Проект портала
биографии Начало и конец счастья. Катерина Кобра: любовь и ненависть с Владиславом Стржеминским
02.06.2021 / 23:23

В 20 вышла замуж за калеку — такого же гения, как и сама. С того времени каждую секунду была у мужа на подхвате: готовила ему еду, мыла кисти, точила карандаши, а зимой возила на санках на работу в гимназию… Между делом создавала свое собственное новаторское искусство, которое при ее жизни не ценили. И тут рождается недоношенная дочь… Пишет кандидат исторических наук Павлина Скурко.

Апошняе шчаслівае лета сям'і на Балтыцы. Niezła sztuka.

Авангардны мастак Уладзіслаў Стшэмінскі стаў вядомы ў нашых шыротах пару гадоў таму пасля фільма «Паслявобразы» («Powidoki»), апошняга ў фільмаграфіі Анджэя Вайды. Лёс аднаногага, аднарукага, напаўсляпога мастака, што ствараў уласную тэорыю жывапісу, зачапіў многіх. Адыграла ролю і тое, што Стшэмінскі — наш зямляк: этнічны паляк, ён нарадзіўся ў Мінску (дом стаяў у раёне цяперашняга Ліцэя БДУ), а ў пачатку Другой сусветнай нядоўга жыў у Вілейцы.

Між тым пра жонку Стшэмінскага, скульптарку Кацярыну Кобру, фільм выйшаў бы не менш цікавы. У нас яна амаль невядомая, хоць для скульптараў па ўсім свеце яе імя — пуцяводная зорка.

Ужо пасля фільма Вайды ў Польшчы пачуліся галасы супраць гларыфікацыі Стшэмінскага: з мемуараў дачкі вядома, што ў 1940-я, на апошняй стадыі шлюбу, ён здзекаваўся з жонкі, абражаў і не раз збіваў яе мыліцамі. Але цэтлік ахвяры хатняга гвалту — яўна не тое, што можна прычапіць да такой жанчыны.

Шпітальнае каханне

А пачыналася ўсё з кахання, якое жывілася сумеснай творчасцю. У сямейным шчасці Стшэмінскія здолелі пражыць амаль два дзесяцігоддзі.

Далікатнае дзяўчо — празрыстая скура, вялізныя вочы — закахалася настолькі, што ўзваліла на сябе цяжар даглядаць чалавека без рукі, нагі, яшчэ і сляпога на адно вока. Такім Стшэмінскі стаў у акопах Першай сусветнай. Ён не памятаў, што здарылася. Усеагульна прынятая версія, што саслужывец па неасцярожнасці ўзарваў снарад у акопе. Апошнім часам біёграфы схіляюцца да версіі, што канечнасці мастака былі пашкоджаныя ў выніку газавай атакі і потым ампутаваныя.

Каця Кобра — вучаніца Рыжскай гімназіі. 1910—1912 гады. Фота Niezła sztuka.

Сустрэліся Каця і Уладак у шпіталі ў Маскве, дзе дзяўчына валанцёрыла — даглядала параненых. Стшэмінскі быў старэйшы на 5 гадоў. Вайна папсавала яго цела, але не зачапіла прыгожы, высакародны твар. Яны абмяркоўвалі мастацтва, Каця паказвала свае работы, і пазней Стшэмінскі прызнаваўся, што гэта Кобра прывяла яго ў жывапіс, адкрыла ў ім, дарослым чалавеку, талент мастака.

Кацярына нарадзілася ў Маскве 26 студзеня 1898 года, вырасла ў Рызе, куды пераехалі бацькі, а гімназію заканчвала, вярнуўшыся з бацькамі ў Маскву ў сувязі з пачаткам вайны. Яе мама была рускай, тата меў нямецкія, дацкія і нарвежскія карані. Паводле сямейнай легенды, род фон Кобраў прыехаў у Расію пры Пятру І.

Пасля гімназіі Кацярына вучылася ў вядучых расійскіх творцаў — спярша ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, а пасля ў Дзяржаўных свабодных мастацкіх майстэрнях. Была адной з найлепшых вучаніц Уладзіміра Татліна — заснавальніка стылю канструктывізм.

Бацькі былі шакаваныя выбарам дачкі. Яны самі планавалі для яе кар’еру дантыста.

Кобра са Стшэмінскім зноў сустрэліся ў Смаленску, дзе разам выкладалі ў філіяле студыі УНОВІС («Утвердители нового искусства») легендарнага Казіміра Малевіча. Тут яны ажаніліся. Тут Кобра стварыла і свае першыя абстрактныя скульптуры.

А ў такую дзяўчыну закахаўся Стшэмінскі. Muzeum sztuki w Łodzi.

«Кацапка» ў Вільні

Калі над авангардыстамі навіс цень — Ленін абвясціў, што пралетарскае мастацтва мае быць прадметным і зразумелым, — Стшэмінскія эмігравалі. Кобра марыла пра Парыж. Але далей за родную мужу Польшчу не паехала.

Падчас нелегальнага пераходу савецка-польскай мяжы Каця несла ўвесь багаж на сабе. Расплаціцца з праваднікамі прыйшлося фамільнай біжутэрыяй. А найдраматычнейшае — скульптуры засталіся ў Смаленску, з сабой дзяўчына змагла ўзяць толькі іх фота.

«Падвесная канструкцыя №1» — адна з першых скульптур Кобры, створаная яшчэ ў Смаленску. Pinterest.com/marzenamirewicz.

Спярша пара жыла ў Вільні, на вуліцы Бернардзінскай (каля касцёла Святой Ганны), у бацькоў маладога. Свякроў прыняла Кобру прахалодна. «Нават не думай пра дзіця, мусіш усё жыццё даглядаць Уладака». Родныя мужа гаварылі толькі па-польску, не зважаючы, што Каця нічога не разумее.

За сваю мову на віленскіх вулках нярэдка чула абразы: «кацапка», «бальшавічка»… Польская давалася Каці цяжка, яна так ніколі і не вывучыла яе на належным узроўні. Яе філасофскія тэксты па тэорыі скульптуры рэдагаваў і часткова перакладаў муж.

Суровая свякруха, чужая краіна, адсутнасць мужавай падтрымкі — у выніку маладыя на два гады раз’ехаліся, але захавалі адносіны па перапісцы. Каця жыла з сям’ёй у Рызе. Але пачуццё ўрэшце перамагло. Каб дзяўчына магла атрымаць польскае грамадзянства, пара мусіла павянчацца. Кацярына стала Катажынай.

Патуляўшыся па невялікіх гарадках, Стшэмінскія ўрэшце аселі ў Лодзі. Кобра ўладкавалася выкладчыцай эстэтыкі інтэр’еру ў эканамічным ліцэі.

Дзяўчынка з касічкамі супраць усяго

Кацярына любіла эпатаж — і ў адзежы, і ў паводзінах. Была халерыкам, мела выбуховы характар. Але ў той жа час была досыць наіўная і даверлівая. Праз гэта не раз цярпела, але і здабывала адданых сяброў.

Кацярына любіла мехаватыя сукенкі, аздобленыя ў стылі супрэматызму, і цудоўна шыла. На фота яна ў сукенцы і шапачцы, якія змадэляваў муж, а Уладак у кашулі, што пашыла жонка.

Цудоўна гатавала: «умела начараваць штосьці з нічога». Многа чытала. Найбольш любіла скандынаўскую літаратуру і Дастаеўскага. Цаніла Някрасава, вельмі добра ведала Пушкіна, цытавала на памяць вялікія фрагменты.

«Мама не мела голасу, але любіла спяваць рамансы Вярцінскага. Бацьку гэта страшэнна нервавала, у яго быў музычны слых, ён не мог слухаць матчынага спеву. А я любіла, калі яна спявае», — успамінала дачка Стшэмінскіх. Любоў да музыкі Каця вынесла з сям’і. Яе мама была страшна таленавітай піяністкай, якой прарочылі вялікую будучыню. Але наяўнасць пяцярых дзяцей вымусіла засяродзіцца на сям’і.

З аднаго боку рамантык, з другога — Кобра была мастачкай-даследчыцай, эксперыментатаркай, аналітыкам.

Спачатку яе скульптурныя кампазіцыі не лічылі вартаснымі, а саму яе называлі «дзяўчынкай з касічкамі, якая ў мастацтве адрынае ўсё, нават беспрадметнасць». «Фіглі жалезныя», — пачула яна ад крытыка на першай выставе ў Варшаве, у аўтасалоне на Мазавецкай. Іншы мастацтвазнаўца палічыў, што яе кампазіцыі — гэта прадметы мэблі, «прычым даволі нязручныя». «Паглядзіце каталог, у ім выразна напісана, што гэта не мэбля, а прасторавыя скульптуры», — адбрыў яго Стшэмінскі.

Прасторавая кампазіцыя №4 (1929 год). Muzeum sztuki w Łodzi.

Сітуацыю змянілі дзве тэарэтычна-філасофскія кнігі па мастацтве, напісаныя ў пары з мужам, і выставы ў Еўропе, дзе ідэі Кобры зрабілі фурор. У 1930- я ні пра мэблю, ні пра фіглі ніхто не заікаўся.

У 1931 годзе ў Лодзі Кобра са Стшэмінскім адкрылі першую ў Еўропе галерэю сучаснага мастацтва, аснову склалі іх работы. Найлепшыя творцы-авангардысты з усяго свету дасылалі туды свае творы. У той час на нашым кантыненце такога яшчэ не было, падобная галерэя існавала толькі ў ЗША.

Прасторавыя кампазіцыі

Кобра здзейсніла капернікаўскі пераварот у мастацтве ХХ стагоддзя. Яна была першай, хто зразумеў: скульптура — гэта не маналіт. Гэта не толькі матэрыяльнае цела, але і прасветы ў ім, і нават цені, якія яно адкідае. Сёння такі падыход ужо можа і не здзіўляць, але да Кобры ніхто такога не фармуляваў.

Скульптура — гэта не прадмет, не сюжэт, не эмоцыя, сцвярджала Кобра, гэта частка прасторы. У гэтым скульптура збліжаецца з архітэктурай. Сучасная скульптура — не замкнёная ў сабе статуя, не фігурка. Гэта чыстая форма, праз якую цякуць прастора і час.

Самым плённым перыядам Кацярыны Кобры былі 1925—1935 гады. У гэты час яна стварыла 9 незвычайных абстрактных скульптур, што лічацца вяршыняй яе творчасці. Мастачка назвала іх прасторавымі кампазіцыямі.

Прасторавая кампазіцыя №6 (1931 год). awarewomenartists.com.

Скульптуры Кобры — простыя і гэтым прыгожыя. Прасторавыя кампазіцыі складаліся з металічных, драўляных, шкляных частак рознай формы і аб’ёму. Асноўныя элементы — квадраты, прамавугольнікі і дугі. Частку элементаў скульптарка падвешвала, гэта стварала дадатковую дынаміку.

Першыя скульптуры творца фарбавала ў белы, колер святла. Гэта можна патлумачыць уплывам Казіміра Малевіча («прарок абстрактнага мастацтва», пісала пра яго Кобра). Ён лічыў, што белы — колер бясконцасці, уплывае на думкі і ўяўленне, ачышчае свядомасць.

З часам Кобра адкрыла сабе магчымасці, якія надаюць іншыя колеры. У работах з’явіліся чырвоны, жоўты, сіні, чорны.

Яна стала ўжываць і такі прыём: фарбавала элементы скульптуры з розных бакоў рознымі колерамі, напрыклад, з аднаго боку прамавугольнік жоўты, з другога — чырвоны. Дзякуючы гэтаму, абышоўшы вакол скульптуры, можна пабачыць не адну, а некалькі кампазіцый. З кожным крокам глядач адчувае змену рытму ў структуры твора.

Рытм — важная знаходка Кобры. У яе скульптурах рытм ствараецца не за кошт паўтарэння аднолькавых фрагментаў, а за кошт паўтарэння прапорцый, устойлівага суаднясення памераў розных фрагментаў. Гэта дазваляе гледачу гуляць у цікавую гульню: прагназаваць і вылічваць памеры кожнага наступнага фрагмента.

«Яна імкнулася распрацоўваць сістэму, у якой спалучаюцца ўсе формы, у якой размяшчэнне самых дробных элементаў старанна разлічана», — пісаў гісторык мастацтва Януш Загродскі, які ў 1960—1970-я гады рэканструяваў страчаныя творы Кобры.

Першая сярод авангардыстаў, яна ўзняла пытанне пра сувязь матэматыкі і мастацтва. Усе складнікі яе скульптур вылічаныя па прапорцыях залатога сячэння 8:5. Разлічваючы памеры элементаў, яна таксама абапіралася на лікі Фібаначы.

Канец шчасцю

У 1936-м у Стшэмінскіх нарадзілася дачка. Кацярына закінула ўсё і займалася толькі ёю. За 1936—1948 гады Кобра не стварыла ніводнай скульптуры.

Дачку назвалі Якубінай-Інгеборгай (святы Якуб быў патронам роду Стшэмінскіх). Дзяўчынка нарадзілася раней за тэрмін і была хваравітай. Першы год жыцця пастаянна плакала. На думку педыятраў, на здароўе немаўляці паўплывала тое, што і мама, і тата ў перыяд цяжарнасці курылі.

Хваравітасць дачкі Стшэмінскі тлумачыў па-свойму. Ён лічыў, што дзіця атруцілі дактары-немцы лютэранскага шпіталя.

Ягоная германафобія, набытая, відаць, яшчэ ў акопах Першай сусветнай, у канцы 1930-х абвастрылася. Ён стаў злавацца на жонку за яе нямецкія карані. Злаваўся і на тое, што тая размаўляе з дачкой па- руску. А яшчэ больш — што падчас нацысцкай акупацыі яна прыняла рашэнне ўпісацца ў «рускі спіс» і ўгаварыла мужа далучыцца (потым ён сцвярджаў, што жонка ўпісала яго без згоды). Гэты спіс — пералік рускіх эмігрантаў, якія пацярпелі ад савецкага рэжыму. Асобы са спісу мелі права на большы паёк.

Ад часу нараджэння дачкі Кобра прымала ўсе рашэнні выключна праз прызму інтарэсаў дзіцяці. Стшэмінскі ж адчуваў, што пацярпела ягоная польская годнасць, што ён здрадзіў айчыне (да таго ж мучыўся, што жыве лепш, чым яго сваякі).

Што адбылося за гэтыя гады? Калі і чаму ў шчаслівым шлюбе з’явілася расколіна? Ніякіх дзённікаў, лістоў, што маглі б праясніць сітуацыю, няма. Дзеля выжывання Стшэмінскія шылі торбы, Кацярына рабіла анучных лялек, Уладзіслаў маляваў паштоўкі. І ні дня не абыходзілася без сваркі.

У канцы вайны на злосць мужу Кацярына таемна пахрысціла дачку ў праваслаўнай царкве. Падчас хросту Якубіна-Інгеборга стала проста Нікай і пад гэтым іменем пражыла ўсё жыццё. Калі дзяўчынка вечарам стала хваліцца тату, як яе мазалі алейкамі і здзяйснялі розныя праваслаўныя рытуалы, Стшэмінскі ашалеў. Гумовым наканечнікам мыліцы прыцэльнымі ўдарамі ён біў жонку, і біў, і біў… Па ўспамінах дачкі, Кацярына не адбівалася, толькі закрывала галаву.

Апошняе шчаслівае лета сям'і на Балтыцы. Niezła sztuka.

Неўзабаве Стшэмінскія разышліся. Уладзіслаў узяўся быў судзіцца за апеку, але суседзі ў адзін голас сталі сведчыць супраць яго. Жанчына не паспела выдыхнуць, як пачаўся новы суд: скульптарку абвінавацілі ў «адмове ад польскай нацыянальнасці» — успомнілі ёй «рускі спіс». Кобры прысудзілі 6 гадоў турмы, але пасля апеляцыі апраўдалі.

Псаваў жыццё і былы муж. Чытаць пра подласці, якія чыніў пакрыўджаны Стшэмінскі, проста няёмка.

Напрыклад, сам будучы вядучым выкладчыкам Акадэміі мастацтваў, ён забараніў прымаць туды былую жонку. У выніку жанчына, якая 10 гадоў таму рабіла фурор у свеце еўрапейскага мастацтва, выжывала тым, што шыла лялькі на продаж. І тут муж напаскудзіў: дамогся, каб крама Саюза мастакоў не брала яе цацкі для продажу.

У 1948 годзе талент Кобры заззяў апошні раз. Яна стварыла чатыры скульптуры — жаночыя фігуры з гіпсу і металу. А неўзабаве ў Кацярыны знайшлі неаперабельную пухліну маткі. Яна прамучылася год. Дачка-падлетак сама мусіла рабіць ёй уколы морфію. 21 лютага 1951 года скульптарка памерла, ёй было 53. Яна забараніла паведамляць былому мужу пра сваю смерць, Уладзіслаў даведаўся толькі праз некалькі дзён. Яе пахавалі на праваслаўных могілках Лодзі.

Як відаць па фота, Кацярына Кобра курыла не толькі ў час цяжарнасці, але і потым. На здымку яна з маленькай дачкой.

А ўчынак Стшэмінскага вярнуўся да яго бумерангам. У 1950 годзе творцу звольнілі з акадэміі за неадпаведнасць догмам сацрэалізму. Цяпер мастак, чыё імя гучала па ўсім свеце, мусіў маляваць шыльды, афармляць вітрыны, скачучы туды-сюды на адной назе на пацеху вулічным падшыванцам.

Ніка Стшэмінская стала псіхіятрам. Ва ўспамінах яна прызнаецца, што адносіны бацькоў паўплывалі на ўсё яе дарослае жыццё, на адносіны з мужчынамі. У сваёй сям’і яна не бачыла кахання і спачування. Хоць бацька ніколі яе не біў, крыўда за маці была настолькі моцнай, што пасля яе смерці 15-гадовае дзяўчо захацела, каб яе забралі ў дзіцячы дом. Праўда, там аказалася настолькі кепска, што неўзабаве яна ўцякла да таты. Ці ўдалося ім паразумецца — невядома. У наступным годзе Стшэмінскага не стала.

Сімвалічнае прымірэнне пары адбылося ў 1956-м, калі ў час палітычнай адлігі ў Лодзі была арганізавана гучная выстава польскіх авангардыстаў. Кобру і Стшэмінскага выставілі побач, у адной зале. І ўсім было бачна, наколькі гэтыя людзі глядзелі і шукалі ў адным кірунку.

Паўліна Скурко