Праект партала
Нацыянальная геаграфія Нацыянальная геаграфія: Мачуль. Тут плавалі на дубах, а шляхта і сяляне, хоць тыя і тыя праваслаўныя, мелі асобныя могілкі і называлі тыя ж прадметы рознымі словамі
30.05.2021 / 12:35

Пра вёску Мачуль на Століншчыне піша настаўніца музыкі і паэтка Ірына Ляшкевіч.

Рака Моўства, Мачуль. Фота Джона Кунштатэра.

«А вы чулі, шчо ў Мочулі? А ў Мочулі воўкоў чулі!» — гэтая жартаўлівая прыказка пра маю родную вёску недалёкая ад праўды. З поўдня адрэзаная ракой Моўствай, з усіх бакоў акружаная балотамі, а праз іх — толькі сцежкамі­-гацямі або па вадзе. Адасоблена жылі людзі тут, свой тут быў свет. У густых лозах сярод балот вылі ваўкі.

Мачуль — вёска старажытная.

Яшчэ ў ХV cтагоддзі княгіня Ганна, удава князя Свідрыгайлы (гл. пра яго артыкул Сяргея Палехава ў № 1/2018 «Нашай гісторыі»), за асаблівыя заслугі ў бітве пад Грунвальдам надала шляхецтва і падаравала землі ў ваколіцы Альпень нейкаму Лешку. Лешка меў двух сыноў: Марціна і Зяновія. Аднаму з іх належаў Альпень, а другому — Мачуль. Ад таго Лешкі і пайшлі, відаць, Ляшкевічы — род, да якога я маю гонар належаць і які 600 гадоў сядзіць на адным месцы.

У ХІХ стагоддзі дваранін Дутаў з Рамля ўзяў у прымы да сваёй дачкі майго продка Хвэлюся Ляшкевіча Зяновіча Альпенскага (з Альпеня). Мачулец Ілья Іванавіч Сядляр (1914—1996) занатаваў гэта ў сваіх «Аповедах па ўспамінах людзей сталага веку». Гэтыя аповеды, тры рукапісныя тоўстыя сшыткі, беражліва захоўваюцца ў сям’і яго ўнука Віктара Іванавіча Седляра.

У пасаг мой продак атрымаў вадзяныя млыны на рацэ Моўства. Рака бярэ свой выток ва Украіне і недалёка ад Мачуля ўпадае ў Сцвігу. Грэблі млыноў трымалі ў ёй узровень вады.

Цёмная, амаль чорная, на торфе настоеная вада, магчыма, і дала назву рацэ: «мост» — чорны ў фіна­вугорскіх мовах, «ва» — вада. Вось толькі спрадвеку вымаўляюць у нас не Моства, як афіцыйна прынята цяпер, а Моўства. Гэтак раку пазначыў на карце 1917 года і акадэмік Яўхім Карскі. А ў ніжнім цячэнні, дзе яна плыве праз знакамітыя Альманскія балоты, гэтая самая рака завецца ўвогуле па­-іншаму — Льва.

Дзед Павал з жонкай і праўнукам на старой брукаванцы паміж вёскамі Цераблічы і Мачуль. 2007 год. Фота Джона Кунштатэра

Вада не бяда

Маё дзяцінства і юнацтва — гэта Моўства. Яна хоць і стварала мачульцам праблемы, але потым шчодра адгоджвала. У канцы сакавіка рака з грукатам вызвалялася з ледзянога палону і імкнула да сядзіб, запаўняла Бабінскае балота. Дзядуля ставіў палачкі­-меткі, правяраў узровень вады кожны ранак і прыкідваў, ці вялікая будзе паводка. Мы на ўсякі выпадак выцягвалі бульбу з лёха, а насенку — з ярусоў, масцілі ў хлявах худобу, падцягвалі да вышэйшага месца лодку.

Лодку ў нас называлі дубам. Дуб абавязкова быў у кожнай гаспадарцы. Многія мелі па два: лёгкі, з нізенькімі бартамі, і больш цяжкі, глыбокі — для матораў. Кожную раніцу мы садзіліся ў дуб — цёпла апранутыя, бо прыбытна´я вада несла за сабой пранізлівы вецер і холад нават у сонечнае надвор’е. Дзядуля адвозіў нас да школы, а потым у абед сустракаў. Лодкамі ездзілі ў суседнія вёскі, вазілі дровы, сена.

 

Новы човен майстра Мікалая. У Мачулі лодкі традыцыйна называюць «дубамі». Фота Джона Кунштатэра.

«Вада не бяда: прыйшла і пайшла!» — паўтаралі мачульцы, апраўдваючы сваю адвечную адысею.

Калі цяплела і вада спадала, на Бабінскім балоце пачыналі біцца язі. Вечарамі мужчыны на дубах выязджалі па рыбу. Балота дыхала, варушылася, шумела ад крумкатання жаб і сцішаных галасоў. Я памятаю тую рыбу! Яе хапала ўсім! А ўюны, якіх лавілі недзе ў старыках і балотцах! Асабліва смачнымі яны былі ў юшцы. А яшчэ іх варылі, сушылі, смажылі. Елі ў свята, у пост, давалі ў падарунак. Нас, малечу, бацькі пільнавалі, каб не каталіся на лодках, каб не патанулі. Але схапіць лодку і ўцячы па сітнік і рагоз з іх салодкім на смак карэннем было для нас звычайнай забавай.

Уюн. Depositphotos.com by Witoldkb1

Цяпер няма больш той вялікай вады. У сухія леты Моўства амаль перасыхае. Дубы ціха дажываюць век на яе берагах, а сакрэты вырабу добрых лодак адышлі ў нябыт разам з колішнімі майстрамі. 

Абкладзіны, шлапавое і канчыны

У кожнай палескай вёсцы свае майстры. Мой дом 28 гадоў таму будавалі мясцовыя цеслі, ужо немаладыя, але заўзятыя. Як палажылі на падмурак першы вянок — спраўлялі акладзіны. Другі раз спраўлялі шлапавое, калі вянцом перакрывалі вокны. Трэці раз — бэлькавое, калі клаліся бэлькі. Калі падымаліся і звязваліся шчыты, то цесляры вешалі паміж шчытамі «кветку» — венік, каб гаспадар бачыў і зноў рыхтаваў стол.

А пяты раз майстроў належала частаваць на канчыны — калі хата была накрытая. І гэты апошні раз быў сапраўдным святам: з добрай чаркай і магутнымі спевамі.

Песні і танцы

Колькі песень змяшчаецца ў вясковай душы, наўрад ці палічыш. Ішлі на працу і з працы — спявалі, на бяседах — спявалі, і ў радасці, і ў горы знаходзілі людзі спатоленне ў песні.

Пяць пакаленняў сям’і Ляшкевічаў. Мачуль, 2014 год. Фота Джона Кунштатэра. Аўтарка гэтага тэксту стаіць злева.

Даўно спачывае Агрыпіна Піліпаўна Супрунчык, а яе песні ўжо 30 гадоў спяваюць дзяўчаты з узорнага фальклорнага аб’яднання «Згадка» пры Мачульскім доме фальклору ды дарослы гурт «Каляжанкі».

Усе мы тут у радзіне маем як не адмысловых спевакоў, то музыкаў. Некалі па ваколіцах ішла слава пра скрыпачоў братоў Клімовічаў, скрыпача Статкевіча, пра флейціста Максіма Пыталя, пра Яна Ранчынскага, які граў на трубе. А колькі гарманістаў! І цяпер у Мачулі вы іх знойдзеце.

Пра колішнія танцы старэйшыя людзі ўспамінаюць з гонарам.

Трэба добра пастарацца, каб цябе прызналі найлепшай танцоркай на сяле.

На вячорках пад скрыпкі ды гармонікі танчылі «Карапет», «Падэспань», «На рэчаньку», «Какетка», «Кракавяк», «Месяц», «Абэрак», «Шэн» і іншыя. Зважайце: вячоркі ладзіліся асобна для мужыкоў і шляхты. Не дай Бог завітаць каму не ў тую хату — быць бойцы.

Прыкладаў, калі шляхцянка збягала замуж за мужыка, было няшмат. Але былі. Недзе ў 1930-­ я гады злюбілася дзяўчына Анюта з Вяшчыцкіх з мужыцкім хлопцам Раманам Супрунчыкам. Бацькі дзяўчыны былі супраць. Але яна іх не паслухала і ўпотайкі павянчалася з каханым. Бацькам прыйшлося змірыцца. Нарадзілі трох дачок: Надзею, Волю і Любоў (якія імёны!). Але шчасце было кароткім. Раман захварэў і памёр ад сухотаў. Калі ж вярнуўся з фронту яго брат Адам, то ажаніўся з Анютай. І нарадзілі яшчэ дачку — Веру. 

Новая царква ў Мачулі. Фота Wikimedia Commons.

Тры крыжы

Хай жывуць у Мачулі шляхта і мужыкі побач не адно стагоддзе, а спачываюць на розных могілках. Мужыцкія — у канцы вёскі, а шляхецкія — на гары.

На Радаўніцу збіраюцца вяскоўцы разам у невялічкай царкве, што самі і фундавалі ў 2013 годзе, а потым разыходзяцца па розных могілках наведаць радзіну.

Пакуль не было царквы, людзі збіраліся на малітвы ля трох крыжоў-­абярэгаў, што ўзвышаюцца ва ўрочышчы Заяцель. Іх гісторыю прыадкрыла мясцовая настаўніца і паэтка Галіна Бабарыка. Першы крыж паставіў бацька Гаўрылы, якога забралі на руска­-японскую вайну (1904—1905). У 1915 годзе Пятро паставіў другі крыж, калі яго сын Піліп пайшоў на Першую сусветную вайну. Гэтыя два хлопцы вярнуліся жывымі. А трэці крыж быў пастаўлены ў гады Другой сусветнай вайны сынам таго Гаўрылы Мікалаем.

Больш за 100 гадоў жыхары Мачуля нясуць крыжам свае малітвы-­просьбы ды традыцыйныя аброкі­-ручнікі. А ў 2016 годзе сям’я Галіны Міхайлаўны Пыталь, былой настаўніцы беларускай мовы, замяніла старыя пахіленыя крыжы на металічныя. Бусліная сям’я зрабіла побач з крыжамі жытло — добры знак. 

На лаўцы каля Раі

У цэнтры вёскі, каля хаты Раісы Аляксандраўны Ляшкевіч, стаіць доўгая лаўка. Па святах і нядзелях яна ніколі не бывае пустой. Няма, мабыць, ні аднаго чалавека ў вёсцы, які хоць раз не спыніўся і не прысеў на яе. Так і кажуць: «На лаўцы каля Раі».

Летам павыганяюць гаспадары і гаспадыні кароў на пашу ў абед і прысядуць на лаўку. На Вялiкдзень збіраюцца мужчыны, дзеці і гуляюць у біткі. А познім вечарам лаўку займае моладзь. Піску, смеху, размоў!

Недалёка ад Раінай лаўкі — вясковы клуб. Ён пабудаваны ў 1954 годзе, каб вяскоўцы маглі сабрацца разам, адзначыць святы, адпачыць і патанчыць. А вёска ж спеўная! У клубе заўсёды было людна. Святой жаночай справай было паглядзець вяселле, каб назаўтра было пра што гаварыць на Раінай лаўцы. Напісаныя чырвонай фарбай кінаафішы паведамлялі мачульцам пра фільмы, што тры разы на тыдзень прывозіла кінасетка. Асабліва ішлі людзі на індыйскае кіно. Быў выпадак, калі нехта пажартаваў і дапісаў «індыйскі фільм» на афішы дзіцячай стужкі «Чук і Гек». Доўга смяяліся з тых дарослых, хто не разабраўся і прыйшоў.

Мачуль, 1929 год. Будынкі тады тут ставілі на пáлях — дубовых калодах. Фота Станіслава Бохніга з фотаальбома «Палессе. Фотаздымкі з 1920-х і 1930-х».

У невялічкім пакоі бібліятэкі ў страшэннай цеснаце месціўся велізарны фонд кніг. Вера Герасімаўна Кірэчка магла з парога параіць нешта цікавае, бо ведала на памяць густы людзей.

Яшчэ пяць гадоў таму клуб віраваў жыццём, але будынак патрабаваў рамонту — і яго зачынілі. Не адзін мачулец уздыхае з жалем, калі бачыць, як дажывае гэтае дарагое кожнай сям’і месца. І ў маіх успамінах — высокія таполі вакол клуба і духмяны залаты кілім пад імі ўвосень. Я спыняюся і шукаю самы прыгожы лісток, але мама­настаўніца падганяе, каб не спазніцца ў школу.

* * *

Стары дуб павяртаецца ў паваротах Моўствы. Цёмная вада нібы расступаецца ў бакі і дае мне дарогу. Я плыву сярод густага вербалозу, якім зараслі берагі. Месцамі даводзіцца прыгінаць галаву, нібы ў жывым зялёным тунэлі. Страказа стамілася і прысела на насок дуба. Плёскат вады, галасы птаства, спужанае лапатанне крылаў качкі — усё тут як калісьці. Толькі вясло цяпер тоне напалову ды дзе­нідзе выглядаюць бабровыя гаці.

Ірына Ляшкевіч. З архіва аўтаркі.

* * *

Ой, рэчанька-­рэчанька,
Чаму ж ты не поўная,
З беражком не роўная?

Як у дзяцінстве, вяслую і спяваю… Бо вольна душы.

Ірына Ляшкевіч