Праект партала
Пра-свет Блакада Берліна. Як Захад паказаў сваю рашучасць у крытычны момант
05.05.2021 / 18:57

Заходні Берлін: 2 мільёны жыхароў, 323 дні блакады, 200 тысяч самалёта-вылетаў, 2,3 мільёна тон перавезеных грузаў, 25 разбітых самалётаў і 101 загінулы. Пра адну з самых грандыёзных гуманітарных аперацый ХХ стагоддзя піша Андрэй Акушка.

Берлінцы назіраюць, як у аэрапорце Тэмпельгоф сядае самалёт C-54, 1948 год. wikimedia commons

Вясна 1945 года набліжалася да завяршэння. Саюзнікі па Антыгітлераўскай кааліцыі спыніліся на дамоўленых рубяжах. Вораг быў знішчаны, супольная мэта дасягнутая. 

У эйфарыі першых дзён перамогі галоўнакамандуючы заходнімі арміямі, амерыканец Дуайт Эйзенхаўэр, яшчэ спадзяваўся, што Берлін стане «эксперыментальнай лабараторыяй для развіцця міжнароднага супрацоўніцтва». Але вельмі хутка тут запрацавала іншая лабараторыя — лабараторыя халоднай вайны. Як трапна адзначыў у сваёй прамове савецкі міністр замежных спраў Вячаслаў Молатаў, «тое, што адбываецца з Берлінам, адбываецца з Германіяй. Тое, што адбываецца з Германіяй, адбываецца з Еўропай». 

Барацьба за Еўропу пачалася ў Берліне.

Чэмпіянат па перацягванні коўдры

У першыя пасляваенныя гады Германія, падзеленая на зоны акупацыі, кіравалася праз Саюзніцкую Кантрольную раду, у якую ўваходзілі прадстаўнікі ўсіх вялікіх дзяржаў Антыгітлераўскай кааліцыі. Але вельмі хутка гэтая рада ператварылася ў фікцыю. Кожная адміністрацыя ў сваёй зоне рабіла тое, што адпавядала яе інтарэсам, не зважаючы на меркаванні іншых. 

Першапачаткова планавалася, што з часам пераможцы перададуць кіраванне новаму нямецкаму ўраду, а Германія будзе адзінай. Сталін быў не супраць такога плана, але заходнія эксперты лічылі, што за гэтай добразычлівасцю ў дачыненні да зрынутага ворага хаваецца спадзеў на авалоданне ўсёй краінай цалкам.

Захаду камуністычная Германія была не патрэбная, таму саюзнікі пачалі як мага хутчэй убудоўваць свае зоны акупацыі ў адзіную эканамічную прастору з капіталістычнымі краінамі. 

У самым пачатку 1947 года амерыканцы і брытанцы аб’ядналі свае зоны акупацыі ў адну. Гэтае протадзяржаўнае ўтварэнне атрымала назву «Бізонія». ЗША ўключыла «Бізонію» ў план дапамогі Маршала і пачала аднаўленне разбуранай вайной эканомікі. 

Французы ў той час асцерагаліся адраджэння «Германскага Рэйха» і моцна супраціўляліся амерыкана-брытанскім планам па пабудове новай нямецкай дзяржавы. Але брытанцы хутка знайшлі нітачкі, за якія трэба было пацягнуць, каб падштурхнуць нядбалага саюзніка да патрэбных дзеянняў. У сярэдзіне 1947 года Брытанія кардынальна паменшыла вываз вугалю з Рурскага басейна ў Францыю, з-за чаго ў краіне пачаўся энергетычны голад. Французы намёк зразумелі і хутка далучылі сваю зону акупацыі да «Бізоніі». Так узнікла «Трызонія». Да стварэння Федэратыўнай Рэспублікі Германія заставаўся адзін крок.

Германская ж сталіца заставалася падзеленай на дзве часткі — Заходні і Усходні Берлін. Пярчынку гэтай геапалітычнай страве дадаваў той факт, што горад знаходзіўся ў глыбіні савецкай зоны. Да мяжы з брытанскай зонай адсюль было больш за сто кіламетраў. Заходні Берлін стаў анклавам саюзнікаў у варожым савецкім атачэнні. І Савецкі Саюз не прамінуў скарыстацца такім становішчам, каб націснуць на заходніх партнёраў. 

Вясновае абвастрэнне

Сітуацыя пачала распальвацца ў 1946 годзе. СССР у аднабаковым парадку прыпыніў пастаўкі прадуктаў са сваёй зоны акупацыі ў заходнія. ЗША ў адказ забаранілі саветам вывозіць з амерыканскай зоны дэмантаванае абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, якое належала Савецкаму Саюзу па законе аб рэпарацыях. СССР тады пачаў абмяжоўваць прысутнасць саюзніцкіх войск у сваёй зоне, савецкія патрулі сталі спыняць і правяраць канвоі, якія ішлі ў Заходні Берлін. 

У самім Берліне, які фармальна лічыўся адзіным горадам, у кастрычніку 1946 года прайшлі выбары ў гарадскі парламент, дзе прасавецкая Сацыялістычная адзіная партыя набрала ўсяго 19,8% галасоў. Празаходнія дэпутаты абралі мэрам горада Эрнста Ройтэра, які не задавольваў савецкі бок.

У студзені 1948 года кіроўцам транспартных сродкаў з Заходняга Берліна забаранілі ехаць ва Усходні без спецыяльнага пропуска. Хутка пачалі затрымліваць і цягнікі. Лідар нямецкіх камуністаў Вільгельм Пік прапанаваў пайсці яшчэ далей, каб вымусіць заходнія дзяржавы пакінуць Берлін.

З 1 красавіка сувязь паміж заходнімі зонамі горада і ўсходняй амаль спынілася. Савецкая прэса апраўдвала гэта тым, што праз мяжу прабіраюцца «бандыты і тэрарысты».

Камандуючы войскамі ў амерыканскай зоне генерал Люсіус Клей забіў трывогу і пісаў, што «рускія жадаюць выкінуць нас з Берліна». Ён прапанаваў страляць у савецкіх салдат, якія паспрабуюць спыняць канвоі. Яго падтрымалі вайскоўцы, але прэзідэнт Гары Трумэн вагаўся. Ён думаў, што СССР блефуе і не пакіне двухмільённы горад без сродкаў да існавання. 

Клей, аднак, не стаў рызыкаваць і ўжо 1 красавіка 1948 года арганізаваў пробную паветраную дастаўку грузаў для гарнізонаў Заходняга Берліна. У першы дзень транспартнікі прывезлі толькі 7,5 тоны, у наступны — 42,5 тоны, а 3 красавіка — ужо 84 тоны. У адказ на затрыманні канвояў амерыканцы заблакавалі адзін з савецкіх адміністрацыйных будынкаў. У газетах пачаліся размовы аб вайне.

Апошняя кропля

Заходнія саюзнікі поўным ходам ішлі да стварэння асобнай дэмакратычнай Германіі, уключанай у капіталістычны свет. 18 чэрвеня 1948 года было абвешчана аб увядзенні на тэрыторыі «Трызоніі» новай валюты — нямецкай маркі. Савецкая зона акупацыі ў разлік не бралася, Захад даўно махнуў на яе рукой. Але на тое, каб эканамічна адбіць у саветаў Берлін, спадзеў яшчэ заставаўся. 24 чэрвеня пачаўся абмен старых рэйхсмарак на новыя грошы, і ў Берлін з захаду пайшлі караваны з новай валютай. Для саветаў гэта стала апошняй кропляй. 

У самалёт загружаюць малако для Заходняга Берліна. wikimedia commons

24 чэрвеня пачалася сапраўдная блакада. Былі забароненыя пастаўкі прадуктаў і тавараў у Заходні Берлін. Савецкая прапаганда заявіла, што хутка спыніцца і водазабеспячэнне. Спалоханыя жыхары кінуліся напаўняць вёдры і ледзь не пакінулі горад без вады.

Берлінцы баяліся, што іх здадуць. Але амерыканцы не здалі. Утрыманне і забеспячэнне Заходняга Берліна ва ўмовах блакады стала справай гонару для аб’яднанага амерыканскага, брытанскага і французскага камандавання. Зноў запрацаваў паветраны мост. Прадбачлівы Клей запусціў яго яшчэ 21 чэрвеня, а 24-га да праграмы далучыліся брытанцы.

Не выходзячы з самалётаў

Па падліках брытанскіх экспертаў, для таго, каб мінімальна забяспечыць патрэбы двухмільённага Заходняга Берліна, трэба было дастаўляць 5000 тон грузаў за суткі. Прычым харчаванне складала толькі трэцюю частку ад гэтай лічбы, а дзве траціны займала паліва для электрастанцый і транспарту. У першыя дні амерыканцам удалося наладзіць перавозку 300 тон грузаў у дзень. Брытанцы перавозілі 400 тон. Да запаветнай лічбы 5 000 было яшчэ далёка.

Газеты і радыё савецкай зоны Берліна кпілі са спроб саюзнікаў забяспечыць горад па паветры. 

Аднак насуперак прапагандзе пастаўкі раслі з кожным днём. У Еўропу пераводзіліся транспартныя самалёты з іншых раёнаў свету — нават з Гаваяў! 2 ліпеня колькасць прывезеных грузаў перавысіла 1 000 тон, але гэтага ўсяго яшчэ было недастаткова.

Камандаванне саюзнікаў пачало шукаць шляхі па ўдасканаленні працы паветранага забеспячэння горада. У Германію быў накіраваны спец па «паветраных мастах» — генерал-лейтэнант Уільям Танер. У часы вайны ён паспяхова забяспечваў па паветры ўсім неабходным армію гаміньданаўскага Кітая ў яе барацьбе супраць Японіі на кантыненце. У першы ж яго прылёт у Берлін адбылася катастрофа.

У пятніцу 13 жніўня, калі Танер яшчэ знаходзіўся ў небе, адзін з транспартнікаў разбіўся з-за дрэннай бачнасці. Самалёты тады ішлі суцэльным патокам. Другі самалёт заходзіў на пасадку і быў пашкоджаны. Трэці адвярнуў ад месца катастрофы і загруз на недабудаванай паласе. Астатнім прыйшоў загад заставацца ў паветры як мага далей. Танер зразумеў, што наземныя службы страцілі кантроль над сітуацыяй, і патрабаваў ад усіх павярнуць дадому. Ад усіх, акрамя свайго пілота.

Пасля прызямлення Танер навёў парадак. Ён распрацаваў жорсткія правілы пасадкі, якія дазволілі пазбегнуць новых катастроф. Увёў і іншыя меры, напрыклад, забараніў экіпажам пакідаць самалёты, пакуль ідзе разгрузка. Гэта скараціла час прастою. Пры гэтым генерал-лейтэнант добра разумеў патрэбы пілотаў. І аддаў яшчэ адзін загад — стварыць на джыпах мабільныя закусачныя. Афіцыянткамі там працавалі прыгожыя берлінкі, і лётчыкі былі толькі радыя такім зменам. 

Помнік 70 брытанскім і амерыканскім лётчыкам, якія аддалі жыццё дзеля забеспячэння жыцця берлінцаў. wikimedia commons

Аптымізацыя дала плён. Хутка аэрапорты Заходняга Берліна сталі працаваць як добра наладжаная канвеерная стужка: кожныя 3 хвіліны на паласу садзіўся самалёт, на разгрузку трацілася ад 10 да 30 хвілін (рэкорднай стала разгрузка 10-тоннага самалёта з вугалем за 4 хвіліны і 30 секундаў, якую выканала каманда з 12 чалавек), кароткі перакус для экіпажа — і зноўку ў неба.

Да канца жніўня «паветраны мост» пачаў дастаўляць у Заходні Берлін па 4500 тон грузаў у дзень, чаго ўжо было амаль цалкам дастаткова, каб забяспечыць патрэбы горада (для параўнання: у час Сталінградскай бітвы нямецкая авіяцыя ў найлепшыя дні дастаўляла акружанай 100-тысячнай арміі Фрыдрыха Паўлюса ўсяго па 150 тон прыпасаў у дзень). А 18 верасня ў ЗША з нагоды святкавання Дня ваенна-паветраных сіл даставілі ў Берлін рэкордную колькасць грузаў — 7 000 тон. Яшчэ больш за 1 200 тон прывезлі брытанцы. Гэта была перамога — цяпер Берлін мог выжыць дзякуючы авіяцыі. Савецкія СМІ зразу забыліся на свой скептыцызм і пачалі спяваць іншыя песні.

Блакада блакадай, а карткі карткамі

Савецкі Саюз, прэстыж якога ў выніку блакады моцна пацярпеў, задумаўся пра сваю рэпутацыю. У жніўні 1948 года жыхарам Заходняга Берліна прапанавалі прыйсці ў савецкую зону акупацыі, зарэгістравацца ў спецыяльных пунктах і атрымаць прадуктовыя карткі, якія можна атаварыць у любой краме Усходняга Берліна. 

Хоць грузавы рух паміж Заходнім і Усходнім Берлінам быў спынены, любы жыхар горада мог вольна перамяшчацца па ўсім Берліне пехам ці на грамадскім транспарце. Каля 111 тысяч жыхароў заходняга сектара працавалі ці вучыліся ва ўсходнім, і яшчэ 106 тысяч кожны дзень ездзілі ў адваротным кірунку. Цікавы факт: будынак цывільнай адміністрацыі горада знаходзіўся на савецкай тэрыторыі, мэр і дэпутаты, абраныя ў асноўным з заходніх зон, кожны дзень хадзілі туды на працу з Заходняга Берліна. 

Знайшлося нямала заходнеберлінцаў, якія вырашылі скарыстацца з гэтай савецкай прапановы. За першыя чатыры дні жніўня 22 тысячы чалавек атрымалі карткі на ўсходзе. Амерыканцы праявілі тут цвёрдасць і пачалі чыстку ў шэрагах паліцыі сваёй зоны. Усе, хто атрымліваў савецкую дапамогу, былі звольненыя без права далей займаць пасады ў дзяржслужбах. Тым не менш на пачатку 1949 года каля 100 тысяч жыхароў Заходняга Берліна атрымлівалі дапамогу на ўсходзе. 

Дажылі да вясны

Савецкі бок спадзяваўся, што з надыходам зімы «паветраны мост» забуксуе. І сапраўды, кароткія дні і дрэннае надвор’е знізілі інтэнсіўнасць палётаў. У сярэдзіне снежня камандуючы брытанскімі сіламі ў Германіі генерал Браян Робертсан казаў, што ў халодныя месяцы нерэальна прывезці ўсё неабходнае. Але берлінцы зацягнулі паясы і дажылі да вясны. 

У сакавіку толькі амерыканцы дастаўлялі ўжо 6 300 тон грузаў на дзень, у красавіку — 7 850, а ў маі — 8 000. Такі ж самы быў аб’ём перавозак па чыгунцы ў часы да блакады. У сярэдзіне вясны ЗША правялі яшчэ адну акцыю — «Парад на Вялікдзень». За суткі была прывезеная рэкордная колькасць грузаў — амаль 13 тысяч тон. Тым не менш эканоміка Заходняга Берліна вясной 1949-га адчувала сябе не вельмі добра. З 890 тысяч дарослых без даходаў засталіся 156 тысяч, яшчэ некалькі соцень тысяч працавалі няпоўны дзень. 6 тысяч фірмаў зачыніліся, 12 тысяч апынуліся на мяжы банкруцтва.

У студзені 1949 года Сталін зразумеў, што скарыць берлінцаў не ўдасца. Яго палітыка толькі мабілізоўвала немцаў і збліжала іх з амерыканцамі. У выніку СССР пагадзіўся на перамовы і 11 мая блакада спынілася. Увечары электрычнасць са станцый ва ўсходняй зоне ўпершыню амаль за год пайшла ў заходнюю. Аднавіўся шлях цягнікоў і аўтатранспарту. Дзесяць з паловай месяцаў выпрабаванняў скончыліся, наперадзе былі 40 доўгіх гадоў.

Berliner Mauer

Падзел Германіі быў фактычна ўхвалены ўсімі бакамі. 23 мая 1949 года ў заходніх зонах з’явілася Федэратыўная Рэспубліка Германія, а 7 кастрычніка ў савецкай — Германская Дэмакратычная Рэспубліка. Усходні Берлін стаў сталіцай ГДР, а дзяржаўныя органы ФРГ размясціліся ў іншым месцы — невялікім горадзе Бон на захадзе краіны.

За магчымасць свабодна перамяшчацца праз Брандэнбургскую браму берлінцы доўга змагаліся. depositphotos.com by Ariy65

Заходні Берлін займеў спецыяльны статус, але СССР не спыніў спробаў яго падпарадкаваць. На мяжы 1950—1960-х гадоў пачалася чарговая канфрантацыя. З савецкай зоны ў ФРГ людзі беглі сотнямі тысяч. Скончылася тым, што ў 1961-м тэрыторыю Заходняга Берліна акружылі сцяной. Але і праз «маўэр» з сацыялістычнага раю спрабавалі ўцячы тысячы людзей. Выжылі не ўсе, многіх застрэлілі памежнікі. Жыццё трохі палепшала толькі тады, калі ў 1971 годзе было заключанае чатырохбаковае пагадненне па Заходнім Берліне. Горад больш не абмяжоўвалі ў пастаўках тавараў, а ГДР нават пагадзілася пастаўляць яму сваю электраэнергію. Тым не менш зусім нармальным жыццё берлінцаў стала толькі пасля аб’яднання Германіі ў 1990 годзе.

Генерал Люсіус Клей 

(1898—1978), як і многія амерыканскія вайскоўцы, быў выпускніком знакамітай акадэміі ва Уэст-Пойнце. У 1930—1940-я гады займаўся маштабнымі інжынернымі праектамі. Ён кантраляваў будаўніцтва аэрапортаў, якія сталі падмуркам сістэмы грамадзянскай авіяцыі ЗША, і курыраваў узвядзенне дамбы Дэнісан у Тэхасе — на той момант найвышэйшай плаціны ў свеце.

Клей быў працаголікам. Ён нават забываўся паесці, калі займаўся чарговым праектам. Затое ўмеў навесці парадак там, дзе іншыя пасавалі. У сакавіку 1947-га Клея прызначылі кіраўніком амерыканскай адміністрацыі ў Германіі. Прэзідэнт Трумэн паставіў генералу задачу аднавіць эканоміку краіны. Клей узяўся за справу, але дабіцца хуткіх вынікаў яму перашкодзіла блакада Берліна. Замест эканомікі прыйшлося займацца арганізацыяй «паветранага ліфту». Клей вярнуўся на радзіму толькі тады, калі блакада была скончаная.

Пазней генерал яшчэ не раз супрацьстаяў СССР. Ён быў адным з аўтараў канцэпцыі «культурнай халоднай вайны» і распрацоўваў метады контрпрапаганды. Таксама генерал выконваў даручэнні прэзідэнтаў ЗША і дапамагаў наладзіць жыццё ў Заходнім Берліне ў 1961-м, калі СССР абнёс яго сцяной. Удзячныя жыхары горада і зараз шануюць памяць генерала, якога называюць «абаронцам свабоды».

Андрэй Акушка