Проект портала
Национальная география Тут обращались друг к другу на «вы», а женщинам целовали руку. Национальная география: надберезинская шляхта
05.06.2021 / 11:45

О доле восточнобеларусской застенковой щляхты на примере своей семьи рассказывает Юрий Тамкович.

Храм ў Багушэвічах, Бярэзінскі раён, на высокім беразе Усы. Wikimedia commons.

У ліпені мы з бацькам стаялі на замчышчы Свіслачы. Адтуль адкрываецца такі краявід на сутокі Свіслачы і Бярэзіны — аж дух займае. 

Над Бярэзінай — малая радзіма майго бацькі.

Казімірова, Асіповіцкі раён — тут ён бавіў канікулы. Цяпер няма ні бабулі з дзядулем, ні родных — вёска амаль вымерла. Засталося некалькі пенсіянераў ды былыя шляхецкія могілкі. 

Цалавалі руку

Мой прадзед Антось Віткоўскі пераехаў у Казімірова, калі яму было больш за 30 гадоў. А нарадзіўся ён на хутары Парня Ігуменскага павета, цяпер таго хутара ўжо і няма (у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці).

Антон Казіміравіч Віткоўскі, прадзед аўтара. З сямейнага архіва аўтара

Колішні Ігуменскі павет, гістарычная Ігуменшчына, шырокай паласой ахопліваў землі цяперашніх Асіповіцкага, Бярэзінскага, Чэрвеньскага, Пухавіцкага і нават Уздзенскага раёнаў. Ігумен — гэта старая назва цяперашняга горада Чэрвень, яго перайменавалі пасля рэвалюцыі ў рамках антырэлігійнай кампаніі, бо назва «Ігумен» супадала са словам «ігумен», настаяцелем манастыра.

Мой прадзед паводле сацыяльнага паходжання належаў да засцянковай дробнай шляхты, рассыпанай па тэрыторыі ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Ягоны радавод сягаў далёка: я раскапаў па лініі бацькі Казіміра да XVII стагоддзя, а па лініі маці Францішкі Міткевіч-Жоўтак, магчыма, наогул да XVI стагоддзя, калі, як сведчаць некаторыя дакументы, яе продкам каралём Жыгімонтам Аўгустам былі нададзены землі ў Рэчыцкім павеце. 

На працягу XVIII—XIX стагоддзяў Віткоўскія пераязджалі з месца на месца, арандавалі зямлю ў багатых паноў. 

Што ўяўляла з сябе засцянковая шляхта? Яна складала большасць ад усёй шляхты на тэрыторыі былога ВКЛ і мела ўсе правы ды абавязкі паноўнага стану: удзельнічала ў кіраванні дзяржавай і абараняла радзіму ад ворагаў. Але гэты пласт быў не вельмі заможным. Засцянкоўцы ў часы прыгону не мелі сваіх сялян, жылі па вёсках ці хутарах і часцяком самастойна апрацоўвалі свой зямельны надзел. А калі свайго надзелу не было, то бралі яго ў арэнду. Да такіх дробных шляхцічаў-арандатараў належалі, дарэчы, і бацькі нашага класіка Янкі Купалы. Радавое гняздо паэта знаходзілася ў тым жа Ігуменскім павеце, толькі ў іншай, заходняй, яго частцы (цяперашні Уздзенскі раён). 

Дробныя шляхцічы ладам свайго жыцця не надта моцна адрозніваліся ад навакольных сялян, гэтак жа сама працавалі на зямлі. 

Але абазнанае вока магло адрозніць беднага шляхціча ад селяніна і па вопратцы, і па манерах. Нават мой бацька ўзгадваў, што ў Казімірове дарослыя між сабой звярталіся на «вы», у гаворцы — увогуле, на Ігуменшчыне была выключна блізкая да літаратурнай мовы беларуская гаворка — сустракаліся паланізмы, а жанчынам цалавалі руку.

Да таго ж шляхта, нават дробная, цаніла адукацыю. Перапіс сялянскіх гаспадарак 1925 года, напрыклад, сведчыць, што ўсе 10 чалавек з сям’і Віткоўскіх былі пісьменнымі. 

З невялікіх, але прынцыповых адрозненняў вынікала некаторая напружанасць адносін паміж засцянковай шляхтай і сялянствам. Шляхта адмяжоўвалася ад «некультурных» сялян сваім вышэйшым станавым статусам, а сяляне глядзелі на шляхту як на ганарлівых выскачак. 

У баях з бальшавікамі

У часы Расійскай імперыі становішча засцянковай шляхты моцна пагоршала. Яе пачалі масава пераводзіць у больш нізкія станы. Тых, хто ўдзельнічаў у паўстаннях, чакалі рэпрэсіі. Не найлепшыя часы прыйшлі і для Касцёла. Па сутнасці, дробная шляхта стала адной з найбольш дыскрымінаваных груп насельніцтва.

У 1914 годзе пачалася сусветная вайна, і многіх прадстаўнікоў шляхты забралі ў войска, у тым ліку і майго прадзеда. З пачаткам рэвалюцыі шмат якія шляхецкія засценкі былі разрабаваныя сялянамі, а іх гаспадары забітыя. Шляхта не магла даць моцны адпор, бо хутары былі раскіданыя, а самі шляхцічы-каталікі складалі ў павеце меншасць. 

Касцёл Унебаўзяцця Святой Марыі Панны ў Бярэзані (Беразіно). У гэтым касцёле, заснаваным адным з Сапегаў у 1641 годзе, у ХІХ стагоддзі хрысціліся Віткоўскія. wikimedia commons

У 1918—1920 гадах да Ігуменшчыны дабраліся немцы, а пасля — палякі. Многія каталікі з надбярэзінскіх земляў уступілі ў польскія вайсковыя фармаванні, якія ўдзельнічалі ў баях з бальшавікамі. 

Арышты пачаліся ў 1930-м

У раннім БССР да палякаў (былая каталіцкая шляхта працягвала сама сябе лічыць палякамі, гэтак жа да іх ставіліся і іншыя) стаўленне было дваістае: з аднаго боку, многія ўспрымалі іх як акупантаў і прыгнятальнікаў, але з іншага — кожнай нацыі давалася права на культурнае развіццё. Таму палякі, як і іншыя нацыянальнасці, стваралі свае сельсаветы, друкарні і школы. Польская мова пэўны час была адной з дзяржаўных моў у краіне. Праўда, падчас складання спісу сялянскіх гаспадарак у 1925 годзе ў вёсцы Новае Курганне, дзе жылі на той час Віткоўскія, палякамі запісаліся толькі яны, а праз год, падчас усеагульнага перапісу, і яны ўжо значыліся беларусамі. 

Прадзедаў брат Юзаф Віткоўскі з сям’ёй. З сямейнага архіва аўтара

У 1930—1931 гадах прадзед і ягоныя тры браты былі арыштаваныя. Як узгадваюць, браты падпрацоўвалі музыкамі на розных святах і нехта напісаў на іх данос. У выніку іх абвінавацілі ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай кулацкай арганізацыі і антысавецкай агітацыі. Прадзед адсядзеў тры месяцы ў магілёўскай турме, а ягоным братам пашанцавала менш: двух выслалі ў Сібір, а трэцяга пасадзілі на 10 год.

Старая хаціна ў Ядліне (Бярэзінскі раён) сінім зімовым вечарам. Раней не ставілі агароджаў, гэта стварала зусім іншае адчуванне прасторы. У гэтай маляўнічай вёсцы, што стаіць на заходнім схіле даліны Бярэзіны, між рэчкай і борам на правай броўцы, амаль усе сядзібы цяпер перабудоўваюцца. Нерухомасць тут яўна карыстаецца попытам. Новы падмурак заліты і каля гэтай хацінкі. Фота Андрэя Дынько

Акрамя маіх родзічаў, як сведчаць дакументы, пад каток рэпрэсій трапілі дзясяткі людзей з прозвішчам Віткоўскі, якія пражывалі на тэрыторыі былога Ігуменскага павета. А калі казаць менавіта пра засценак Казімірова, то вядома пра арышт трох братоў Шпілеўскіх, адзін з якіх быў калгаснікам, другі служыў кавалерыстам ва ўкраінскім Бярдзічаве, а трэці працаваў на мінскім заводзе. Акрамя іх, арыштавалі чатырох Сухоцкіх: трое з іх працавалі на зямлі, а чацверты быў электракранаўшчыком на Уралвагонзаводзе. Сістэма працавала добра — родзічы былі раскіданыя па ўсёй краіне, але тым не менш іх знаходзілі і рэпрэсавалі.

Калі прадзед вызваліўся, ён пераехаў з Новага Кургання Клічаўскага раёна ў Казімірова, за Бярэзіну. Гэты населены пункт да рэвалюцыі быў засценкам з 62 жыхарамі. Чаму Антон Казіміравіч пераехаў менавіта сюды, дакладна не вядома, але вялікая частка мясцовых жыхароў была паводле паходжання таксама з дробнай каталіцкай шляхты. Цяпер у былым засценку амаль не засталося жыхароў, а пра былую «шляхецкую» гісторыю нагадваюць толькі стары касцёл і могілкі, дзе шмат надмагілляў з надпісамі на польскай мове.

Канапа, зробленая рукамі прадзеда. Фота Юрыя Тамковіча

Прывёз з фронту такарны станок

Падчас Другой сусветнай вайны вакол Бярэзіны дзейнічалі моцныя партызанскія атрады, а немцы праводзілі ў адказ карныя аперацыі. Падчас адной з іх яны спалілі прадзедаву хату, але нікога з сям’і не забілі. Калі ж прыйшла Чырвоная армія, прадзед пайшоў на фронт. Дайшоў да Эльбы і бачыў амерыканцаў.

З Нямеччыны ён прывёз такарны станок, з дапамогай якога забяспечваў вырабамі з дрэва ўсю ваколіцу. Дзед Антось меў залатыя рукі, да гэтага часу захавалася зробленая ім драўляная канапа. А вось працы ў калгасе ён не любіў, людзі там атрымлівалі капейкі. 

У пасляваенныя гады Антон Казіміравіч час ад часу ездзіў за Бярэзіну ў Новае Курганне да сваіх родзічаў, на розныя святы — «фэсты», як ён казаў. Аднак з 1980- х гадоў, калі ён памёр, ніхто з нашай сям’і тое паселішча не бачыў. І вось нядаўна мы вырашылі наведаць вёску, дзе калісьці было адно з нашых радавых гнёздаў.

Memento муры. Алея, якая вядзе ад цэнтральнай плошчы Смілавіч да палаца Манюшкаў. І агароджа, якая нічога ні ад чаго не аддзяляе, проста стаіць бетонным напамінам пра бар'еры. Фота Андрэя Дынько

Мясціны тут спусцелыя, людзей не бачна, і толькі трактары ў полі выдаюць, што нейкае жыццё ўсё ж існуе. Само Новае Курганне нагадала чарнобыльскую вёску — гаспадары ўсе памерлі ці выехалі. Затое на могілках мы знайшлі магілу невядомага нам раней прадзедавага брата, Юзафа. Тут жа ляжаў наш прапрадзед Казімір. Магілы іх дагледжаныя, а гэта значыць, што дзесьці жывуць нашыя родзічы, якіх мы пакуль не ведаем.

Засценак

Гэты тып вясковага паселішча з’явіўся ў Беларусі дзякуючы каралеве Боне і яе валочнай рэформе ў ХVI стагоддзі. Тады ўводзілася сістэма трохпольнага севазвароту і вялікія надзелы ворнай зямлі дзяліліся на тры часткі, абмежаваныя «сценкамі» (так называлі саму мяжу). Часта ад гэтых палёў заставаліся абрэзкі, і паколькі яны апыналіся за мяжой — за сценкай, — іх адпаведна і празвалі. Такія абрэзкі бралі ў арэнду небагатыя шляхцічы, што сяліліся тут жа. А іх гасподы (звычайна на адзін або некалькі дамоў) таксама пачалі называцца засценкамі. 

З часам гэтыя паселішчы крыху памянялі сваё аблічча. Некаторыя так і засталіся адасобленымі гаспадаркамі і знешне нагадвалі хутары, а іншыя разрасліся да памераў вёсак, з тым адрозненнем, што ў засценках жыла шляхта, а не сяляне. 

Засценкі праіснавалі да 1940-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ім або надалі статус вёсак, або прыядналі да такіх.

Вульнікі перад будынкам мастацкай школы Смілавіч прымушаюць усміхнуцца. На жаль, мясцовым уладам не хапіла розуму аддаць пад музей вялікіх ураджэнцаў мястэчка адну са старых камяніц. Раней у Смілавічах разам жылі яўрэі, татары і беларусы, стагоддзе нівеліравання яшчэ не сцерла ўвесь каларыт. Фота Андрэя Дынько

«Надбярэзінцы»

«…павітаўся, здымаючы шапку: «Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!» Ён схіліўся да рукі старога і гучна прыцмокнуў, цалуючы. «На вякі вякоў!» — азваўся стары і пацалаваў лесніка ў патыліцу.

Ляснік, у сваю чаргу, падаў руку для пацалунку хлопчыку. Развіталіся, як заўсёды: малодшыя пацалавалі рукі старэйшым і разышліся».

Звычкі і пакручастае жыццё надбярэзінскай шляхты, якая жыла на землях уздоўж ракі Бярэзіна, прыкладна ад Бабруйска да Бярэзані, у першай палове ХХ стагоддзя трапна апісаў польскамоўны пісьменнік Фларыян Чарнышэвіч (1900—1964) у рамане «Надбярэзінцы». 

Чарнышэвіч сам быў шляхцічам з-пад Бабруйска і пісаў пра тое, што бачыў на ўласныя вочы. У кнізе можна прачытаць пра барацьбу мясцовай шляхты за польскі касцёл і школу, пра падзеі Першай сусветнай вайны, рэвалюцыі і савецка-польскай вайны, пра адносіны паміж шляхтай і сялянамі, пра штодзённае жыццё надбярэзінцаў. Асноўныя падзеі кнігі адбываліся за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад тых мясцінаў, дзе жылі Віткоўскія. 

Фларыян Чарнышэвіч пасля ўдзелу ў савецка-польскай вайне працаваў у Польшчы паліцыянтам, а ў 1924 годзе пераехаў у Аргенціну, дзе фізічна працаваў на бойні і быў актыўным членам польскай дыяспары. Тут падчас Другой сусветнай вайны і была ім напісана кніга, якая атрымала захопленыя водгукі з боку некаторых вядомых польскіх інтэлектуалаў. Нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш ставіў «Надбярэзінцаў» у адзін шэраг з «Панам Тадэвушам» Адама Міцкевіча і «Патопам» Генрыка Сянкевіча, а літаратар родам з Мінска Міхал Крыспін Паўлікоўскі называў твор Чарнышэвіча «эпасам засцянковай шляхты», наўпрост параўноўваючы яго па сіле гучання з «Ціхім Донам» Міхаіла Шолахава.

Але, выдадзены ў далёкай Аргенціне і не перавыдадзены ў камуністычнай Польшчы, твор гэты на шырокую аўдыторыю так тады і не выйшаў. Масаваму польскаму чытачу раман стаў даступны толькі пасля падзення камунізму. А на беларускую мову ён увогуле быў перакладзены толькі тры гады таму, у 2017 годзе. 

Адной з асаблівасцяў творчасці Чарнышэвіча — а ў яго, акрамя «Надбярэзінцаў», ёсць яшчэ тры раманы — з’яўляецца ягоная спецыфічная мова. Пальшчызна гэтага аўтара вельмі насычаная беларусізмамі, а некаторыя рэплікі і нават цэлыя дыялогі ўвогуле прыводзяцца цалкам па-беларуску. Многія словы і выразы з чарнышэвіцкіх раманаў цяперашнія польскія выдаўцы і рэдактары мусяць адмыслова тлумачыць, бо сучаснаму польскаму чытачу, які не ведае ўсходнеславянскіх моў, яны проста незразумелыя. Затое без ніякага тлумачэння і перакладу яны зразумелыя беларусам. 

Таму тым, хто ведае польскую мову, гэтага аўтара найлепш чытаць у арыгінале. Тым больш што з чатырох раманаў перакладзеныя пакуль што толькі «Надбярэзінцы», а іншыя тры — «Віцік Жывіца», «Хлопцы з Навашышак» і «Лёсы пасынкаў» — пакуль даступныя толькі па-польску. Хоць усе яны так ці інакш заснаваныя на беларускім матэрыяле, а «Віцік Жывіца» — непасрэдны працяг «Надбярэзінцаў». У гэтым рамане працягваюць дзейнічаць некаторыя з ранейшых герояў, а падзеі адбываюцца на той жа надбярэзінскай зямлі.

Што наведаць на Ігуменшчыне? 

Найперш палац у Смілавічах, пабудаваны ў XVIII—XIX стагоддзях, які належаў прадстаўнікам вядомых шляхецкіх родаў — Агінскім і Манюшкам. Сюды неаднойчы прыязджаў да свайго дзеда знакаміты кампазітар Станіслаў Манюшка.

Апошнія фрагменты сцяны парку Манюшкаў у Смілавічах маглі б стаць месцам вясельных фотасесій. На жаль, на сёння турыстычны патэнцыял мястэчка Суціна і Царфіна не раскрыты і мясцовыя ўлады не разумеюць, якое багацце валяецца ў іх пад нагамі. Фота Андрэя Дынько

Недалёк ад Смілавіч знаходзіцца вёсачка Малыя Ляды. (Можа, вы не ведалі: «ля´да» па-беларуску — гэта месца, дзе высечаны лес, раскарчаванае поле.) Тут існуе праваслаўны манастыр, з якога выйшаў цяперашні кіраўнік Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы — мітрапаліт Веніямін. Першы драўляны ўніяцкі храм тут з’явіўся ў 1732 годзе па фундацыі мечніка ВКЛ Ігната Завішы, тагачаснага ўладальніка вёскі, і яго жонкі Тарэсы. З часам з’явіўся і манастыр, які ў 1839 годзе быў перададзены праваслаўным.

Смілавічы ўяўляюць сабой мястэчка, знявечанае выродлівымі (на кожны густ) агароджамі і поўнае слядоў наіўнага мастацтва. На фота: вулка насупраць палаца Манюшкаў. Фота Андрэя Дынько

Яшчэ адна славутасць — гэта Раванічы. Тут у 1799 годзе мясцовы шляхціч Антоній Слатвінскі пачынае будаўніцтва сядзібнага комплексу. Ягоны сын Людвік ужо ў наступным стагоддзі пабудаваў вялікі палац у стылі класіцызму. Клапаціўся Антоній і пра жыццё духоўнае — па яго загадзе быў узведзены касцёл Святога Антонія, які стаў сямейным склепам роду. У міжваенны час камуністы зачынілі касцёл, а ў 1980-я гады яго падпалілі, і з той пары ён у руінах. 

Таксама трэба сказаць пра Багушэвічы. Ад шляхецкага роду Святарэцкіх (Свентажэцкіх) захаваўся неагатычны касцёл Божага Цела. Калісьці ён быў фамільнай пахавальняй роду. Святарэцкія былі актыўнымі ўдзельнікамі паўстання 1863 года, іх землі былі канфіскаваныя, а касцёл стаў праваслаўнай царквой, якую асвяцілі ў памяць мясцовага святара айца Данііла, які быў забіты паўстанцамі. Цяпер тут ізноў дзейнічае касцёл. 

У Дукоры ад былой велічы (палац у вайну ўзарвалі партызаны) засталася густая алея на ўездзе, трохпавярховая брама, парк і некаторыя гаспадарчыя пабудовы. А з 2015 года на месцы сядзібы пачала працу аграсядзіба «Дукорскі маёнтак». Менавіта тут з'явіўся першы ў Беларусі перакулены дом.

За 4 кіламетры ад Мар’інай Горкі ёсць вёска Блонь. Калісьці тут стаяў касцёл, у якім хрысцілі маіх далёкіх продкаў — шляхцічаў Віткоўскіх. Пасля паўстання 1863 года мястэчка перайшло да Бонч-Асмалоўскіх. Яны пабудавалі (або перабудавалі) у Блоні аднапавярховую драўляную сядзібу. Сядзіба захавалася да нашых дзён, таму што належала вядомаму рэвалюцыянеру-народніку Анатолю Бонч-Асмалоўскаму, і цяпер у будынку размяшчаецца музей. 

Акрамя сядзібы, можна пабачыць вялікую драўляную Траецкую царкву. У 1935-м яе зачынілі, але мясцовы святар Аляксандр Шылай працягнуў сваю службу. Праз два гады яго расстралялі, а ўжо ў наш час ён быў абвешчаны святым пакутнікам. 

У Чэрвені захавалася «местачковая» забудова цэнтральнай плошчы і будынак дарэвалюцыйнай гімназіі. І цяпер у ёй працуе школа.

Хата ў Ваўкавыску — але не горадзе, а вёсцы між Смілавічамі і Чэрвенем. Яе гаспадары з рэдкім густам захавалі ўсё ў традыцыйным духу. Фота Андрэя Дынько

Падчас Другой сусветнай Чэрвень стаў месцам вялікіх злачынстваў абодвух таталітарных рэжымаў. У канцы чэрвеня 1941 года ва ўрочышчы Цагельня пад Чэрвенем НКВД, каб не вывозіць на ўсход, расстраляла некалькі тысяч палітычных зняволеных. А калі Чэрвень захапілі немцы, усіх габрэяў сагналі ў гета і ў 1942 годзе расстралялі на ўскраіне горада.

Проста ашаламляльна, наколькі эстэтыка вялікіх ураджэнцаў Смілавіч уплывае на творчасць навучэнцаў мясцовай мастацкай школы. Заслуга выдатных мясцовых педагогаў.

У «Прасторы Суціна» ў мастацкай школе Смілавіч наведнікаў частуюць кавай. Тут захоўваюцца некаторыя арыгіналы вялікіх землякоў — але не «Ева». Наведванні па папярэднім запісе. Тэл. +375 29 769 83 85.

Юрый Тамковіч