашчадкаў Івана Каліты больш за ўсё Вітаўта цікавіла, хто атрымае ў спадчыну маскоўскі сталец: сын Васіля I (і ўнук самога Вітаўта) ці звянігарадскі князь Юрый, брат Васіля І. Іх бацька Дзмітрый Данскі, паміраючы ў 1389-м, завяшчаў Юрыю вялікае княжанне ў выпадку смерці Васіля.

Якраз у канцы другога дзесяцігоддзя XV стагоддзя, неўзабаве пасля нараджэння Васіля Васілевіча, пачалося чарговае збліжэнне Літвы з Масквой. Вітаўта не на жарт устрывожылі ўцёкі яго даўняга саперніка Свідрыгайлы (гл. пра гэтага князя артыкул у № 1/2018 «Нашай гісторыі») са зняволення, дзе той прасядзеў больш за восем гадоў. Надзеі Вітаўта на тое, што мітрапаліт Грыгорый Цамблак падпарадкуе сваёй царкоўнай уладзе ўсю Русь і даможацца уніі з Каталіцкай царквой, не спраўджваліся. У 1420 годзе рымскі кароль Жыгімонт Люксембургскі прысудзіў Жамойць Тэўтонскаму ордэну, і стала ясна, што чарговая вайна з крыжакамі — пытанне часу.

У сваю чаргу, браты Васіля I не гатовыя былі прызнаць сваім уладаром яго малога сына, а здароўе маскоўскага кіраўніка ўсё горшала. Калі ў 1422 годзе яшчэ абмяркоўваліся перспектывы яго з’езду з Вітаўтам, то ў пачатку 1423- га ён ужо не паехаў да цесця ў Смаленск, а адправіў туды Соф’ю з васьмігадовым сынам Васілём. Тым самым паўтаралася сітуацыя 25-гадовай даўніны.

Услед за княгіняй і княжычам да Вітаўта прыбылі мітрапаліт Фоцій і дзяк Аляксей Страмілаў, якія прывезлі літоўскаму гаспадару завяшчанне яго зяця. І Вітаўт зацвердзіў яго, прывесіўшы пячатку. Справа была настолькі важнай для Вітаўта, што дзеля паездкі ў Смаленск ён ахвяраваў сустрэчай з рымскім каралём Жыгімонтам Люксембургскім, паслаўшы на яе сваіх дарадцаў.

Удава

Васіль I памёр 27 лютага 1425 года — у 53 гады, у разгар вялікай эпідэміі воспы.

Маскоўскі трон атрымаў у спадчыну яго з Соф’яй сын Васіль Васілевіч, але, як і можна было чакаць, аб сваіх прэтэнзіях паспрабаваў заявіць Юрый Дзмітрыевіч. На час прымірыць князёў дапамагло толькі пасярэдніцтва мітрапаліта Фоція і выступленне іншых сваякоў на баку Васіля. Удзел Вітаўта звёўся да кансультацый з ім: сам ён у гэты крытычны для свайго ўнука момант быў заняты зусім не маскоўскімі, а польска-ордэнскімі справамі і акругленнем сваіх уладанняў на Падляшшы. Але вядома, што ў далейшым Соф’я адыгрывала значную ролю ў захаванні маскоўскага пасаду за малым Васілём.

Вітаўт быў зацікаўлены ва ўкняжанні ўнука яшчэ і таму, што гэта дазваляла яму ажыццявіць свае планы на Русі, не асцерагаючыся процідзеяння Масквы (можна ўспомніць хоць бы даўно задуманы паход на Пскоў летам 1426 года). А ўдава-княгіня была своеасаблівай гарантыяй гэтага. Успомнім, што самастойны і энергічны Юрый быў «пабрацімам» Свідрыгайлы Альгердавіча — даўняга і часам небяспечнага суперніка Вітаўта (магчыма, Юрый і Свідрыгайла былі таксама шваграмі: ажаніліся з дочкамі смаленскага князя Юрыя Святаславіча). Невядома, як склаўся б лёс Соф’і ў выпадку прыходу Юрыя да ўлады. Той жа Свідрыгайла, стаўшы вялікім князем літоўскім пасля смерці Вітаўта, «замарыў у няцтве», гэта значыць у ганаровым палоне, яго ўдаву Улляну…

Улетку 1427 года Соф’я пабывала ў Вітаўта ў Менску, калі той выправіўся ў свае ўсходнія валоданні — «далёкія рускія землі», дзе яму прысягнулі разанскія і навасільска-адоеўскія князі. Як пісаў крыху пазней сам Вітаўт, Соф’я з сынамі, валоданнямі і падданымі перадалася «пад апеку, кіраванне і абарону» бацькі, а пасля запрашала яго ў Маскву, але ён не паехаў: трэба было спяшацца ў Кіеў, а затым на Валынь і на запланаваную сустрэчу з Ягайлам.

Становішча Соф’і і яе сына ўмацавалася ў наступным годзе, калі памёр яшчэ адзін брат яе мужа, дзмітраўскі князь Пётр. Яго 54-гадоваму брату Юрыю не засталося нічога іншага, як прызнаць сябе «малодшым братам» свайго 13-гадовага пляменніка.

Пасля смерці Вітаўта ў 1430 годзе канфлікт унутры Маскоўскага княства разгарэўся з новай сілай. У 1431 годзе Васіль II і Юрый Дзмітрыевіч адправіліся ў Арду да хана Улуг-Мухамеда. Той выдаў ярлык на вялікае княжанне Васілю, і ў кастрычніку 1432 года ва Уладзіміры ханскі пасол правёў яго інтранізацыю.

Скандал на вяселлі як нагода для грамадзянскай вайны

Прыкладна тады ж Соф’я абрала свайму сыну нявесту — Марыю, дачку бароўскага князя Яраслава Уладзіміравіча, які некалі жыў у Літве. Вяселле, якое адбылося 8 лютага 1433 года, адзначылася скандалам: на князю Васілю Касым, сыне Юрыя Дзмітрыевіча, адзін з баяраў пазнаў каштоўную рэліквію — залаты пояс, што некалі належаў Дзмітрыю Данскому, а затым дастаўся дачцэ магутнага баярына Івана Дзмітрыевіча Усеваложа, жонцы Васіля Касога. Соф’я загадала зняць пояс з Васіля. Абураны Васіль Касы са сваім братам Дзмітрыем Шамякам пакінулі вяселле і з’ехалі да свайго бацькі ў Галіч. Гэтая абраза паклала пачатак 20-гадовай грамадзянскай вайне ў Маскоўскім княстве.

Соф'я зрывае пояс з Васіля Касога на вяселлі свайго сына. Карл Гун, 1861 год. Wikimedia Commons.

Юрый двойчы браў Маскву пасля бітваў, прайграных Васілём. У першы раз, вясной 1433 года, пераможаны князь разам з маці быў адпраўлены ў Каломну. У другі, у сакавіку 1434 года, сам Васіль збег у Ноўгарад, а жонка і маці апынуліся ў палоне ў Юрыя. 

Неўзабаве, аднак, Юрый памёр, і маскоўскі пасад вярнуўся да Васіля ІІ. Толькі ў 1445 годзе, калі той трапіў у палон да татараў, Маскву заняў Дзмітрый Шамяка. Ён прадухіліў уцёкі Соф’і ў Цвер і трымаў яе ў сваіх уладаннях, пакуль Васіль не стаў атрымліваць верх у 1447 годзе.

Запавет Соф’і

Незадоўга да смерці, перажыўшы аблогу Масквы татарскім «царэвічам» Мазоўшай (Азоў-Шахам) летам 1451 года, Соф’я склала запавет. Да канца жыцця яна рознымі шляхамі назапасіла вялікія валоданні — аж 52 сялы, і большая частка яе маёмасці дасталася любімаму ўнуку Юрыю, які кіраваў абаронай Масквы ад Мазоўшы, а пасля стаў дзмітраўскім князем.

Цікава, што ў тэксце запавету няма даты. Дакладная дата — 2 лістапада 1451 года — змяшчаецца ў прыпісцы пісца, мітрапалічага дзяка Андрэя Ярлыка, напісанай на уйгурскай мове. У сярэдзіне XV стагоддзя маскоўскія дзякі нярэдка пакідалі уйгурскія манаграмы ці нават невялікія прыпіскі на граматах, якія яны рыхтавалі. Літоўскія канцылярыі не ведалі нічога падобнага.

Княгіня зацвердзіла завяшчанне, прывесіўшы да яго сваю пячатку. У Вялікім Княстве Маскоўскім у XV стагоддзі часта выкарыстоўваліся пячаткі з антычных гемаў з міфалагічнымі сюжэтамі.

Соф’я памерла ці то 15 чэрвеня, ці то 5 ліпеня 1453 года, прыняўшы пострыг пад імем Сінкліцікія. Яна была пахавана ў саборы Вазнясенскага манастыра ў Маскоўскім крамлі, побач са свякрухай Еўдакіяй Дзмітрыеўнай. Пасля побач з Соф’яй легла яе нявестка Марыя Яраслаўна. Прыкладна праз паўстагоддзя хтосьці «інвентарызаваў» пахаванні вялікіх княгінь і надрапаў на саркафагу: «Соф’я інака». Гэты надпіс — тое нямногае, што дайшло да нашых дзён ад пахавання дачкі Вітаўта.

У 1929 годзе, напярэдадні разбурэння Вазнясенскага манастыра, навукоўцам удалося абследаваць яго і на сваіх плячах перацягнуць саркафагі маскоўскіх княгінь у Архангельскі сабор. Косткі, скураныя туфлі нябожчыцы ды гліняны рытуальны сасуд — вось што пабачылі навукоўцы ў мармуровым саркафагу Соф’і. Аднак яна пакінула па сабе значна больш — не будзе перабольшаннем сказаць, што без яе ўвесь лёс Усходняй Еўропы склаўся б інакш.

Артыкул напісаны пры падтрымцы Расійскага навуковага фонду (РНФ), праект № 19-18-00247 «Двор рускіх княгінь у сістэме ўладных структур Старажытнай Русі і Заходняй Еўропы ў перыяд Сярэднявечча і ранняга Новага часу (XI—XVI ст.)».

Сяргей Палехаў